Вы тут

Вецер у верхавінах соснаў,


або Памяняць цыгарэту на флейту.

Пра тое, як сякухаці дапамагла кінуць курыць, чаму жыццё замежніка ў Японіі не цукар і пра бансай-аленя, які ледзь не з'еў карту...

Праз некалькі дзён пасля канцэрта ў мінскім «Чайным пакоі», які пераносіць у іншую рэальнасць, мы зноў сустрэліся з Андрэем Жыліным за гарбатай. Але ў іншай атмасферы... Гутарылі ў кватэры, дзе спыніўся расійскі музыка, для якога японская традыцыйная флейта сякухаці стала нечым большым, чым проста любімы музычны інструмент. На кухонным стале ляжалі флейты з бамбуку, ноты п'ес для сякухаці. Зялёная гарбата надавала гутарцы яшчэ больш глыбіні...

12-23

Ці ёсць жыццё пасля сякухаці?

— Уся музыка флейты сякухаці — гэта...

— ...Вецер у верхавінах соснаў, тое, што найлепш падкрэслівае цішыню. Каб пачуць цішыню, трэба пачуць гук — каб было з чым параўнаць. У музыцы сякухаці ёсць усё: прысвісты, шоргаты...

— Андрэй, адкуль у цябе любоў да музыкі?

— У пачатковых класах школы ў мяне ўжо была свая група «Сухары мочаныя». Ігралі на скрынях, разладжаных гітарах, бабуліным піяніна. Натуральна, у той час нашымі кумірамі былі «The Beatles». Потым усе захапляліся цяжкім рокам. Ужо тады я пачаў разумець, што, пры ўсёй павазе да рок-музыкі, яе гучнасць і пастаянная экстатыка вымотваюць мяне. Я адчуў патрэбу ў той музыцы, якая супакойвала б, надавала сіл для далейшага руху. Так я і прыйшоў да японскай бамбукавай флейты сякухаці.

— Ці падзяляеш ты сваё жыццё на «да сякухаці» і «пасля сякухаці». На канцэрце ты казаў, што кінуў курыць за адзін дзень...

— Так! Калі нават узяць чыстую фізіялогію... Да гэтага я курыў 9 гадоў. Калі пачаў іграць на сякухаці, курэнне стала замінаць. Як самураі мянялі меч на флейту, прыходзячы ў храм, гэтак жа і я памяняў цыгарэту на сякухаці... Стаў вастрэй адчуваць смакі ды пахі... Акрамя гэтага, падчас ігры на сякухаці працуе дыяфрагменнае дыханне і пачынаеш сябе лепш адчуваць: поўная вентыляцыя лёгкіх, больш паступае кіслароду ў кроў. Галава пачынае значна лепш цяміць. А калі падняцца на ўзровень філасофскі... Сам працэс ігры на сякухаці мяне вельмі моцна памяняў у лепшы бок. Я адразу ж стаў больш спакойным. Асабліва дапамагае ігранне п'есы «Кіярэй»: калі адну ноту трэба даіграць з пачатку і да канца, не перабягаючы на наступную. Усё адбываецца «тут і цяпер».

— На канцэрце я сама адчула, што гукі сякухаці пазбаўляюць мітусні, прыбіраюць лішняе, прыадкрываюць сутнасць, прымушаюць адчуць цішыню. А што ты сам адчуваеш, калі іграеш?

— Тое ж, што і слухач. Але яшчэ і кантралюю ход п'есы. Часта іграю з заплюшчанымі вачыма — гэта дапамагае ўвайсці ў гук і шчыра аддаць усё, што маю... Гук сякухаці па даследаваннях еўрапейскіх навукоўцаў успрымаецца як чалавечы голас, што стварае эфект паглыблення ў бягучы момант і заспакаення рабізны свядомасці.

Самае дарагое ў Японіі — гэта дарога

— Як адбываецца працэс навучання традыцыйнай японскай музыцы?

— Метад заключаецца ў тым, што вучань іграе з Настаўнікам адно і тое ж. І гэта наколькі проста, настолькі і эфектыўна. Гэта і ёсць японская сістэма «іграй, як я»: вось Сэнсэй, усё, што ён кажа, з'яўляецца ісцінай.

