Вы тут

Што паказаў эксперымент па фінансаванні?


Новы механізм нарматыўнага фінансавання ўстаноў адукацыі карэнным чынам змяняе мысленне іх кіраўнікоў. Разам з тым вельмі важна, каб эксперымент у адукацыйнай галіне не зацягнуўся на няпэўны тэрмін, паколькі ўдасканаленне фінансавай сістэмы было і застаецца для адукацыйнай сферы надзвычай актуальным пытаннем. Педагогі чакаюць рэальнага змянення падыходаў у аплаце іх працы... Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі пасяджэння Прэзідыума ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі. Удзел у дыскусіі ўзялі намеснік міністра адукацыі Сяргей РУДЫ і начальнік упраўлення сацыяльна-эканамічнага развіцця Міністэрства адукацыі Ірына БЕБЕХ.


У цэнтры ўвагі аказаліся вынікі рэалізацыі пілотнага праекта па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, які праводзіцца ў галіне ўжо трэці год. У рамках эксперымента аб'ёмы фінансавання, што накіроўваюцца на навучанне і выхаванне, «прывязваюцца» да колькасці навучэнцаў, гэта значыць, што чым больш вучняў ва ўстанове адукацыі, тым большы аб'ём фінансавання яна атрымае. Сёння механізм нарматыўнага фінансавання рэалізаваны ў краінах Еўропы, у многіх краінах на постсавецкай прасторы, у тым ліку ў Расійскай Федэрацыі, краінах Балтыі, Грузіі і Арменіі.

Аб'ём бюджэтных сродкаў, прадугледжаных на рэалізацыю пілотнага праекта, разлічваецца на падставе сярэднегадавых паказчыкаў колькасці навучэнцаў розных катэгорый (па ступенях навучання, колькасці дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, колькасці вучняў, якія наведваюць групы падоўжанага дня), базавага нарматыву бюджэтнай забяспечанасці выдаткаў на аднаго навучэнца і карэктуючых каэфіцыентаў. Меркавалася, што падушавое фінансаванне забяспечыць больш рацыянальнае і празрыстае выкарыстанне бюджэтных сродкаў — гэта не толькі палепшыць матэрыяльна-тэхнічнае суправаджэнне адукацыйнага працэсу, але і адаб'ецца на заробках педагогаў. Ці спраўдзіліся чаканні?

Правілы «гульні»

Нагадаем, што ў 2015 годзе ў эксперыменце ўдзельнічалі 34 установы агульнай сярэдняй адукацыі. У 2016 годзе — ужо 188. Сёлета ў ім задзейнічаны Брэст, Віцебск, Баранавічы, Наваполацк, Жодзіна, Гродна, Скідаль, Фаніпаль, Магілёў і Магілёўская вобласць, Бераставіцкі, Лідскі, Салігорскі раёны, Савецкі і Цэнтральны раёны Гомеля і Першамайскі раён сталіцы — усяго 642 установы адукацыі. Таксама распачалася работа па апрабацыі нарматыўнага фінансавання ўстаноў дашкольнай адукацыі ў Магілёве (98 устаноў).

Базавы нарматыў на 2017 год для вучняў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, размешчаных у гарадской мясцовасці, быў вызначаны ў памеры 1284,66 рубля на год; у сельскай мясцовасці — у памеры 2862,16 рубля на год. Для параўнання: у 2016 годзе гэтыя лічбы складалі 1292,98 рубля і 2805,06 рубля адпаведна.

— У рамках праекта кіраўнікам устаноў адукацыі дадзена права самастойна фарміраваць у межах выдзеленых сродкаў штатны расклад, аптымізаваць штатную колькасць, а вызваленыя сродкі накіроўваць на стымуляванне сваіх работнікаў і ўстанаўленне павышальных каэфіцыентаў да тарыфных ставак (акладу) работніка, — растлумачыла загадчыца аддзела сацыяльна-эканамічнай работы ЦК Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Валянціна ГЕРАСІМОВІЧ. — Педагагічным работнікам устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, якія ўдзельнічаюць у пілотным праекце, па рашэнні гарадскіх, раённых і выканаўчых камітэтаў і мясцовых адміністрацый раёнаў у гарадах, прадугледжана ўстанаўленне галіновых павышэнняў тарыфных ставак (акладаў). На дадзенае павышэнне накіроўваюцца сродкі ў памеры да 10% ад планавага фонду заработнай платы работнікаў установы агульнай сярэдняй адукацыі ў межах базавага нарматыву бюджэтнай забяспечанасці расходаў.

