Вы тут

«Студэнт года» — праграміст і творчая натура


«Маша@БДУІР разам ужо два гады і 3 месяцы. Што гэта значыць для Машы? 297 360 хвілін удваіх. 101 прачытаная кніга. 225 новых сяброў. 24 экзамены. 1 таблетка валяр'янкі. 7 спантанных учынкаў. 21 рэпетыцыя. 70 прапушчаных пар. 2 дні нараджэння. 556 радасных момантаў. 3 рэкорды. 4 факультэцкія вечарынкі. 220 важных спраў. 281 прыемны ўспамін. 266 лабараторных. 703 абеды. 199 пончыкаў. 50 кубкаў кавы. Маша@БДУІР— у іх наперадзе яшчэ два гады».


11-35

Менавіта гэты ролік з вялікім адрывам перамог у намінацыі «Студэнт года ONLІNE» ў фінале Рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года — 2015». Яго аўтар — студэнтка 3 курса факультэта камп'ютарных сістэм і сетак Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Марыя МАРЧУК. Адкрытае галасаванне праходзіла ў сацыяльных сетках, дзе кожны ахвотны мог пакінуць свой голас за той ці іншы ролік фіналіста. Сёлета за тытул «Студэнт года — 2015» змагаліся дзевяць найлепшых студэнтаў — пераможцы рэгіянальных этапаў. Але для Машы шлях у фінал аказаўся самым няпростым: першапачаткова ў заключны этап спаборніцтваў павінны былі прайсці толькі тры прадстаўнікі ад сталіцы і студэнткі БДУІР сярод іх не было. Аднак Цэнтральны камітэт БРСМ (па хадайніцтве гаркама) прыняў рашэнне, што ў фінале будуць прадстаўлены не тры, а чатыры мінскія студэнты. Менавіта Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі з'яўляецца ідэйным натхняльнікам конкурсу «Студэнт года», які праводзіцца ў краіне, пачынаючы з 2011 года.

«Візітная картка», «Партфоліа», Маладая Беларусь», конкурс аратарскага майстэрства, абарона маладзёжных праектаў — адзнакі суміруюцца за ўсе этапы, і, нарэшце, са сцэны Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта журы аб'яўляе абсалютнага пераможцу. Званне «Студэнт года» заваявала студэнтка БДУІР Марыя Марчук!

Як прызналася Марыя журналісту «Звязды», яе перамога — вынік працы цэлай каманды: «Нам усім вельмі хацелася перамагчы. Гэта штосьці неверагоднае...»

Нягледзячы на тое, што дзяўчына ўжо працуе на палову стаўкі ў кампаніі, якая займаецца распрацоўкай банкаўскага праграмнага забеспячэння, яна цудоўна спраўляецца з камерай і мікрафонам, таму што супрацоўнічае з Маладзёжным тэлебачаннем БДУІР. Кажа, што незалежна ад таго, у якой сферы яна будзе далей рэалізоўвацца, досвед ад зносінаў з людзьмі, атрыманы падчас «журналісцкай дзейнасці», лішнім дакладна не будзе. Марыя ўзначальвае студэнцкі савет факультэта, дапамагае на кафедры весці справаводства. З'яўляецца ўдзельніцай паэтычнага тэатра «Рытмы сэрца»... Калі толькі ўсё паспявае? Плюс выдатна спявае, хоць сама даволі крытычна ставіцца да свайго вакальнага майстэрства  (лічыць яго аматарскім).

— Калі паступала ў БДУІР, меркавала, што стану «тэхнаром», але ж мая творчая натура ўсё роўна рвецца наверх, — усміхаецца дзяўчына.

Дарэчы, два гады таму яшчэ абітурыентка Марыя перамагла ў творчым конкурсе эсэ «Мая мара — БДУІР». Яе мара спраўдзілася — яна стала студэнткай адной з самых прэстыжных у моладзі ВНУ спецыяльнасцей «Інфарматыка і  тэхналогіі праграмавання». А пры паступленні дзяўчына набрала 386 балаў з 400 магчымых!

— Як правядзеш першы дзень у зорным статусе? — пацікавіліся мы ў пераможцы.

— Буду здаваць лабараторныя... Выкладчыкі, пакуль я рыхтавалася да фіналу, ішлі мне насустрач, — шчыра адказала Марыя і дадала: — «Зорная хвароба» да студэнтаў БДУІР прычапіцца не можа, гэта дакладна не пра наш універсітэт. Я разумею, што маё званне — гэта яшчэ і вялікая адказнасць.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Сяргея НІКАНОВІЧА

Выбар рэдакцыі

Навука

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Наколькі эфектыўна працуе сістэма інтэлектуальнай уласнасці?

Расказаў першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь Дзяніс Каржыцкі.

Здароўе

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

У Нацыянальны каляндар плануюць уключыць новыя прышчэпкі

Як вакцыны выратоўваюць жыцці і чаго можа каштаваць іх ігнараванне?

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.