Вы тут

Мірча Кэртэрэску. Жанчына на адно жыццё


Мірча Кэртэрэску нарадзіўся 1 чэрвеня 1956 г. у Бухарэсце (Румынія). Паэт, празаік, эсэіст. Адзін з самых знакамітых сучасных румынскіх пісьменнікаў. Скончыў філалагічны факультэт бухарэсцкага універсітэта (1980). Выкладаў мову і літаратуру, працаваў у Саюзе пісьменнікаў, выдаваў часопіс «Крытычныя лісткі». У 1994 г. быў запрошаным прафесарам у Амстэрдамскі універсітэт. У 1999 г. абараніў дысертацыю аб постмадэрнізме ў румынскай літаратуры. Перакладаў замежную паэзію. Еўрапейскаму чытачу вядомы яго раман «Травесці».

Аўтар кніг паэзіі «Фары, вітрыны, фотаздымкі» (1980), «Вершы пра каханне» (1982), «Усё» (1984), «Левант» (1990), «Каханне» (1994), «50 санетаў» (2003), прозы — «Сон» (1989), «Травесці» (1994), «Дзённік 1990—1996» (2001), «Энцыклапедыя драконаў» (2002) і інш.


Мірча Кэртэрэску. Жанчына на адно жыццё

Ірыскі

Упэўнены, што і ў цябе, дарагая чытачка, колькі разоў у жыцці было адчуванне, якое, як і шмат іншых такога кшталту, павінна застацца без наймення і якое недарэчна і таўталагічна называюць jà vu. Бо тады, калі ты перажываеш нешта падобнае, цябе не здзіўляе ўяўная паўтаральнасць пэўнага эпізоду з твайго жыцця (насамрэч усё наша жыццё складаецца з доўгага ланцуга паўтораў: колькі тысяч гузікаў мы зашпільваем і расшпільваем за год? колькі падобных імпрэз арганізуем, з усё тымі ж двума-трыма знаёмымі, з абгаворваннем адсутных? варта было б, хутчэй, назваць jà vu кожную хвіліну, якую мы пражываем), а здзіўляе хваляванне, якое ў табе нараджаецца, моцнае зачараванне, якому, невядома чаму, ты паддаешся ў падобнай сітуацыі. Сядзіш ты неяк днём перад тэлевізарам, маркотная і абыякавая, глядзіш якую-небудзь мала цікавую праграму і раптам — азарэнне: гэй, гэту хвіліну ты ўжо некалі пражывала! Бясспрэчна, твая праўда, так і было! Але ты не ведаеш, што такога здарылася перад гэтым і не ў стане нават цвяроза мысліць, бо цябе агортвае свайго роду шчасце, у якім  прыступ страху змяшаны з невыноснай тугой: «Так, менавіта так гэта было тады!» — паўтараеш ты няўцешна, і толькі калі гэта ўзрушэнне знікне, нібыта корак, што плавае на вадзе, на хвілю ўзнімаецца на грэбень хвалі і зноў падае ў глыб, ты пачынаеш задаваць сабе пытанне, што такога ты ўбачыла па тэлевізары, што справакавала буру ў памяці. Не знойдзеш адказу, як бы доўга ты не шукала. Можа быць, ты запомніла фразу або нейкі вобраз, але яны ўжо не прыводзяць да пачуццёвай і аргазмічнай разрадкі. Таксама ты не здолееш узгадаць, у які момант мінулага ты перанеслася: забылася — так губляецца змест сну праз некалькі секунд пасля абуджэння. Застаецца толькі адчуванне, што ты зведала нешта неверагодна каштоўнае, што на долю секунды ты літаральна перанеслася ў цела дзяўчынкі, якой некалі была, альбо яшчэ далей, праз атавістычную памяць, у цела тваёй маці, тваёй бабулі, кельцкай жанчыны, раксаланскай або сармацкай, якая была тваёй прапрапра…прабабкай у даўнія часы. Думаю, і ты збірала такія ўражанні, жывучы надзеяй, што аднойчы адшукаеш іх таемны сэнс.

