Вы тут

Ратуем пчол


Аб чым гудзе вечная працаўніца?

Праз 20 гадоў пчолы могуць знікнуць з твару зямлі — такая навіна нядаўна ўскалыхнула прасторы інтэрнэту. Па звестках расійскіх пчаляроў, толькі з пачатку ХХІ стагоддзя колькасць гэтых насякомых у Расіі скарацілася ў тры разы. Прыкладна такая ж сітуацыя назіраецца і ў іншых краінах Еўропы і свету. І калі не прымаць ніякіх захадаў, усяго праз два дзесяцігоддзі пчол на планеце можа наогул не застацца.

Ці спраўдзяцца гэтыя неспрыяльныя прагнозы? Якія фактары ўплываюць на дабрабыт пчаліных сем'яў ва ўсім свеце і Беларусі ў прыватнасці? Мы пацікавіліся ў навукоўцаў, спецыялістаў-аграрыяў і саміх пчаляроў.

24-25

Нашы пчолы насамрэч не нашы

На тэрыторыі сучаснай Беларусі яшчэ 100—200 гадоў таму жыла сярэдняруская (або еўрапейская цёмная) меданосная пчала (лац. Apіs mellіfera mellіfera). Сёння як парода яна не існуе ў нашай прыродзе. З-за агрэсіўнасці пчаляры не любілі мясцовых пчол. Таму сталі заводзіць замежныя расы — каўказянку, краінку (карніку), італьянку, а таксама розныя лініі гэтых парод. Спароўваючыся паміж сабой у прыродзе, мясцовыя і завозныя расы паступова звялі на нішто папуляцыю сярэднярускіх пчол.

Па словах Алега Прышчэпчыка, старшага навуковага супрацоўніка лабараторыі наземных беспазваночных жывёл НПЦ нан Беларусі па біярэсурсах, пчолы, якія жывуць сёння ў Беларусі, марфалагічна, фізіялагічна не прыстасаваны да нашых прыродных умоў. Ім патрэбна больш вільготная або цёплая зіма, іншыя батанічныя сямействы раслін. Яны не могуць выжыць без дапамогі чалавека. Таму свабодныя раі дрэнна зімуюць, яны часта гінуць або становяцца малалікімі. З-за неспрыяльных зімовых тэмператур, недахопу корму і хвароб узнікаюць праблемы і на пчальніках.

Калапс пчалінай сям'і

Але ў апошні час знікненне і гібель пчол пачалі развівацца сур'ёзнымі тэмпамі ва ўсім свеце. Так, у 2004—2005 гадах у Іспаніі вымерла 40% пчалінага «пагалоўя», у 2006—2008 гадах у Японіі загінула каля 25% пчаліных сем'яў. Зіма 2007—2008 гадоў стала сур'ёзным выпрабаваннем для многіх пчаляроў свету: у асобных раёнах на поўдні Германіі загінула да 80% пчол, а ў Канадзе — 27%; амаль на 40% скарацілася колькасць пчол у Расіі і на 50% — у Італіі. У 2009 годзе траціна пчол у ЗША таксама не перажыла зіму. У Беларусі гэтая праблема ўпершыню масава праявілася ў 2002 годзе, калі па непацверджаных звестках загінулі прыкладна дзве траціны пчаліных сем'яў у краіне.

Гэты феномен атрымаў назву «асенні злёт» ці «калапс пчаліных сем'яў». Так, позняй восенню цалкам падрыхтаваная да зімы сям'я падчас чарговага агляду або кантролю часам аказваецца абсалютна без пчол або з невялікай жменяй насякомых, якія відавочна не дажывуць да вясны.

Сёння навукоўцы і пчаляры ўсяго свету спрабуюць вызначыць прычыны гэтага феномену. Версіі вылучаюцца розныя — пачынаючы ад амаль фантастычных (уплыў базавых станцый мабільнай сувязі або сілавых ліній электраперадач), заканчваючы больш абгрунтаванымі навукай.

