Вы тут

Чым жыве радзіма першага прэзідэнта Ізраіля і кулінарнага фестывалю


Колькі разоў за сваю амаль 600-гадовую гісторыю Моталь перажываў войны, навалы, пажары, але вытрымліваў беды, адбудоўваўся зноў і сустракаў новыя часы. Cярэдзіна ХVІ стагоддзя была азначана каралеўскімі прывілеямі, а пачатак ХХІ — статусам аграгарадка. Яго вёска атрымала адной з першых у краіне. Цяпер Моталь выглядае сучасна, хоць крыху і захаваў асаблівасці былых архітэктуры, побыту. А што засталося ад старога мястэчка? Найперш дзелавая, прадпрымальніцкая жылка, карані якой прараслі ці то ад прыезджых еўрапейскіх рамеснікаў, ці то ад тутэйшых яўрэяў. Пра тое ніхто не ведае дакладна.

28-51

Ад каралеўскіх прывілей

Вольга Мацукевіч — тыповая прадстаўніца мотальскай інтэлігенцыі, любіць сваю вёску і ганарыцца ёю. Некалі была бібліятэкаркай, потым збірала па крупінках гісторыю і стварала музей народнай творчасці. Яна ведае мноства легендаў, звязаных з асаблівай міласцю, якую праявіла да палескага мястэчка каралева Бона. Паводле аднаго з паданняў, каралева праязджала тут і ўбачыла сялян, якія адрозніваліся ад іншых сваім знешнім выглядам. З ранку працоўнага дня яны былі чыста і прыгожа апрануты. Менавіта тут манаршая асоба ўзвяла адну са сваіх рэзідэнцый. Пазней яна прывезла з Італіі, Германіі майстроў-рамеснікаў, якія навучылі і местачковых. Адсюль і тыповыя мотальскія прозвішчы: Кульбеда, Шыкалай, Палто...

Моталь жа атрымаў асаблівыя прывілеі, падпарадкоўваўся непасрэдна вялікаму князю, а жыхары плацілі падатак у казну, ні паншчыны не адраблялі, ні прыгону не ведалі. У тыя часы ў мястэчку налічвалася сем вуліц, чатыры царквы і сто семдзесят восем сядзібных надзелаў. Усе вуліцы сыходзіліся на плошчу, на якой ладзіліся славутыя кірмашы. Так было аж да эпохі праўлення Кацярыны ІІ, калі маталян запісалі дзяржаўнымі сялянамі.

Радзіма Хаіма Вейцмана

Да сярэдзіны ХІХ стагоддзя палавіну насельніцтва Моталя складалі яўрэі. Надзвычай прадпрымальныя людзі, яны, несумненна, паспрыялі росквіту мястэчка. На тагачасныя восем тысяч насельніцтва тут працавала 96 невялічкіх крам. Гандлявалі самым разнастайным таварам. Як вядома, 141 год таму ў Моталі нарадзіўся першы прэзідэнт Ізраіля Хаім Вейцман. Гэта чалавек, які стаяў каля вытокаў краіны, што з'явілася на карце свету ў 1948 годзе. Яго мотальскія бацька і дзед сплаўлялі лес у Польшчу ды іншыя краіны Еўропы. Драўніну пачыналі нарыхтоўваць у навакольных лясах у лістападзе, секлі і складвалі да вясны. А вясной вязалі ў плыты і сплаўлялі па рэках у Данцыг. На гэтых плытах часта праводзіў лета і Хаім.

Яго бацька быў чалавекам надзвычай пісьменным, славуты сын пазней назаве яго ў мемуарах «сапраўдным арыстакратам». Дарэчы, Эйзер Вейцман стаў адзіным з яўрэяў, каго выбралі старастам Моталя. Дом старасты стаяў недалёка ад сінагогі, а сінагога размяшчалася насупраць царквы. Так і жылі побач у згодзе яўрэі з беларусамі.

Пра знакамітага земляка шмат раскажуць і ў музеі народнай творчасці. Напрыклад, што ў 4 гады Хаім пайшоў у школу, а ў 12 гадоў зарабляў рэпетытарствам сабе на вучобу ў гімназіі. Хлопчык быў адным з дванаццаці дзяцей у сям'і. Таму і да працы прызвычаіўся змалку. А дзевяць дзяцей Эйзера Вейцмана атрымалі вышэйшую адукацыю, што па тым часе было з'явай асаблівай.

У Моталі на міхайлаўскія Дзяды дагэтуль асвячаюць каменні, якія потым кладуць на магілу родзічаў. Адны лічаць, што гэтая славянская звычка вядзецца з паганскіх часоў, яе ў Моталі перанялі таксама яўрэі. Другія кажуць, што маталяне далучыліся да яўрэйскай традыцыі шанаваць камяні.

