Вы тут

Як на школьных уроках вучаць арыентавацца ў медыясвеце?


«Падрастаючае пакаленне атрымлівае сёння інфармацыю пераважна з інтэрнэту, прычым у найбольшай ступені падлеткі схільны давяраць сваім сябрам, а гэта значыць, што яны атрымліваюць той блок навін штодня, які «фрэнды» перапосцілі ў сваёй стужцы ў сацыяльных сетках. Так фарміруецца іх бачанне свету. І гэта стала праблемай для традыцыйных СМІ, — лічыць Ян ЙІРАК, прафесар Інстытута камунікацыі і журналістыкі факультэта сацыяльных навук Карлавага ўніверсітэта. — Звычайна самыя важныя навіны ідуць у інфармацыйным блоку на тэлебачанні першымі, а ў газетах для іх адводзіцца першая паласа. Але што мы назіраем у сацыяльных сетках? Там на першы план выходзіць тое паведамленне, якое часцей за ўсё перапошчваецца. Яно разлятаецца па сеціве і становіцца найбольш важным. Таму даводзіцца канстатаваць, што традыцыйныя СМІ страцілі інструменты ўплыву на аўдыторыю. Ім вельмі праблематычна прыцягнуць увагу да сапраўды важных падзей».


Прафесар Ян Йірак: "Адказваць на пытанні школьнікаў бывае вельмі няпроста..."

Калі «гуру» — відэаблогеры

Ян Йірак — адзін са стваральнікаў канцэпцыі медыяадукацыі ў Чэхіі. Пачынаючы з 2006 года медыяадукацыя ўключана ў абавязковую вучэбную праграму ўсіх базавых школ і гімназій (з трэцяга года навучання). Кожная школа сама вырашае, як яна будзе рэалізоўваць медыяадукацыю: як асобны прадмет або як скразную тэму ў рамках розных прадметаў ці камбінаваць першае і другое.

— Дзеці ў сацыяльных сетках сутыкаюцца, як правіла, толькі з тымі, хто падзяляе іх думкі, і амаль не перасякаюцца з людзьмі, якія маюць іншае меркаванне. Псіхолагі ўжо звярнулі ўвагу на тую акалічнасць, што расце пакаленне людзей, якім складана будзе ісці на кампраміс. Яны выхаваныя на тых пастах у Фэйсбуку, якія са сваімі сябрамі ўзаемна лайкалі, — падкрэслівае прафесар. — Для дзяцей ва ўзросце 10—11 гадоў самыя вялікія аўтарытэты — гэта відэаблогеры на YоuTubе, з якімі яны сябе атаясамліваюць. Увогуле, канцэпцыя медыядукацыі распрацоўвалася ў Чэхіі яшчэ ў пачатку двухтысячных гадоў, да з'яўлення Фэйсбуку і іншых сацыяльных сетак. Але свет імкліва змяніўся. Дзеці сёння не чытаюць газет, а многія не глядзяць і тэлебачанне ці робяць гэта анлайн (зноў-такі ў інтэрнэце). Таму змест медыяадукацыі трэба пастаянна актуалізаваць. Яе задача — сфарміраваць крытычнае стаўленне да ўсіх медыя. Каб яны разумелі, на якіх прынцыпах заснаваны рух той ці іншай інфармацыі ў сацыяльных медыя, як на іх уплывае аўдыякантэнт і відэакантэнт, уздзейнічае рэклама.

Часцей за ўсё элементы медыяадукацыі ўкараняюцца на ўроках чэшскай, замежных моў, гісторыі, сацыяльных навук. Для прыкладу, на ўроках гісторыі педагогі могуць працаваць з картамі, карыкатурамі і... зборнікамі коміксаў, якія могуць сказаць нават больш, чым фота, а высвятленне пазіцыі стваральніка карыкатуры дазваляе вучням убачыць падзеі з розных бакоў, прааналізаваць розныя пункты гледжання, паглыбіцца ў адпаведны кантэкст гістарычнай эпохі. Ёсць школы, дзе ўдалося паспяхова ўключыць медыяадукацыю ў фізіку, геаграфію і выяўленчае мастацтва. Увогуле, як адзначае Ян Йірак, вельмі шмат залежыць ад асобы педагога і яго крэатыўнасці.