— На youtube.com ёсць відэа, дзе ты іграеш на флейце... у вадзе.

— Так, у інтэрнэце можна знайсці відэа «сякухаці ў вадзе», дзе я іграю на пластыкавай сякухаці-Ю, ныраючы, плаваючы... Але асабіста я паміж фабрычнай пластыкавай флейтай і майстраванай бамбукавай заўсёды абяру апошнюю. У любой бамбукавай флейты ёсць свая жывая, непаўторная гісторыя, а сякухаці-Ю — гэта адна з многіх пластыкавых копій. І бамбук прыемней трымаць у руках.

— Ты ездзіў у Японію...

— Быў там усяго адзін раз. Але доўга — два тыдні.

— Доўга?

— Па тамтэйшых коштах — доўга. Самае дарагое ў Японіі — гэта дарога. Туды дорага даляцець і дорага там падарожнічаць, калі хочаш перамяшчацца хутка. Я падарожнічаў на «Сінкансэн» (гэта хуткасны цягнік), паўкраіны праехалі за паўдня. Токіа, Нара, Хірасіма, Кумамота... Гэта быў 2012 год, калі праходзіў Сусветны фестываль сякухаці ў горадзе Кіёта.

12-24

— У чым адрозненні нашага менталітэту ад японскага?

— Першае, што адразу кідаецца ў вочы, — гэта іх ветлівасць, жаданне дапамагчы замежніку. Даходзіла да таго, што аднойчы выходжу з вагона, дастаю карту, а да мяне ўжо падыходзіць японка і кажа на ламанай англійскай: «How can І help you?» Цікава, што многія японцы валодаюць англійскай мовай, аднак, саромеюцца на ёй гаварыць, баючыся зрабіць памылку, нават наймаюць перакладчыкаў. Страціць годнасць для японца — жахліва. Мабыць, гэта засталося яшчэ з часоў самураяў. І жанчыны не выключэнне. Музыка сякухаці не з'яўляецца суперпапулярнай, але пры гэтым японцы вельмі паважаюць уласныя традыцыі, карані — гэта тое, чаму нам варта павучыцца. Яшчэ такія рысы, як згуртаванасць у працы, настойлівасць: японец будзе біцца лбом аб сцяну, пакуль тая не ўпадзе альбо пакуль ён лоб не разаб'е.

— Ці хацеў бы ты жыць у Японіі?

— Японскае грамадства досыць складанае і закрытае. Там заўсёды аддаецца перавага японцам. Калі ты пішаш праграмны код лепш, чым японец, на працу ўсё адно возьмуць японца. Гэта адна з прычын пераезду майго настаўніка ў Амерыку. Адна мая знаёмая мае пятую ступень па каліграфіі. Не кожны японец даходзіць да трэцяй ступені. Яна не можа ўладкавацца на працу, бо не японка. Прыязджаў бы з задавальненнем у Японію, але ўвесь час жыць там не хацеў бы.

— Ты казаў пра аленя, які з'еў тваю карту...

— Хацеў з'есці. Гэта было ў японскім горадзе Нара, там свабодна ходзяць алені ростам да пояса чалавека. Іх можна карміць з рук (корм прадаецца на кожным рагу вуліцы). Калі гэтыя алені падыходзяць да чалавека, то яны па-японску кланяюцца (у некаторых ёсць рогі). Стаю я ў гэтым горадзе і раптам адчуваю, што мой адзіны сродак навігацыі па горадзе — карту з англійскімі пазначэннямі — хтосьці вырывае з рук. Гляджу, а гэта алень, які прыняў яе за пачастунак... Давялося адваёўваць...

Беларуская мова прыгожая, плаўная

— Раскажы крыху пра свой свежы альбом.

