Вы тут

На Беларускай АЭС будуць працаваць дзяўчаты?


Першы энергаблок Беларускай АЭС плануецца ўвесці ў эксплуатацыю ўжо ў 2018 годзе, другі — у 2020-м. Хто будзе працаваць на атамнай электрастанцыі? Ці застрахаваны мы ад так званага «чалавечага фактара»? І наколькі запатрабаваная і прэстыжная гэта прафесія — атамшчык?


2-32

Прэстыжная праца, але цяжкая вучоба

Сёння на ядзерную галіну працуюць чатыры беларускія ВНУ: Белдзяржуніверсітэт, Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя акадэміка А.Д. Сахарава, які сёлета ўвайшоў у склад БДУ, Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт і Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі. Прычым у кожнай з ВНУ свой кірунак: хтосьці рыхтуе фізікаў-ядзершчыкаў, хтосьці — эколагаў, а хтосьці — тых, хто будзе стаяць ля пульта кіравання АЭС, а таксама займацца распрацоўкай аўтаматызаваных сістэм.

— Сёння падрыхтоўку праходзяць 750 чалавек, — расказвае кансультант упраўлення вышэйшай адукацыі Міністэрства адукацыі Мікалай МАРУДА. — Хоць станцыя яшчэ будуецца, але ўжо адбыліся тры першыя выпускі: у агульнай суме мы падрыхтавалі больш як 350 спецыялістаў па шасці асноўных спецыяльнасцях. Трэцяя частка гэтага выпуску запатрабавана на пляцоўцы будаўніцтва Беларускай АЭС і пры камплектаванні штату эксплуатацыйнага персаналу АЭС. Больш як трэць працуюць у арганізацыях, звязаных з ядзернай энергетыкай і крыніцамі іанізуючага выпраменьвання, астатнія — у сумежных галінах эканомікі.

Аб'ёмы выпуску спецыялістаў, па нашых прагнозах, цалкам задаволяць патрэбы Беларускай АЭС і ўсёй ядзернай энергетыкі рэспублікі.

Больш за тое, ВНУ, якія рыхтуюць кадры для працы на атамнай станцыі, складаюць праграму падрыхтоўкі такім чынам, каб у выпадку адсутнасці вакансіі на БелАЭС спецыяліст мог працаваць не толькі ў атамнай галіне, але і ў структурах традыцыйнай энергетыкі, даследчых інстытутах, РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя Аляксандрава, на прадпрыемствах, што выпускаюць дазіметры і радыяметры, і гэтак далей.

Працаваць у ядзернай галіне было прэстыжна ва ўсе часы. Праца атамшчыкаў цэніцца ва ўсім свеце, гэта адна з самых высокааплатных прафесій. У Беларусі заробак спецыялістаў АЭС таксама будзе адрознівацца ад сярэдняга па краіне. Але вучыцца на адпаведных спецыяльнасцях даволі складана. Да таго ж і сама прафесія патрабуе вялікай самааддачы і пастаяннага самаўдасканалення.

Тым не менш цікавасць абітурыентаў да «атамных» спецыяльнасцяў расце, што пацвярджаюць вынікі апошняй прыёмнай кампаніі. Так, конкурс на спецыяльнасці, звязаныя з ядзернай энергетыкай, вырас, а сума ўступных балаў на некаторыя з іх павялічылася ў 1,5 раза ў параўнанні з папярэднімі наборамі. Па некаторых спецыяльнасцях прахадны бал быў вышэйшы за 300.


За практычным досведам — да суседзяў

Кожны з чатырох універсітэтаў мае доўгатэрміновыя дагаворы з расійскімі вышэйшымі навучальнымі ўстановамі для праходжання беларускімі студэнтамі на іх базе практыкі. Напрыклад, БДУ актыўна працуе з Нацыянальным даследчым ядзерным універсітэтам «МІФІ» (г. Масква), а БНТУ — з Ніжнегародскім універсітэтам імя М.І. Лабачэўскага.

Прарэктар па вучэбнай рабоце Белдзяржуніверсітэта Аляксей ТОЛСЦІК паведаміў, што на ядзерных спецыяльнасцях ва ўніверсітэце навучаецца каля 400 студэнтаў. Іх падрыхтоўка вядзецца на фізічным і хімічным факультэтах, а таксама ў МДЭІ імя Сахарава.

— Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут быў створаны 23 гады таму пасля аварыі на ЧАЭС, таму ў нас былі і кадры, і навуковыя напрамкі, якія без прамаруджвання дазволілі ўключыцца ў падрыхтоўку спецыялістаў, што спатрэбяцца пры эксплуатацыі Беларускай АЭС, — падкрэслівае дырэктар інстытута Сяргей МАСКЕВІЧ. — Навучанне вядзецца па дзвюх спецыялізацыях у рамках спецыяльнасці «Ядзерная і радыяцыйная бяспека». У лютым 2014 года адбыўся першы выпуск — 15 чалавек, а ў лютым 2015-га было выпушчана яшчэ 25 спецыялістаў.

Будучым інжынерам-ядзершчыкам выкладаюць не толькі беларускія, але і замежныя спецыялісты, у тым ліку і з Японіі, дзе таксама сутыкнуліся з наступствамі радыяцыйнай катастрофы. Студэнты БДУ праходзяць практыку на дзейных АЭС і ў вучэбных цэнтрах Расіі і Украіны. Па лініі МАГАТЭ Белдзяржуніверсітэт атрымаў трэнажор ядзернага рэактара.

