Вы тут

Карабель вікінгаў пойдзе па Мухаўцы


У аграсядзібе пад Кобрынам пабудаваны дракар, які з'яўляецца імітацыяй сярэднявечнага плаўсродку.

Летась «Звязда» расказвала, што гаспадары сядзібы «На Зарэчнай вуліцы» Ала і Сяргей Палікарпукі ўзводзяць судна для падарожжаў турыстаў (нумар за 1 кастрычніка 2014 года. — Аўт.). І вось карэспандэнт газеты зноў пабывала ў вядомай на Брэстчыне аграсядзібе. Сяргей расказаў, што пры рэгістрацыі плаўсродку ўзніклі пэўныя цяжкасці, — найперш праз тое, што пакуль карабель будавалі, змянілася заканадаўства. Але яны, тыя цяжкасці, пераадольныя. Усе заўвагі, якія зрабілі спецыялісты, гаспадары ўлічылі. І ў наступным красавіку-маі, з пачаткам навігацыі, «Слейпнір» пойдзе па водах Мухаўца.

 

 Сяр­гей Па­лі­кар­пук на дра­ка­ры...

 

Менавіта так, на скандынаўскі манер назвалі дракар. У перакладзе гэтае слова блізкае па значэнні да «хуткі». А задумалі Палікарпукі пабудаваць такую незвычайную рэч пасля таго, як даведаліся, што менавіта ў гэтых мясцінах пралягаў адзін з пяці шляхоў «з варагаў у грэкі». І, пачынаючы з ІХ стагоддзя, такія судны хадзілі па рацэ, вазілі бурштын з Балтыі. Са сродкамі на ўвасабленне ідэі-мары, якой Ала і Сяргей загарэліся даўно, дапамог адзін з праектаў міжнароднай тэхнічнай дапамогі, які рэалізуецца ПРААН.

Корпус карабля ўзводзіў у асноўным Сяргей сваімі рукамі. У розных выпадках звяртаўся да народных майстроў, рамеснікаў, удзельнікаў кобрынскага рэканструктарскага клуба «Перунова кола» і брэсцкага «Жалезны жолуд». Яны выраблялі асобныя дэталі. Гаспадары падкрэслілі, што іх «Слейпнір» з'яўляецца менавіта імітацыяй, а не копіяй карабля вікінгаў. Бо ў той час не было сучасных матэрыялаў. Цяпер жа каркас зроблены з пластыку, а звонку абшыты дрэвам. Дракар упрыгожаны здымнай галавой дракона, стылізаваны пад даўніну шчытамі, мае чатыры пары вёсел. Праўда, грозная галава з ікламі зараз знятая, бо карабель разбіраюць на зіму. Вікінгі ж, як сведчаць летапісы, мацавалі падобныя элементы, каб пужаць праціўнікаў. А дома нярэдка здымалі іх.
22-30

 ...і дэ­ман­струе га­ла­ву дракона.

 

Гаспадыня сядзібы Ала расказала, што ўжо распрацаваны маршрут воднага падарожжа. Ён пройдзе па тэрыторыі Кобрынскага і Жабінкаўскага раёнаў. Адпачывальнікам прапануюць не толькі любавацца прыгожымі краявідамі, праплываючы па рацэ, але і прайсціся да славутасцяў пешшу, праехаць на веласіпедах, праплыць на драўляным плыце-катамаране. Госці змогуць наведаць, напрыклад, царкву ў Здзітаве, якая з'яўляецца помнікам драўлянага дойлідства ХVІ стагоддзя і прэтэндуе на ўключэнне ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Турысты таксама пабываюць на Купчыцкім полі, дзе адбылася бітва паміж паўстанцамі Тадэвуша Касцюшкі з войскамі Аляксандра Суворава. Ахвотныя пасажыры дракара змогуць заказаць у канцы прагулку на конях. Праграма яшчэ будзе дапрацоўвацца і ўдакладняцца: вядома, у бок пашырэння.

На «Слейпніры» прадугледжаны экскурсавод. А веслярамі могуць выступаць па жаданні і самі турысты. Тэставы спуск карабля на ваду і заплыў па рацэ Мухавец прайшлі паспяхова. Фактычна ўсё гатова для дзяржаўнай рэгістрацыі судна. Каб пакатацца на ім, ужо ёсць заяўкі з Мінска, іншых гарадоў і еўрапейскіх краін.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Кобрынскі раён

Фота Валерыя КАРАЛЯ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».