Вы тут

Прабіцца з «групы смерці»


...у фінал чэмпіянату свету па праграмаванні сярод студэнтаў ACM ІCPC здолелі дзве беларускія каманды.


Каманда БДУІР — у фінале чэмпіяната свету.

Усяго ў паўфінальных спаборніцтвах Паўночна-Усходняга Еўрапейскага рэгіёна ўдзельнічалі каля 230 камандаў з Беларусі, Расіі, Латвіі, Літвы, Эстоніі, Казахстана, Грузіі, Арменіі, Азербайджана, Кыргызстана, Туркменістана і Узбекістана, якія змагаліся за 12 пуцёвак у заключную частку спаборніцтваў.

Менавіта гэты паўфінал называюць «групай смерці», таму што ў ім выступаюць самыя моцныя студэнцкія каманды праграмістаў, у тым ліку і неаднаразовыя абсалютныя пераможцы чэмпіянату свету — студэнты Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта ІТМО. Спаборніцтвы праводзіліся адначасова ў рэжыме рэальнага часу ў Санкт-Пецярбургу, Барнауле, Ташкенце і Тбілісі з агульнай табліцай вынікаў.

Згодна з правіламі, у фінал можа прайсці ад універсітэта толькі адна каманда, якая паказала найлепшы вынік. Таму канкурыруюць паміж сабой у тым ліку і студэнты адной ВНУ. Беларусь у Санкт-Пецярбургу прадстаўлялі 10 камандаў: ад БДУ выступалі чатыры каманды, тры каманды — ад БДУІР і па адной — ад Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы.

Па выніках паўфіналу каманда студэнтаў факультэта камп'ютарных сістэм і сетак БДУІР Belarusіan SUІR #2 у складзе Андрэя Воўчака, Андрэя Собаля і Аляксея Вісцяжа заваявала права прадстаўляць Беларусь у фінале самых прэстыжных спаборніцтваў па праграмаванні. Хлопцы рашылі 9 задач, занялі 7-е абсалютнае месца, атрымалі дыплом першай ступені, а з ім і выхад у фінал. У Тайландзе выступіць яшчэ адна беларуская каманда — студэнтаў факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. За яе выступаюць Канстанцін Сокал, Аляксей Паліевец і Павел Шафцялевіч. Каманда Белдзяржуніверсітэта заваявала ў паўфінале дыплом 2-й ступені. На яе рахунку 8 рэшаных задач з 12 прапанаваных. Па выніках спаборніцтваў у фінал прабіліся 10 камандаў ад расійскіх ВНУ і дзве — ад беларускіх.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?