24-24

Клешч-шкоднік

Найбольш верагоднай прычынай знікнення пчол навукоўцы называюць вараатоз — хваробу, якая выклікаецца кляшчом вараа, што з сярэдзіны мінулага стагоддзя пачаў распаўсюджвацца з Індыі па ўсім свеце.

Па словах Дзмітрыя Рахматуліна, кіраўніка лабараторыі пчалярства Інстытута пладаводства, упершыню пра гэтую хваробу ў нашай краіне загаварылі ў 1978 годзе. За апошні час яна моцна эвалюцыянавала і працягвае ўдасканальвацца. Эфектыўнасць прэпаратаў супраць гэтага захворвання падае з кожным годам, бо ў кляшчоў выпрацоўваецца да іх імунітэт.

Вірусы, якія перадаюцца пчолам з кляшчамі, а іх налічваецца каля 20, — сур'ёзная праблема для развіцця пчалярства. Яны глыбока пранікаюць у арганізм насякомага, пашкоджваючы ўсе яго сістэмы, у тым ліку і выклікаючы такія неадэкватныя паводзіны, як пакіданне вулля сям'ёй.

— Гэтая з'ява цалкам падкантрольная пчалярам, — кажа Васіль Кавалец, старшыня салігорскага міжраённага грамадскага аб'яднання пчаляроў «Бортнік». — Трэба толькі карыстацца якаснымі ветэрынарнымі прэпаратамі, выконваць ратацыю прэпаратаў па гадах, каб пазбегнуць прывыкання да іх кляшча. На жаль, не ўсе пчаляры выконваюць рэкамендацыі па падрыхтоўцы пчол да зімоўкі, у тым ліку і барацьбе з кляшчом, што і становіцца прычынай злёту.

Чым лячыць будзем?

Адсутнасць якасных прэпаратаў для лячэння пчол — яшчэ адна важная праблема. Па словах Дзмітрыя Рахматуліна, лекі ад вараатозу ў нашай краіне не выпускаюцца. Прэпараты з Еўропы часта недаступныя па цане беларускім пчалярам, а расійскія не заўсёды адпавядаюць заяўленым якасцям. Таму пчолы часта гінуць ад спадарожных хвароб, выкліканых кляшчом.

Акрамя таго, у краіне практычна адсутнічае сістэмнае ветэрынарнае абслугоўванне. Але, на думку Васіля Кавальца, з лячэннем хвароб здольныя справіцца і самі пчаляры, дапамога ветэрынарнай службы неабходна для абследавання пчаліных сем'яў і якаснай дыягностыкі іх захворванняў.

24-28

Хімія на паражэнне

У апошнія гады ўзрос узровень хімізацыі сельскай гаспадаркі, актыўна прымяняюцца пестыцыды. Гэта не можа не адбівацца на здароўі пчол.

— Нікаціноіды, якія змяшчаюцца ў гэтых прэпаратах, актыўна выкарыстоўваюцца на пасевах рапсу і сланечніку для абароны ад лістагрызучых і іншых насякомых, — распавядае Дзмітрый Рахматулін. — Праз нектарнікі гэтыя рэчывы трапляюць да пчол, што прыводзіць да аслаблення, атручвання расплоду або да іх смерці, не кажучы ўжо пра пагаршэнне якасці мёду. Ад апрацовак рапсу так ці інакш пакутуе да 10% пчоласем'яў у Беларусі.

Праблема ў тым, што ў рэгламентах па вырошчванні рапсу пазначана: ён павінен апрацоўвацца ў фазе бутанізацыі, гэта значыць да цвіцення. Але далёка не заўсёды, па фінансавых або іншых прычынах, гэтыя работы выконваюцца своечасова.

Аднак незабруджаныя палі могуць несці шкоду крылатым апыляльніцам. Вялікія тэрыторыі, занятыя пад адну культуру, і знішчэнне пустазелля не даюць магчымасці пчале выкарыстоўваць іншыя меданосы. Зона яе актыўнасці складае ў сярэднім каля 6 км ад месца размяшчэння, і калі побач не вырошчваюцца іншыя культуры, насякомае не атрымлівае дастаткова вітамінаў, мінеральных рэчываў і ў выніку гіне.