«Паедзем у Беларусь?»

У прыватнай гімназіі міжнародных і грамадскіх зносін у Празе галоўным «ідэолагам» і «рухавіком» медыяадукацыі выступае намеснік дырэктара па педагогіцы, настаўнік чэшскай мовы і гісторыі Івана КЛАБАЛАВА-ВЕСЯЛКОВА. Установа адукацыі, у якой яна выкладае, рэалізуе праграму васьмігадовай, шасцігадовай і чатырохгадовай гімназіі. Гімназія фінансуецца як з дзяржаўных датацый, так і са сродкаў бацькоў, але па чэшсіх законах сродкі на аплату працы педагогаў выдзяляе толькі дзяржава. Бацькоўскія грошы на заробкі настаўнікам накіроўваць забараняецца — такім чынам педагогаў страхуюць ад сітуацыі, калі бацькі вучняў могуць заявіць, што плацяць ім заработную плату.

«Мы паедзем у Беларусь?». Урок гісторыі ў прыватнай гімназіі міжнародных і грамадскіх зносін у Празе.

— Наша гімназія не самая дарагая — 45 тысяч крон у год (каля дзвюх тысяч еўра. — Аўт.). Для параўнання, ёсць у горадзе гімназіі, дзе плата даходзіць да 150 тысяч. Да таго ж сродкі можна ўносіць часткамі. А калі ў гімназіі вучыцца некалькі дзяцей з адной сям'і, мы зніжаем для іх плату, — тлумачыць Івана. — Школа для багатых — гэта не пра нас. За што бацькі гатовы плаціць? Мы можам гарантаваць невялікую напаўняльнасць класаў — каля 20 чалавек, а ў звычайных школах у класе можа быць адначасова да 33 вучняў (у Чэхіі фінансаванне школ залежыць ад колькасці навучэнцаў. — Аўт.). Плюс у нас ёсць спецыялізацыя: для вучняў, якія навучаюцца па васьмігадовай праграме, гэта паглыбленае вывучэнне замежных моў. Першая абавязковая — англійская, другая — іспанская ці нямецкая на выбар. А на пятым годзе навучання яны выбіраюць трэцюю мову (рускую ці французскую). Да таго ж з першага года некаторыя лёгкія прадметы, накшталт музыкі, выкладаюцца ў іх адразу на англійскай мове. На трэцім годзе навучання элементы англамоўнага навучання ўводзяцца на ўроках геаграфіі, а ў старшых класах гісторыя і міжнародныя адносіны выкладаюцца ўжо на англійскай мове.

У гімназіі працуе спецыяліст па міжнародных сувязях, які шукае партнёрскія школы ў розных краінах: Германіі, Аўстрыі, Іспаніі, Балгарыі, Кітаі, ЗША. Школы абменьваюцца вучнямі. Гэта могуць быць як кароткатэрміновыя выезды, так і выезды на паўгода ці нават год. Ці варта здзіўляцца, што з'яўленне беларускіх педагогаў у школьным класе дзеці радасна ўспрынялі як сігнал: «Паедзем у Беларусь?!»

Поўнае паглыбленне

— Вядома, мы выконваем рамачную адукацыйную праграму, але разумеем, што ў дадатак павінны даць нашым вучням яшчэ штосьці, — расказвае настаўніца. — У нас дадатковая спецыялізацыя, адобраная міністэрствам адукацыі, — міжнародныя адносіны і РR. Палова педагогаў гімназіі рэалізуюць розныя нетрадыцыйныя методыкі навучання. У нас ёсць настаўнікі замежных моў, якія актыўна выкарыстоўваюць методыку гейміфікацыі. Сутнасць у тым, што вучні іграюць нейкую ролю ў прапанаваным сюжэце, навучанне адбываецца ў форме гульні і суправаджаецца сістэмай узнагарод — дзеці пераходзяць на наступны ўзровень. Напрыклад, вывучэнне тэмы прафесій на ўроках іспанскай мовы адбывалася наступным чынам: усе сталі ўдзельнікамі дэтэктыўнай гісторыі — адбылося злачынства, а падазраваныя — людзі самых розных прафесій. Пакуль гімназісты разбіраліся ў дэтэктыўным сюжэце, паралельна вывучалі лексіку, звязаную з прадстаўнікамі тых ці іншых прафесій і папаўнялі свой слоўнікавы запас.