Галіновыя павышэнні тарыфных ставак (акладаў) устанаўліваюцца педагагічным работнікам у працэнтах ад тарыфнай стаўкі першага разраду ў наступных памерах: да 50 працэнтаў – за выкладанне прадметаў на павышаным узроўні, да 150 працэнтаў — за сістэмную работу па арганізацыі харчавання, аздараўлення навучэнцаў, удзел у рэгіянальных, рэспубліканскіх грамадска-значных мерапрыемствах, забеспячэнне абароны правоў і законных інтарэсаў дзяцей у сацыяльна неўладкаваных сем'ях, рэалізацыю дадатковых выхаваўчых мерапрыемстваў, за суправаджэнне навучэнцаў пры падвозе вучняў ва ўстановы адукацыі ў сельскай мясцовасці,  да 200 працэнтаў — за працу з адоранымі навучэнцам, сістэмны ўдзел у дзейнасці ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі па навукова-метадычнаму забеспячэнню агульнай сярэдняй адукацыі.

Вынікі маніторынгу

Яшчэ да старту эксперымента, каб падрыхтавацца да работы ў новых умовах, пры ЦК галіновага прафсаюза была створана рабочая група па вывучэнні ўдасканалення механізма фінансавання ўстаноў адукацыі. Яе члены выязджалі ў Расійскую Федэрацыю, у прыватнасці, вывучалі досвед работы калег з Масквы, Маскоўскай, Бранскай і Смаленскай абласцей. Адсочваецца эксперымент і сёння. Валянціна Герасімовіч агучыла вынікі маніторынгу ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі горада Жодзіна і Першамайскага раёна сталіцы.

Жодзіна далучылася да эксперымента ў студзені 2016 года. Нарматыўным фінансаваннем тут ахоплены ўсе 9 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі: дзве гімназіі і сем агульнаадукацыйных школ. Галіновыя выплаты педработнікам ажыццяўляюцца толькі ў дзвюх установах: з красавіка 2016 года — у сярэдняй школе №8 і са студзеня 2017 года — у сярэдняй школе №9.

У гэтых установах заработная плата павялічылася ў сярэднім на 52 рублі, яе сярэдні памер складае 670,1 рубля, — паведаміла Валянціна Герасімовіч. — Ва ўсіх іншых установах агульнай сярэдняй адукацыі заработная плата налічваецца таксама, як і ва ўстановах, не ўключаных у эксперымент. Памер сярэднямесячнай заработнай платы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі горада Жодзіна складае 618,1 рубля.

У Першамайскім раёне сталіцы эксперыментам ахоплены 28 устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, у тым ліку 5 гімназій, 20 сярэдніх школ, адно кадэцкае вучылішча, адзін вучэбна-педагагічны комплекс дзіцячы сад — пачатковая школа, адна пачатковая школа. Галіновыя выплаты са студзеня 2016 года былі ўстаноўлены ў чатырох установах (гімназіях №2, 11, 18, 38) і з кастрычніка 2016 года — яшчэ ў чатырох (СШ №61, 84, 94, 191). Сярэдняя заработная плата педагогаў за студзень — снежань 2016 года склала ў Першамайскім раёне сталіцы 678,18 рубля, а па ўстановах, дзе былі ўстаноўлены галіновыя павышэнні, — 694,28 рубля.