— Ён называецца «Спакой і свабода»: тое, чым з'яўляецца для мяне музыка сякухаці — свабодай розуму і думак. З мастаком па афармленні мне вельмі пашанцавала — гэта мая маці. Маё захапленне сякухаці падштурхнула яе да малявання (хоць да гэтага яна працавала канструктарам на заводзе). Гэта трэці альбом. Да яго былі яшчэ запісы... Адзін з іх — «Цішыня і гук» — вынік гадавога падарожжа, калі я запісваў сякухаці ў розных частках свету (у альбоме можна пачуць гаўканне сабак, гукі электрычак, цурчанне рэчкі — усё гэта тое, на што мы звычайна не звяртаем увагі праз спешку). Напрыклад, у Італіі ёсць грот «Вуха Дыянісія», дзе ўзрушвае прыродная рэверберацыя.

— Якія ўражанні ад Беларусі?

— Добрыя. З аднаго боку, Мінск — сталічны горад, з другога — тут няма такога ажыятажу ды маскоўскага рытму. Мне гэта па душы. Яшчэ спадабалася адкрытая ўвага, жывая цікаўнасць людзей. Публіка рэагуе, задае пытанні. Асабліва датычна маёй музыкі. Часам іграю малым складам свайго ансамбля і спадзяюся таксама прывезці яго ў Беларусь. Быў у Мірскім замку, Нясвіжы. Для мяне Мінск чымсьці падобны да Кіева па сваёй мернасці. Менавіта гэтага бракуе ў Маскве, гэта згублена беззваротна нават у Хімках.

— А як табе «беларуская мова» па гучанні?

— Як чалавек, які шануе традыцыі, я стаўлюся да культурнага адраджэння (у тым ліку і да адраджэння мовы) выключна станоўча. Беларуская мова прыгожая, падабаецца сваёй плаўнасцю.

— Што пажадаеш людзям, якія чытаюць гэтае інтэрв'ю?

— Успрымаць новыя рэчы, такія як традыцыйная японская культура, «з нуля». Калі з еўрапейскіх пазіцый паспрабаваць успрыняць японскую музыку, то нічога добрага не выйдзе — яна падасца альбо занадта грубай, шурпатай альбо сумнай. І не спадабаецца. Тую музыку, якую мы ўсе прывыклі слухаць з дзяцінства, можна аднесці да катэгорыі «забаўляльная». І, як толькі нашу свядомасць і ўспрыманне перастаюць тузаць за «забаўляльны матузок», нам становіцца нецікава і мы «засынаем»...

— Трэба адфарматаваць дыск «С» і...

— ...І загружаць абсалютна новыя файлы.

На развітанне Андрэй пагадзіўся паіграць на флейце. Выйшаў пераапрануцца. У святле ўжо амаль вячэрняга сонца абпалены бамбук ажыў чырвоным іерогліфам. І цяпер гэта ўжо быў той самы Андрэй Жылін, што і на канцэрце, апрануты ў кімано, паглыблены ў іншую рэальнасць...

Проста смехата

— А цяпер гісторыя пра тое, як я пачаў іграць на сякухаці... Гэта проста смехата! У адным з маскоўскіх падземных пераходаў купіў дыск «Флейты свету». Падчас праслухвання мелодыі першага трэка я проста «ляцеў»... Страшна захацелася даведацца, што за флейта там гучыць. Адна «добрая душа» сказала, што гэта японская флейта сякухаці... Купіў сабе яе, навучыўся іграць, чытаць японскія ноты, «па дарозе» кінуў курыць, запісаўся ў маскоўскую кансерваторыю. Праз год я перавярнуў дыск і выявіў, што ў першым трэку гучыць папярочная еўрапейская флейта... А пра сякухаці ні слова! Але я ўжо настолькі стаў на шлях сякухаці, што мяне не спыніла ні тое, што Сэнсэй курыць, ні тое, што гук з упадабанага мной трэка — гэта НЕ сякухаці...

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

dryla@zviazda.by

http://andrewjіlіn.com — сайт Анд­рэя Жы­лі­на

http://shakuhach.ru — вя­лі­кая эн­цык­ла­пе­дыя па ся­ку­ха­ці і япон­скай му­зы­цы (http://flejtabambuk.blogspot.com.by/) — блог бе­ла­рус­ка­га май­стра па флей­тах.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.