Вы тут

Збяры мяне з сабою


Вобраз нашага кіно вызначаецца ўвосень.

У найбліжэйшы час у нас ёсць дзве выдатныя магчымасці ацаніць дасягненні беларускіх кінатворцаў. Акрамя нацыянальнага конкурсу мінскага кінафестывалю «Лістапад», гэта Варшаўскі кінафестываль Bulbаmоvіе, паказы якога ў межах з 23 да 25 кастрычніка пройдуць у Варшаве, Кракаве і ўпершыню ў Мінску. «Бульбамуві», у параўнанні са сваім калегам, мае багацейшую гісторыю — вобраз беларускага кіно сёлета прадставіцца пяты раз. Тут паказваецца поўны і кароткі метр, ігравое і неігравое, незалежнае і «беларусьфільмаўскае» кіно. Сёлета конкурсная праграма адбіралася з 47 заявак і склалася ў выніку з адзінаццаці кароткаметражных фільмаў.

[caption id="attachment_106307" align="alignnone" width="600"]17-14 Фільм «Касмічны параход з белай капусты» з пазаконкурснай праграмы.[/caption]

Акрамя варшаўскага кінатэатра Murаnow, яна будзе паказана 24 кастрычніка ў мінскім Цэнтры сучасных мастацтваў (пазаконкурсная праграма будзе дэманстравацца яшчэ ў Кракаве). У параўнанні з мінулымі фестывалямі праграма выглядае менш насычанай, што тлумачыцца фінансавым складнікам. А калі адысці ад тэхналагічных і лічбавых характарыстык, гэта кіно — так ці інакш голас блізкіх нам людзей, што адлюстроўвае пошукі і праблемы сучаснікаў. «Бульбамуві» — цэлы кінафестываль з нацыянальнай самаідэнтыфікацыяй.

«Андрэй Кудзіненка яшчэ ў 2011 годзе анансаваў наш першы фестываль кароткім і трапным азначэннем, што «беларускае кіно — гэта апартунізм, містыфікацыя і палёты ў космас», — кажа заснавальнік і арганізатар фестывалю Януш Гаўрылюк. — Але наш форум цікавіць больш «экалагічная» вытворчасць, аўтарскі падыход да рэалізацыі фільмаў. На жаль, аўтараў, якім ёсць што сказаць, мала. Яны таксама нечакана знікаюць, як і з'яўляюцца, але працэс пайшоў і яго не спыніць. Каб трапіць у конкурс, трэба проста быць беларусам. Маладым кіношнікам трэба ездзіць па свеце, глядзець і «нюхаць». Да таго ж аўтарскае кіно — найлепшы сродак, каб замежнікі зразумелі той кавалак зямлі, што ляжыць паміж Польшчай і Расіяй».

Штогод «Бульбамуві» даказвае (чым робіць адказную справу) адну важную рэч — беларускаму кінематографу ёсць што паказаць. І гэта дасягаецца разам з іншымі місіямі фестывалю, якія спадар Януш акрэслівае адназначна: гэта прамоцыя беларускага кіно ў Польшчы, дзякуючы чаму палякі лепш ведаюць нашу краіну, і падтрымка маладых аўтараў. «Гэта патрэбна тым, хто хоча выклікаць у Беларусі Новую хвалю, а палякі могуць падзяліцца сваім досведам. У нашых планах шэраг польска-беларускіх воркшопаў».

У сёлетнім фестывалі тры з адзінаццаці конкурсных карцін — дакументальныя. Гэта «Клапоцкі» Аляксандра Міхалковіча, пра аскета-фатографа з правінцыйнага горада, «Пасха Хрыста» Дар'і Юркевіч пра адзначэнне штогадовага хрысціянскага свята ў царкве (у мінулым годзе карціна рэжысёркі «Баба, Ваня і каза» атрымала на фестывалі «Сярэбраную бульбіну») і «Беларускія гульні» Івана Куракевіча.

