Вы тут

Амерыканскі пітбультэр'ер: сябар ці забойца?


Калі называюць гэтую пароду сабак, адразу ўзнікае асацыяцыя з самай агрэсіўнай, злоснай і крыважэрнай жывёлай. Гэта таму што пітбуляў (так скарочана іх яшчэ называюць) задзейнічалі ў сабачых баях. Але ж жывёлы не вінаватыя, што людзі на працягу многіх гадоў мэтанакіравана развівалі і фарміравалі ў іх варожасць і злосць. Насамрэч пітбуль мае мяккі і ласкавы характар. Аднак, каб атрымаць адданага, таварыскага і жыццярадаснага сябра, неабходна абавязкова прайсці курс дрэсіроўкі. Памылкі ў выхаванні гэтага моцнага і рашучага сабакі могуць каштаваць дорага...

27-2

Амерыканскі пітбультэр'ер (слова «піт» з англійскай мовы — яма для бою) вядзе сваё паходжанне ад баявых бульдогаў Старога Свету, якія трапілі ў Амерыку разам з англійскімі і ірландскімі перасяленцамі ў канцы ХVІІІ — пачатку ХІХ стагоддзя. У стварэнні пароды амерыканскага пітбультэр'ера самы непасрэдны ўдзел прымалі бульдогі і тэр'еры. У выніку ад бульдогаў пітбулі атрымалі неперасягнутую ўпартасць і вялікую сілу, а ад тэр'ераў — вокамгненную рэакцыю.

Прадстаўнікі гэтай пароды карысталіся шырокай папулярнасцю ў ЗША. Галоўным чынам іх трымалі для ўдзелу ў сабачых баях, для палявання і выратавальных пошукаў. Пасля забароны сабачых баёў у ЗША над прадстаўнікамі пароды быў усталяваны жорсткі кантроль. Варта адзначыць, што амерыканскі пітбультэр'ер не прызнаны Міжнароднай кіналагічнай федэрацыяй (FСІ). У многіх дзяржавах Еўропы парода альбо забароненая, альбо дапускаецца яе абмежаванае ўтрыманне пры захаванні дастаткова строгіх правілаў.

Агрэсію ў сабаку выхоўвае... гаспадар

Кінолагі падкрэсліваюць, што амерыканскі пітбультэр'ер не падыходзіць пачаткоўцам, неспрактыкаваным уладальнікам. Аднак пры правільным гадаванні, выхаванні і навучанні — гэта выдатны рабочы сабака. У дзіцячым узросце вельмі важна засцерагаць шчаня ад траўмуючых яго псіхіку фактараў. У дарослых, правільна выхаваных і навучаных сабак характары, як правіла, стабільныя. Яны ўпэўнены ў сваіх сілах, не імкнуцца дамінаваць над гаспадарамі, заўсёды гатовыя да выканання розных камандаў.

Пітбулі — жыццярадасныя і вясёлыя сабакі, гуллівасць і дзіцячая непасрэднасць выдатна спалучаюцца ў іх з мудрасцю і ўважлівасцю. Натуральна, усе гэтыя станоўчыя якасці могуць раскрыцца ў дарослым сабаку толькі пры ўмове правільнага догляду, выхавання і навучання.

Гэтыя сабакі здольныя авалодаць выкананнем разнастайных камандаў і асвоіць многія навыкі дзякуючы сваёй прыроднай жвавасці і дапытлівасці. Аднак, каб прывучыць сабаку да безумоўнага паслушэнства, спецыялісты аднагалосна раяць уладальнікам прайсці агульны курс дрэсіроўкі.

Не рэкамендуецца надаваць занадта вялікую ўвагу развіццю агрэсіўнасці пітбуля супраць чалавека, у выніку вы можаце атрымаць сабаку, небяспечнага для навакольных. Мала таго, што «амерыканец» валодае вельмі моцным укусам, пры атацы ён не проста кусае, а выбірае найбольш небяспечныя месцы.

Значна лепш для вас і навакольных выкарыстоўваць задаткі гэтага сабакі на іншай ніве — напрыклад, падрыхтаваць і паўдзельнічаць у спаборніцтвах па аджыліці (пераадоленне паласы перашкод на час), вейт-пулінгу (буксіроўцы цяжараў), спрынгполе (вісенні на канаце), дог-пулінгу (перацягванні каната). Такія спартыўныя мерапрыемствы пойдуць толькі на карысць папулярызацыі пароды.

Парады ўладальнікам

Бліскучая кароткая поўсць, упэўнены позірк, спартыўны склад цела — вось прыкметы сапраўднага амерыканскага пітбультэр'ера.

Вышыня ў карку ад 46 да 56 см, вага ад 16 да 45 кг. Сабакі далёка не дробныя, таму ад уладальніка патрабуецца фізічная сіла для кіравання сваім гадаванцам. Сярэдняя працягласць жыцця — 12 гадоў. Пітбулі вылучаюцца выдатным здароўем і не дастаўляюць у гэтым плане практычна ніякіх клопатаў уладальнікам.

Сабакі выдатна пераносяць кватэрнае ўтрыманне, непераборлівыя, але патрабуюць дбайнай сацыялізацыі ў дачыненні да навакольнага свету. Ім неабходны цвёрды кантроль. Патрэбны працяглыя прагулкі з дастатковымі фізічнымі нагрузкамі і зносінамі з іншымі сабакамі. Дабратворна ўплывае на сабаку кампанія ўладальніка; доўгая адзінота можа нашкодзіць яго псіхіцы.

Поўсць патрабуе мінімальнага догляду — перыядычнага вычэсвання (хаця б адзін раз на тыдзень). Не забывайце таксама час ад часу чысціць вушы свайму гадаванцу, праціраць вочы і даглядаць зубы.

Цікавыя факты

• Самую вялікую ў гісторыі партыю кантрабандных наркотыкаў выявілі з дапамогай службовага пітбультэр'ера Попсікла. Сабака вызначыў месца захоўвання амаль паўтары тоны наркотыкаў.

• Пітбультэр'ераў часта выкарыстоўваюць у якасці падтрымальнай тэрапіі для цяжкахворых і пажылых людзей, а таксама для тых, хто атрымаў сур'ёзную эмацыйную траўму: яны жывуць пры шпіталях і дамах састарэлых. Пры спецыяльнай дрэсіроўцы гэтыя сабакі могуць абслугоўваць інвалідаў-калясачнікаў.

• Сабака быў настолькі папулярны ў пачатку ХХ стагоддзя, што стаў талісманам ЗША ў Першай і Другой сусветных войнах. Выява пітбуля неаднаразова з'яўлялася на рэкрутынгавых плакатах таго часу.

Андрэй ШКЛЯЕЎ, інструктар-кінолаг

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.