Вы тут

Новыя магчымасці для прафтэхшколы


Паміж Еўрапейскім саюзам і ўрадам Рэспублікі Беларусь заключана Пагадненне аб фінансаванні праграмы «Занятасць, прафесійная адукацыя і навучанне ў Беларусі». У нашу сістэму прафесійнай адукацыі Еўрапейскі саюз плануе інвеставаць 11,5 млн еўра.

— За гады, што прайшлі, у адрозненне ад многіх іншых краін, Беларусь не страціла сістэму прафесійнай адукацыі, а наадварот, значна развіла яе, удасканаліўшы механізм атрымання прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Разам з тым час дыктуе новыя патрабаванні. Рынку працы патрабуюцца новыя прафесіі, навыкі і кваліфікацыі, — падкрэсліў міністр адукацыі Міхаіл Жураўкоў. — Сёння вельмі важна вырашыць пытанні занятасці і падрыхтоўкі як маладых людзей, так і дарослага насельніцтва. Я не сумняваюся, што цягам пяці гадоў дзейнасці гэтай праграмы мы значна прасунемся ў сферы ўкаранення новай сістэмы кваліфікацый, створым новыя рэсурсныя цэнтры і зможам перадаваць наш вопыт працы і навучання іншым краінам.

Кіраўнік прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза, пасол Андрэа Віктарын адзначыла, што яна вітае ўключэнне Беларусі ў Балонскі працэс і лічыць гэта важным крокам на шляху гарманізацыі сістэм адукацыі ўсёй Еўропы.

— Як сведчыць сусветны вопыт, сёння ўжо мала мець адну кваліфікацыю і адзін дыплом, трэба развіваць гнуткую сістэму атрымання адукацыі праз усё жыццё, якая дазволіць маладым людзям і грамадзянам любога ўзросту пастаянна вучыцца і атрымліваць новыя навыкі і кампетэнцыі, — адзначыла яна. — Пры гэтым важна, каб веды і навыкі, атрыманыя па-за рамкамі фармальнай сістэмы адукацыі, атрымлівалі прызнанне як з боку сістэмы адукацыі, так і наймальнікаў.

У Беларусі плануецца стварэнне і мадэрнізацыя 400 тысяч высокапрадукцыйных працоўных месцаў, што, несумненна, патрабуе падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі да 2020 года больш як 620 тысяч чалавек, у тым ліку 258 тысяч спецыялістаў для высокатэхналагічных навукаёмістых вытворчасцяў. Для вырашэння гэтых задач неабходна правесці адпаведныя змяненні ў сістэме прафесійнай адукацыі, аб'яднаўшы намаганні ў падрыхтоўцы кадраў сістэмы адукацыі, навукі і вытворчасці.

Асноўныя партнёры праграмы — Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, Міністэрства эканомікі, Нацыянальны статыстычны камітэт. Да ўдзелу ў мерапрыемствах праекта будуць актыўна прыцягвацца і розныя ўдзельнікі рынку працы, такія, напрыклад, як саюзы наймальнікаў, прафесійныя саюзы і грамадскія аб'яднанні.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkаlаеvа@zvіаzdа.bу

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

Больш за 100 прадпрыемстваў прапанавалі вакансіі ў сталіцы

А разам з імі навучанне, сацпакет і нават жыллё.

Эканоміка

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Торф, сапрапель і мінеральная вада: якія перспектывы выкарыстання прыродных багаццяў нашай краіны?

Беларусь — адзін з сусветных лідараў у галіне здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.

Грамадства

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

Адкрылася турыстычная выстава-кірмаш «Адпачынак-2024»

«Мы зацікаўлены, каб да нас прыязджалі».