Вы тут

Больш турыстаў — добрых і розных


Каб іх прыцягнуць, адной гасціннасці мала.

Што трэба зрабіць, каб ператварыць турызм у даходны артыкул бюджэту? Пры гэтым гаворка ідзе найперш аб развіцці ўязнога і ўнутранага турызму. Адказ на гэта пытанне шукалі на пасяджэнні «круглага стала» «Турызм Беларусі: сучасны стан і перспектывы развіцця», які прайшоў у Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

29-37

Патрэбны інфраструктура і рэклама

У нашай краіне ёсць значны турыстычны патэнцыял, у першую чаргу дзякуючы прыродным багаццям і гісторыка-культурнай спадчыне. Так, па словах намесніка міністра спорту і турызму Міхаіла Партнога, у некаторых краінах людзі ўжо забыліся, як выглядаюць суніцы на лясной паляне. У Беларусі захавалася мноства помнікаў прыроды, на дзіва прыгожыя ландшафты с мноствам лясной жыўнасці, у тым ліку і ўнесенай у Чырвоную кнігу.

Але, акрамя экалагічнага, паляўнічага, культурна-пазнавальнага і аздараўленчага, у нашай краіне плануецца развіваць такія віды турызму, як караванінг (падарожжа з пражываннем у аўтадоме) і аўтамабільны турызм, медыцынскі і спартыўны напрамкі, а таксама рэлігійны, трансгранічны і аграэкатурызм.

Сярод іншых кірункаў, на думку Міністэрства спорту і турызму, мяркуецца развіваць і сацыяльны турызм, задавальняць патрэбы ў турыстычных паслугах пэўных катэгорый насельніцтва — пажылых людзей, дзяцей і падлеткаў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Што тычыцца даходнасці, то турызм можа прыносіць значны прыбытак у бюджэт, але павінна быць развіта інфраструктура. І гэта не толькі гасцініцы, кавярні і г. д., але і даступнасць інфармацыі для любога турыста.

У любым горадзе і вобласці турыст павінен бесперашкодна знайсці звесткі аб любым аб'екце і культурна-пазнавальных мерапрыемствах, падзеях, якія могуць быць яму цікавыя. А гэта значыць, што трэба надаваць дастатковую ўвагу маркетынгу і рэкламе ў гэтай сферы.

Без форс-мажорных абставінаў

Каб абараніць простага турыста ад форс-мажорных абставінаў, намеснік міністра спорту і турызму Міхаіл Партной выступіў з прапановай увесці рэестр суб'ектаў турыстычнай дзейнасці. «Яго прапануецца стварыць не для ўвядзення «схаванага» ліцэнзавання, а для зручнасці як саміх суб'ектаў турыстычнай дзейнасці, так і для спажыўцоў турпаслуг, — адзначыў намеснік міністра. — Мяркуецца, што першым рэестр дапаможа сарыентавацца пры выбары партнёра, другім — падчас пошуку легітымнай турыстычнай кампаніі, у якой можна набыць тур».

Міхаіл Партной заявіў, што цяпер дзяржава ніяк не ўплывае на турыстычную галіну. На сённяшні дзень у нас дзейнічае заяўны прынцып, які дае магчымасць працаваць у сферы турызму ўжо пасля рэгістрацыі. Між тым, паводле слоў Міхаіла Партнога, гэта не можа гарантаваць грамадзянам атрыманне якаснага турыстычнага прадукту. Гэта відаць на прыкладзе Расіі, дзе патэнцыйны турыст не абаронены ад форс-мажорных абставінаў, напрыклад банкруцтва турфірмы і інш. Рэестр, па словах намесніка міністра, дасць магчымасць разумець, што за гульцы на гэтым полі, і нейкім чынам абараніць патэнцыйнага турыста ад нядобрасумленных фірмаў.

