Вы тут

Экзамен для «фабрыкі думкі»


Каля 50 маладых аналітыкаў сабрала пятая, заключная, рэспубліканская навукова-практычная канферэнцыя «Парадак-2015».

Усе яны з'яўляюцца ўдзельнікамі нацыянальнай праграмы па пошуку, адборы і навучанні маладых аналітыкаў для органаў дзяржаўнага кіравання «Разумныя сеткі». Сярод патрабаванняў да ахвотнікаў далучыцца да праекта былі наяўнасць аналітычных здольнасцяў, шырокі палітычны кругагляд і імкненне ствараць аналітычны прадукт для практычнага выкарыстання ў рабоце органаў дзяржаўнага кіравання.


3-13

— Тры гады таму, калі праект толькі распачынаўся, мы знаходзіліся зусім у іншых і геапалітычных, і эканамічных умовах. Але за апошні час свет моцна змяніўся, мы становімся сведкамі драматычных падзей, якія тым ці іншым чынам закранаюць і нашу краіну, — падзяліўся сваёй думкай дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Аляксей ДЗЕРБІН. — Палітычная сітуацыя ўскладняецца і становіцца ўсё менш прагназаванай. У такіх умовах ролю аналітыкаў, здольных пралічыць розныя варыянты развіцця падзей, цяжка пераацаніць. Праект «Разумныя сеткі» стаў добрым прыкладам таго, як можа быць выстраена праца з маладымі інтэлектуаламі, як ствараюцца і могуць функцыянаваць вертыкальныя каналы сувязі, свайго роду «сацыяльныя ліфты» для маладых людзей.

Сёння пад эгідай праекта «Разумныя сеткі» створана маладзёжная «фабрыка думкі», якая аб'ядноўвае ўжо больш як 180 маладых аналітыкаў ва ўзросце да 35 гадоў з усёй Беларусі... Слоган праекта — «Пра палітыку не для кухні і не для форуму».

Сам «Парадак-2015» уяўляе сабой цыкл з пяці навукова-практычных канферэнцый, якія праходзілі на базе БДУ і МДЛУ ў 2013-2015 гадах. Для маладых людзей важна, што іх прапановы не пыляцца на паліцах, што яны могуць прыйсці са сваім пунктам погляду, са сваёй ідэяй у гэты праект і быць пачутымі на самым высокім узроўні. Што яны могуць весці прамы дыялог з міністрамі, з іншымі работнікамі дзяржаўных структур, прыводзіць свае аргументы і дыскутаваць. Вось і на завяршальную сустрэчу з маладымі аналітыкамі прыйшлі дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі.

Член пастаяннай парламенцкай камісіі па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Дзмітрый ШАЎЦОЎ паабяцаў, што парламент акажа падтрымку ў рэалізацыі найлепшых ідэй праекта «Разумныя сеткі».

— Безумоўна, тыя праекты, якія насамрэч акажуцца вельмі значнымі і карыснымі, знойдуць свой працяг, — падкрэсліў парламентарый. І дадаў, што сярод прапанаваных ёсць вельмі цікавыя ідэі: па некаторых з іх хочацца з аўтарам тут жа падыскутаваць...

На думку члена Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах, кандыдата эканамічных навук Валерыя БАРАДЗЕНІ, менавіта маладыя людзі з'яўляюцца «галоўным рухавіком» у любым грамадстве, таму «маладзёжную карту» ўсе спрабуюць разыграць:

— Я, напрыклад, не разумею, чаму ў нас выкладчык павінен прымушаць студэнтаў вучыцца, хоць ва ўсім свеце ўсё адбываецца наадварот: студэнты прымушаюць выкладчыка аддаць ім усё, што ён ведае і ўмее, і нават больш. У эканамічным універсітэце даўно ўсе зразумелі, што перш чым ісці да выкладчыка на экзамен ці залік, трэба як мінімум пачытаць падручнік. Платныя пераздачы экзаменаў у БДЭУ ўвялі ўжо даўно.

Аналагічнае пытанне прагучала і з залы ад маладых аналітыкаў: чаму выкладчыкі павінны пераўтварацца ў нянек для студэнтаў? Бо гэта разбэшчвае і маладых людзей, якіх пасля заканчэння вучобы ў ВНУ яшчэ два гады даводзіцца прывучаць сістэмна працаваць... Выдзяленне сродкаў на фінансаванне ВНУ ў залежнасці ад колькасці студэнтаў фактычна робіць выкладчыкаў заложнікамі сітуацыі: у адлічэнні нават слабых студэнтаў ніхто не зацікаўлены...