Пчаляру неабходны веды

Значны ўплыў на здароўе пчоласем'яў аказвае і ўзровень прафесіяналізму пчаляроў, перакананы Дзмітрый Рахматулін. Няведанне біялогіі пчалы і іншых нюансаў таксама можа прывесці да гібелі насякомых.

— У нашай краіне практычна не вучаць пчалярству, хоць гэта такая ж шматгранная галіна сельскай гаспадаркі, як, напрыклад, авечкагадоўля, — кажа Дзмітрый Канстанцінавіч. — Адзіная ўстанова, якая займаецца падрыхтоўкай пчаляроў, — Смілавіцкі дзяржаўны аграрны каледж — сёння прапануе толькі завочную форму навучання. Некаторыя пчаляры-аматары займаюцца на розных курсах. У той жа час у суседняй Польшчы дзейнічае найбуйнейшы пчалярскі тэхнікум, які рыхтуе пчаляроў для ўсёй Еўропы, Канады і ЗША. Кафедры пчалярства ёсць у шасці сельскагаспадарчых універсітэтах гэтай краіны.

Ад гібелі выратуе... арэнда

Нягледзячы на праблемы, шанцы на развіццё папуляцый беларускіх пчол усё ж ёсць. Магчыма, гэтаму паспрыяе актыўнае супрацоўніцтва пчаляроў з рознымі сельскагаспадарчымі арганізацыямі праз апыленне. Гэты важны агратэхнічны прыём дазваляе без дадатковых укладанняў значна павялічыць ураджайнасць культур, якія вырошчваюцца. Так, пасля апылення ўраджай грэчкі павышаецца на 20-40%, рапсу — да 30%, садовых культур — да 100%.

— Няведанне гэтага пытання цягне за сабой страту ўраджайнасці ўсіх энтамафільных культур, — упэўнены Васіль Кавалец. — А пчолаапыленне не ўключана сёння нават у Праграму развіцця вытворчасці насення алейных культур, алейнатлушчавай прадукцыі і бялковага корму ў Рэспубліцы Беларусь на 2012—2015 гады.

У іншых краінах гэтаму пытанню надаюць больш увагі. Фермеры ў ЗША, Германіі, Польшчы, Літве часта запрашаюць пчаляроў для апылення раслін. Не так даўно пчол арандавалі і ў Беларусі, але сёння, па словах Васіля Кавальца, такіх выпадкаў практычна няма — як сярод дзяржаўных сельгаспрадпрыемстваў, так і фермерскіх гаспадарак, хоць выгада гэтага працэсу відавочная. Напрыклад, вырошчванне самаапыляльных агуркоў, што шырока практыкавалася на Століншчыне, пры аплаце арэнды пчоласем'яў у памеры 100 долараў ЗША прыносіла прыбытак да 1000 долараў.

24-26

Ураджай праблем

Мёд — галоўны прадукт працы пчол і дзейнасці пчаляра сёння. Яго рэалізацыя дазваляе не толькі пратрымацца пчальніку на плаву, але і атрымаць значны прыбытак. Аднак  сёння такога поспеху дасягаюць толькі нешматлікія пчаляры.

Па словах Міхаіла Халадзінскага, старшыні Саюза грамадскіх аб'яднанняў беларускіх пчаляроў, буйныя вытворцы, з «ураджаем» у 5—10 тон мёду штогод, знаходзяць пункты збыту — беларускія супермаркеты, замежныя рынкі. Іншая справа з пчалярамі сярэдняга ўзроўню, якіх большасць. Многія з іх не могуць цалкам рэалізаваць свае мядовыя запасы. Не дапамагаюць у гэтым і розныя кірмашы, якія ў апошні час атрымалі не зусім добрую славу.

