Вы тут

Іх подзвіг — у нашых сэрцах


39 капсул з зямлёй з месцаў пахавання воінаў-беларусаў, якія загінулі ўдалечыні ад Радзімы ў гады Другой сусветнай вайны, папоўнілі нішы крыпты Храма-помніка ў гонар Усіх Святых.

Падчас урачыстай цырымоніі, якая адбылася ў Дзень маці і ў праваслаўнае свята Пакроў Прасвятой Багародзіцы, Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел, Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі прачытаў малітву за супакаенне душ загінулых і асвяціў капсулы з зямлёй.

15-43

Нагадаем, першыя з іх былі закладзены Прэзідэнтам краіны Аляксандрам Лукашэнкам 2 кастрычніка ў межах акцыі «Малітва за Беларусь». Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічалі кіраўнікі праваслаўнай, каталіцкай, мусульманскай і іўдзейскай рэлігійных канфесій, дыпламатычных прадстаўніцтваў сямі дзяржаў, адкуль была прывезена зямля (Германіі, Аўстрыі, Польшчы, Чэхіі, Венгрыі, Славакіі і Італіі).

— Вельмі важна і сімвалічна, што мы ўзгадваем герояў нашай Айчыны, якія аддалі свае жыцці за наша жыццё, свабоду і незалежнасць, — лічыць Мітрапаліт Мінскі і Заслаўскі Павел. — Мы, можа быць, асабліва ў дзіцячым і юнацкім узросце, яшчэ не ўсведамляем таго, дзеля чаго пацярпелі нашы папярэднія пакаленні. Сёння ўсё часцей даводзіцца чуць, што ў той ці іншай краіне адбываецца супраціўленне, ліецца кроў. Вось і пачынаем разумець толькі тады, калі нешта страчваем, асабліва самае дарагое і любімае. Памяць аб нашых героях заўсёды будзе ў Царстве Божым, у сэрцах старэйшага пакалення. І наша задача — зрабіць усё магчымае, каб аб папярэдніх пакаленнях памятала яшчэ і моладзь.

Падчас вызвалення Еўропы ад нацызму на яе тэрыторыі палегла звыш мільёна савецкіх салдат. Пахаваннямі воінаў-вызваліцеляў усыпана тэрыторыя ад Буга да Берліна. Гарнізонныя савецкія могілкі ў горадзе Дрэздэн, Германія, зямля Саксонія; магіла невядомага савецкага салдата ў Лейпцыгу, Германія, зямля Саксонія; мемарыяльны комплекс Дахау, Германія, зямля Баварыя; інтэрнацыянальныя воінскія могілкі Ранквайль-Вальдуна, Аўстрыя, зямля Форарльберг; канцлагер Майданэк, Люблін, Польшча; пахаванне савецкіх воінаў на Ходаўскіх могілках, Прага, Чэхія... 39 капсул з зямлёй з гэтых і іншых сапраўды святых месцаў заклалі ў спецыяльныя нішы валанцёры руху БРСМ «Добрае сэрца» з розных рэгіёнаў краіны.

Як адзначыў Патрыяршы Экзарх усяе Беларусі, сёння надзвычай важна займацца асветніцкай і патрыятычнай работай, якая праводзіцца Беларускай праваслаўнай царквой, у прыватнасці ўсіхсвяцкім прыходам. «Дзеля таго, каб маладыя людзі памяталі аб сваіх продках, дзякуючы якім мы жывём у мірнай і квітнеючай дзяржаве», — падкрэсліў Мітрапаліт.

Пасля ўрачыстасці былі падведзены вынікі рэспубліканскай дабрачыннай акцыі «Аднаўленне святынь Беларусі», якая праводзілася ў межах супрацоўніцтва Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і Беларускай праваслаўнай царквы. У выглядзе фотаработ праваслаўных аб'ектаў, якія былі добраўпарадкаваны валанцёрамі на працягу года, юнакі і дзяўчаты прэзентавалі свае тэматычныя выставы. Дарэчы, толькі за сакавік—верасень яны аднавілі каля двухсот аб'ектаў! Падзякаваўшы за зробленую працу, Мітрапаліт Павел пагутарыў з моладдзю на розныя тэмы.

Вераніка КАНЮТА

kanyuta@zvіazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?