Што ж да маёй асобы, то, акрамя іншых дзівацтваў майго розуму, я часам думаю, якім жа каштоўным быў бы я прадметам даследавання для якога-небудзь псіхолага, нават для псіхіятра, але я не збіраюся танна прадаваць сваю скуру — адчуванні, што вызначаюцца як jà vu, суправаджалі мяне ў жыцці пастаянна, аднак, на шчасце, не настолькі часта, каб я перастаў звяртаць на іх ўвагу. Пачалі яны з’яўляцца ў падлеткавым узросце (калі, уласна, усё і пачынаецца), у гэтым нечаканым пачуцці ап’янення, растварэння ў настальгіі, якое я спазнаў адным асеннім днём, проста ідучы па вуліцы ў школу. Я мінаў жанчыну, якая ішла ў супрацьлеглым накірунку і пахла… асаблівай парфумай, пах быў салодкі і злёгку мятны, які асацыяваўся хутчэй з пахам кандытарскай, чым з дамскімі духамі. Жанчына была ў ружовым касцюме. Той пах, які не зблытаеш ні з чым іншым, застаўся ў маёй памяці, як і вобраз жанчыны, я, уласна, яе вельмі добра ведаў! Калі я, аслупянелы, аглядваўся на постаць, якая аддалялася, яе пах усё яшчэ далятаў да мяне, даводзячы да новай хвалі замілавання. Думаю, што гэта безназоўнае адчуванне вельмі блізкае да глыбокай пакуты ад неўзаемнага або страчанага кахання. Ледзь прымусіў сябе рушыць далей у школу. Мяне агарнуў страх: я, часам, не вар’яцею? Калі я думаў пра гэты пах, калі ён надакучліва ўсплываў у маёй памяці, я адчуваў, што да мяне набліжаецца тая хваля, гатовая пазбавіць мяне розуму.

За наступныя дзесяць гадоў я  адчуў той пах у розных месцах, можа, сем, можа, восем разоў. Ён працінаў мой мозг наскрозь. Да гэтага часу не ведаю, як перажыў, калі, яшчэ студэнтам, праехаў у ліфце з жанчынай, якая насіла на сабе гэты водар. Калі яна выйшла, я затрымаў ліфт паміж паверхамі, расцягнуўся на падлозе і ляжаў так, можа, гадзіну, глыбока ўдыхаючы гэты салодкі водар, спрабуючы зразумець, дзе ў маім далёкім мінулым я быў збіты з ног і агаломшаны з такой жа магутнай сілай. Гэты пах я ўлоўліваў яшчэ ў буйных агламерацыях, крамах, у тралейбусах, хутчэй у асяроддзі простых людзей, чым заможных. Гэта магла быць бог ведае якая танная туалетная вада з тых, якія раней прадавалі ў бутэлечках у выглядзе аўтамабіляў… Кожны раз у мяне было жаданне пабегчы за дзяўчынай, якая пахла так велічна і прыцягальна, схапіць яе за руку і спытаць: «Адкуль я цябе ведаю?», «Якой парфумай ты карыстаешся?» альбо «Выйдзеш за мяне?» Задаць пытанні, якія мне здаваліся, пры ўсёй маёй схільнасці да экзальтацыі, абсалютна раўнацэннымі. Аднак я ніколі гэтага не зрабіў аж да дня, калі было ўжо надта позна. І зусім не таму, што я прагнуў, каб усё засталося як у творах Матэіу Карагіале, «пад заслонай тайны» — цалкам наадварот, дзіўны панадпрасторавы ўспамін містычнай краіны, у якой пастаянна ўсплываў той водар, мучыў мяне, як Мёльнэ Алэна-Фурнье, а таму, што я нястомна спрабаваў з замілаваннем паглынаць як мага больш з таго раптоўнага выбуху звышшчаслівай пакуты, у хвалях якога існаванне нейкай там жанчыны, якая імгненна губляецца ў натоўпе, не мела вялікага значэння. Адзіны раз у мяне было падманнае адчуванне, што нарэшце я дабраўся да берага далёкай краіны. Была вясна, я стаяў на мосце з бетоннай балюстрадай, якая імітавала аплеценыя плюшчом ствалы дрэў у парку Чышміджыу, і назіраў за лодкамі, якія праплывалі пада мной. Пах напаткаў мяне неспадзявана і зноў выклікаў ува мне буру эмоцый. Перш чым я звярнуў, праязджаючы па мосце на роліках, і зрабіў гэтым уражанне на дзяўчат, я думаў, што нарэшце знайшоў гэты вобраз! Я выклікаў яго ў памяці і думаў, што сканаю ад тугі: перад маімі вачыма паўстаў прылавак з шакаладкамі, загорнутымі ў бліскучую фольгу, залатых, чырвоных, зялёных, цёмна-фіялетавых, у форме зорачак і маленькіх квадрацікаў. За прылаўкам стаяла жанчына (апранутая ў ружовае), і было там яшчэ нешта, самае загадкавае — цень, велізарны цень, які падаў на вітрыну. Усё гэта доўжылася не больш за імгненне, усё расплылося па найдалікатнейшых кутках маёй памяці. Гэта, аднак, не было ўяўным, а нечым жывым, імгненнем, якое я перажыў даўно і якое цудам пранікла ў рэальнасць… Як бы ні стараўся, у мяне не атрымалася лакалізаваць у памяці гэту цудоўную карціну. Можа быць, падумаў я, яна з’яўлялася да мяне ў сне…

