Вы тут

Монадыялог


Крысціна Бандурына

нарадзілася ў 1992 годзе ў Мазыры, жыве ў Мінску. Скончыла беларускае аддзяленне філфака ГДУ імя Францыска Скарыны (Гомель). Навучаецца ў магістратуры БДУ. Піша тэксты.

МОНАДЫЯЛОГ

***

Чалавек дасканалы.

Аб'ектыўная ісціна.

Пародыя адсутнасці страху,

адсутнасці сэнсу жыцця.

Ніцшэанская мадэль сусвету.

Тое, што ёсць у кожным.

І тое, што кожны з нас

страціў пры нараджэнні.

 

Вось ён — той самы

першародны грэх,

які мы вешаем

на найлепшых з нас.

І тых потым

таксама вешаем

на крыжы.

 

Ісціна ніколі

не будзе аб'ектыўнай,

як і чалавек ніколі

не дасягне свайго — звыш.

Бо ніхто не ведае,

што гэта такое.

 

Але ж мы

пішам пра гэта ў кнігах —

яшчэ ў Самых Першых Кнігах,

якія потым

кладзём на алтары.

І кожнага,

хто саступіць у бок

першароднага граху,

запісваем у нелюдзі.

 

Ніхто не ведае — за што.

Ніхто не ведае — навошта.

Але ёсць кніга

і ёсць крыж.

І аб'ядноўвае іх

адзіны істотны грэх,

за які брат забівае брата:

дасканаласць.

 

Монадыялог

«У мяне шмат шрамаў.

Мабыць, таму мяне і не любяць», —

сказала яна, адводзячы вочы

некуды за маё плячо.

«Я цяжка хварэла, і ўсе мае хваробы

згрызалі мяне знутры

і пакідалі

мярзотныя шрамы на скуры».

 

«Не трэба», — сказала яна мне,

калі я паспрабавала

дакрануцца да аднаго з іх.

«Не трэба. Бо пасля

ты сыдзеш ад мяне,

як і ўсе тыя, хто быў тут

да цябе.

 

Іх усіх вабіла мая незвычайнасць,

яны намагаліся зазірнуць мне ў вочы.

Быццам толькі гэтым вымяраецца

глыбіня задавальнення.

А калі ім станавілася мала,

яны вывучалі кожны мой шрамік,

з асаблівай пяшчотай

надзяляючы ўвагай

самыя выродлівыя з іх.

 

Яны даставалі з мяне ўсё да апошняга:

кожную дэталь марознага вечара

і кожную маўклівую раніцу,

кожную кроплю віны ў крыві

і кожны след на маёй скуры,

які заставаўся ад іх дотыкаў.

 

Яны сыходзілі, пакідаючы мне

разварушанае асінае гняздо думак

і новыя шрамы…

 

Сыдзеш і ты.

А таму — не трэба».

 

Мы стаялі маўклівыя,

зняважаныя нябачнымі «чужымі»,

нешчаслівыя ад няўмольнасці

дыстанцыі паміж намі.

Яна бязгучна варушыла вуснамі,

ашалелым позіркам

развітваючыся са мною.

 

Нас раздзяляла

бездакорна прамая адсутнасць

колеру амальгамы.

 

Горад клаўся спаць.

Згасала святло ў маім пакоі.

Мы з ёю знікалі разам,

амаль адначасова.

 

І пакуль я растваралася ў цемры,

усе яе шрамы

нылі ў маім целе

наноў перажытым болем.

 

***

Нацятая, як струна,

Яна ляжала

Пад саванам сваіх думак

Ніяк не магла

Сагрэцца

Пацэліць у скроню

Заглушыць стогны клавіш

Унутры

Яе

Амаль не было

У гэтым пакоі

У гэтай абалонцы

У ёй

Самой

Дзесьці гучна грымелі

Чужыя думкі

Якія

Не яе

Рукі

Прывялі

Ў яе

Сны

Калі дакранешся

Да яе

Скуры

Яна адгукнецца

Адным з тысяч гукаў

Свайго адчаю

Сваёй мары

Сваёй бессэнсоўнасці

І знікне

 

***

Яна ляжала сярод гурбаў снегу,

шалупіння ад семак і недапалкаў.

