Вы тут

Мужчына з абмежаванай адказнасцю, або «Золатка» пасталела


Ён кажа: «Падумаеш, трохі пасядзелі з сябрамі ў бары... Падумаеш, пакінуў там палову зарплаты! Будзь прасцейшай!» або «Алё, мілая, тут у нас з трубы вада льецца! Патэлефанаваць у ЖЭС? А можа, ты прыйдзеш дахаты і сама патэлефануеш?.. Ды і ўвогуле, там усяго толькі пара кропель...» ці «Зноўку ты на працы затрымліваешся! Я што, павінен сядзець галодны?!» Калі ваш мужчына кажа нешта падобнае — спачуваем: вы сутыкнуліся з інфантылам. Ён жа — «вечны юнак». Ён жа — уладальнік «сіндрому Пітэра Пэна». Як ні называй, сутнасць адна: «хлопчыку» ўжо даўно не 17, а паводзіць ён сябе як нясталае дзіця.

28-20

Распазнаць інфантыльнага мужчыну можа быць не проста. Яны ўмеюць прыкідвацца, да таго ж часцяком бываюць нястрымнымі рамантыкамі — а гэта так падабаецца жанчынам! Асноўныя рысы, уласцівыя інфантыльным мужчынам, — эгаізм, самаўлюбёнасць, нежаданне несці адказнасць і прымаць рашэнні, сыход ад праблем, павышаная крыўдлівасць, забыўлівасць, лянота, моцная прывязанасць да бацькоў і г.д. Калі ў жыцці такога мужчыны накопліваецца шмат праблем, ён ад іх ратуецца пры дапамозе алкаголю або іншых залежнасцей, ці збягае ў кампанію сяброў. Такі чалавек усё жыццё гуляе ў цацкі — і яго чарговай цацкай можа стаць сям'я. Калі яна яму надакучыць, ён без шкадавання кіне яе і знойдзе сабе іншую забаўку. Інфантыльны мужчына падобны на немаўля: ён патрабуе да сябе ўвагі, любові, клопату, а ўсё астатняе яго не хвалюе.

Інфантыл нецярплівы, не здольны чакаць, бо жыве ў пастаянным «цяпер». Але гэта не тое «тут і цяпер», якое абапіраецца на адэкватнае ўспрыманне рэчаіснасці. Гэта «цяпер» дзіцяці, якое ўвогуле не думае пра будучыню. За яго думаюць іншыя. Інфантылы марнуюць час, як быццам яны бессмяротныя. Клапаціцца пра здароўе? Пра дабрабыт? А навошта? Наступствы ж будуць потым.

Жанчыны, будзьце пільныя! Інфантыльныя мужчыны могуць вельмі прыгожа разважаць пра высокія матэрыі, пра сімвалізм у паэзіі Блока і праблему забруджвання ракі Місісіпі, але ў адказ на спробу прыцягнуць да карыснай працы (прыбіць што-небудзь ці прыбраць) уцякаюць «ратаваць чалавецтва». Рэальнасць занадта брудная для непрызнанага генія. Так-так, генія! ПАТЭНЦЫЙНАГА. Хай ён і не Эйнштэйн, але ж МОГ бы ім быць. А паспрабуйце папрасіць такога мужчыну зрабіць што-небудзь — і пачуеце: «Ты занадта прыземленая!» Інфантыл жа «вышэйшы за штодзённасць» (на самай справе — проста баіцца рэальнасці з яе праблемамі і абмежаваннямі).

Чаму ён такі? Па-першае, нясталасць у паводзінах — вынік распешчанасці ў мінулым, калі дзіця расце «ў цяплічных умовах» і моцна прывязана да бацькоў, якія не хочуць, каб іх «золатка» сталела. Мама і тата настолькі песцяць яго, што малое пачынае лічыць гэта натуральным. У выніку ўжо дарослы чалавек жадае, каб яго шчаслівае дзяцінства доўжылася ўсё астатняе жыццё. Свой асаблівы ўклад у тое, каб хлопчык «закансерваваўся», можа ўнесці мама — энергічная жанчына, моцная асоба, якая нарадзіла дзіця «для сябе» і кантралюе яго ва ўсім. Ствараецца ўражанне, што інфантыл як быццам «жанаты» з маці. Ён залежыць ад яе настрою, выконвае яе капрызы, ставіць яе на нейкі п'едэстал... Ну і не забываем: які час, такія і героі. Культ імкнення да вечнай маладосці, а таксама культ спажывання — забаў, цацак, гаджэтаў і г.д. у нашым грамадстве ўвогуле правакуюць спыненне ў сталенні, захаванне дзіцячых рыс у паводзінах дарослага чалавека.

Ці можа інфантыльны мужчына стаць добрым мужам, бацькам, сябрам? Некаторыя псіхолагі даюць лаканічны адказ: НЕ. На першым месцы ў яго «Я любімы» і больш ніхто. Таму, калі вы сутыкнуліся з такім мужчынам, разварочвайцеся на 180 градусаў і бяжыце, не азіраючыся.

Вырашылі застацца? Мужная жанчына! Выбірайце, які варыянт далейшых паводзінаў вам больш падабаецца:

1. Цярпець. Пазбаўцеся ад сябровак, якія спрабуюць раскрыць вам вочы на тое, што вас папросту выкарыстоўваюць са сваімі мэтамі. Надзяляйце інфантыльнага мужчыну неіснуючымі здольнасцямі. Купляйце сабе падарункі ад яго імя.

2. Сілком перакласці цяжар адказнасці на мужчынскія плечы. Для гэтага давядзецца захварэць, страціць працу, уліпнуць у непрыемнасці. Але калі гэты жорсткі і негуманны спосаб і спрацуе, то ненадоўга. Інфантыл будзе клапаціцца пра вас месяц, другі, трэці, пакуль не зразумее, што яму больш выгадна... памяняць жанчыну.

3. Сур'ёзна пагаварыць. Агучванне і абмеркаванне праблемы — пачатак шляху да яе вырашэння. Паспрабуйце дамовіцца і перавесці адносіны «маці-сын» у партнёрскія. Такія, калі абое клапоцяцца адно пра аднаго, калі яны разам пераадольваюць жыццёвыя цяжкасці.

P. S. На ўсялякі выпадак: калі ў вас ёсць сын, старайцеся не «прывязваць» яго да сябе, не песціць звыш меры. А іначай... можаце захаваць гэты артыкул для будучай нявесткі.

Міра КРАВЕЦ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Сёння распачынае работу УНС у новым статусе

Амаль тысяча дзвесце чалавек збяруцца, каб вырашаць найважнейшыя пытанні развіцця краіны. 

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.