Вы тут

Як ператварыцца ў «старую дзеўку»


На дварэ ХХІ стагоддзе, але здаўна вядомы выраз «старая дзеўка» (у народзе — векавуха) па-ранейшаму ў хаду. Старымі дзеўкамі называюць жанчын ва ўзросце бліжэй да 40, калі шанцы наладзіць асабістае жыццё растаюць, як марожанае на сонцы. І тады некаторыя жанчыны пачынаюць мяняцца на вачах і праз пару гадоў ператвараюцца ў класічных векавух.


Ператварэнне ў шэрую мыш, якая цураецца мужчын, пачынаецца паступова. Спачатку на пытанні знаёмых аб адсутнасці паклонніка вы адказваеце жартам: маўляў, «чакаеце прынца». Лёгкая незадаволенасць сяброўкамі, якія мяняюць мужчын як пальчаткі, перарастае ў асуджэнне. Замест таго каб падтрымаць знаёмую, якую кінуў муж, вы з цяжкасцю стрымліваеце радасць або з гневам усклікаеце: «Я ж цябе папярэджвала!»

Пазнаяце? Калі хочаце праз некалькі гадоў ператварыцца ў старую дзеўку, старанна выконвайце рэкамендацыі, прапанаваныя ніжэй. Не жадаеце — прачытайце і... зрабіце наадварот.

Парада 1

Як тэатр пачынаецца з вешалкі, так і жанчыну можна ахарактарызаваць па яе адносінах да дужага полу. Яны бываюць рознымі, але калі вы вырашылі стаць старой дзеўкай, то павінны прытрымлівацца аднаго прынцыпу: «Усе мужыкі — распусныя істоты, якія думаюць толькі пра секс». Яны гатовыя хлусіць, выкручвацца, і ўсё гэта дзеля некалькіх хвілін сумнеўнага задавальнення. Таму, каб наблізіцца да вобразу векавухі, вы павінны запомніць, што ўсе мужыкі гады (ідыёты, бабнікі і да т. п.). Калі не атрымліваецца — запішыце і абавязкова, як мантру, паўтарайце гэта на працягу дня.

Парада 2

Паклапаціцеся аб сваім гардэробе. Бязлітасна пазбаўцеся ад кароценькіх спаднічак, штаноў у абцяжку і г. д. Можаце занесці іх на сметнік або аддаць сяброўкам, але, каб канчаткова пераканацца ў думцы, што старая дзеўка — гэта найлепшае выйсце з сітуацыі, парэж-
це іх на дробныя кавалачкі.

Забудзьцеся пра сексуальныя кофтачкі, світаркі і блузкі. Ні ў якім разе не купляйце нічога ў абліпку. Хаця... Зрабіць выключэнне з правілаў можна ў тым выпадку, калі памер грудзей набліжаецца да нулявога.

Старым дзеўкам не трэба дэманстраваць фігуру, асабліва ў тым выпадку, калі формы блізкія да мадэльных. Ніякіх дэкальтэ. Праблему дапаможа вырашыць нязграбнае мешкаватае адзенне.

Парада 3

Павыкідайце ўсю касметыку. Скажыце цвёрдае «не» пудры, ценям, памадзе, касметычным алоўкам... Лак для пазногцяў выліце ва ўнітаз. Хаця не, унітаз лепш пашкадаваць, аддайце лак суседцы — ёй спатрэбіцца.

Парада 4

Памятайце, што правільна падабраная прычоска здольная змяніць жыццё старой дзеўкі, таму знайдзіце цырульніка, які дапаможа вам стварыць новы вобраз.

Падстрыжыцеся «пад хлопчыка» ці зрабіце хімзавіўку, але так, каб валасы сталі падобныя на поўсць хворай авечкі. Калі і ў гэтым выпадку вы выглядаеце прывабна, прыдумайце, як зрабіць з сябе чучала.

Парада 5

Адмоўцеся ад касметычных працэдур! Ачышчэнне, увільгатненне, сілкаванне скуры — гэта не для вас. Ніякіх скрабаў, тонікаў, крэмаў — лепш купіце сабе торт. Манікюр і педыкюр таксама адкіньце — не варта марнаваць час на такія глупствы. Пазбаўляцца ад лішняй расліннасці на целе... а навошта? Валасы ж зноў адрастуць.

Парада 6

Сачыце за мімікай! Ніякіх усмешак, толькі сціснутыя вусны або проста безуважны выраз твару. Зразумелая справа — гэты свет агідны і недасканалы, дык навошта дарыць яму сваю прыхільнасць?

Парада 7

Трымайцеся ад мужчын далей. Нават калі знойдзецца экзэмпляр, які запросіць вас на спатканне, памятайце, што адзінае, пра што ён марыць, — гэта завабіць вас у ложак. Упрошвае схадзіць з ім у кавярню і выпіць кубачак кавы? Адмоўцеся, бо за гэтым будзе запрашэнне на вячэру з віном ці шампанскім, а там, глядзіш, яго гарэзлівыя ручкі пойдуць у ход... Таму спыняйце ўсе спробы пазнаёміцца з вамі і абавязкова папярэдзьце сябровак (калі яны ў вас яшчэ засталіся), сваякоў і калег, каб нават не думалі падшукваць вам кавалераў!

Парада 8

Ніколі не хадзіце на дыскатэкі, у клубы і на вечарынкі. Запомніце: вясёлыя гулянкі не для вас, вы вышэй за гэта.

Няма чаго рабіць вечарамі? Займіцеся прыбіраннем. Нават калі вам здаецца, што ў кватэры чыста, са стараннасцю пачынайце наводзіць парадак. Вымыйце падлогу, але не проста так, а дасканала вычысціце ўсе закуткі. Перабярыце рэчы ў шафах, выбіце ўсе дываны, прапыласосьце мяккую мэблю. Выдатны занятак, тым больш што заўтра пыл з'явіцца зноў і будзе чым заняць яшчэ адзін свабодны вечар.

Парада 9

Не адмаўляйцеся ад даручэнняў на працы. Нават калі начальнік узваліць на вас дадатковыя абавязкі, радуйцеся, паколькі часу на асабістае жыццё не застанецца зусім. Згаджайцеся пасядзець з дзіцем сяброўкі, якую кавалер запрасіў на спатканне. Яны, хутчэй за ўсё, будуць цалавацца або займацца больш агіднымі рэчамі, вы ж цудоўна праведзяце час у кампаніі капрызлівага малога.

Парада 10

Можа здарыцца так, што па першым часе вам цяжка будзе трымацца гэтых парад. Не хвалюйцеся. Чалавек прывыкае да ўсяго, таму старанна выконвайце ўсе рэкамендацыі і з вас у рэшце рэшт атрымаецца сапраўдная векавуха.

Вера ФЕМІНА

Загаловак у газеце: Нікому не патрэбная, або Як ператварыцца ў векавуху

Каментары

Какая прелесть! Читала с улыбкой сперва,а потом нахлынуло осознание...а ведь как много таких женщин. Надеюсь статья поможет открыть глаза "векавухам" на свою жизнь и изменить ее в лучшую сторону.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?