Сама Івана практыкуе еdulаrр — ролевыя гульні з поўным паглыбленнем у прадмет вывучэння, зваротам да эмоцый і пачуццяў. Напрыклад, для вывучэння падзей Другой сусветнай вайны ў яе падрыхтавана гісторыя, дзе ў кожнага вучня ў класе свая роля. Ёсць там чэшская сям'я і чэшска-яўрэйская: яны спачатку сябруюць, а потым аддаляюцца адна ад адной. З разгортваннем гістарычных падзей кожны павінен рэагаваць на тое, што адбываецца. Пытанне ў тым, як менавіта рэагаваць. Гімназісты аказваюцца перад складаным маральным выбарам: як паступіць у той ці іншай сітуацыі, каб не страціць сваіх «блізкіх», але і не стаць «здраднікам». Гэта спрыяе развіццю эмпатыі — заглыбляе ва ўнутраны свет і эмацыянальны стан іншага чалавека.

Дапаможнік па медыяадукацыі, створаны Янам Йіракам і яго калегамі

Паміж сур'ёзным і бульварным

Да прыходу на цяперашняе месца працы Івана працавала ў гуманітарнай гімназіі, дзе медыяадукацыя выкладалася як асобны прадмет. Але такія выпадкі, хутчэй, выключэнне, часцей медыяадукацыя праходзіць як скразная тэма. У гімназіі міжнародных і грамадскіх зносін акцэнт у медыяадукацыі зроблены на праектнае навучанне: першы гадавы праект рэалізуецца вучнем на першым годзе навучання (па-нашаму гэта шосты клас школы. — Аўт.), апошні — на апошнім. Напрыклад, у першы год ім прапануецца праект «Як разумець медыя?» На працягу навучальнага года яны ў рамках чэшскай, англійскай моў, грамадазнаўства, фізікі, выяўленчага мастацтва працуюць над рознымі задачамі: ствараюць плакат па гісторыі медыя, уласны рэкламны плакат, разбіраюць удзел медыя ў выбарчай кампаніі, асвойваюць стварэнне відэаролікаў і здымаюць свой, выкладваюць яго на відэахостынг, вучацца рабіць рэпартаж, на ўроках замежнай мовы працуюць з замежнымі СМІ. Вынікам з'яўляецца стварэнне газеты: дзелавой і бульварнай.

— Наколькі мы, настаўнікі, можам быць канкурэнтаздольныя ў дачыненні да YоuTubе? Самае правільнае, напэўна, гэта адштурхоўвацца ад вопыту нашых вучняў, — разважае Івана, — прапаноўваць ім тыя крыніцы інфармацыі, якімі яны карыстаюцца, каб падлеткі самі навучыліся аналізаваць праўдзівасць ці непраўдзівасць крыніц, да якіх яны звяртаюцца. Часта мы ўключаем у навучанне методыку крытычнага мыслення.

З улікам спецыфікі гімназіі яе выхаванцы вывучаюць правы і абвязкі грамадзяніна, ствараюць сваю партыю, праводзяць выбары, знаёмяцца з юрыдычнай сістэмай (наведваюць сапраўдны суд), са знешняй палітыкай Чэшскай Рэспублікі (едуць у Вену, у цэнтральны офіс Еўрапейскай камісіі), робяць сімуляцыю пасяджэння ААН. І ўсё гэта праз вывучэнне медыя.

Вынікі праекта «Як разумець медыя?» — створаныя школьнікамі бульварная і сур'ёзная газеты.

