Вы тут

Безбар'ернае асяроддзе за 2007-2014 гады створана на 18 тыс. 653 аб'ектах Беларусі


Аб гэтым паведаміў сёння на прэс-канферэнцыі намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Аляксандр Румак.

"Разам з тым, нягледзячы на меры, што прымаюцца дзяржавай па стварэнні безбар'ернага асяроддзя, задача па забеспячэнні даступнасці для інвалідаў і іншых фізічна аслабленых асоб аб'ектаў сацыяльнай, інжынернай і транспартнай інфраструктуры застаецца па-ранейшаму вельмі актуальнай, - прызнаў Аляксандр Румак. - Паколькі аб'екты розныя па сваім функцыянальным прызначэнні, архітэктуры, планіроўцы, канструкцыі, тэхнічным стане, форме ўласнасці, тэрытарыяльнай і ведамаснай прыналежнасці, іх добраўпарадкаванне з улікам норм безбар'ернага асяроддзя з'яўляецца няпростай задачай, якая патрабуе затрат часу, значных фінансавых рэсурсаў, аб'яднання намаганняў усіх службаў і ведамстваў. Сітуацыя ўскладняецца і тым, што ў рэспубліцы адсутнічае адзіны падыход па ацэнцы стану даступнасці будынкаў і збудаванняў для інвалідаў і фізічна аслабленых асоб, што прыводзіць да хаатычнага бессістэмнага правядзення мерапрыемстваў". Акрамя таго, недастаткова ўдзяляецца ўвагі добраўпарадкаванню аб'ектаў для інвалідаў астатніх катэгорый (па зроку і слыху), акрамя інвалідаў апорна-рухальнага апарату.

Такім чынам, падкрэсліў намеснік міністра, патрабуецца выпрацоўка канкрэтнай тэхналогіі работы па класіфікацыі прыярытэтных аб'ектаў і паслуг у прыярытэтных сферах жыццядзейнасці гэтых катэгорый грамадзян і распрацоўцы комплексу мер па забеспячэнні даступнасці ўсіх неабходных архітэктурных аб'ектаў, а таксама вулічна-дарожнай і транспартнай інфраструктуры.

На стварэнне безбар'ернага асяроддзя па ўсім маршруце перамяшчэння інвалідаў, а таксама забеспячэнне даступнасці паслуг і інфармацыі накіравана рэалізацыя падпраграмы "Безбар'ернае асяроддзе жыццядзейнасці інвалідаў і фізічна аслабленых асоб" Дзяржаўнай праграмы аб сацыяльнай абароне і садзейнічанні занятасці на 2016-2020 гады. Рэалізацыю гэтай падпраграмы прадугледжваецца ажыццяўляць на аснове прынцыпу комплекснасці фарміравання безбар'ернага асяроддзя, які прадугледжвае яе стварэнне па ўсім маршруце перамяшчэння інвалідаў і забеспячэнне даступнасці для іх усяго комплексу элементаў архітэктурных аб'ектаў, інжынернай і транспартнай інфраструктуры з улікам асаблівасцей усіх катэгорый інвалідаў (па зроку, слыху, інваліды- калясачнікі, асобы з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і іншыя), а таксама забеспячэнне даступнасці паслуг і інфармацыі.

На гэты час у Беларусі рэалізуецца Дзяржаўная праграма па стварэнні безбар'ернага асяроддзя жыццядзейнасці фізічна аслабленых асоб на 2011-2015 гады (на правядзенне яе мерапрыемстваў у 2011-2014 гадах прадугледжвалася выдзеліць Br53,9 млрд у цэнах 2010 года).

Цяпер налічваецца каля 250 тэхнічных нарматыўных прававых актаў, у якіх змешчаны нормы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя пры праектаванні, будаўніцтве, рэканструкцыі і прыёмцы ў эксплуатацыю жылых і грамадскіх будынкаў, іншых аб'ектаў, збудаванняў сацыяльнай і транспартнай інфраструктуры.

