Вы тут

«Сямейны гвалт — праблема агульная»


За дзесяць месяцаў бягучага года ад сямейнага гвалту ў нашай краіне загінулі 96 чалавек.

28-10

Такая статыстыка. Але за кожнай лічбай стаіць чалавечы лёс, перарванае жыццё, мары і спадзяванні на будучыню, якія так раптоўна абарваліся, а ўсё магло быць іначай...

— У нас многія і дагэтуль жывуць паводле старых правілаў накшталт «б'е — значыць любіць», «хто каго любіць, той таго і чубіць», а завяршаецца ўсё тым, што «не трэба выносіць смецце з хаты», — адзначае Алег Каразей, начальнік упраўлення прафілактыкі Галоўнага ўпраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі МУС Беларусі. — Аднак лік ахвяр ідзе на дзясяткі. У 2015 годзе зарэгістравана 2100 хатніх злачынстваў. Да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі 42 тысячы чалавек. У палове з агульнай колькасці выклікаў, якія паступілі да нас, пацярпелая ў выніку даруе свайму крыўдзіцелю. Жанчыны такім чынам спрабуюць выратаваць сям'ю, думаюць пра дзяцей, а мы заклікаем найперш падумаць пра сітуацыю, у якой яны апынуліся. Ужо даказана, што гвалт у сям'і з'яўляецца цыклічным. Так, у першы час пасля канфлікту агрэсар будзе адчуваць сваю віну, выбачацца. Яму сорамна. Многія падобнае бачаць, пасля даруюць, і палова спраў спыняецца. Але калі чалавек не зробіць правільных высноў, ёсць гарантыя, што ён ударыць яшчэ раз.

У агульнай карціне злачынстваў жанчыны вінаваты толькі ў пяці працэнтах выпадкаў. У праваахоўным ведамстве лічаць, што паказчык невялікі. Праўда, калі гутарка заходзіць аб забойствах, статыстыка адразу мяняецца. Жанчыны, пераважна адчуваючы пагрозу жыццю, магчымыя цялесныя пабоі, здзяйсняюць кожнае трэцяе забойства.

28-11

Каб ізаляваць хатніх агрэсараў ад сям'і, мінімізаваць пагрозу, дзяржава летась зацвердзіла так званае абароннае прадпісанне, дадатковую меру па барацьбе з гвалтам у сям'і. Падобны дакумент ад 3 да 30 сутак можа забараніць агрэсару не проста знаходзіцца з пацярпелымі ў адной кватэры, але і кантактаваць з імі праз тэлефон і інтэрнэт. Як відаць, падобная мера сярод дэбашыраў карыстаецца попытам. Сёлета за дзесяць месяцаў у дачыненні да тых, хто зняважыў блізкіх, прымянілі 1128 абаронных прадпісанняў. У тым ліку 919 з опцыяй «пакінуць агульную жылую плошчу».

Сексуальныя злачынствы ў сям'і ў дачыненні да няпоўнагадовых працягваюць заставацца латэнтнымі. І яны складаюць траціну ад усіх спраў. Як заўважыў Алег Каразей, выпадкі сведчаць, што мэтанакіравана, цягам 2-3 гадоў дзяцей гвалцяць, здзекуюцца з іх, часцяком не кроўныя бацькі, а айчымы, сужыцелі маці, прыёмныя.

— Мы заклікаем усіх, хто становіцца сведкам хатняга гвалту ў сем'ях сваякоў, сяброў, знаёмых, не замоўчваць падобныя факты, а паведамляць пра іх, не лічыць, што гэта справа толькі сям'і, — прапаноўвае Алег Каразей. — Гэта агульная праблема грамадства. І звяртацца трэба па дапамогу.

Алена Комлік, галоўны спецыяліст аддзела народанасельніцтва, гендарнай і сямейнай палітыкі Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, паведаміла, што абарону пацярпелым ад сямейнага гвалту аказваюць у тым ліку ў тэрытарыяльных цэнтрах сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Іх у нас — 148. У тым ліку дзейнічаюць два гарадскія цэнтры сацыяльнай дапамогі сям'і і дзецям, у структуру якіх уваходзяць аддзяленні сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі, «крызісныя пакоі».

— Калі 20 гадоў таму мы актыўна казалі аб неабходнасці стварэння першай сістэмы аказання дапамогі ў выпадках гвалту ў сям'і, сёння мы робім акцэнт на паляпшэнні якасці прадастаўленых паслуг, — лічыць Вольга Янчук, генеральны сакратар Беларускай асацыяцыі маладых хрысціянскіх жанчын. — На гэты момант у Беларусі на базе грамадскіх і дзяржаўных арганізацый аказваецца шырокі спектр паслуг па прадухіленні хатняга гвалту. Адпрацоўваюцца міжведамасныя механізмы комплекснага рэагавання на такія выпадкі, аднак гэтая работа носіць несістэмны характар, і часцяком пакутуе яе якасць праз адсутнасць адпаведнага навучання спецыялістаў, прадастаўленне некаторых паслуг выключна ў працоўны час.

Тым часам у Беларусі ўжо стартавала «аранжавая» кампанія па прадухіленні гвалту ў адносінах да жанчын. Яна працягнецца да 10 снежня. Агнія Асановіч, спецыяліст па сувязях з грамадскасцю фонду ААН у галіне народанасельніцтва, паведаміла, што ў нашай краіне пройдзе цэлы комплекс тэматычных мерапрыемстваў. Вадзіцелям у Мінску, Брэсце, Барысаве, Гродне, Смаргоні супрацоўнікі ДАІ ўжо раздаюць аранжавыя стужачкі — сімвал акцыі, а 4 снежня Нацыянальная бібліятэка ў знак барацьбы з гвалтам загарыцца аранжавым колерам. На 8 снежня ў рамках кінафестывалю, прысвечанага правам чалавека, у кінатэатры «Перамога» запланаваны паказ фільма «Чужая», па тэме гвалту над жанчынамі.

Тарас ШЧЫРЫ

taras@zviazda.by

Фота Надзеі БУЖАН

Куды званіць, калі адчуў праблему?

8 801 100 8 801 — агульнанацыянальная лінія для пацярпелых ад хатняга гвалту. Са стацыянарнага тэлефона званок бясплатны, з мабільнага — па тарыфах аператара.

Выбар рэдакцыі

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

24 красавіка пачаў работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек сабраліся, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.