29-38

Пашырыць паветраны калідор

Яшчэ адзін напрамак, які спрыяе ўязному турызму, — развіццё паветраных зносін з Беларуссю, прыцягненне новых бюджэтных авіяперавозчыкаў і мадэрнізацыя існуючых аэрапортаў.

Выканаўца абавязкаў дырэктара Нацыянальнага агенцтва па турызме Рыгор Памяранцаў адзначае, што сёння аэрапорты краін-суседак за кошт больш гнуткай коштавай палітыкі перацягваюць турыстычныя патокі на сябе. Так, каля 10% усіх пасажыраў, якія вылятаюць і абслугоўваюцца ў Вільнюсе і Каўнасе, — гэта грамадзяне Беларусі. І прыкладна пятая частка ад гэтай колькасці — замежнікі, якія прылятаюць у Вільнюс і Каўнас, каб трапіць у Беларусь.

Рыгор Памяранцаў, у прыватнасці, прапануе разгледзець магчымасць выхаду замежных авіякампаній у нашы рэгіянальныя аэрапорты, дзе няма пастаянна дзейнага базавага перавозчыка і жыхары Гомеля і Брэста вымушаны альбо ехаць у Мінск, альбо накіроўвацца ў аэрапорты суседніх дзяржаў (Кіеў, Маскву, Варшаву, Рыгу, Вільнюс, Каўнас) для вылету адтуль.

Яшчэ адзін момант — дазвол замежным авіякампаніям лятаць па маршрутах, па якіх нацыянальная авіякампанія не жадае ці не можа выконваць рэйсы самастойна. «Вядома, што многія замежныя авіякампаніі хацелі б нарошчваць аб'ёмы, лятаць часцей самалётамі большай ёмістасці. Тут важна добразычлівае стаўленне авіяцыйных улад Беларусі да такіх ініцыятыў», — лічыць Рыгор Памяранцаў.

Менш віз

Вельмі важна працягваць працу па спрашчэнні візавага рэжыму з іншымі краінамі. Аднак тут, па словах намесніка міністра спорту і турызму, неабходна працаваць з краінамі, бяспечнымі ў міграцыйным плане.

Сёння беларускія турысты ўжо могуць уязджаць без віз у Турцыю, а турэцкія грамадзяне — у Беларусь. Гэта прынесла свае вынікі. «Нават ва ўмовах эканамічнага крызісу на 20% вырас паток турыстаў з Турцыі ў Беларусь», — сказаў Міхаіл Партной, адзначыўшы, аднак, што паток беларускіх турыстаў некалькі скараціўся.

27 лістапада гэтага года плануецца ўвядзенне бязвізавага рэжыму паміж Беларуссю і Ізраілем. У сувязі з гэтым мы чакаем узрастанне патоку «настальгічных» ізраільскіх турыстаў — выхадцаў з Беларусі і былога СССР. Зараз ідуць перамовы з урадам Кітая па бязвізавым уездзе для арганізаваных груп турыстаў. Гэты дакумент можа быць падпісаны ўжо ў снежні. Але ўжо сёння турыстам з КНР, якія маюць шэнгенскую візу, можна знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі 72 гадзіны (трое сутак).

***

Намеснік міністра спорту і турызму таксама заявіў, што наспелі змены ва ўказ №372, які рэгулюе дзейнасць у аграэкатурызме. Стаўка збору для ўладальнікаў аграсядзіб складае ўсяго толькі адну базавую велічыню ў год (180 тыс. рублёў). Такіх прэферэнцый, якія даюцца людзям, што працуюць у гэтай сферы, паводле слоў Міхаіла Партнога, няма ні ў адной краіне свету.

«Таму падыход, напэўна, будзе дыферэнцыяваны», — заявіў ён, маючы на ўвазе найперш павелічэнне ставак для тых, хто прадастаўляе паслугі аграэкатурызму ў прэстыжнай курортнай зоне.

Святлана Бусько

busko@zvіazda.by

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.