Празрыстыя вочы крышталікамі вады

капалі ў брудную калюжыну

побач з магістраллю.

 

Вар’яцкая ўсмешка на яе вуснах

не давала спакою лупатым святлафорам —

яны заходзіліся ад абурэння

і ў нервовым ціку блыталі колеры.

 

Ад незадаволенага гулу машын

дрыжэла магістраль,

а галовы людзей у салонах

смешна і брыдка разяўлялі раты

і зноў закрывалі, адварочваліся

і праплывалі міма.

 

Птушкі клявалі яе рукі,

вецер шматаў валасы

і крычаў ёй у твар:

«Ты нежывая! Цябе няма!»

А яна ляжала і ўсміхалася,

і брудная калюжына

напівалася яе слязьмі.

 

Яна пражыла ўсе свае

дзесяць пальчыкаў

і не ведала, што будзе потым,

бо цішыня ў яе вушах

услых лічыць не ўмела.

 

Магістраль дрыжэла.

Святлафоры біліся ў істэрыцы.

Маленькая чужынка

з празрыстымі вачыма

ўсміхалася людзям.

 

Мігрэнь

Нас амаль не білі.

Прымушалі распранацца

і стаяць голымі

на халоднай начной зямлі.

 

У кожнага была свая гісторыя.

Мы слухалі іх,

чакаючы чарговай хвалі

выканання прысуду.

 

Прысуд выконвалі двое.

Дакладней, гэта яны зачынялі

цяжкія металічныя дзверы

той вялізнай газавай камеры.

 

Яе асветленае

самотнымі лямпамі

памяшканне

нагадвала гіганцкую пашчу,

якая ўсё ніяк не магла

нажэрціся нашым енкам.

 

Дзверы зачынялі двое,

але хто там далей

націскаў на ўсе гэтыя рычажкі,

хто выключаў нам святло,

падаваў газ

і выносіў адтуль

мёртвыя целы,

сапраўды ведаў

адзін толькі чорт.

 

Пасля таго, як дзверы

адкрываліся зноў,

нас ужо не было.

Мы раствараліся

ў патоках газу.

 

Побач са мною

плакаў маленькі хлопчык,

маці якога

разам з іншымі

знікла за тымі дзвярыма.

 

Дзве маладыя дзяўчыны

з бялюткай скурай

сядзелі на голай зямлі,

трымаліся за рукі

і глядзелі ў вочы адна адной.

 

Поўныя маўклівых слёз,

здавалася, яны вырасталі

з таго месца,

дзе счапіліся іх пальцы,

і пакутліва чакалі,

пакуль хтосьці паспрабуе

аддзяліць іх карані.

 

Весела шчабятала

купка малютак,

у цэнтры якой

лысы мужчына,

па-заліхвацку смеючыся,

расказваў дзецям

пра барона Мюнхгаўзена,

а двое немаўлят на яго руках

тым часам

з відавочнай асалодай

цягалі яго за бараду.

 

І толькі ў адным месцы

нашых пакуль яшчэ

жывых могілак

было ціха.

 

Там сядзела

старая яўрэйская жанчына,

якая, не міргаючы,

глядзела то на зачыненыя дзверы,

то пераводзіла позірк на дзяцей

і ледзь прыкметна

варушыла вуснамі.

 

Пачуўся брэх сабак.

Сцішыліся дзеці.

Газавая камера

разявіла сваю пашчу.

 

Ад халоднага жалеза аўтаматаў

працінала агідай і жахам

нашы спіны.

Людзі, як пясчынкі,

знікалі ў фальшывай ветлівасці

святла камерных лямп.

 

Калі за апошнім з нас

зачыніліся клятыя дзверы,

адзіным, што мы ўбачылі,

былі маленькія ручкі,

што абдымалі шыю

таго самага

лысага

«барона Мюнхгаўзена».

 

Нас не стала.

І мы былі не апошнія.

.

Каментары

Так!Я не зразумела...Чаму так мала вершаў на сайце?) Я ж ведаю, што гэта зусім не ўсё :)

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».