Вы тут

Не проста арнамент на адзенні


Як маладыя аднаўляюць спадчыну і ствараюць гісторыю.

Яшчэ некалькі гадоў таму адзенне з беларускім арнаментам знайсці было неверагодна складана. Але раптам усё змянілася: яно ў трэндзе, яго прадаюць адразу некалькі крам па ўсёй краіне. Адзін з вытворцаў прадукцыі з вышыўкай — маладая беларуская кампанія Faіny.by («Файны.бай»), створаная на базе стартап-цэнтра Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта.

[caption id="attachment_106925" align="alignnone" width="600"]22-4 Усё пачыналася менавіта з такіх футболак — з лагатыпам БНТУ.[/caption]

Офіс праекта знаходзіцца ў будынку навукова-тэхналагічнага парка БНТУ «Палітэхнік». Сам парк быў створаны як вялікі комплекс па развіцці інавацыйнага бізнесу. Стартап-цэнтр, які распачаў працу ў 2013 годзе, — яго частка. Маладым бізнесменам у тэхнапарку прадастаўляюць памяшканні і аказваюць усю неабходную дапамогу (складаюць бізнес-планы, праводзяць маркетынгавыя даследаванні, шукаюць фінансаванне і інш.) для развіцця сваёй справы. У 2012 годзе ўстанова атрымала ўзнагароду як самы лепшы суб'ект падтрымкі прадпрымальніцтва ў краіне.

— У БНТУ навучаецца вялізная колькасць студэнтаў па самых розных спецыяльнасцях: дызайнеры, будаўнікі, інжынеры, менеджары, — расказвае памочнік генеральнага дырэктара тэхнапарка, кіраўнік стартап-цэнтра Віталь ГМЫРАК. — Група навучэнцаў прыйшла да нас з наступнай ідэяй: стварыць агульны карпаратыўны стыль як для ўніверсітэта, так і для прадстаўнікоў кожнай яго спецыяльнасці. У славутых ВНУ Заходняй Еўропы і Амерыкі гэта норма. Студэнты з задавальненнем носяць на пінжаках, світарах, кашулях гербы, якія сведчаць аб прыналежнасці да ўстановы. Мы хацелі зрабіць нешта падобнае на падставе сімволікі БНТУ.

Адзін з першых вынікаў працы — футболка-пола з вышыўкай на грудзях. У яе аснове — абрысы галоўнага корпуса ўніверсітэта. Унізе — перакрыжаваныя малаток і штангенцыркуль (так у савецкія часы выглядаў металічны значок інжынера, які выдавалі ўсім выпускнікам тэхнічных ВНУ. Раней насіць яго было вялікім гонарам, цяпер жа ранейшай сімволіцы даюць новае жыццё пры дапамозе вышыўкі).

Праект даволі хутка набраў абароты, прадукцыя займела вялікую папулярнасць сярод студэнтаў. У жніўні на тэрыторыі ўніверсітэта адкрыўся кіёск з таварамі, зробленымі камандай Faіny.by.

— Мы спецыяльна наносім сімволіку на прадметы, якімі карыстаюцца штодзённа, — тлумачыць куратар праекта Faіny.by, сёлетняя выпускніца спецыяльнасці «Інавацыйны менеджмент» прыборабудаўнічага факультэта Ксенія САФРОНАВА. — Гэта футболкі, пола, бейсболкі, байкі і сумкі.

Стваральнікі праекта распавядаюць, што вышывальная вытворчасць у тэхнапарку існавала і раней. Праўда, працавала па іншым прынцыпе — кліенты самі прыходзілі і заказвалі рэчы па ўласным дызайне. Самае сучаснае абсталяванне дазваляла выканаць любое жаданне, але маркетынг быў пасіўным. Моладзь з Faіny.by перавяла яго на новыя рэйкі і цяпер сама рухае на рынак уласны прадукт.

— Калі мы ўбачылі, што справа пайшла нядрэнна, то пачалі задумвацца над наступнымі крокамі, — працягвае Віталь Гмырак. — Сваю другую лінейку прадукцыі вырашылі прысвяціць вышыванкам. Буду шчыры: галоўнае, што падштурхнула нас да такога выбару, — трэнд. Ні для кога не сакрэт, што рэчы з нацыянальным арнаментам сёння хутка набіраюць папулярнасць, і мы вырашылі гэтым скарыстацца.