Плюсы і мінусы

На якія акалічнасці сёння звяртаюць увагу эканамісты? Для прыкладу, у Мінску ў Першамайскім раёне работнікам, якія знаходзяцца на кантрактнай форме найму, ажыццяўляецца павышэнне тарыфных ставак у памеры да 50%. Але ў базавым нарматыве павышэнне па кантракце вызначана толькі ў памеры 16%, таксама ва ўстаноўленым нарматыве не ўлічаны і штомесячныя даплаты педагагічным работнікам, якія ажыццяўляюцца ў адпаведнасці з рашэннем Мінгарсавета. Дадзеныя выплаты ажыццяўляюцца за кошт дадатковага фінансавання са сродкаў мясцовага бюджэту.

У базавы нарматыў не ўключаны і выдаткі на ўтрыманне класаў эстэтычнай накіраванасці. І ў Мінску, і ў Жодзіне прыйшлося ўкладвацца ў даведзены нарматыў за кошт павелічэння напаўняльнасці ў класах. Так, у Жодзіне сярэдняя напаўняльнасць у класах павялічылася з 20 да 24 чалавек, у Першамайскім раёне — да 24,9 навучэнца. Таксама летась у Першамайскім раёне на 23% скарацілася колькасць гадзін эстэтычнай накіраванасці.

Упраўленнем адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Першамайскага раёна горада Мінска праведзены аналіз фінансавання па нарматыўных артыкулах. Устаноўлена, што 97,7% ад агульнага фінансавання займаюць заработная плата з налічэннямі і трансферты і толькі 2,3% накіроўваюцца на астатнія артыкулы выдаткаў.

Ва ўстановах адукацыі Жодзіна ў 2016 годзе ўдзельная вага заработнай платы з налічэннямі склала 98 працэнтаў ад агульнага фінансавання.

Эксперымент па апрабацыі нарматыўнага фінансавання паказаў: у лепшым становішчы знаходзяцца ўстановы з больш высокай напаўняльнасцю навучэнцаў. А вось малакамплектным школам больш складана ўкладвацца ў выдзелены аб'ём асігнаванняў, абмежаваны нарматывам.

Да станоўчых бакоў эксперымента і прадстаўнікі прафсаюза, і прадстаўнікі Міністэрства адукацыі адносяць фінансавую свабоду кіраўнікоў устаноў адукацыі: пілотны праект прымусіў іх лічыць грашовыя сродкі і даводзіць лічбы па выдатках на дзяцей да ведама бацькоў. У кіраўніка маецца магчымасць дыферэнцыяцыі заработнай платы педагогаў у залежнасці ад якасці і эфектыўнасці іх працы. Павышаецца матэрыяльная зацікаўленасць настаўнікаў у выкананні дадатковых відаў работ, а таксама зацікаўленасць устаноў адукацыі ў выніках сваёй дзейнасці. У мэтах эканоміі пралічваецца ўсё — карэктуюцца нават маршруты падвозу дзяцей у школы.

— Асноў­ны эка­на­міч­ны эфект ад рэа­лі­за­цыі пі­лот­на­га пра­ек­та — ра­цы­я­на­лі­за­цыя вы­ка­ры­стан­ня бюд­жэт­ных срод­каў, — лі­чыць на­чаль­нік упраў­лен­ня са­цы­яль­на-эка­на­міч­на­га раз­віц­ця Мі­ніс­тэр­ства аду­ка­цыі Іры­на Бе­бех. — Кі­раў­ні­кам уста­ноў аду­ка­цыі спат­рэ­біў­ся ней­кі час, каб зра­зу­мець асаб­лі­вас­ці ра­бо­ты ў но­вых умо­вах фі­нан­са­ван­ня, але ло­гі­ка нар­ма­тыў­на­га фі­нан­са­ван­ня ста­ла ма­ты­ву­ю­чым фак­та­рам для па­вы­шэн­ня эфек­тыў­нас­ці кі­ра­ван­ня. Пра­вя­дзен­не ме­ра­пры­ем­стваў па ап­ты­мі­за­цыі да­зво­лі­ла на­кі­ра­ваць вы­зва­ле­ныя срод­кі на па­вы­шэн­не за­ра­бот­най пла­ты ра­бот­ні­каў і ўма­ца­ван­не ма­тэ­ры­яль­на-тэх­ніч­най ба­зы школ.

