Вы тут

Якія прадстаўнікі флоры застаюцца заўжды зялёнымі?


Восень — маляўнічая пара, калі дрэвы апранаюцца ў яркія строі, і, пакрасаваўшыся, скідваюць іх. Але не ўсе расліны прызвычаіліся мяняць колер лісця і тым больш пазбаўляцца яго. Пра вечназялёных прадстаўнікоў свету беларускай флоры распавядае старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі флоры і сістэматыкі раслін Інстытута эксперыментальнай батанікі імя В.Ф. Купрэвіча НАН Беларусі Аркадзь СКУРАТОВІЧ.

[caption id="attachment_107409" align="alignnone" width="600"]Веч­на­зя­лё­ныя дрэ­вы аба­ра­ня­юц­ца ад хо­ла­ду  з да­па­мо­гай іго­лак. Веч­на­зя­лё­ныя дрэ­вы аба­ра­ня­юц­ца ад хо­ла­ду з да­па­мо­гай іго­лак.[/caption]

— Cпачатку трэба разабрацца, чаму ўвосень дрэвы скідваюць лісце, — адзначае навуковец. — Па-першае, ліст — гэта орган, з дапамогай якога расліна дыхае. На яго паверхні знаходзіцца шмат невялікіх адтулін — вусціц, праз якія выходзяць дзясяткі літраў вадкасці. Да таго ж, апалае лісце — асноўная крыніца харчавання дрэва, яна дае пажыўныя рэчывы, якія па жылках і сасудах трапляюць у клубні і карані. Такім чынам расліна назапашвае «харч» на вясну. Яна пазбаўляецца ад лістоты, каб не выдаткоўваць вільгаць, якой у халодны перыяд становіцца вельмі мала. Іначай вусціцы працягвалі б рабіць сваю працу і выпарылі б з дрэва ўсе неабходныя рэчывы. У выніку яно загінула б ад засухі.

Другое класічнае пытанне: чаму восенню лісце мяняе колер?

— Давайце ўявім сабе ліст. У яго афарбоўцы ўдзельнічаюць некалькі элементаў. Хларафілу, адказнага за зялёны колер, прыкладна 70%. Астатнія рэчывы даюць жоўтае і аранжавае адценні. Зразумела, калі ўсе іх змяшаць, ліст усё роўна застанецца зялёным. Аднак увосень сонечнага святла становіцца менш, хларафіл разбураецца, і ў гульню ўступаюць іншыя рэчывы. Чырвоным альбо барвовым ліст становіцца дзякуючы антацыянам. Навукоўцы дакладна не ведаюць загадку гэтых рэчываў, вядома, што яны з'яўляюцца ў лісці толькі на пачатку вясны альбо ўвосень, — раскрывае «сакрэт» вучоны.

Аднак ёсць расліны, якія не мяняюць афарбоўку лісця і пакідаюць яго сабе. Усім вядомы хвойныя дрэвы: елка, сасна, піхта, ціс. У чым розніца паміж лістападнымі і вечназялёнымі дрэвамі?

— Плошча паверхні іголачкі нашмат меншая за плошчу ліста, — адказвае Аркадзь Мікалаевіч. — Адпаведна, на іголачках вусціц у разы менш, а значыць, яны выпарваюць мала вільгаці. Акрамя гэтага, іголкі пакрыты зверху васковым налётам, што дадаткова забяспечвае ахову ад маразоў. Таму ў дрэва няма неабходнасці іх скідваць.

Тым не менш, нават вечназялёныя дрэвы ўсё ж скідваюць іголкі. Гэта адбываецца на другі, трэці альбо чацвёрты год. Іголкі — у пэўным сэнсе лакмусавая паперка для наваколля. Калі яны застаюцца на дрэве чатыры гады, значыць, умовы тут добрыя. А калі сасна скідвае іх на другі ці на трэці год — гэта знак, што экалогія не надта спрыяльная.

Аднымі хвойнымі дрэвамі група вечназялёных раслін не абмяжоўваецца. Сярод іх даволі шмат кустарнікаў і кустарнічкаў — гэта балотныя віды: мучанік, мядзведжыя ягады, балотны мірт. У многіх вечназялёных кустарнічкаў лісце пакрыта воскападобным налётам, які абараняе расліну ад холаду. А ў багуну маецца іншае «прыстасаванне» — вузкія лісточкі пакрыты апушэннем, нібыта шубай. У верасу лісточкі дробныя і маюць форму іголачкі, што дазваляе расліне не выпускаць шмат вільгаці. На зіму травы хаваюцца пад снег. Яны распаўзаюцца, але ўвысь не растуць, каб не быць вышэйшымі за ўзровень снегу. Такім чынам вечназялёныя расліны перажываюць зіму.

Кацярына РАДЗЮК

radziuk@zviazda.by

Фота Анатоля ДРЫБАСА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».