А вось БДУІР вядзе падрыхтоўку спецыялістаў, якія будуць абслугоўваць усю электроніку АЭС. Падрыхтоўка мае тры складнікі: гэта базавая электронная падрыхтоўка, інфармацыйныя тэхналогіі і вывучэнне спецыфікі атамнай электрастанцыі, у тым ліку ядзернай фізікі, сістэм аўтаматыкі і кантролю АЭС, дазіметрыі, абароны ад выпраменьванняў і г.д.

Выкладанне студэнтам ядзерных спецыяльнасцяў вядзецца на кафедры электронікі. Тут устаноўлена такое ж абсталяванне, як на будучай станцыі (пастаўшчыкамі трэнажораў сталі распрацоўшчыкі абсталявання для Беларускай АЭС). Пры гэтым каля 80% студэнтаў праходзяць практыку на дзейных атамных станцыях і ў вучэбных цэнтрах Расіі і Украіны. Усе выкладчыкі, якія задзейнічаны ў падрыхтоўцы студэнтаў, таксама прайшлі павышэнне кваліфікацыі ў згаданых цэнтрах.

Мікалай Маруда дадаў, што, пачынаючы з 2009/2010 года, на закупку новага абсталявання для падрыхтоўкі кадраў па ядзерных спецыяльнасцях штогод выдзяляецца каля 4 млрд рублёў.


Ніякіх скідак на слабы пол!

У пытаннях падрыхтоўкі ўласных кадраў Беларусь арыентуецца на досвед Расіі. Улічваючы яе пазіцыі як сусветнага лідара ў атамнай энергетыцы, а таксама тое, што мы будуем станцыю па расійскім праекце, вопыт партнёраў з'яўляецца неацэнным для нас, асабліва на пачатковым этапе.

У адпаведнасці з кіруючымі дакументамі МАГАТЭ персанал ключавых пасад АЭС павінен быць укамплектаваны за два гады да ўводу энергаблока ў эксплуатацыю.

— На сённяшні дзень на станцыі працуюць 437 работнікаў, з іх 40 замежных спецыялістаў, 250 спецыялістаў з беларускай энергасістэмы і 67 маладых спецыялістаў, — праінфармаваў намеснік начальніка вучэбна-трэніровачнага цэнтра Беларускай АЭС Аляксандр ЕРЫН. — Усе супрацоўнікі АЭС, незалежна ад вопыту работы, будуць праходзіць пастаяннае навучанне і павышаць сваю кваліфікацыю. Для людзей шэрагу пасад кожная сёмая змена будзе праходзіць на вучэбных трэнажорах.

У вучэбна-трэніровачным цэнтры АЭС устаноўлены поўнамаштабны трэнажор — дакладная копія пульта кіравання атамнай станцыяй. На ім будзе адпрацоўваць свае навыкі персанал блокавага пульта кіравання АЭС, які нясе адказнасць за ядзерную і радыяцыйную бяспеку, забяспечвае надзейную і безаварыйную эксплуатацыю АЭС. Вучэбна-трэніровачны цэнтр літаральна начынены навучальнымі трэнажорамі і неабходным вучэбным абсталяваннем. Трэнажоры запраграмаваны на тое, каб ствараць пазаштатныя сітуацыі, з якіх персанал павінен будзе знайсці выйсце. Такім чынам змяншаецца рызыка «чалавечага фактару», які становіцца галоўнай прычынай усіх тэхнагенных катастроф.

Як правіла, да кіравання абсталяваннем і сістэмамі блока дапускаюцца спецыялісты з пэўным узроўнем падрыхтоўкі і вопытам працы на АЭС. Беларуская станцыя не выключэнне, і таму першапачаткова тут будуць працаваць пераважна запрошаныя спецыялісты з досведам работы на АЭС Расіі і Украіны. Але побач з імі будуць знаходзіцца беларусы, якія змогуць набыць адпаведны вопыт і выкарыстоўваць яго пры пуску другога энергаблока. Паступова замежныя спецыялісты будуць замяняцца беларускімі...

Цікава, што дзяўчаты таксама змогуць працаваць на АЭС, але разлічваць на адказныя пасады ім не даводзіцца. На цеплавых электрастанцыях прадстаўніцы слабага полу працуюць начальнікамі змены і нават дабіваюцца звання «найлепшая ў прафесіі», дык чаму на АЭС сітуацыя іншая? Няўжо спрацоўваюць гендарныя стэрэатыпы?

«Калі хтосьці будзе рэгулярна прапускаць работу ці запланаваныя на трэнажорах заняткі з прычыны, скажам, хваробы дзіцяці, не кажучы ўжо пра дэкрэтны адпачынак, то аднавіць прафесійны ўзровень ім будзе вельмі праблематычна, — тлумачаць спецыялісты. — Адказны ўчастак працы патрабуе самай высокай кваліфікацыі. І ніякіх скідак на слабы пол тут быць не можа...»

Спецыяльнасці, на якіх рыхтуюць кадры для Беларускай АЭС:

— ядзерныя фізіка і тэхналогіі;

— хімія высокіх энергій;

— будаўніцтва цеплавых і атамных электрастанцый;

— паратурбінныя ўстаноўкі атамных электрычных станцый;

— электронныя і інфармацыйна-кіруючыя сістэмы фізічных установак;

— ядзерная і радыяцыйная бяспека.

Тэрміны навучання вагаюцца ад 5 да 5,5 года.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота БЕЛТА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».