Вы тут

Няма працоўнага вопыту? Зарабі!


Перад кожным студэнтам рана ці позна паўстае пытанне пошуку першага працоўнага месца.

Бывае, вядома, што маладыя людзі ўжо ад самага пачатку вучобы разглядаюць варыянты старту кар'еры і нават сумяшчаюць працу з наведваннем пар у ВНУ. Але больш распаўсюджаным з'яўляецца іншы сюжэт, у якім студэнт узгадвае пра канчатковую мэту сваёй прысутнасці ва ўніверсітэцкіх сценах толькі перад самым выпускам. І тым, і другім дапамагаюць так званыя Дні кар'еры, падчас якіх прадпрыемствы самі шукаюць для сябе маладыя кадры.


19-6

— Дзень кар'еры за тры гады існавання стаў для нас знакавым мерапрыемствам, — распавядае начальнік кадравай службы БДУ Наталля НЯПЕЎНАЯ. — Мы праводзім яго двойчы на год: увосень і ўвесну. Восенню студэнты ў першую чаргу шукаюць сабе месцы для праходжання практыкі і стажыроўкі, а вясной — для працаўладкавання. За гэты час у нас ужо з'явіліся пастаянныя партнёры, але штогод з'яўляюцца і навічкі. Сёлета мы паставілі рэкорд па колькасці кампаній, прадстаўленых на Дні кар'еры, — іх 20. Напрамкі самыя розныя: гэта і лагістыка, і банкаўская сфера, і ІT, і вытворчыя прадпрыемствы самых розных адгалінаванняў.

Расказвае спецыяліст упраўлення па рабоце з персаналам кампаніі Brіtіsh Amerіcan Tobacco Кацярына ШУХАВА:

— Сёння мы займаемся прасоўваннем унікальнай для Беларусі праграмы Management Traіnee. Яе сутнасць у тым, што абсалютна любы студэнт без аніякага працоўнага вопыту можа ўладкавацца да нас і на працягу двух гадоў прайсці «баявое хрышчэнне». Напрыклад, калі суіскальнік прыходзіць на спецыяльнасць «Маркетынг», то за гэты час ён паспявае папрацаваць ва ўсіх адгалінаваннях: брэнд-маркетынгу, трэйд-маркетынгу, аддзеле развіцця рынку і гэтак далей. Кажучы прасцей — убачыць механізм кампаніі знутры на свае вочы. Гэта дае яму магчымасць дакладна вызначыцца са сваёй будучыняй і, акрамя таго, зарабіць той неабходны досвед. Але ёсць і патрабаванні з нашага боку, у першую чаргу — веданне англійскай мовы. Мы — міжнародная кампанія, да таго ж сваіх студэнтаў абавязкова адпраўляем стажыравацца за мяжу.

Удзельнічалі ў Дні кар'еры і прадпрыемствы, якія шукалі спецыялістаў практычна любога профілю. Напрыклад, кампанія «Анега», беларускі вытворца снэкаў.

— У наступным годзе мы плануем запусціць новую пляцоўку завода, — кажа менеджар па падборы персаналу кампаніі Кацярына САВІЧ, — а таму актыўна шукаем новых супрацоўнікаў, прычым ва ўсе сферы: лагістыку, эканоміку, бухгалтэрыю, ну і, вядома, на саму вытворчасць. Увогуле, мы вельмі актыўна супрацоўнічаем з БДУ, штогод да нас прыходзяць працаваць выпускнікі ўніверсітэта, у тым ліку і па размеркаванні. Узроўнем спецыялістаў мы задаволены, думаю, гэта ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, бо наша кампанія заўсёды імкнулася рабіць стаўку на маладых і расці разам з імі.

Насамрэч, на мерапрыемстве можна было не толькі паразмаўляць непасрэдна з патэнцыйным працадаўцам, але і навучыцца шукаць сабе працу самастойна. Фарыда Глінская і Вольга Рыбакова прадстаўлялі ўвазе наведвальнікаў
партал Praca.by, пры дапамозе якога студэнты могуць адсочваць вакансіі па сваіх спецыяльнасцях.

Ці стаў Дзень кар'еры карысным для студэнтаў? Мяркуючы па водгуках працадаўцаў і задаволеных тварах суіскальнікаў, так.

— Я прыйшла сюды, каб адшукаць першае месца працы, — распавяла Лізавета ГРАКОВІЧ, студэнтка ІV курса Інстытута бізнесу і менеджменту тэхналогій. — У гэтым навучальным годзе атрымаю адукацыю па спецыяльнасці «Лагістыка», і трэба будзе некуды ўладкоўвацца. Я «платніца», а таму размеркаванне мяне не чакае, вось і шукаю працу самастойна. Дзве прапановы спадабаліся, пакінула свае кантакты. Спадзяюся, усё атрымаецца.

— Мяне таксама зацікавіла прапанова адной з кампаній, — дзеліцца яе аднакурсніца Анастасія ЗВЯРУГА. — Пасля двухмесячнай аплачваемай стажыроўкі ўжо можна працаваць, гэта выдатная магчымасць. Работу шукаю па спецыяльнасці, і добра, што мы можам выбіраць з такой колькасці працадаўцаў.

— Акрамя ведаў, добраму спецыялісту, асабліва майго профілю, патрэбны сувязі, — лічыць студэнтка ІV курса спецыяльнасці «Інфармацыя і камунікацыя» Інстытута журналістыкі БДУ Хрысціна ДАРАПЕЙ. — Менавіта па іх я сюды і прыйшла. Тут шмат цікавых людзей з самых розных кампаній, а спецыялісту па сувязях з грамадскасцю мець такіх знаёмых не будзе лішнім. Ды і ўвогуле, цікава, што думаюць пра сённяшні стан рынку працы дасведчаныя людзі. Дзень кар'еры — выдатнае мерапрыемства для кожнага, хто зацікаўлены ва ўласным развіцці не толькі ва ўніверсітэцкіх аўдыторыях.

Яраслаў ЛЫСКАВЕЦ

lyskavets@zvіazda.by

Фота Марыны Бегунковай

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.