Вы тут

На абцасах над безданню


Дзеля чаго (ці дзеля каго) жанчыны робяць глупствы і рызыкуюць усім, што маюць?

1

Пэўна, вы бачылі гэта фота, што абляцела днямі ўсю інтэрнет-прастору – жанчына ў ружовых туфлях на высокіх абцасах ідзе па канаце, нацягнутым паміж дзвюх скал над безданню. На твары – выраз вясёлага адчаю, ногі, што фатограф узяў буйным планам – усе ў сіняй сетцы венаў, замацаваная на поясе лонжа прывязана толькі ўласна да каната і замест упэўненасці ў бяспецы выклікае пачуццё кардынальна процілеглае. ..

Яна – амерыканка Фейт Дзікі, ёй 25 гадоў, здымкі зробленыя ў Рыа-дэ-Жанейра на фестывалі жанчын-канатаходак (ёсць, аказваецца, і такі, у ім могуць удзельнічаць і мужчыны, але дзеля гэтага мусяць адзець сукенку і даўгавалосы парык). Ідзе паненка Дзікі па канаце на вышыні 840 метраў. Гэты фокус не першы ў яе выкананні, вясной яна гуляла ў чырвонай сукенцы паміж скаламі ў Чэхіі, яшчэ раней – на радзіме прайшлася па канаце паміж дзвюма фурамі, якія рухаліся.

Карацей, пра гэту адважную даму ў сеціве можна шмат знайсці цікавага, асабліва што тычыцца пераліку яе подзвігаў на вышыні з адпаведнымі фотаілюстрацыямі. А вось пра асабістае жыццё – амаль нічога. Ні бой-фрэнда ў яе, ні мужа, па ўсім відаць, няма. І  яе ўласныя словы пра тое, што калі-небудзь яна думае завесці сям’ю, але не цяпер, бо хадзіць над безданню “з дзіцем на сцягне” нязручна, -- найлепшае таму пацверджанне.

Хтосьці разумны сказаў, што ва ўсіх жаночых учынкаў два матывы: або яна здзяйсняе іх дзеля мужчыны, або насуперак яму. Мне здаецца, што і шаноўная Фейт  тут не выключэнне. Можна гаварыць рэпарцёрам прыгожыя словы пра самаўдасканаленне, пра дзівосныя краявіды, якімі яна любуецца з вышыні. Але ўся яе постаць – адзінокая, бездапаможная і маленькая на фоне далягляду, нібыта гаворыць таму, адзінаму, дзеля якога ўсё гэта вар’яцтва прыдумана: “Ну паглядзі на мяне зацікаўлена хоць раз. Я нават туфлі ружовыя дзеля цябе абула...” Ці, як варыянт: “Ты думаў, я без цябе прападу? А я – вось якая, заўжды на вышыні, ды яшчэ і ў ружовых туфлях на абцасах...”

2

Зрэшты, гэта ад сваёй дурасці хоць штосьці мае: сусветную вядомасць (няважна, што яна даволі сумніўная), магчымасць падарожнічаць па свеце, немалы даход – тыя ж грузавікі, паміж якіх яна ішла па канаце, былі пэўнай маркі і фірма, што іх выпускае, зрабіла з экстрэмальнага відэа рэкламны ролік.  А колькі мільёнаў іншых дачок Евы (адукацыя і сацыяльны статус тут не маюць абсалютна ніякага значэння), свядома ці падсвядома кіруючыся згаданым “дзеля” або “насуперак”, робяць проста фенаменальныя глупствы, ставячы на кон здароўе, рэпутацыю, маёмасць, само жыццё, нарэшце.

Самы свежыя прыклад таму – знарок не прыдумаеш – у крымінальных зводках апошніх дзён. Хаця якія гэта зводкі – цэлыя сюжэты для займальнага анекдота ці нават  апавяданняў. Трыццацішасцігадовая жыхарка Віцебска (думаю, не памылюся, што адзінокая і самотная ад гэтай адзіноты) пазнаёмілася з двума кавалерамі вельмі нават сімпатычнага выгляду – нават на фота, зробленых у міліцыі, яны выглядаюць даволі прыстойна. Абодва – судзімыя, старэйшы – за вымагальніцтва і махлярства, маладзейшы – за крадзеж і рабаванне. (Але ж на лбах у іх тое не напісана было). Наша гераіня пачала з імі весела праводзіць час, з адным, старэйшым, нават завязалася сяброўства. Карацей, “саспела”. Бо, калі сябар папрасіў падвезці яго на яе дарагім аўто ўвечары на пустку (нібы вырашыць справы бізнесу) – згадзілася. Калі перад ёй разыгралі сцэну з серыяла “Брыгада” – паверыла і перасела ў іншую машыну, каб лацвей было ўцякаць з тых “разборак”. Калі ёй сказалі, што на яе машыне сябар насмерць збіў чалавека, і цяпер, каб ні яму, ні ёй як уладальніцы аўто не трапіць у непрыемнасці, трэба тэрмінова прадаць машыну на запчасткі, яшчэ і даплаціць “каму трэба” дзве тысячы долараў, -- не сумняваючыся, не правяраючы, аддала ключы ад машыны і патрэбную суму.

Вынік – “сябры” перасталі выходзіць на сувязь і бясследна зніклі, сваю “ластаўку” яна выпадкова ўбачыла на вуліцах горада – машыну проста прадалі новаму гаспадару. “Сябры” – пад следствам, у сяброўкі – вагон часу, каб пашкадаваць сябе, пабіцца галавой аб сцяну, падумаць пра сэнс жыцця.

Хаця, паміж намі, дзяўчынкамі: а ці многія б з нас праявілі пільнасць і недаверлівасць, паступілі б інакш, калі б нешта пагражала чалавеку, прозвішча якога і месца работы мы можам і не ведаць, але які за тыя два тыдні, што мы знаёмыя, стаў такім дарагім, такім неабходным?..

І тая мінская дамачка, якая днямі танцавала голая на машынах таксі, не проста так сп’яну гэта рабіла. Гэта ж крык душы! Ёй сорак восем, яна адчувае сябе старой і непатрэбнай. А тут яшчэ гэтыя таксісты: адмовіліся везці не за грошы – за інтым. Хіба б дваццацігадовай адмовілі? А вось вам, гады-мужыкі: распрануся і патанцую. І па вашых машынах – металічным гадзіннікам – за сябе, якую вы не хочаце, за ўсіх нас – недалюбленых, нежаданых, пакінутых...

Так што, шаноўныя мужчыны, перш чым жаліцца на няўдалы лёс, на неразуменне вашай вытанчанай душы, на адсутнасць мэтаў і сэнсу ў жыцці, азірніцеся вакол. Зусім блізка – руку працягнуць – абавязкова знойдзецца яна, што стаіць на высокіх абцасах жудаснага ружовага колеру над безданню.

Дзеля вас ці насуперак вам. Зрэшты, якая розніца?

Алена ЛЯЎКОВІЧ

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.