Вы тут

Мінулае нікуды не знікае...


Цяжка нават назваць тое шчымлівае пачуццё, з якім назіраў, як паэтэса Соф'я Шах гутарыла са сваёй першай настаўніцай Марыяй Фёдараўнай Бачурай — у тым жа класе, мабыць, седзячы за тым жа сталом Азарыцкай школы, праз 35 гадоў пасля развітання з ёю. Аднолькавыя адчуванні часавага суму засяроджваліся ў вачах былой вучаніцы і настаўніцы. Гаворка ішла не толькі аб шматлікіх паэтычных кнігах санетнага жанру, якімі цікавілася Марыя Фёдараўна, але і пра жыццёвыя акалічнасці, здаецца, вельмі хуткіх пазашкольных гадоў. Я ж спяшаўся з дапамогай фотаапарата «занатаваць» моманты ўзнёсла-хвалюючай сустрэчы.


Калектыў Азарыцкай сярэдняй школы

Шмат было і іншых уражанняў ад майго першага знаёмства са школай, але тая гутарка надала ім менавіта настальгічную танальнасць. Яна пераконвала ў тым, што мінулае нікуды не знікае, яно застаецца ў сённяшнім.

Думаю аб гэтым і цяпер, калі збіраемся на святкаванне 150-годдзя школы. Няма ўжо, на вялікі жаль, Марыі Фёдараўны Бачуры, Рыгора Мікалаевіча Басякова, Надзеі Сямёнаўны Казакевіч і многіх іншых яе былых настаўнікаў. Але ёсць яшчэ, дзякуй Богу, з кім сустрэцца і пагутарыць. Неяк неспадзявана школьныя сябры Соф'і Мікалаеўны Шах сталі і маімі. Ды і сама школа з яе засяроджанасцю на пераемнасці часу робіцца чымсьці вельмі блізкай. Вучыцца ў такой, якая памятае, што ёй 150 гадоў, зусім не тое, што ў звычайнай ці нават незвычайнай, узведзенай нядаўна.

Заўжды прыемна пераканацца, што менавіта тут нейкім цудам захоўваецца духоўнае паветра часу. І справа не толькі ў тым, што сцены вестыбюля запоўнены фотаздымкамі і тэматычнымі стэндамі, што там ёсць месца тэксту гімна школы і яе гербу...

Трохпавярховы цагляны будынак, узведзены ў студзені 1962 года, нібыта ўвабраў у сябе нешта вельмі істотнае ад усіх папярэдніх. І калі б нават не ведаў, што першым з іх быў той, у якім 5 кастрычніка 1865 года адкрылася народнае вучылішча, то самі сцены з іх інфармацыйнымі стэндамі падказалі б.

Вось выпіска з «Памятнай кнігі Віленскай навучальнай акругі», якая сведчыць, што размяшчалася яно ў грамадскім доме, а фінансавалася з дзяржаўнай і сялянскай абшчыннай казны. Першымі навучэнцамі былі 34 хлапчукі і 5 дзяўчынак. Не забыліся і пра выкладчыка, выпускніка Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі Ігната Пятровіча Ліпніцкага. Між іншым, па прозвішчах, з якімі знаёмішся, можна скласці асобасную біяграфію сённяшняй школы. У 1918 годзе сюды прыйшоў таксама выпускнік гэтай семінарыі Кірыла Сысоевіч Лучкоў разам з жонкай Марыяй Сяргееўнай і яе сястрой Аленай Сяргееўнай Шаблінскай — настаўніцамі пачатковых класаў. Тады ж ён узначаліў аддзел адукацыі Азарыцкага валаснога ваенна-рэвалюцыйнага камітэта. Гэта пры яго непасрэдным удзеле былі створаны новыя школы ў вёсках Азарыцкай воласці, а ў Азарычах яшчэ адкрыта і пачатковая яўрэйская, пачалася ліквідацыя непісьменнасці мясцовага насельніцтва. Менавіта ён потым ператварыў царкоўна-прыходскую школу ў беларускую агульнаадукацыйную — спачатку пяці-, пасля сямігадовую, а ў 1936-м — у сярэднюю. Кіраваць ёю і выкладаць біялогію Кірыла Сысоевіч вярнуўся і пасля вайны. За шматгадовую адукацыйную працу быў удастоены найвышэйшай узнагароды СССР — ордэна Леніна.

У гады Вялікай Айчыннай ці не ўсе выпускнікі школы пайшлі на фронт або ў партызаны. Цяпер мы ведаем, што 34 з іх загінулі. Сярод тых, хто вярнуўся з узнагародамі, — Мікалай Сямёнавіч Цяслюк, Васіль Мікалаевіч Паўлоўскі, Міхаіл Сяргеевіч Ботка... Нельга не прыгадаць Аркадзя Сямёнавіча Шаблінскага. У 1939 годзе ён скончыў 10 класаў і паступіў у Маскоўскі аўтамеханічны інстытут. Прайшоў усю вайну ад яе пачатку. Перамогу сустрэў у Прусіі. За адвагу і гераізм узнагароджаны шматлікімі медалямі і ордэнамі. Вярнуўшыся ў Маскву, паступіў у Ваенна-тэхнічную артылерыйскую акадэмію імя Дзяржынскага (зараз Ваенная акадэмія ракетных войскаў стратэгічнага прызначэння імя Пятра Вялікага). Пасля заканчэння амаль чатыры дзесяцігоддзі аддаў выкладчыцкай працы ў гэтай жа навучальнай установе. Стаў доктарам тэхнічных навук, прафесарам. Па яго падручніках курсанты акадэміі вучацца і зараз. Яму прысвоена воінскае званне генерал-маёр. На вялікі жаль, у 1994-м загінуў пры выпрабаванні новых ракет стратэгічнага прызначэння... А колькі іншых лёсаў можна было б прыгадаць!

