Вы тут

Правінцыялы вялікага горада


У пачатку верасня яны проста запаланяюць увесь Мінск. Іх вельмі лёгка распазнаць і ў вечным натоўпе на «Кастрычніцкай» — па надзвычай засяроджаных выразах на тварах, нават калі ўсміхаюцца, па занадта правільнай, акуратнай вопратцы, па крыху ашалелых вачах. А яшчэ па ўласным пачуцці раздражнення, якое ад іх адчуваеш, — яны ніколі не прытрымліваюць дзверы ў метро і не трымаюцца правага боку на шматлюдным тратуары, салоны грамадскага транспарту з-за іх нагадваюць крыклівы куратнік: яны па першым часе ходзяць цэлымі гурмамі і вельмі гучна размаўляюць і смяюцца. Стомленаму пасля работы гараджаніну здаецца, што ад іх нідзе няма паратунку: ні ў цэнтры, ні ў мікрараёне. «Панаехалі тут», — цэдзяць скрозь зубы дарослыя грамадзяне з мінскай рэгістрацыяй у пашпарце, прабіраючыся скрозь чарговы стракаты бесклапотны натоўп, што стаіць акурат там, «дзе людзі ходзяць». А калі спытацца ў гэтых незадаволеных таварышаў пра іх слаўнае недалёкае мінулае, — дзевяноста працэнтаў успомніць, што гадоў дваццаць-трыццаць назад былі гэткімі самымі маладымі самаўпэўненымі разявакамі, што прыехалі з правінцыі заваёўваць сталіцу.


Маладыя правінцыялы — у большасці сваёй студэнты-першакурснікі — неад'емны знак кожнай мінскай восені. Я асабіста, адагнаўшы ўжо згаданае пачуццё раздражнення, якое, як і належыць жыхарцы сталіцы з дваццаціпяцігадовым стажам, наведвае ў абавязковым парадку, вельмі люблю за імі назіраць. Мяняецца мода, згодна з якой яны апранаюцца, замест касетных плэераў у іх цяпер смартфоны з навушнікамі, але яны самі ўсё такія ж. Хтосьці з рускіх класікаў, Ганчароў, здаецца, прыдумаў параўнанне, якое вельмі ім пасуе: маладыя пародзістыя сабакі. Лапы і тулава ўжо выраслі, яны адчуваюць сябе дарослымі і самавітымі, але і спакойнай упэўненасці рухаў пакуль няма, і брахаць па-даросламу не атрымліваецца — занадта тонкі і звонкі яшчэ голас. Смешныя, нязграбныя, але з усімі атрыбутамі пароды, якія ў хуткім часе праявяцца на ўсе сто. Стоячы каля «нулявога кіламетра» побач з Палацам Рэспублікі, яны шукаюць на гэтым знаку свой райцэнтр, прыкідваюць, колькі кіламетраў праехалі. Магчыма, думаюць пра блізкіх, якія засталіся там, магчыма даюць сабе слова, што ніколі больш туды не вернуцца, а заваююць сталіцу...

Можаце са мной не пагадзіцца, але мне здаецца, што гэтым дзецям пашанцавала ў жыцці больш, чым іх сталічным равеснікам. Так ці інакш, у сваю першую пасля школы восень правінцыялы без растэрміноўкі і пераходнага перыяду становяцца дарослымі. Слязам не верыць не толькі Масква — любы мегаполіс. Даводзіцца вельмі хутка вучыцца многаму — варыць суп, які можна есці, камунікаваць з вялікай колькасцю людзей, прытрымліваць дзверы ў метро... Пакуль іх сталічныя аднакурснікі сядзяць у сваіх пакоях, бесклапотна жуючы зроблены клапатлівай мамай і прынесены пад нос бутэрброд, правінцыялы скідваюцца з апошніх грошай на бляшанку тушонкі і пачак макароны і ладзяць пір на ўвесь інтэрнат, а калі фінансы дапяваюць апошні раманс, ідуць зарабляць. Раней разгружалі вагоны, цяпер працуюць санітарамі, кур'ерамі, спяваюць у пераходзе дурнымі галасамі... Выносяць з усяго гэтага, бадай, самую важную навуку: спадзявацца толькі на ўласныя сілы, калі ў цябе ёсць рукі, ногі і галава на плячах — не прападзеш.

Калега, якая ў адной фірме займаецца падборам кадраў, нядаўна расказвала. Прыйшлі на гутарку дзве дзяўчыны. Абедзве, як высветлілася, скончылі сёлета платнае аддзяленне ўніверсітэта па адной і той жа спецыяльнасці. У першай — шмат ідэй, жвавая, з іскрынкай у вачах. Другая — сядзела моўчкі, засяроджана вывучала нешта на столі, на пытанні адказвала бы пазыку рабіла. «Я была ўпэўненая, але каб пераканацца, што маю рацыю ў сваіх высновах, спыталася, адкуль яны. Першая аказалася з нейкага гарадскога пасёлка на Гомельшчыне, другая — мінчанка. Гэтай галава не баліць ні дзе жыць, ні чым харчавацца. Яна і на працы асабліва старацца не будзе. Канешне, мы ўзялі дзяўчыну з правінцыі...»

Ніякім чынам не хачу пакрыўдзіць «карэнных мінчан» (у другім пакаленні) але жыццё вялікага горада трымалася і працягвае трымацца на правінцыялах. Так што не спяшайцеся абурацца і бурчэць «панаехалі». Праз пару месяцаў мы іх ужо не пазнаем: на тварах з'явіцца тыповая сталічная абыякавасць і заклапочанасць, ды і дзверы ў метро яны навучацца трымаць. І, толькі праходзячы каля Палаца Рэспублікі, яны абавязкова будуць збочваць да нулявога кіламетра, каб пераканацца, што родны гарадок па-ранейшаму там і па-ранейшаму чакае з усіх дарог.

Алена ЛЯЎКОВІЧ

alena@zviazda.by

Каментары

А вось гэта адзін з тых выпадкаў, шаноўная Алена, калі я з Вамі цалкам не згаджуся, бо ў мяне перад вачыма адваротныя прыклады: правінцыялы, за якімі "стаялі" бацькі з паўкабанчыкам і грашыма з продажу клубніц-гуркоў-памідорак, на якія праз год-другі была куплена кватэрка ў Мінску, і "тутэйшыя", якія вымушаны былі здымаць кватэру, каб не сядзець ні ў каго на шыі, круціцца і даказваць на кожным кроку, што яны не спешчаныя гарадскія лайдакі з-за мамкінай спадніцы. Так што не абагульняйце, калі ласка.
Самы гідкі правінцыял тэй, хто хоць і нарадзіўся ў Мінску, а ўсё ўважае Беларусь за нейкую расейскую правінцыю. Такія грэбуюць і нашай мовай, і культураю. Ня ведаюць, шкарпэты, што ў Маскве здраднікаў таксама ня надта паважаюць.

Выбар рэдакцыі

Экалогія

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Які інтарэс ў Беларусі ля Паўднёвага полюса

Антарктыка, далёкая і блізкая.

Грамадства

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Да купальнага сезона падрыхтуюць 459 пляжаў

Існуюць строгія патрабаванні да месцаў для купання.

Моладзь

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Вераніка Цубікава: Натхняюся жаданнем дзяліцца

Яе песні займаюць першыя радкі ў музычных чартах краіны, пастаянна гучаць на радыё і тэлебачанні.