Кажухі і хусткі

— Мотальскія кажухі насілі нават у Аргенціне, Бразіліі, Англіі, — працягвае мая суразмоўца. Потым у Турцыі навучыліся вырабляць скуры і наваднілі рынак. А раней, калі не было візавага рэжыму, да нас ехалі палякі, скуплялі кажухі і везлі па ўсім свеце. Тут амаль у кожнай хаце былі майстры па вырабе скуры. Дарэчы, авечак ніхто тут не гадаваў, аўчыну куплялі ў асноўным у Расіі. У Моталі сыравіну апрацоўвалі, шылі вырабы ды мелі добры прыбытак, але паступова попыт на кажухі паступова змяншаўся. І маталяне шукалі іншыя спосабы зарабіць.

Жанчыны сталі за ткацкія станкі, якія захоўваліся ў кожным доме, і пачалі ткаць хусткі. З сінтэтычных нітак атрымліваліся тонкія, мяккія, прыемныя на дотык хусцінкі, якія з ахвотай куплялі на прасторах амаль усяго былога Савецкага Саюза. І за тыя хусткавыя долары, не паверыце, многія дзецям кватэры ў вялікіх гарадах пакуплялі.

Тым часам паднімаліся першыя мотальскія прадпрымальнікі-каўбаснікі. Асобныя маталяне бралі ў кааператыве каўбасы пад рэалізацыю і везлі ў Маскву прадаваць.

У Моталі расказваюць гісторыю пра жанчын-гандлярак, якіх абакралі. Узялі яны прадукцыю ў кааператыве, паспяхова прадалі, а паколькі была нядзеля і банкі не працавалі, даверыліся вакзальнаму мянялу. Ён і падсунуў вяскоўкам «ляльку». Засталіся тры жанчыны фактычна ні з чым: прадукцыю ж бралі ў доўг. Прыйшлі яны са слязьмі да Сцяпана Шыкалая, не ведалі, што будзе далей. А ён сказаў, каб бралі яшчэ больш і везлі зноў, маўляў, паступова адпрацуеце і той доўг. Так і сталася. А свайго прадпрымальніка людзі сталі яшчэ больш паважаць.

Сёння ў аграгарадку паспяхова працуюць 53 індывідуальныя прадпрымальнікі і 26 прыватных унітарных прадпрыемстваў, прытым што колькасць насельніцтва вёскі складае прыкладна чатыры тысячы чалавек.

Па звычаях бабуль і матуль

Ды нават і без такіх прывілей вёска выглядае прывабна. І хоць, вядома, у кожным доме аграгарадка ёсць інтэрнэт, усё ж некаторыя звычаі бацькоў і дзядоў падтрымліваюцца. Многія гаспадыні маюць ткацкія станкі, ткуць абрусы, ручнікі, посцілкі.

Старшыня сельскага Савета Сяргей Піліповіч сказаў, што такіх гаспадынь, як у Моталі, няма нідзе. Пераканаўся ў тым нават на прыкладзе сваёй цешчы, якая пячэ такія булкі і пірагі, што пальчыкі абліжаш. І падкрэсліў яшчэ адзін важны момант: маці абавязкова вучаць гатаваць сваіх дачок, перадаюць ім навыкі сваіх матуль. У вёсцы 20-гадовая дзяўчына ўмее прыгатаваць любую з асноўных страў. Цяпер гэта, згадзіцеся, вялікая раскоша. А фармат «Мотальскіх прысмакаў», на думку Сяргея Мікалаевіча, трэба мяняць. Фэст нечым нагадвае нашы традыцыйныя дажынкі, што ў цэлым нядрэнна, але важна знайсці сваю разыначку, большы ўпор варта рабіць на мотальскую школу кухарства.

...У Моталі ганарацца сваёй малой радзімай. Можна меркаваць ну хоць бы па тым, што з ахвотай прыводзяць такую байку-показку: «Якое Іванава? Тое, што каля Масквы?» «Не, тое, што каля Моталя!» А ў далёкай Сібіры ёсць вёска Караленка, якую заснавалі і пабудавалі выхадцы з Моталя. У 1905-м, а затым і ў 1913-м туды выехалі 94 сям'і з палескага мястэчка. Кажуць, што там да гэтай пары шануюць мотальскія традыцыі.

Святлана ЯСКЕВІЧ

yackevіch@zvіazda.by

Іванаўскі раён

Фота з архіва сельскага Савета

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.