— Кожная ўвезеная ў рэспубліку тона мёду ў сярэднім забівае ад 20 да 40 пчоласем'яў, бо робіць іх утрыманне нерэнтабельным, — адзначае Дзмітрый Рахматулін. — Нягледзячы на гэта, я перакананы, што замежны мёд з меданосаў, якія ў нас не растуць, павінен прадавацца ў Беларусі. Але далёка не заўсёды завезены прадукт наогул можна назваць мёдам. Гэта цукроза, расшчэпленая пры дапамозе штучных ферментаў. І ў афіцыйных дакументах ён павінен называцца «мядовы прадукт». Нядобрасумленныя ж прадаўцы выстаўляюць яго як мёд.

Таму і каштуе ён танна — каля долара за кілаграм. Такая цана для натуральнага мёду занадта малая, бо яна нават не пакрывае выдаткі пчаляроў.

Па словах Васіля Кавальца, абараняючы прадаўца, дзяржава абмежавала колькасць праверак, і проста так санітарныя службы не могуць праверыць у іх дакументы, не заўсёды пытаюцца іх і пакупнікі. Усё гэта паспрыяла падзенню рэйтынгу натуральнага беларускага мёду.

Адзінай гарантыяй набыцця якаснага прадукту спецыялісты бачаць у куплі мёду непасрэдна ў пчаляра на пчальніку.

Навука, якая аб'ядноўвае

Каб меданосныя пчолы адчувалі сябе добра на беларускай тэрыторыі, неабходны пільны аналіз сітуацыі, перакананы ў НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. Сёння селекцыя накіравана на вывядзенне менш агрэсіўных і больш працавітых насякомых, што прыводзіць да іх хуткага зносу і гібелі.

На дапамогу павінны прыйсці дзікія апыляльнікі. У НПЦ па біярэсурсах думаюць аб магчымым аднаўленні ў Беларусі дзікай пчалы як віду. Для гэтага трэба знайсці прыдатную папуляцыю-крыніцу.

Лабараторыя пчалярства і НПЦ па біярэсурсах гатовыя ўзяць на сябе ролю каардынатараў у пчалярскай галіне, навуковага пасярэдніка паміж Мінсельгасхарчам і пчалярамі.

У наступныя гады вучоныя плануюць вывучыць, наколькі бяспечна для прыроды масіраванае ўздзеянне пчол у адной мясцовасці, якія пестыцыды або часовыя рамкі падыходзяць для захавання інтарэсаў усіх бакоў, павінна быць распрацавана лагістыка пчалярства.

— Пчалярства — гэта не толькі апыленне сельгаскультур і вытворчасць мёду, але і маса іншых прадуктаў, якія пакуль выкарыстоўваюцца неэфектыўна з пункту гледжання эканомікі, — кажа Алег Барадзін, генеральны дырэктар НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах. — Па кожным з іх трэба будзе распрацаваць методыкі прымянення.

Васіль Кавалец таксама перакананы, што пчаляру трэба атрымліваць не толькі мёд, але і іншыя прадукты (пылок, пяргу, пчаліны яд, воск, праполіс, трутневы гамагенат, матачнае малачко, экстракт васковай молі), тым самым ён павысіць рэнтабельнасць пчальніка. Пакуль жа ў гэтай сферы існуюць праблемы.

Спецыялісты НПЦ па біярэсурсах таксама плануюць распрацаваць у краіне сістэму апіманіторынгу — ацэнкі навакольнага асяроддзя з выкарыстаннем меданосных пчол і прадуктаў пчалярства.

— Рэалізацыя гэтых і іншых ідэй, упэўнены, дапаможа стабілізаваць узаемаадносіны паміж сістэмамі, — кажа Алег Барадзін. — Усе разумеюць, наколькі важна захаваць пчол, але не саміх па сабе, а створаную пры іх удзеле глабальную сістэму. Захаванне пчол і прыроды павінна стаць агульнай справай.

Вераніка КОЛАСАВА

kolasava@zviazda.by

Фота Анатоля ДРЫБАСА, Анатоля Клешчука, Віктара Казлоўскага.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».