Вы тут

У гасцях у этнаказкі


Адправіцца ў такое падарожжа вам прапануе Сяргей Варонік. Некалькі гадоў таму хлопец скончыў факультэт турызму і сэрвісу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, пасля працаваў у мясцовым турбюро. Там Сяргей і распрацаваў арыгінальны маршрут — «Падарожжа ў этнаказку», які палюбіўся беларускім аматарам вандровак і турыстам з розных краін свету. Не так даўно 25-гадовы юнак атрымаў за свой праект міжнародную прэмію «Садружнасць дэбютаў». Яна была заснаваная ў 2009 годзе з мэтай падтрымкі творчасці моладзі ў дзяржавах — удзельніцах СНД.

3-10

— Праект наш міжнародны: ствараўся як беларусамі, так і палякамі, — расказвае хлопец. — Перад намі стаяла мэта павысіць прывабнасць трансгранічнага рэгіёна Гродзеншчыны. Праведзеная праца — плён супрацоўніцтва экскурсаводаў, гісторыкаў і краязнаўцаў. Кіраўнік праекта і мой ідэйны натхняльнік — дацэнт, кандыдат гістарычных навук Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы Віталь Карнялюк — раздаў кожнаму заданні. Я вывучаў карту і знаходзіў на ёй цікавыя і нязведаныя мясціны са сваім непаўторным побытам.

Атрымаліся чатыры асноўныя маршруты: «Цуд народнага мастацтва», «Гасцінцамі Белуна», «Сотні гадоў разам: слядамі яўрэйскай культуры», «Дарогамі драўлянага дойлідства». Туры мабільныя, пры жаданні іх можна змяняць, як заўгодна. Пакуль выезд — толькі з Гродна. Але зараз я «перацягваю» экскурсіі і ў сталічную фірму, дзе працую. Хачу, каб больш людзей знаёмілася з нашай гісторыяй і культурай.

— Чым адметныя твае «чароўныя» маршруты?

— Мы робім акцэнт на этнакультуру. Самы папулярны маршрут — «Гасцінцамі Белуна». У беларускай міфалогіі ён — бог удачы, шчасця, поспеху, заступнік падарожнікаў. Паводле легенды, гэты сівавалосы, доўгабароды дзядок дапамагаў выйсці заблукаўшым вандроўнікам з цёмнага лесу. І сёння кажуць: «Цёмна ў лесе без Белуна».

Слова «гасцінец» паходзіць ад старажытнаславянскага «госць» — падарожнік, іншаземны купец. Як вядома, беларусы заўсёды славіліся сваёй гасціннасцю і лагоднасцю. Гэта наш менталітэт. Прыгадайце, напрыклад, што дзверы ў хатах ў вёсках ніколі не замыкалі, а гаспадары з радасцю сустракалі кожнага мінака.

Нашу экскурсію па Гродне мы пачынаем з легенды. Потым ідзём глядзець Лідскі замак, Гудзевіцкі дзяржаўны літаратурна-краязнаўчы музей, Адэльскі музей драўляных народных інструментаў. Дарэчы, у апошнім можна пазнаёміцца з музыкам Мар'янам Скрамблевічам. Ён не толькі сыграе, але і правядзе для ўсіх ахвотных майстар-клас.

— На экскурсіях бываюць палякі, украінцы, расіяне, немцы... У чым сакрэт папулярнасці?

— Мы знаёмім вандроўнікаў з аўтэнтычнымі промысламі і вясковым жыццём на Гродзеншчыне. Прыводзім туды, дзе захаваліся нацыянальныя звычаі і традыцыі. Нашы экскурсіі знаёмяць з сапраўдным беларускім побытам, у які можа акунуцца кожны ахвотны. Майстры навучаць каваць, ляпіць гаршкі, выразаць па дрэве. Пасля займальных урокаў мы запрашаем усіх пакаштаваць стравы нацыянальнай кухні. Ад нашых клёцак і дранікаў яшчэ ніхто не адмаўляўся!

Паралельна расказваем турыстам гісторыю краіны. Многія цікавяцца, як жылі на беларускіх землях раней. З дапамогай картаў і атласаў запаўняем адукацыйныя прабелы — атрымліваецца такое міні-падарожжа ў мінулае. Дарэчы, нашы прапановы па кашальку не б'юць, звычайна можна ўкласціся ў 300-400 тысяч рублёў. Адзначу, што сёння турысты больш патрабавальныя і пераборлівыя. Мала прывесці іх да нас — трэба зрабіць так, каб яны захацелі вярнуцца.

— Але ж адной праграмы для гэтага недастаткова....

— Варта пашыраць маршруты, раскручваць новыя цікавыя аб'екты. У Беларусі шмат аграсядзіб.

Але сёння мала проста здаць гасцям хатку, прапанаваць ім пайсці на рыбалку ці пакатацца на веласіпедзе. Трэба дапаўняць адпачынак культурнай праграмай, знаёміць гасцей з нашымі абрадамі і звычаямі, нацыянальнай кухняй.

За мяжой экскурсіі пабудаваныя на інтэрактыве, анімацыі, гульні. Напрыклад, турыстам паказваюць непрыглядны аб'ект, але пры гэтым маляўніча прэзентуюць яго гісторыю. Адным расповедам там не абмяжоўваюцца, цябе зацягваюць у «Спектакль», і ты літаральна трапляеш у падзеі далёкай эпохі. У нас шмат шыкоўных месцаў! Беларуская зямля — сапраўдная скарбніца легендаў, гісторый і міфаў.

Хрысціна Хілько

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?