Вы тут

Калі хочаце абараняць свае правы, іх трэба ведаць


Як уладкавацца на працу і дамовіцца з судовымі выканаўцамі, што трэба ведаць пра аліменты і спадчыну, калі і за што плаціць падаткі, які прыбытак з чэкаў «Маёмасць»... Гэтыя і іншыя пытанні, што найбольш хвалююць беларусаў, выкладзены ў спецыяльных бюлетэнях, выдадзеных для інфармавання грамадзян аб іх правах.

10-32

Поўнакаляровыя выданні можна знайсці ва ўстановах міністэрстваў і арганізацый, якія сталі ўдзельнікамі акцыі «Права на службу людзям», што другі год праводзілася Міністэрствам юстыцыі. Важна, каб чалавек разумеў перавагі, якія дае яму правільнае прымяненне правоў і карыстанне імі ў жыцці, а таксама памятаў, што няведанне закону не з'яўляецца аргументам ці доказам невінаватасці. Такой думкі прытрымліваюцца ўсе ўдзельнікі акцыі.

— Некаторыя грамадскія стасункі не падуладныя праву: любоў, сяброўства, прыхільнасць. Але калі вы збіраецеся ажаніцца, нараджаеце дзіця, купляеце сумесную маёмасць, то патрапляеце ў сферу прававога рэгулявання і атрымліваеце наступствы, звязаныя з гэтым, — падкрэсліў Сяргей ЗАДЗІРАН, намеснік міністра юстыцыі.

Мінюст падрыхтаваў буклет «Пра што нагадваюць судовыя выканаўцы». У ім даступнымі словамі расказана пра наступствы невыканання прадпісанняў суда па аплаце штрафу (на што прыватным асобам даецца месяц, а юрыдычным — 15 дзён). Калі час пратэрмінаваны, арыштоўваюцца маёмасць і банкаўскія рахункі даўжніка, яму забараняецца кіраваць транспартнымі сродкамі, часова выязджаць за мяжу, атрымліваць маёмасць ад іншых асоб і іншае.

Пра аліменты і спадчыну

— Важна данесці да грамадзяніна інфармацыю пра механізмы, якія выкарыстоўваюцца для яго абароны, — запэўніў Віктар ЧАЙЧЫЦ, старшыня Рэспубліканскай калегіі адвакатаў. — Доўгі час лічылася, што грамадзянам не трэба ведаць пра свае правы — няхай лепш прыходзяць да адвакатаў па тлумачэнні. Цяпер, наадварот, адвакаты зацікаўлены, каб людзі ведалі больш і часцей звярталіся да прафесіяналаў з пытаннямі, як абараніць і рэалізаваць свае правы.

Ён заклікаў грамадзян берагчы чыноўнікаў і не перакладваць на плечы праваахоўных органаў і судовых супрацоўнікаў абавязкі па аказанні кансультацыйных паслуг, якія ажыццяўляюць адвакаты. Да таго ж яны могуць не толькі растлумачыць праблему, але і дапамагчы напісаць, калі трэба, пэўны зварот ва ўстанову адпаведнага ўзроўню.

Калегія адвакатаў падрыхтавала бюлетэнь «Што трэба ведаць пра аліменты». Дарэчы, па гэтых пытаннях, а таксама па праблемах аднаўлення на працы звычайна аказваецца бясплатная юрыдычная дапамога.

Спецыялістамі Беларускай натарыяльнай палаты распрацаваны бюлетэнь «Што трэба ведаць, калі адкрылася спадчына». Там пералічаны падставы для ўступлення ў спадчыну, формы, спосабы і тэрміны (не пазней за 6 месяцаў пасля смерці грамадзяніна), а таксама магчымасці адмовіцца ад права на спадчыну. Дарэчы, прэтэндаваць на яе могуць як асобы, якіх пэўным чынам нешта звязвала з памерлым грамадзянінам, так і сваякі, зачатыя падчас яго жыцця, але народжаныя ўжо пасля смерці.

Пра маёмасць і працаздольнасць

Прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці Рэспублікі Беларусь вызначылі ажно тры напрамкі сваёй дзейнасці, якія патрабуюць большага тлумачэння і асвятлення для грамадзян: «Абарачэнне імянных прыватызацыйных чэкаў «Маёмасць», «Дзяржаўная рэгістрацыя нерухомай маёмасці, правоў на яе і здзелак з ёй» і «Адчужэнне зямельных надзелаў, што былі дадзены грамадзянам, якія мелі патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў». У апошнім, напрыклад, прапісаны моманты, калі грамадзянін можа адмовіцца ад надзелу; расказана, якім чынам можна выкупіць зямлю, дадзеную ў пажыццёвае карыстанне або арэнду.

У брашуры «У дапамогу суіскальнікам пры працаўладкаванні», падрыхтаванай Міністэрствам працы і сацыяльнай абароны, выкладзены асноўны шэраг абавязковых да прапісвання ў дагаворы пунктаў. Гэта месца працы, працоўныя функцыі, памер зарплаты, дні яе выплаты і г.д.

Каму бясплатныя паслугі?

Асобны буклет прысвечаны тэме «Тэрытарыяльныя цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Сацыяльнае абслугоўванне непрацаздольных грамадзян». Тут — коратка і даступна — пра дапамогу, якую могуць атрымаць старыя, непрацаздольныя і адзінокія людзі.

Самы асноўны і запатрабаваны напрамак працы такіх цэнтраў — дапамога на даму. Бясплатна яе могуць атрымліваць адзінокія і непрацаздольныя, чый прыбытак ніжэйшы за бюджэт пражытковага мінімуму (БПМ). Часткова аплачваюць паслугі тыя, у каго прыбытак не вышэйшы за 200% БПМ. Астатнія плацяць цалкам.

Аддзяленні тэрміновага сацыяльнага абслугоўвання могуць аказваць паслугі сядзелак, прычым нават тым грамадзянам, якія жывуць разам са сваімі блізкімі, але пэўны час будуць адсутнічаць. Для адзінокіх старых, якія на 100% страцілі здольнасць да самаабслугоўвання, паслугі сядзелкі бясплатныя.

Ірына СІДАРОК

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».