На апошнім курсе гімназісты абараняюць свой праект перад камісіяй. Гэта нешта накшталт выпускной работы ў бакалаўрыяце. Тэму яны выбіраюць на аснове здзейсненых праектаў, ім прызначаюць навуковага кіраўніка. Атрымліваецца добрая рэпетыцыя перад дарослымі выпрабаваннямі.

Між іншым, пры паступленні ў гімназію (на чатырохгадовую, шасцігадовую і васьмігадовую праграму) усе прэтэндэнты здаюць экзамены. Два гады таму дзяржава вырашыла ўзяць гэты працэс пад свой кантроль. Таму па матэматыцы і чэшскай мове школьнікі здаюць цяпер дзяржаўны экзамен. А трэці экзамен гімназія, у залежнасці ад уласнай спецыялізацыі, устанаўлівае свой.

— У нашым статуце запісана, што карыстацца мабільным тэлефонам на ўроках забаронена, але асабіста я працую з мабільнымі тэлефонамі на занятках — вучу дзяцей рабіць гэта не толькі для забавы, а з карысцю і сэнсам, — адказвае Івана на пытанні беларускіх настаўнікаў. — Некаторыя педагогі ўстанаўліваюць на смартфоны навучальныя праграмы, а потым выкарыстоўваюць іх на сваіх уроках. Як мы выстройваем стасункі з бацькамі нашых вучняў? Імкнёмся ісці ім насустрач, прыслухоўваемся да іх, але даём зразумець, што мы спецыялісты ў сваёй галіне і робім сваю работу, у якой лепш за нас ніхто не разбіраецца...

Вынік праекта "Як разумець медыя?" — створанае партфоліа

Крыніца інфармацыі — твіты

Адной з самых паспяховых у рэалізацыі медыяадукацыі прафесар Ян Йірак лічыць пражскую гімназію на Затланцэ. Размова ідзе пра чатырохгадовую дзяржаўную гімназію, у якую паступаюць пасля заканчэння базавай школы (у 15 гадоў). Конкурс складае чатыры чалавекі на месца. Як паведамляецца на сайце гімназіі, тут рыхтуюць не толькі да працягу навучання, а да жыцця, таму вучаць, як правільна прадстаўляць сваю работу, ідэю, праект аўдыторыі, як дыскутаваць і весці перамовы, вучаць пошуку і крытычнаму аналізу крыніц інфармацыі, інтэрпрэтаваць тэксты розных відаў, пісаць работу ў адпаведнасці з універсітэцкімі крытэрыямі і патрабаваннямі.

— Ні ў якіх дакументах не прапісана, як павінен рэалізоўвацца медыяадукацыйны складнік. Медыяадукацыя ў нас прысутнічае на розных прадметах, — расказвае настаўніца чэшскай мовы Маркета ПЕЛЬЦОВА. — Нядаўна ў краіне прайшлі парламенцкія выбары, якія далі педагогам багатую глебу для работы на ўроку. Напрыклад, мы разам з вучнямі аналізавалі загалоўкі ў газетах, вывучалі перадвыбарныя праграмы кандыдатаў, «твіты» Андрэя Бабіша (чэшскі бізнесмен, партыя якога выйграла выбарчую гонку. — Аўт.)... Калі ў гімназіі адбіралі кандыдата на пасаду настаўніка чэшскай мовы, перавагу аддалі таму, які пабудаваў свой паказальны ўрок на параўнанні розных відаў медыя. З трэцяга года навучання гімназістам прапануецца спецыялізаваны семінар «Свет медыя», які вядзе журналіст.

У гімназіі выходзіць электронны часопіс «Ластаўка» — ён стаў вынікам сумеснага праекта з прыродазнаўчым факультэтам Карлавага ўніверсітэта і арганізацыяй "Цікавая навука". Мэтай было распрацаваць праграму, якая спросціць вёрстку школьных электронных часопісаў, але разам з тым будзе нагадваць варыянт для прафесійных выданняў. Вялікім плюсам створанай праграмы з'яўляецца магчымасць працаваць анлайн — тады, калі з'яўляюцца вольны час і натхненне. Ад папяровых носьбітаў у гімназіі свядома адмовіліся, таму што падлеткі іх ужо не ўспрымаюць.

