Вы тут

Памяці інтэлектуальных тэлегульняў


Сімвалам тэлебачання мінулага дзесяцігоддзя сталі тэлегульні. Дзякуючы сваім ведам, прадэманстраваным на экране, людзі зараблялі грошы. І гэтыя ж веды станавіліся самым галоўным, што давалі гледачам колішнія тэлегульні, нягледзячы на ўсе іх заганы. Асабліва гэта было карысна для школьнікаў. І сёння мы згадваем самыя папулярныя тэлегульні.

Першапраходцамі сталі расійскія...

Лідарства ў тэлегульнях надоўга захапілі праграмы на рэтранслюемых з Расіі каналах. Першыя гульні, якую я ўбачыў па тэлевізары, выходзілі ў эфір на канале НТБ. Гэта былі “О, шчасліўчык!” і “Свая гульня”. Але прагляд іх быў пятнаццаць год таму не такі просты. Кабельныя сеткі тады да майго раёну яшчэ не дацягнуліся, а звычайная калектыўная тэлеантэна для пад’езду прымала толькі чатыры каналы: ГРТ, БТ, РТР і 8 канал. Лавіць НТБ, “Культуру” і “ТБ-Цэнтр” яна ўпарта не хацела. Павесіць спадарожнікавую “талерку” таксама не выпадала: які ад яе сэнс, калі ўсе вокны кватэры выходзяць на паўночны захад? Бацькі набылі недзе антэну, якая дазваляла глядзець гэтыя тры каналы, але прыём нармальна ішоў выключна ў цёмны час сутак. Як толькі на двары світала, на экране тэлевізара тут жа з’яўляўся “снег”.

Праўда, выхад я ўсё ж знайшоў: выпадкова заўважыў, што гук з канала НТБ выдатна ловіцца на звычайнай савецкай магнітоле ў дыяпазоне ўльтракароткіх хваляў. Частату зараз ужо і не ўзгадаю. Якасць прыёму, аднак, была нечакана добрая.

Правілы “О, шчасліўчыка”, які пазней мігрыраваў на ГРТ пад назвай “Хто хоча стаць мільянерам?”, былі вельмі простыя. Каб выйграць мільён расійскіх рублёў, дастаткова было  правільна адказаць на пятнаццаць пытанняў з розных галін ведаў. Кожнае пытанне суправаджалася чатырма версіямі, з якіх толькі адна была правільная. Складанасць пытанняў павышалася этапамі: першая пяцёрка была жартаўлівая, другая вымагала ведаў са школьнай праграмы, трэцяя група патрабавала ўжо ледзь не прафесійнай кваліфікацыі. Кожная пяцёрка заканчвалася незгаральнай сумай у тысячу, 32 тысячы рублёў і, адпаведна, мільён. Гульцу давалася тры падказкі: 50\50 (прыбірала два няправільныя адказы), “Дапамога залы” і “Званок сябру”.

“Свая гульня” была куды больш інтэлектуальнай. Там спаборнічалі масцітыя інтэлектуалы. Самыя вядомыя з іх - Аляксандр Друзь, Юрый Хашымаў, Аляксандр Эдзігер, Якаў Падольны, Аляксандр Лібер, Станіслаў Мерамінскі... Пытанні ў гульні былі сфарміраваны наступным чынам: адказ у якімсьці сцвярджэнні быў заменены займеннікам, які і патрэбна было разгадаць. Гулец сам выбіраў пытанне, абіраючы яго каштоўнасць і тэму. Час выхаду перадачы таксама быў зручны: у сярэдзіне дня ў суботу. Тады яшчэ ў школах Беларусі субота была паўнавартасным навучальным днём, але расклад урокаў, на шчасце, быў спланаваны так, што я якраз паспяваў на самы пачатак тэлегульні.

Крыху пазней з’явілася праграма “Слабое звяно”. Адказы на пытанні са школьнай праграмы трэба было даваць у рэжыме “бліц” – за лічаныя секунды, а пасля кожнага раўнда вядучая Марыя Кісялёва агучвала “падколкі”, якія заканчваліся фразай “Адзін з вас мусіць пайсці ні з чым. Прыйшоў час вызначыць самае слабае звяно!” Адносіліся да гэтай перадачы па-рознаму. З аднаго боку, яна выкрывала даволі непрыглядныя рысы характару. Гульцы пры абіранні “слабога звяна” не скупіліся на з’едлівыя выказванні ў адрас ахвяры. З іншага боку - такая форма падачы была вострасюжэтнай і захапляльнай.