Пацікавіліся маладыя аналітыкі і думкай Валерыя Барадзені наконт зніжэння прадпрымальніцкай актыўнасці з боку маладых людзей.

— Ва ўмовах эканамічнага крызісу гэта натуральна. Але я згодны, што моладзь павінна праяўляць больш прадпрымальніцкай ініцыятывы. Трэба генерыраваць ідэі, ствараць бізнес, не баяцца прагарэць, трэба шукаць крыніцы фінансавання, — падкрэсліў ён. — Дзяржава чакае ад маладых людзей новых прапаноў і новых інавацыйных прадуктаў. Свежы, крэатыўны погляд часам бывае вельмі карысны.

Не сакрэт, што дзяржаўныя органы разглядаюць удзельнікаў праекта «Разумныя сеткі» як інтэлектуальны кадравы рэзерв і запрашаюць на работу найбольш актыўных. Аналітыкі праекта ўжо працуюць у Інфармацыйна-аналітычным цэнтры, у міністэрствах эканомікі і адукацыі.

Спецыяльна для ўдзельнікаў «Разумных сетак» у верасні 2014 года у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Беларусі адкрылася магістратура па спецыяльнасці «Палітычны аналіз і палітычныя тэхналогіі ў медыясферы». Зараз у ёй навучаюцца 14 аналітыкаў праекта.

На пятай заключнай канферэнцыі маладыя аналітыкі абмяркоўвалі меры дзяржаўнай падтрымкі грамадскіх ініцыятыў у сферы распаўсюджвання навуковых ведаў і папулярызацыі навуковай дзейнасці, праблемы арганізацыі службы «Адно акно» і праект «Інфарматызацыя і аналіз у рабоце са зваротамі грамадзян», канцэпцыю «Маладзежныя лідары 2.0» па падрыхтоўцы новага пакалення не толькі маладзёжных лідараў, але і, магчыма, будучых лідараў краіны, стварэнне асацыяцыі нафтахімічнай прамысловасці, маладзёжны праект «Беларусь вачамі беларусаў або Bеlаrus BY» і іншыя.

Павел ЛАРЫЁНАЎ, студэнт V курса Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута БДУ:

— Я і мой суаўтар, студэнт-пяцікурснік БНТУ Юрый Старавойтаў, прапануем увесці курс даўрачэбнай медыцынскай дапамогі ва ўсіх ВНУ. Сам я вучуся на спецыяльнасці «медыка-біялагічная справа», але нават у нас такіх ведаў студэнтам не даюць. Часткова «азам» першай дапамогі дзяўчат навучаюць у школе ў рамках медыцынскай падрыхтоўкі. Часткова даюць адпаведныя веды ў аўташколах, але там пераважна разглядаюцца сітуацыі, звязаныя з дарожна-транспартнымі здарэннямі. А ці многія ведаюць, напрыклад, алгарытм дзеянняў пры ўкусе змяі? Ці вось яшчэ адна сітуацыя: маленькае дзіця праглынула хімічна агрэсіўнае рэчыва (а такіх вакол нас цяпер шмат)...

Мы з сябрам правялі анкетаванне, каб даведацца сапраўдны ўзровень ведаў па аказані першай дапамогі сярод студэнтаў нашага інстытута і на гістарычным факультэце БДУ. Дык вось, толькі 17 працэнтаў апытаных паведамілі, што ў большасці выпадкаў яны змогуць аказаць першую дапамогу. Прапаноўвалі розныя сітуацыі: паражэнне электрычным токам, укусы жывёлін і насякомых, раптоўныя роды, вострыя атручэнні і гэтак далей... Калі ў грамадскім месцы чалавеку становіцца дрэнна, мала хто падыходзіць, каб яму дапамагчы. Мяркую, што гэта адбываецца не таму, што ўсе вакол абыякавыя, а таму, што большасць з нас не ўпэўнены, што зможам зрабіць усё правільна. Вось чаму мы прапануем інтэграваць усе веды ў адзіны вучэбны курс па аказанні першай медыцынскай дапамогі. Магчыма, менавіта яны і будуць самымі карыснымі і запатрабаванымі.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Спорт

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

«Нават праз 40 гадоў сямейнага жыцця рамантыка застаецца...»

Інтэрв'ю з алімпійскім чэмпіёнам па фехтаванні.