Вы тут

Крохкія цацкі


Калі я вучылася ў школе, мая мама любіла паўтараць: «Любоў зла, палюбіш і казла», а таксама «Замуж выйсці — не напасць, абы замужам не прапасць». Тады я, чарговы раз закаханая па вушы, толькі адмахвалася. Цяпер жа, гледзячы, як некаторыя мае ранейшыя кавалеры спіліся, скончылі жыццё самагубствам ці маюць пазашлюбных дзяцей, разумею, што мама мела рацыю...


На днях да мяне на гарбатку забегла таварышка, з якой даўно не бачыліся. Слова за словам, разгаварыліся пра бацькоў. «Мне так шкада мамы, — уздыхнула Марынка. — Гляджу на яе і разумею, як усё ж такі важна для жанчыны паспяхова выйсці замуж». Тата маёй сяброўкі зусім не алкаголік, як я падумала адразу. Ён — працаголік. «І я нават не ведаю, што горш, — працягвае дзяўчына. — Уяўляеш, ён штогод засаджвае ўсе агароды бульбай. Акрамя таго, у нас гадуюцца дзве каровы, гусі, індыкі, куры, качкі, свінні... Тры вялікія маразілкі стаяць у хаце, пад завязку запоўненыя мясам. А тата яшчэ двух парасят купіў. Бо бульба засталася, маўляў, «не выкідаць жа...» Я яшчэ зразумела б, калі б ён сам з усім гэтым упраўляўся. Дык не, займаецца толькі бульбай. Уся ж жыўнасць ляжыць на мамчыных плячах, а ёй жа яшчэ трэба і паесці прыгатаваць, і ў хаце прыбрацца. Матуля ж мая вельмі творчая, любіць вышываць, вязаць. Але робіць гэта ўпотай, бо як тата ўбачыць яе з пяльцамі ці пруткамі ў руках, адразу мацюкамі пачынае сыпаць «Што ты х... займаешся! Хіба работы табе няма!» Яе сяброўкі выкладаюць сваю вышыўку ў інтэрнэце, хваляцца тым, што асвоілі новыя тэхнікі. А яна не можа... З-за цяжкай фізічнай працы, з-за мужа-дыктатара...»

У падобную сітуацыю трапіла і баба Маня. Яе муж аказаўся мала таго, што працаголікам, дык яшчэ і скнарам, якіх пашукаць трэба. Але ж яна цярпела, бо кахала... Кожнае лета год за годам дапамагала яму сушыць сена для каня Буланчыка ды трох рагуляў. Праўда, практычна ўсе грошы за здадзенае малако гаспадар забіраў сабе. «Я ж нават унучкам з пенсіі капейчыну давала ўпотай. Не дай божа ўбачыў бы, жыцця мне ў хаце не было б. У выніку, тыя «малочныя» грошы з'елі мышы. Муж застаўся ні з чым. А калі я аслабла ад такой вымотваючай штодзённай працы і пачала хварэць, кінуў мяне. Кажуць, што знайшоў сабе ў іншай вёсцы крыху маладзейшую, якая магла працаваць. Так вось бывае ў жыцці — быў муж, ды аб'еўся груш».

Нядаўна ў парку маю ўвагу прыцягнула неверагодна прыгожая пара. Бабуля з дзядулем павольна ішлі за ручку, размаўлялі аб нечым сваім, бы закаханыя галубкі. Яны з такой цеплынёй і пяшчотай пазіралі адно на аднаго! Я не стрымалася і запыталася, як яны змаглі пранесці праз столькі гадоў сваё каханне. «Берагчы трэба адно аднаго. Я ўсё жыццё думаў: што ж магу зрабіць, каб маёй Сонечцы было хоць крыху лягчэй, а яна — каб мне», — падзяліўся такім простым, але такім важным сакрэтам дзядуля.

У адной вёсачцы жыў адзінокі стары чалавек. Ён любіў усіх суседскіх дзяцей і праводзіў з імі шмат часу. Яшчэ ён любіў рабіць ім падарункі, але дарыў толькі крохкія рэчы. Як ні стараліся малыя быць акуратнымі, іх новыя цацкі ўсё адно ламаліся. Дзеці перажывалі і горка плакалі. Праходзіў нейкі час, стары зноў дарыў ім цацкі, але яшчэ больш крохкія. Аднойчы бацькі не вытрымалі і прыйшлі да яго:

— Ты мудры і жадаеш нашым дзецям толькі дабра. Але навошта робіш ім такія падарункі? Яны берагуць іх, як могуць, але цацкі ўсё адно ламаюцца, і дзеці плачуць.

— Пройдзе зусім няшмат гадоў, — усміхнуўся стары, — і хтосьці падорыць ім сваё сэрца. Можа быць, мае крохкія цацкі навучаць іх абыходзіцца з гэтым бясцэнным дарам хоць трохі больш акуратна?

Надзея ДРЫНДРОЖЫК

nаdzіеjа@zvіаzdа.bу

Загаловак у газеце: «Замуж выйсці — не напасць...»

Каментары

В этой статье женщины представлены как жертвы. На самом же деле, это был их личный доброводьный выбор жить с таким мужчиной и нечегл потом ныть, что он дескать диктатор и заставляет работать.
))Дзякуй за меркаванне. І за тэму для новай калонкі))
Славно написано!

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Вольга Здзярская: Для мяне мая прафесія — жыццё

Актрыса НАДТ імя М. Горкага — пра шлях да сцэны і натхненне.

Грамадства

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

«Любоў — галоўнае, што бацькі павінны даць сваім дзецям»

Тата і мама — два самыя важныя чалавекі ў жыцці кожнага дзіцяці.