Пасля гэтага ў мяне некалькі гадоў не былоjà vu. Я, аднак, не шкадую; я спазнаў іншыя адчуванні, нават яшчэ больш фантастычныя. У той перыяд да мяне з’яўляліся «госці». Я адкрываў вочы пасярод ночы і бачыў іх: мужчыну або жанчыну, якія сядзелі ля мяне на ложку і назіралі, як я сплю. Я мог бы іх намаляваць, так дакладна яны адбіліся ў маёй памяці. Але яны — гэта ўжо зусім іншая гісторыя. Пэўна тое, што ў нейкі момант, у перыяд неапісальнага хаосу ў маім жыцці, каля я легкадумна мяняў жанчын, не ведаючы насамрэч, чаго я хачу і хто я, пазнаёміўся… з жанчынай у росквіце гадоў, старэйшай за мяне. Мне страшна падабаюцца сталыя жанчыны, якія часта ствараюць уражанне сур’ёзных, недаступных, надта заблытаных у путы свайго жыцця, якія, аднак, калі рашацца вызваліцца ад пут, становяцца найсаладзейшымі, самымі пачуццёвымі каханкамі, якія толькі могуць існаваць. Менавіта такая цудоўная жанчына прыйшла да мяне адным зімовым вечарам. Нейкі час мы размаўлялі за келіхам віна, думаючы на самай справе пра тое, што павінна было адбыцца, потым падзеі разгортваліся па звычайным сцэнарыі, набліжаючыся да відавочнага фіналу. Мы збіраліся разам правеці ноч, якая павінна была стаць, мы былі больш чым упэўненыя ў гэтым, непаўторнай. Мы не чакалі адно ад аднаго звышнатуральнага. Аднак у ложку я з хваляваннем выявіў, што пад моцным водарам французскай парфумы, якой яна папырскалася гэтым вечарам, яе цёплая і мяккая скура пахла тым… Праўда, я адчуваў яго даволі слаба, але гэта быў дакладна той пах. Я сцягнуў ружовыя карункі, якімі былі спавіты яе інтымныя месцы, але думкамі блукаў недзе ў іншым месцы. Яе пругкае і поўнае жыццёвай сілы цела, за якое ў любой іншай сітуацыі я аддаў бы ўсё, ужо не прыцягвала мяне, нібыта мы належалі да розных відаў істот. Гэта было дзіўна, але разам з тым і надзвычайна цудоўна. Мне яшчэ не даводзілася быць цалкам абыякавым ля жанчыны, але я не адчуваў ніякага сораму або віны. Мы заснулі адно побач з другім нявінныя, як Трыстан і Ізольда, а ў сне, які мне з’явіўся на золку, я дасягнуў нарэшце той далёкай краіны.

Мама была велізарная. Мне было, можа, тры гадкі, магчыма, нават менш. Трамвай, на якім мы ехалі да цёткі, рухаўся з ляскатам. Спіна вагонаважатага ў прапацелай кашулі выглядала, як надзьмуты парус карабля. Выйшлі мы ля круглай плошчы на друз побач са статуяй. Статуя, што стаіць на плошчы, акружанай дзіўнымі збудаваннямі, поўнымі гаргон і гіпсавых атласаў, была каласальная і, нібыта гноман, кідала цень на вітрыннае акно кандытарскай. Мы наблізіліся да дзвярэй са званочкам. На вітрыне ляжалі шакаладкі, абгорнутыя ў каляровую фольгу. Мама зайшла «толькі на хвілінку», я ж павінен быў чакаць на вуліцы. Аблокі разрываў шлем статуі. Наш трамвай ад’ехаў, і плошча зараз была пустая, толькі блішчалі рэйкі, якія перасякалі яе ўзроўж. Паміж чужымі фасадамі запанаваў бязмежны спакой. А мама ўсё не выходзіла з кандытарскай. Я згубіў яе, павінен быў назаўсёды застацца там, на плошчы з велізарнай статуяй пасярэдзіне. Я пачаў крычаць з усіх сіл, але тады дзверы адчыніліся і я заўважыў ружовую манжэту маёй мамы. Мяне агарнула хваля любові, як ніколі раней. Мама, яе каштанавыя локаны, яе даліканты твар, яе шыя, яе рукі! Я сутаргава ўчапіўся ў яе клуб, смеючыся скрозь слёзы, і якраз тады адчуў гэты водар. Салодкі пах, злёгку мятны, які ўжо назаўсёды павінен быў застацца ў маёй памяці. Мама трымала ў руцэ сумачку з зубчастымі краямі. «Паглядзі, што я табе купіла!» Унутры былі ружовыя цукеркі, круглыя, лёгкія, сфармаваныя з цягучай салодкай масы. «Гэта ірыскі», — дадала мама. Гэта яны так пахлі, сваім водарам яны запаўнялі ўсю плошчу, настолькі, што статуя стала ледзь бачная, як у тумане.

