Вы тут

Інтэрнаты — без «каменданцкай гадзіны»


Ці могуць студэнты змяніць універсітэцкія парадкі, якія іх не задавальняюць? Амаль год таму група студэнтаў з розных ВНУ краіны распачала кампанію супраць забароны доступу ў студэнцкія інтэрнаты ў начны час. Ініцыятыва атрымала даволі вялікі рэзананс...


Вынікі акцыі студэнтаў задаволілі

— Мае шматлікія сябры, якія позна вярталіся пасля працы, канцэртаў ці іншых мерапрыемстваў, не маглі трапіць у інтэрнат, — распавядае каардынатар кампаніі «Інтэрнаты 24 гадзіны», студэнт БДУ Яўген МІХАСЮК. — І нават калі іх усё ж такі пускалі, то прымянялі потым рознага кшталту пакаранні. Мы сыходзіліся ў думцы, што гэта няправільна.

Менавіта тады і было вырашана распачаць кампанію па адмене «каменданцкай гадзіны». Актывісты пачалі дзейнічаць праз СМІ і сацыяльныя сеткі. Першае ж апытанне, праведзенае ў адной з сетак, паказала, што пераважная большасць студэнтаў незадаволена адсутнасцю кругласутачнага доступу ў інтэрнаты. Для іх аб'яднання была створана адмысловая публічная старонка, і ўжо праз некалькі дзён колькасць яе падпісчыкаў перавысіла тысячу чалавек.

— Для нас гэта быў поспех, — кажа каардынатар кампаніі Марыя СКАРАХОД. — Мы даведаліся, што пытанне абмяркоўвалася на пасяджэнні Грамадскага рэспубліканскага студэнцкага савета пры міністры адукацыі. Тады ж апублікавалі ў суполцы адкрыты зварот да міністра Міхаіла Жураўкова з прапановай арганізаваць канструктыўны дыялог і адмяніць дзеючыя абмежаванні на доступ у студэнцкія інтэрнаты ноччу.

Актывісты звярнуліся і да выказвання намесніка прарэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце і сацыяльных пытаннях БДУ Міхаіла Чарапеннікава, у якім прадстаўнік адміністрацыі заяўляў, што «каменданцкай гадзіны» ў Белдзяржуніверсітэце няма. У выпадку ўзнікнення любых праблем з допускам у інтэрнат намеснік прарэктара раіў звяртацца непасрэдна да яго.

— Як ні дзіўна, але гэта спрацавала, — кажа Яўген Міхасюк. — Мы прапаноўвалі студэнтам БДУ пры ўзнікненні канфліктных сітуацый звязвацца з намі або пісаць Міхаілу Барысавічу. Усё залежала толькі ад таго, наколькі самі студэнты былі гатовы адстойваць свае правы. Было нямала выпадкаў, калі ў тых, на каго яшчэ ноччу сварыліся за позні візіт, наступнай раніцай прасілі прабачэння.

Пасля надышла чарга іншых ВНУ. Рашэннем рэктара «каменданцкая гадзіна» была адмененая ў Беларускім дзяржаўным эканамічным універсітэце. Актывісты і журналісты пераканаліся на практыцы — праблем з доступам у інтэрнаты не было. Пасля афіцыйных запытаў, якія ўдзельнікі кампаніі даслалі ва ўсе вышэйшыя навучальныя ўстановы Беларусі, з 11-ці з іх прыйшлі адказы. У некаторых паведамлялася, што кругласутачны доступ ужо дзейнічае, у некаторых — што «ў правілы ўнутранага распарадку ўнесены адпаведныя змены». Студэнты Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі ініцыявалі сустрэчу з рэктарам, падчас якой было прынята рашэнне аб стварэнні працоўнай групы па ўдасканаленні правілаў унутранага распарадку.

— Поспех БДУ і БДЭУ, на маю думку, звязаны ў першую чаргу з тым, што сярод нашых актывістаў было найбольш студэнтаў менавіта з гэтых універсітэтаў, — удакладняе Яўген Міхасюк. — Яны не ленаваліся нешта рабіць на месцах, і гэта давала плён. Галоўная ж праблема — адсутнасць ініцыятывы з боку саміх студэнтаў. Толькі аб'яднаўшыся, можна штосьці змяніць...

Кампанію «Інтэрнат 24 гадзіны» можна лічыць практычна завершанай. Далей справа ўжо за «лакальнымі» актывістамі ў ВНУ.

— Галоўным дасягненнем кампаніі я лічу найперш тую акалічнасць, што ўпершыню за колькі гадоў студэнцкая супольнасць здолела ўзняць праблему, якая яе хвалявала, і пачала шукаць шляхі вырашэння, — працягвае Яўген. — Мы даказалі, што гэта рэальна і што кіраўніцтва ВНУ гатова да дыялогу, калі самі студэнты гэтага хочуць.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.