Вы тут

Заўтра пачынаецца новы біятлонны сезон


Снежныя зборы і кантрольныя трэніроўкі ў нашых страляючых лыжнікаў — ужо мінулае. Па іх выніках і з прыцэлам на чэмпіянат свету 2016 года сфарміраваны мужчынская і жаночая зборныя, ужо ў нядзелю спартсмены ўступяць у барацьбу за ўзнагароды Кубка свету.

[caption id="attachment_112223" align="alignnone" width="600"]28-62 Сёлета наша зборная выступіць у новай форме, якую на фота дэманструе Юрый ЛЯДАЎ.[/caption]

Першы этап пройдзе ў шведскім Эстэрсундзе, ён пачнецца адзіночнымі змяшанымі і змяшанымі эстафетамі 29 лістапада, далей пройдуць індывідуальныя гонкі (2,3 снежня), спрынт (5 снежня) і гонкі пераследавання (6 снежня).

Мужчынскую зборную ў Швецыі прадставяць Уладзімір Чапелін, Юрый Лядаў, Дзмітрый Дзюжаў і Раман Ялетнаў.

Першыя двое на чэмпіянаце свету мінулага года былі 4-мі ў складзе змяшанай эстафеты. Найлепшае месца Юрыя Лядова ў асабістых гонках Кубка свету — 11-е, на яго біятланіст падняўся па выніках спрынтарскай гонкі. Найвышэйшы вынік Уладзіміра Чапеліна ў мінулым годзе — 15-е месца ў пераследаванні. Дзмітрый Дзюжаў у сезоне 2014/2015 дэбютаваў у Кубку свету, не дасягнуўшы высокіх вынікаў у першы для сябе сезон. А Раман Ялетнаў — чэмпіён Еўропы 2014 года — правёў толькі тры гонкі ў розыгрышы Кубка свету.

Ад жаночай зборнай чакаць па традыцыі будуць добрага выніку, бо за час, пакуль лідар зборнай Дар'я Домрачава ўзяла гадавую паўзу, трэба пастарацца не апусціць дасягнутыя пазіцыі.

Паколькі ў мінулым сезоне беларускія дзяўчаты фінішавалі на чацвёртым месцы ў Кубку нацый, наша краіна атрымала магчымасць павялічыць заявачную квоту ў новым біятлонным годзе з пяці да шасці чалавек. Перад трэнерамі з'явілася новая задача — у адсутнасць лідара прыдумаць, як і, галоўнае, кім укамплектаваць каманду.

Па выніках збораў і кантрольнай трэніроўкі, якая прайшла ў форме скарочанай індывідуальнай гонкі на 8,5 км з 4-а агнявымі рубяжамі настаўнікі назвалі шасцёрку, якая выступіць на першым этапе Кубка свету, у яе ўвайшлі: Надзея Скардзіна (яна, дарэчы, і выйграла кантрольную трэніроўку), Ірына Крыўко, Надзея Пісарава, Настасся Дубарэзава, Ганна Сола і Дар'я Юркевіч. Марыя Панфілава і Крысціна Ільчанка, якія сёлета перабраліся з Расіі ў Беларусь, пакуль будуць выступаць за нашу зборную на Кубку ІBU.

Можна меркаваць, што роля лідара ў жаночай камандзе ў гэтым сезоне пяройдзе да Надзеі Скардзіны, бо менавіта яна ў цяперашнім складзе з'яўляецца самай тытулаванай спартсменкай (прызёр Алімпійскіх гульняў і гонак Кубка свету).

Ірына Крыўко нядрэнна праявіла сябе ў мінулым сезоне, стаўшы прызёрам у складзе эстафеты і фінішаваўшы ў дзясятцы найлепшых у індывідуальнай гонцы.

Надзея Пісарава ў мінулым спаборніцкім годзе паказала лепшы вынік у асабістых стартах — 7-е месца ў суперспрынце — і двойчы трапіла ў дваццатку наймацнейшых у свеце.

Настасся Дубарэзава — ужо вопытны баец беларускай каманды, выступае досыць стабільна, але не так паспяхова. Некалькі сезонаў запар яна заканчвае спаборніцтва Кубка свету ў раёне 50-га месца ў агульным заліку.

Ганна Сола — самая маладая з цяперашняга складу біятланістак, сёлета дэбютуе на Кубку свету. Ганна стала пераможцай юніёрскага планетарнага першынства. Да гэтага ўдзельнічала ў Кубку ІBU.

Дар'я Юркевіч ужо дастаткова вопытная спартсменка, аднак выступаць на Кубку свету ёй даводзілася не часта, у актыве біятланісткі менш за 10 гонак прэстыжных спаборніцтваў.

Дар'я Лабажэвіч

lobazhevich@zviazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».