Вучоба для дырэктара

Цікава, што ў некаторых рэгіёнах і ўстановах выдаткі на матэрыяльна-тэхнічную базу выраслі даволі істотна.

— Эксперымент пераадрасоўвае ўсе пытанні да дырэктара ўстановы адукацыі ці начальніка аддзела (упраўлення) адукацыі, — падкрэслівае намеснік міністра Сяргей Руды. — Чаму колькасць сродкаў, што выдзяляюцца на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, недзе вырасла ўдвая? Гэтыя ж сродкі можна было накіраваць і на заработную плату настаўнікам... Калі адбываецца эканомія сродкаў, толькі кіраўнік вырашае, куды іх накіраваць: на заробкі, на гадзіны эстэтычнага выхавання ці, напрыклад, на замену ў будынку вокнаў. Увогуле, як сведчаць нашы назіранні, дрэнна пра эксперымент выказваюцца пераважна тыя, хто ў ім яшчэ не ўдзельнічае. А ўдзельнікі праекта вучацца гаспадарыць у новых умовах. Мы пастаянна з імі сустракаемся, пралічваем усе рызыкі і праблемы. У Наваполацку, які ўдзельнічае ў эксперыменце, адносна невысокая напаўняльнасць гарадскіх школ, але мясцовыя ўлады аптымізаваць сетку школ не плануюць. Таму калі ў педагогаў у гэтым горадзе заробкі на фоне іншых рэгіёнаў будуць самыя нізкія, няхай яны не здзіўляюцца.

Сярод праблемных аспектаў рэалізацыі нарматыўнага фінансавання найбольш востра стаіць пытанне падрыхтоўкі кіруючых кадраў да работы ў новых умовах. Фактычна дырэктар школы сёння павінен стаць менеджарам, які валодае асновамі заканадаўства па фарміраванні бюджэту школы. Гаворка ідзе аб развіцці фінансавай і кіраўніцкай самастойнасці ўстаноў адукацыі.

Кіраўнікі абласных і мінскай гарадской арганізацый Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі паставілі гэта пытанне перад Міністэрствам адукацыі: трэба абавязкова арганізаваць падрыхтоўку кіраўнікоў усіх устаноў адукацыі, якія ідуць у эксперымент. Тым больш што ў 2019 годзе, як мяркуецца, на новы механізм фінансавання пяройдуць ужо ўсе ўстановы адукацыі ў краіне.

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Сяргея Нікановіча

Загаловак у газеце: Калі грошы ідуць за вучнем...

Каментары

Всё сделано для того, чтобы школы увеличивали наполняемость классов и, как следствие - ухудшалось качество образования. Ведь в эксперименте получают больше финансов те учреждения образования, где учащихся больше. А те школы, которые были малокомплектными или рассчитаны на малое количество учащихся, по сути, и получать будут меньше - им площадь не позволяет. А денег хотеться будет. Поэтому надо повышать наполняемость классов. Интересно, почему не пишут, как стали получать учителя по окончании эксперимента? )
Усе зразумела, з эканамичнага пункту гледжання - гэта мае перспективу. Вальми хацелася б , каб паважаная Улада крыху думала и пра дзяцей! Так атрымалася, што у гарадах малая напауняльнасць дзяцей у классах беларускамоуных. Улада аптымизуе так- закрывае беларускамоуны клас, дзеци идуць у рускамоуны. Психалагичны , адукацыйны стан , узровень класа, правы дзяцей и их бацькоу : усе гэта значэння не мае ! А як жа словы вяликага дзеяча адукацыи - " Не навредить". Аптымизацыю трэба праводзиць удумна каб не зрабиць з нашых дзяцей невукау, з психичными проблемами . 30 дзяцей настауник , нават самых таленавиты не навучыць , а дзицячую психику, асаблива сучасных дзяцей , аптымизацыя так як Яна праходзиць у маим горадзе можа. Вальми шкала што для улады эканамичнае пытанне важней чым их дзеци!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.

Грамадства

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Рэспубліканскі суботнік праходзіць сёння ў Беларусі

Мерапрыемства праводзіцца на добраахвотнай аснове.