Лістападаўскі нумар будзе прысвечаны апошнім выбарам. Так вырашылі вучні, якія самі вызначаюць змест. «Калі падлеткі ў 15 гадоў цікавяцца палітычнай сітуацыяй у краіне, гэта вельмі добра, — дзеліцца сваімі меркавання педагог. — Таксама ў гэтым нумары будзе артыкул, прысвечаны Міжнароднаму дню студэнта, артыкул пра тое, як можна танна вандраваць аўтастопам. Абавязкова будзе рэцэнзія на спектакль. Ёсць у нас дзяўчына, якая выдатна малюе. Хтосьці захапляецца фатаграфіяй. Адна з вучаніц любіць тэатр і піша рэцэнзіі на новыя пастаноўкі. Якія яшчэ тэмы цікавяць падлеткаў? Іх хвалюе адаптацыя пасля базавай школы да патрабаванняў гімназіі, праблемы тайм-менджменту, цікавяць гутаркі з вядомымі людзьмі».

Ніхто перыядычнасць выхаду часопіса не ўстанаўлівае. Галоўны рэдактар, а яго ролю выконвае настаўнік, выдзяляе кожнаму аўтару электронную старонку, на якой той сам вярстае свой артыкул і падбірае ілюстрацыю (калі фота бярэцца з інтэрнэту, абавязкова павінна згадвацца крыніца). Вядома, куратар вучнёўскія тэксты рэдагуе, але без згоды аўтара на ўнесеныя праўкі тэкст не размяшчаецца. Галоўнае — не навязаць сваё меркаванне, а пераканаць юнага «журналіста».

У школьнай газеце гімназісты пішуць пра тое, што ім цікава.

Не шоу і не забава

Адна з самых важных падзей у гімназіі — Дні медыя. У першы дзень з 8.00 да 9.30 праходзяць паралельна чатыры заняткі, на якія запрашаюцца ў якасці гасцей прадстаўнікі СМІ: выдаўцы буйных газет, аўтарытэтныя журналісты друкаваных СМІ, інтэрнэт-выданняў, радыё, тэлебачання, спецыялісты ў рэкламнай галіне, спецыялісты па маркетынгу медыя і нават па фэйк-навінах. Кожны сам выбірае, каго ён хоча паслухаць і каму задаць свае пытанні. Затым іх змяняюць яшчэ чатыры спецыялісты. А школьнікі зноў выбіраюць...

— У нашых навучэнцаў павінна быць поўная карціна медыя — ад бульварнай прэсы да сур'ёзных СМІ. Імкнёмся навучыць іх адрозніваць розныя крыніцы інфармацыі для таго, каб яны паважалі сур'ёзных журналістаў і цанілі іх інфармацыю вышэй, — тлумачыць Маркета. — Мы вельмі доўга выбудоўвалі сетку кантактаў, якая сёння добра працуе. Журналісты, якія прыходзяць у гімназію, не атрымліваюць за гэта грошай, але яны робяць свой важны ўнёсак у медыяадукацыю.

Ян Йірак пастаянны госць гімназіі на Затланцэ. «Я тут сустракаю шмат сваіх сяброў, — смяецца ён. — Але Дні медыя — гэта не шоу і не забава. Дзеці заўсёды сур'ёзна рыхтуюцца да такіх сустрэч. Прызнаюся, што адказваць на пытанні школьнікаў бывае вельмі няпроста, гэта даволі стрэсавае мерапрыемства ...»