Але чэмпіёнства па відовішчнасці аддамо “Рускай рулетцы”. Гульцы выходзілі на подыум і станавіліся на люкі. Кожны раўнд заканчваўся тым, што нехта са слабых гульцоў пакідаў подыум дзякуючы сіле зямнога прыцягнення. А ў фінальнай частцы гульні насупраць апошняга гульца станавіўся нават вядучы Валдыс Пельш.

Паглядзець жа некаторыя выпускі старых тэлегульняў можна і зараз дзякуючы сабраным энтузіястамі на торэнт-трэкерах і Youtube самаробным падборкам.

 

... а эстафету падхапіла беларускае тэлебачанне

А вось наша індустрыя тэлегульняў моцна адстала ад расійскай па часе. Доўжылася паўза да 2007 года, калі ў суботнім эфіры тэлеканале АНТ пачала выходзіць гульня “Адзін супраць усіх”. Чымсьці яна нагадвала старога добрага “Мільянера”: упор рабіўся не столькі на яркасць студыі, колькі на інтэлектуальную частку. Таксама трэба было выбіраць адзін адказ з трох. І пратрымалася яна ў эфіры недзе каля сямі гадоў з бяссменным вядучым Георгіем Калдуном. Яе змяніў праект “100 мільёнаў”, але чамусьці зараз у праграме я гэтую перадачу не знаходжу.

Прыжылася ў нас і адаптаваная версія “Што? Дзе? Калі?”, хаця спачатку ў яе адрас гучалі думкі, што, маўляў, гэта будзе клон расійскай версіі. Цяпер жа прыемна паглядзець абодва варыянты самай старой інтэлектуальнай тэлегульні ў нашым эфіры.

А вось гульня “Я люблю Беларусь” адрознівалася ад усіх сваіх папярэднікаў, і не толькі яркасцю шоу. Яна скіроўвалася на прапаганду нацыянальных каштоўнасцей і роднай мовы – менавіта гэтай “разыначкі”, здобранай драйвам, не было ў нашых тэлегульнях дагэтуль. Задума была цудоўная, а вось да рэалізацыі ўзнікалі і пытанні. Чамусьці ў памяць урэзаўся фрагмент аднаго з выпускаў перадачы. На конкурсе “Знакамітыя землякі” трэба было адгадаць імя выбітнага беларускага дзеяча, запісанае на картцы ў капітана каманды, дзякуючы падказкам апошняга. І вось вядучай трапілася картка з імем вялікага князя літоўскага Свідрыгайлы. Капітан не здолела растлумачыць яго прозвішча, але з залы ёй пасля прыйшлі на дапамогу: “Трэба было падрыгацца”. І гэта было агучана ў эфіры на ўсю краіну.

Залаты век гульняў на тэлебачанні прыпаў на час, калі мне было 9-13 год: самы лепшы ўзрост для таго, каб актыўна спасцігаць штосьці новае, што выходзіць за межы школьных падручнікаў. І менавіта таму кожны вечар пасля школы (калі вучыўся ў другую змену) ці пасля падрыхтоўкі ўрокаў я спяшаўся да “блакітнага экрана”. І самі тэлегульні выходзілі штодня, акрамя нядзелі, а не толькі па выходных.

Праўда, працягвалася гэтая раскоша нядоўга: недзе пасля 2006 года час расійскіх тэлегульняў пачаў імкліва праходзіць. Некаторыя з іх зніклі наогул (“Слабое звяно”, “Руская рулетка”), некаторыя перасталі транслявацца ў беларускім эфіры (“Хто хоча стаць мільянерам?”, “Свая гульня”).  І вельмі шкада, што так адбылося. Інтэрнэт, канешне, дае куды шмат магчымасцяў, чым перадача з рэгламентам часу ў адну гадзіну. Але ж і форму падачы не параўнаць: адна справа – выкладзеныя сухой мовай  факты, якія трэба яшчэ адшукаць, і зусім іншая – падцягванне ведаў у рэжыме “тут і цяпер”, якое да таго ж суправаджалася займальным сюжэтам. У тэлепраграме, надрукаванай у “Звяздзе” ў мінулую пятніцу, удалося адшукаць толькі адаптаваныя версіі “Што? Дзе? Калі?” і “Брэйн-рынга” ды “Размаўляем па-беларуску”. Раней, калі колькасць тэлеканалаў, якія ішлі ў большасці дамоў, можна было пералічыць на пальцах адной рукі, падобных інтэлектуальных праграм была значна болей і трансляваліся яны кожны дзень...

Валяр’ян ШКЛЕННІК.

schklennik@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.