Між тым, эстафету педагагічнага і дырэктарскага клопату пасля Кірылы Лучкова пераймалі Залесін, Педрын, Гуло, Цяслюк, Штукар, Каліноўскі, Ігнацьева, Мішчанкоў, Гаруля... 20 гадоў такога працоўнага энтузіязму аддаў школе ініцыятар-краязнавец, настаўнік гісторыі Уладзімір Лазаравіч Макатроў. Архіўныя дакументы аб дарэвалюцыйным і савецкім часе школы, аб Азарыцкім лагеры смерці, фотаздымкі, дакументы, успаміны аднапалчан і родзічаў аб Героі Савецкага Саюза Зінаідзе Самсонавай, успаміны азарычан — ветэранаў вайны і многае іншае — яго вялікі ўклад у стварэнне ў школе краязнаўчага музея. Потым да гэтай працы далучыліся Сяргей Аркадзьевіч Пуцікаў, Рыгор Мікалаевіч Басякоў, Валянціна Рыгораўна Клім, Вера Уладзіміраўна Навіцкая, іншыя настаўнікі. А неўзабаве пры падтрымцы Рэспубліканскага фонду ўзаемаразумення і прымірэння з'явіўся школьны музей «Памяці ахвяр Азарыцкага лагера смерці», якім таленавіта кіравала настаўніца гісторыі Ірына Леанідаўна Міхайлава.

Вось ужо 21 год цудоўнай пераемніцай Макатрова на дырэктарскай пасадзе з'яўляецца выдатнік адукацыі Беларусі Таццяна Пятроўна Цяцерыч — не менш руплівая збіральніца гістарычнай спадчыны. Шмат было ў нас сустрэч з гэтым засяроджаным на школьных турботах чалавекам. Але іх будзённасць не здолела пазбавіць яе святочнасці адчування штодзённай педагагічнай працы. Дырэктарская строгасць нейкім дзіўным чынам спалучаецца ў ёй з уменнем надаць творчую свабоду і настаўнікам, і вучням. Трэба было бачыць, якім сюрпрызам для выкладчыкаў станавіліся вучнёўскія капуснікі, канцэрты, дні прафесійных настаўніцкіх свят. І ўсё гэта — праз патрыятычнае ўспрыманне не толькі школы, але і роднага пасёлка. Вось чаму так натуральна ўпісалася ў сцены роднай школы карцінная галерэя з жывапісных твораў Соф'і Шах, якія ўвасобілі менавіта прыгажосць родных азарыцкіх краявідаў. І кожны з іх — не толькі ў фарбах, але і ў паэтычных радках.

Школу скончылі каля трох тысяч азарычан і жыхароў навакольных вёсак. Больш за 80 залатых і сярэбраных медалёў было ўручана найлепшым. Школьныя сцены захавалі памяць пра многіх з іх. Вось з фотаздымка пазірае на нас старшы выкладчык Беларускай эканамічнай акадэміі Уладзімір Пігуль. Побач намеснік міністра меліярацыі Іван Бярдзічавец, старшы выкладчык Белдзяржуніверсітэта Віктар Ахраменка, загадчык кафедры фізікі і матэматыкі гэтай жа навучальнай установы Іван Казлоў, першы прарэктар БНТУ, доктар тэхнічных навук, прафесар Фёдар Панцялеенка, былы намеснік старшыні Дзяржкантролю, потым першы намеснік міністра сельскай гаспадаркі Аляксандр Пракопаў, кандыдат біялагічных навук Павел Белы...

Гэта асабістыя дасягненні. А ёсць і калектыўныя. Школа неаднаразова станавілася пераможцай разнастайных конкурсаў і спаборніцтваў, прадметных алімпіяд, канферэнцый, удзельніцай і прызёрам ВДНГ СССР, адзначалася самымі рознымі ўзнагародамі. Гонар навучальнай установы сёння памнажаюць выдатныя педагогі, якія не абмяжоўваюцца абавязковымі вучэбнымі праграмамі. Распрацоўваюць дадатковыя: па асновах камп'ютарнай адукацыі, справаводстве, краязнаўстве, асновах псіхалагічнага навучання, здаровым ладзе жыцця, па інтарэсах і па ўсіх факультатыўных прадметах... Дзякуючы пераемнасці захоўваецца далучанасць да 150-гадовай гісторыі школы — незвычайнай па сваім духоўным і творчым абліччы.

Ізяслаў Катляроў

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».