Вядома, стваральнікі ўлічвалі і тое, што канкурэнцыя на рынку даволі сур'ёзная, таму паспрабавалі зрабіць нешта сваё, непаўторнае. Акрамя непасрэдна вышыўкі, асаблівасць рэчаў ад Faіny.by ў іх каляровай гаме. Калі астатнія вытворцы звычайна спыняюцца на традыцыйных белым і чырвоным колерах, то тут прадстаўлена цэлая палітра: сінія, жоўтыя, зялёныя... Спалучэнне такіх колераў з арнаментам выглядае па-свежаму і сучасна, хоць і не так аўтэнтычна.

[caption id="attachment_106926" align="alignnone" width="600"]22-5 Галоўная канкурэнтная перавага, па словах стваральнікаў, — у каляровасці.[/caption]

— Вядома, мы не проста так бралі з галавы ці інтэрнэту які-небудзь арнамент і вышывалі яго на футболках, — тлумачыць Ксенія Сафронава. — Напачатку селі і дасканала вывучылі кнігу этнографа Міхаіла Кацара «Беларускі арнамент», каб разбірацца ў тэме і ведаць, што азначаюць розныя элементы. Вось, скажам, футболка з сімвалам «маці» — паехаў куды-небудзь далёка, а твая маці заўсёды побач. Яшчэ ёсць «хлеб», «сонца» і шмат іншага. Спалучэнні колераў таксама навеяны прыродай роднага краю: сакавіты жоўты — як першы дзьмухавец, пяшчотны валошкавы — нібы блакіт родных азёраў...

Тэхнічна працэс выглядае наступным чынам: напачатку дызайнеры Faіny.by распрацоўваюць малюнак, які будзе нанесены на тканіну. Пасля праграмісты пішуць спецыяльны алгарытм для швейнай тэхнікі, па якім машына будзе ствараць узор (умоўна кажучы, у праграму закладваецца рух іголкі, колькасць сцяжкоў і іншыя параметры). У якасці асновы выкарыстоўваюцца футболкі, якія заказваюць за мяжой. Але зараз стваральнікі праекта абмяркоўваюць магчымасць працы з айчыннай асновай — ільняной. Калі атрымаецца, прадукт Faіny.by стане цалкам беларускім.

Варта заўважыць, што кошт тавараў кампаніі пакуль значна меншы, чым у многіх іншых фірмаў. Стваральнікі тлумачаць гэта тым, што на стадыі выхаду на рынак выдаткі на вытворчасць зусім не вялікія. Сама каманда складаецца з некалькіх чалавек: менеджара, дызайнераў, фатографа, маркетолага, адміністратара сайта. Усе яны студэнты. Буйным жа фірмам прыходзіцца «карміць» вялікі штат, што павялічвае сабекошт. Таксама нізкі цэннік абгрунтоўваецца тым, што Faіny.by мае магчымасць карыстацца абсталяваннем тэхнапарка на льготных умовах.

— У любым выпадку, справа тут не толькі ў грашах, — дадае Віталь Гмырак. — Галоўнае, што мы збіраем у адным месцы таленавітых людзей, кожны з якіх хоча развівацца ў сваім кірунку, і аб'ядноўваем іх намаганні ў адно рэчышча. Тое, што студэнты павінны вучыцца на рэальных праектах, — гэта сусветны досвед, так робяць у самых славутых і буйных універсітэтах. І мы таксама даём нашым наватарам такую магчымасць — працу над праектамі разам з прафесійнымі ментарамі і настаўнікамі.

Планы на будучыню стваральнікі Faіny.by акрэсліваюць аптымістычна — яны хочуць стаць вядомым у Беларусі дызайнерскім брэндам.

— Мы спадзяемся як мага хутчэй выйсці за межы стартап-цэнтра БНТУ, — кажа Віталь. — У гэтым і заключаецца сэнс: як толькі праект вырастае да сур'ёзных маштабаў, выходзіць на свабодны рынак, ён павінен пакінуць сцены ўстановы. А на яго месца змогуць прыйсці іншыя студэнты са сваімі ідэямі.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.