Другі дзень прысвячаецца наведванню гімназістамі рэдакцый, прэс-цэнтраў, агенцтваў навін, радыё, тэлебачання, інтэрнэт-выданняў. Апошні раз для наведвання было прапанавана дзесяць месцаў. А трэці дзень адводзіцца на рэфлексію. Гімназісты ацэньваюць эфектыўнасць сваіх сустрэч і выстаўляюць балы. Для педагогаў гэта інфармацыя вельмі карысная пры складанні праграмы наступных Дзён медыя. Магчыма, не ўсім з запрошаных гасцей удалося данесці да вучняў патрэбную інфармацыю.

Надпіс на сцяне ў гімназіі: "Калі даць чалавеку рыбу — ён будзе сыты адзін дзень. А калі навучыць лавіць — ён будзе сыты ўсё астатняе жыццё".

Дарэчы, у першай палове наступнага года школьная інспекцыя плануе правесці маніторныг таго, як медыяадукацыя прадстаўлена ў школах і якімі кампетэнцыямі валодаюць вучні. Падрыхтавана анкета з 30 пытанняў, якія правяраюць, ці могуць школьнікі адрозніць звычайны тэкст ад рэкламы, ці ведаюць маніпуляцыйныя тэхнікі і гэтак далей. Ян Йірак усміхаецца: «Паверце, калі б нам з вамі прапанавалі гэты тэст, над многімі пытаннямі мы моцна задумаліся б...»

Надзея НІКАЛАЕВА

nikalaeva@zviazda.by

Фота аўтара

Мінск — Прага — Мінск

Чытайце таксама: Школьная дэмакратыя па-чэшску

Загаловак у газеце: Паміж «лайкамі» і рэальнасцю

Каментары

Шаноўная Надзея! Дзякуй за актуальны і вельмі цікавы матэрыял. Упэўненая, што ён будзе карысным не толькі настаўнікам, але і шырокай аўдыторыі чытачоў. Аўтар даступнай мовай распавяла пра сучасныя адукацыйныя трэнды! Як выдатна працуюць фота! Дзякуй вялікі Вам за цудоўную журналісцкую работу. З павагай, Алена.
Газета радуе. Раней чытаў гумар-показкі-замалёўкі. А цяпер яшчэ і ўсю адукацыю чытаю. Хаця сам не настаўнік. У вас добрыя журналісты пра адукацыю пішуць. Вельмі цікава пашырыць кругагляд, падоўжыць даўгагляд.
Вельмі каштоўны матэрыял для рэалізацыі медыя праектаў у школах. Таксама многа цікавых ідэй для працы на ўроках і ў пазаўрочнай дзейнасці. Асабліва ўразіла ідэя праводзіць дні медыя, куды запрашаюць вядомых журналістаў, прадстаўнікоў масс-медыя, а вучні загадзя рыхтуюцца да гэтай сустрэчы. Дзякуй, Надзея Нікалаева за карысны артыкул
Цікава, што настаўнікі прыватных школ атрымліваюць заробкі ад дзяржавы, каб бацькі не маглі сказаць "Я табе плачу!" . Можа з гэтага пачынаецца сапраўдная рэформа адукацыі? Калі дзяржава выдзяляе грошы з бюджэту на кожнага вучня і накіроўвае іх у тую ўстанову, дзе яго вучаць: дзяржаўную, прыватную, грамадскую...
Чэшская школа - яскравы прыклад таго, як адукацыя можа рэагаваць на патрэбы грамадства і сучаснасці. Кожная прынятая дзяржавай норма адразу прадугледжвае неабходнасць сваечасовай і паступовай мадэрнізацыіі разам са зменамі сучаснага кантэксту. Заўважце, не шараханне з аднога боку ў іншы. Але ж трэба пагадзіцца са спадаром Йіракам: "...вельмі шмат залежыць ад асобы педагога і яго крэатыўнасці". Найперш, настаўнік павінен пазбавіцца дагматычнага мыслення. Ці здольны на тое кожны стомлены бясконцымі трансфармацыямі педагог? Дзякуй журналісту за выдатны матэрыял, які правакуе да абмеркавання і развагі.
Надзвычай карысны досвед. Дзякуй, Надзея. Як пабываў з Вамі ў Чэхіі -- так добра апісана. МЗ

Выбар рэдакцыі

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».