З адной з ігравых карцін конкурсу чытачы «Звязды» ўжо знаёмыя — гэта фільм «Пугач» Сяргея Каласоўскага, пяшчотная адсылка да дзяцінства з гадзіннікам «Мантана» і жуйкамі «Турба». Ён паказваўся таксама на апошнім адкрытым фестывалі кіно краін СНД, Літвы, Латвіі і Эстоніі «Кінашок» у Анапе. Яшчэ адна карціна — «Адной крыві» Мітрыя Сямёнава-Алейнікава пра двух братоў з рознымі поглядамі на жыццё — атрымала Гран-пры на міжнародным фестывалі фільмаў Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Lеt's Сее ў Вене, дзе ўдзельнічала ў конкурсе разам з 118 іншымі кароткаметражкамі. Размова двух хлопцаў пра сэнс чалавечага існавання адлюстравана ў карціне «Вірус» Васіля Цыбулькі; адносіны любоўнага трохкутніка ў карціне «Музыка ў сярэдзіне» Андрэя Кашперскага і Нэлы Васілеўскай; тэма самагубства ў фільме «Апошні дзень дурнога жыцця» Сяргея Філатава; спроба выявіць вобраз беларуса і Мінска ў стужцы «Амерыкан бой» Мікіты Лаўрэцкага; вобраз краіны, які школьнік спрабуе знайсці на вуліцы, у карціне «Беларусь, якая» Влады Сянковай і Святланы Сакалоўскай; жыхар шматкватэрнага дома, што скардзіцца на кансьержа ў ЖЭС у фільме «Кансьерж» Робэрта Сенекі.

Пазаконкурсная праграма складаецца са свайго роду ўжо пераможцаў. Сёлета «Бульбамуві» пакажа трыумфальны фільм «Скрыжаванне» Настассі Мірашнічэнкі і агульнабеларускі праект «Хранатоп», які ствараўся арт-групай» пад кіраўніцтвам Андрэя Кудзіненкі. Апошняя карціна была ўзнагароджана галоўным прызам у конкурсе кінаальманахаў «Амнібус» на «Кінашоку». У пазаконкурсную праграму таксама ўваходзяць два фільмы маладога рэжысёра Мікіты Лаўрэцкага — «Паэзія» і «Амерыкан бой», італьянская і нямецкая дакументальныя стужкі «Mаdе іn BY» і «Касмічны параход з белай капусты» як заходнееўрапейскі погляд на нашу краіну; украінскі фільм «Міна» (у стварэнні карціны ўдзельнічала беларуска Саша Мяснікова) і тры фільмы — пераможцы сёлетняга фестывалю.

«Бульбамуві» адзначае ў гэтым годзе маленькі юбілей. Кожны год фестываль складае праграмы з таго, што створана беларусамі, таму да Януша Гаўрылюка ўзнікла лагічнае пытанне: ці апраўдвае чаканні ўзровень фільмаў?

«Калі параўноўваць з сітуацыяй першых трох гадоў, калі была чорная дзірка, цяпер час ад часу відаць ясныя поясы. Творцы вярнуліся з космасу і бяруць тэмы, што пад рукой, таму карцінка, гук і вобразы не хлусяць. Я спадзяваўся, што сёлета будуць толькі перлы, але прыйшлося расчаравацца. Часам людзі дасылаюць выпадковыя карціны (з абавязкова манументальнай музыкай), някепскія рэпартажы, але яны падыходзяць для тэлебачання, не для фестывалю аўтарскага кіно. Завальваюць нас дакументальнымі фільмамі пра беларускую вёску: конь, карова, гусі і дзед, які ў камеру расказвае пра тое, як раней было... Па заяўках відаць, што людзі мала глядзяць, хоць гэта бясплатная навука, а трэба ведаць класічныя і сучасныя фільмы, каб ствараць нешта арыгінальнае. Радуе, што ёсць аўтары, якія з кожным годам дасылаюць усё больш цікавыя фільмы, напрыклад Роберт Сенека пачынаў з фільмавага скетча, а сёлета даслаў сучасную гумарыстычную кароткаметражу з невыпадковымі акцёрамі».

Так ці інакш, «чыстыя» фестывальныя праграмы могуць прадставіць уласны твар беларускага кіно: «Пошук гэтага твару адбываецца ўвесь час. Ён ужо недзе ёсць, але ніхто не ведае, дзе. Я перакананы, што ён складаецца з твораў незалежных аўтараў, а не ў архаічнай нацыянальнай кінаіндустрыіі. Каб вызначыць твар нашага кіно, павінна ўзнікнуць установа кшталту «Беларускага інстытута кінамастацтва», якая будзе фінансавацца з дзяржаўных сродкаў і займацца выключна кінаадукацыяй, прамоцыяй беларускіх фільмаў у свеце і выдаткоўваннем грошай на аўтарскае кіно».

Ірэна КАЦЯЛОВІЧ

katsyalovich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?