Вы тут

Стыль, пакінуты нам продкамі


Сёння моладзь часта можна сустрэць і падчас вучобы, і ў вольны час адзетую ў так званыя «вышымайкі». А на фальклорных мерапрыемствах, фэстах і традыцыйных святах — у вышыванках. Першыя з'явіліся нядаўна і адразу набылі папулярнасць, хоць іх нельга блытаць з вышыванкамі. Па-першае, вышымайка — сучасны трыкатажны выраб, на які нанесены прынтавы арнамент ці машынная вышыўка, а вышыванка — традыцыйная кашуля, пашытая з ільняной або баваўнянай тканіны і ўпрыгожаная ручной ці машыннай вышыўкай. Па-другое, у іх розныя функцыі: вышыванка глядзіцца ў комплексе святочнага адзення, а вышымайка мае больш вольны фармат і будзе да месца падчас адпачынку.

[caption id="attachment_106924" align="alignnone" width="600"]22-2 Пер­шыя вы­шы­ван­кі — вя­сель­ныя ка­шу­лі для ся­бе і бу­ду­ча­га му­жа — Юлія Літ­ві­на­ва ра­бі­ла вель­мі доў­га.[/caption]

— У нас найбольшым попытам сярод моладзі, зразумела, карыстаюцца вышымайкі, таму што яны значна больш танныя, чым сапраўдныя вышыванкі, — расказвае Павел Белавус, заснавальнік крамы symbal.by. — Для іх мы выкарыстоўваем майкі з бавоўны сусветна вядомай кампаніі, якія набываем за мяжой, а затым наносім прынты спосабам шаўкаграфіі праз тэрмаперанос. А вось вышыванкі, якія мы прадаём, вырабляе дзяржаўнае прадпрыемства «Скарбніца». Дарэчы, мы нядаўна прыдумалі нешта сярэдняе паміж вышыванкай і вышымайкай — «каўнерка» альбо пола-кашуля з вышыўкай. Яна выдатна падыходзіць як для штодзённага нашэння, так і для дзелавога стылю.

Можна звярнуцца да майстрыхі, калі вы хочаце мець эксклюзіўны выраб. Каб даведацца, як робіцца такая кашуля, мы пагутарылі з Юліяй Літвінавай, майстрыхай традыцыйнага адзення.

— Мне падабаецца, што сёння мы імкнёмся да «свайго» адзення, беларускага стылю, — расказвае Юлія. — Сапраўдны беларускі строй робіцца пераважна з натуральных матэрыялаў (лён, сукно, бавоўна) і мае ў сабе цэлы комплекс адзення, якое адпавядае пэўнаму ўзросту і сацыяльнаму статусу. А колькі розных варыяцый яго ёсць! Зазірнуўшы толькі ў альбом прафесара Міхася Раманюка «Беларускае народнае адзенне», можна сцвярджаць, што ў нашых продкаў пачуццё густу было прыроднае: адзенне на іх выглядае прыгожа, гарманічна і стыльна. Таму хочацца як мага больш дакладна аднавіць той ці іншы строй.

Напэўна, любоў да рукадзелля перайшла да дзяўчыны ад матулі, якая і навучыла вышываць крыжыкам. Першыя вышыванкі — вясельныя кашулі для сябе і будучага мужа — майстрыха рабіла вельмі доўга.

— Цяпер пераважна звяртаецца моладзь. Асабліва папулярныя традыцыйныя вясельныя строі. Хтосьці прыходзіць з гатовай ідэяй, а іншым трэба дапамога — падбіраем штосьці з таго ж альбома Раманюка ці звяртаемся да музейных фотаздымкаў. Большасць аддае перавагу геаметрычнаму арнаменту і крамнай ільняной тканіне. На звычайную мужчынскую вышыванку патрэбна прыкладна два-тры тыдні. Зразумела, што жаночую кашулю раблю даўжэй, бо на ёй болей вышыўкі.

— Чаму, на ваш погляд, сталі такімі папулярнымі вышыванкі і вышымайкі? — пытаюся ў Юліі.

— Напэўна, моладзь хоча вылучыцца. Калі мы надзяваем строй, то гучна заяўляем: «Мы з гэтай зямлі, мы з Беларусі!» Але звычайна такое адзенне не на кожны дзень: гэта святочнае, дарагое ўбранне. Мне прыемна хадзіць у строі на розныя святы, фэсты. Слова «строй» гаворыць само за сябе: тут і абутак, і адзенне, і ўпрыгажэнні — усё павінна быць «стройным», у адным стылі. Такое адзенне абавязвае да іншых рухаў, паводзінаў, яно быццам выпраўляе — адразу ж хочацца выпрастаць спіну, трымацца годна. Цешыць, што сёння вопраткі з традыцыйнымі элементамі стала болей, і нават сучаснае адзенне патроху набывае беларускую адметнасць і стыль. Вельмі хацелася б, каб хараство традыцыйнага беларускага строю больш папулярызавалася сярод моладзі, а разам з ім і жаночыя рамёствы, каб з'яўляліся цэнтры, школы, дзе гэтым рамёствам можна навучыцца.

Ілья Фаляжынскі, студэнт ІV курса інжынерна-эканамічнага факультэта БДУІР:

— Адзенне з вышыўкай падабаецца. Бо гэтыя ўзоры прыйшлі да нас ад продкаў, і калі я апранаю яго, гэта сведчыць, што я з павагаю стаўлюся да гісторыі сваёй краіны. Традыцыйны беларускі строй альбо нават звычайная вышымайка адметныя: можна вылучыцца, прыцягнуць увагу да сябе за мяжой.

Ірміна Ластоўская, менеджар:

— У маім гардэробе ёсць некалькі белых маек з вышыўкай, так званых вышымаек. Яны зроблены з густам і пачуццём меры. Тым больш выкананы з натуральнага лёну. Прыемна прайсціся па горадзе ў такім стыльным адзенні.

Ганна Шыбут, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ:

— Нашу вышыванкі, бо гэта народнае адзенне, а я люблю ўсё, што звязана з традыцыйнай культурай, штосьці аўтэнтычнае. Падабаюцца сваёй прастатой і прыгажосцю.

Андрэй Філіпчык, праграміст:

— У мяне ёсць вышыванка, пашыў яе на заказ на вяселле сяброў. Цяпер надзяваю на святы і фестывалі кшталту «Камяніцы». І ёсць вышымайка, якую нашу без нагоды, бо падабаецца дызайн. Яна стыльная, прыгожая, але я стаўлюся да яе, як да звычайнай майкі. А вось вышыванка — гэта павага да традыцый продкаў. Мне здаецца, цудоўна, калі мы праз адзенне вяртаемся да каранёў, не забываемся на сваю культуру і папулярызуем яе.

Юлія Букель, студэнтка V курса Інстытута журналістыкі БДУ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.