За 2011-2014 гады распрацаваны 4 дзяржаўныя стандарты, унесены шэраг змяненняў у дзеючыя стандарты, распрацаваны тыпавыя блок-секцыі буйнапанэльнага жылога дома і блок-вузел уваходу ў ліфт з улікам патрэбнасці пражывання маламабільных груп насельніцтва, ажыццяўлялася карэкціроўка нарматыўных прававых актаў у частцы ўстанаўлення норм пры стварэнні безбар'ернага асяроддзя. РУП "Будтэхнорм" распрацаваны рэкамендацыі па стварэнні безбар'ернага асяроддзя пры праектаванні будынкаў і збудаванняў рознага прызначэння. Многія арганізацыі Мінпрама (ААТ "Магілёўліфтмаш", ААТ "Гандальмаш", ЗАТ "Гомельліфт", СТАА "ААМЕТ-Л", ЗАТ "Люксліфт", ААТ Полацкі завод "Праммашрамонт") асвоілі і серыйна вырабляюць платформы пад'ёмныя вертыкальнага і нахіленага перамяшчэння, пад'ёмнікі бакавыя з ручным прыводам. Зборныя модульныя пандусы вырабляюцца пры наяўнасці заказаў. Акрамя таго, распрацавана платформа мабільная пад'ёмная для інвалідаў, якая прызначана для пасадкі-высадкі ў транспартны сродак людзей з інваліднасцю, а таксама для пераадолення перашкод, такіх як перапады ўзроўняў вышыні.

Арганізацыямі аўтамабільнага транспарту за 2007-2014 гады закуплена 3 тыс. 125 адзінак нізкападлогавага пасажырскага транспарту, у тым ліку 1 тыс. 932 аўтобусы, 1 тыс. 151 тралейбус, 42 трамваі. Удзельная вага ў агульнай колькасці аўтамабільнага пасажырскага транспарту ў сярэднім, паводле ацэнкі, склала 35 працэнтаў. Паэтапна праводзяцца работы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя ў аэравакзальным комплексе РУП "Нацыянальны аэрапорт Мінск". Устаноўлены 4 адаптаваныя панарамныя пасажырскія ліфты, закуплены спецыяльны аўтамабіль (амбуліфт), аснашчаны пад'ёмнай кабінай, які дапамагае маламабільным пасажырам на калясках або насілках падняцца на борт паветранага судна. Акрамя таго, абсталявана 13 санвузлоў для інвалідаў-калясачнікаў, добраўпарадкавана 16 спецыяльных месц для стаянкі аўтатранспарту інвалідаў на прывакзальнай плошчы аэравакзальнага комплексу.

Прадаўжаюцца работы па стварэнні безбар'ернага асяроддзя ў мінскім метро. Цяпер на 12 станцыях метрапалітэна эксплуатуецца 23 ліфты і 10 пад'ёмных платформ з нахіленым перамяшчэннем інвалідаў-калясачнікаў. Устаноўлены абмежавальныя шуцлініі ўздоўж краю платформ на станцыях метрапалітэна. На станцыі метро "Кунцаўшчына" ёсць гаворачыя інфарматары для інвалідаў па зроку. Падаўжэнне поручняў выканана на станцыях "Кастрычніцкая", "Аўтазаводская", "Трактарны завод", "Пушкінская", "Спартыўная", "Няміга", "Купалаўская". Наносяцца кантрасныя каляровыя палосы на падлозе перад уваходам у ліфт, уваходныя пляцоўкі эскалатараў, на бакавы кант прыступак эскалатараў.

Беларускай чыгункай у 2007-2010 гадах выраблена 15 пасажырскіх вагонаў, спецыяльна абсталяваных для перавозкі інвалідаў-калясачнікаў, за 2011-2014 гады набыта 16 сучасных электрапаяздоў і 3 дызель-паязды.

Добраўпарадкоўваюцца з улікам патрабаванняў безбар'ернага асяроддзя для пражывання і лячэння інвалідаў-калясачнікаў санаторна-курортныя, аздараўленчыя арганізацыі і гасцініцы рэспублікі. За 2011-2014 гады створаны 172 месцы для інвалідаў-калясачнікаў у санаторна-курортных і аздараўленчых арганізацыях (за 2007-2010 гады - 180 месц), 89 гасцінічных нумароў прыстасаваны для пражывання гэтай катэгорыі грамадзян.

У мэтах развіцця сістэм камунікацый і інфармацыйнага забеспячэння інвалідаў па зроку на чыгуначных і аўтавакзалах інфармацыя аб прыбыцці/адпраўленні транспарту перадаецца па гучнай сувязі. Для інвалідаў па слыху ўстанаўліваюцца электронныя платформенныя паказальнікі, электроннае табло з пазначэннем маршрутаў і раскладам руху. Выконваюцца асноўныя патрабаванні да інфармацыйнага афармлення пасажырскага транспарту, якія ўключаюць павелічэнне нумароў транспарту і назваў маршрутаў, абсталююцца візуальным сродкам "бягучы радок" і гаворачымі электроннымі інфарматарамі.

Пры правядзенні рамонту існуючай вулічна-дарожнай сеткі робіцца паніжэнне бардзюрнага каменя ў месцах пераходаў. Забяспечваецца ўстаноўка дарожных знакаў, светлафорных аб'ектаў, абсталяваных гукавымі сігналамі.

БЕЛТА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?