І якраз тады, у сне, мой розум узарваўся зноў, і я пачаў плакаць ад шчасця ці ад няшчасця, і плакаў да таго, пакуль мая сяброўка, здзіўленая, не абудзіла мяне, выціраючы мне слёзы.

 

Папяровы д’ябал

 

У Віктара і Інгрыд быў агульны сакрэт — так, па меншай меры, думаў Віктар. Для яго выпадак, які так моцна і дзіўна звязаў яго з Інгрыд, адбыўся нібыта ў сне або ў іншым жыцці. Некалі ён усім сэрцам спадзяваўся, што дзяўчына, якую ён кахаў, даўно пра ўсё забылася. Часам яму хацелася, каб яе, як і яго, хвалявалі ўспаміны, каб паміж імі існавала сувязь, нават пакутлівая і невымоўная. Заўсёды, калі ён праводзіў Інгрыд дадому позна вечарам, пасля заняткаў, і тады, калі яны размаўлялі пра ўсё, гледзячы на палаючае ў заходзячым сонцы неба, і калі іх вочы сустракаліся, Віктар спрабаваў угадаць па іх выразе, як шмат яна ведае, колькі ўспамінае, а перш за ўсё, наколькі яе гэта цікавіць. Яны хадзілі па вуліцах са старымі жоўтымі будынкамі, нераўнамерна пакрытымі шумным друзам. Ці спрабавала дзяўчына вывучыць яго так, як ён яе, ці задавала таксама сабе гэта пытанне: ці памятае ён яшчэ? Ці мела яна таксама ў глыбіні свядомасці сакрэтны пакой, цалкам падобны да пакоя Віктара? Ці наведвала яна яго штоноч так, як рабіў гэта ён перад сном? Віктар цешыўся вар’яцкай надзеяй і адначасова адчайна баяўся, што аднойчы ноччу два гэтыя пакоі, адзіныя ідэнтычныя прасторы, складзеныя з замкаў, створаных іх розумамі, сальюцца ў адзін, дзе двое зноў спаткаюцца і будуць, як і раней, глядзець адно на аднаго, як тады.

Жылі яны (а было гэта так даўно, што, здаецца, нібыта ў сне або ў іншым жыцці) у малым асабняку ў найпрыгажэйшым раёне горада. Нейкая групка дзяцей пастаянна гуляла ў паўзмроку на лесвічнай клетцы будынка. Святло, якое пранікала ўнутр, адбівалася ад пакрытых алейнай фарбай сцен і, рассеянае, разлівалася па іх тварах і па тварыках кардонных лялек. Віктар і Інгрыд былі аднагодкамі, ім было амаль па пяць гадоў у дзень, калі, перарываючы якуюсь там гульню, яна ўзяла яго за руку і пацягнула за сабой уверх, па велізарных прыступках. Хлопчык вельмі рэдка ўзнімаўся на другі паверх, пляцоўка якога здавалася такой далёкай і небяспечнай. Па яго меркаванні, там быў адзін з туманных канцоў свету. А цяпер Інгрыд цягнула яго за сабой, хіхікаючы і цяжка дыхаючы, яшчэ вышэй, на трэці паверх, неверагодны і нязведаны, пра які ён чуў толькі легенды. У Інгрыд былі коскі, завязаныя блакітнай шаўковай стужкай, апранута яна была ў белую сукеначку, а ногі — у басаножках, патрэсканых і пыльных, з-пад спражак якіх віднеліся шкарпэткі з нечым падобным да парсючка. «Ну, хадзі, — сказала яна, — уф, што ты ўпіраешся!»

Краіна цемры і шаленства! Акенцы ў даху кідалі доўгія палосы святла на апусцелую пляцоўку. Цішыня давіла на вушы. Зачырванелая Інгрыд смяялася. «Зараз пагуляем у доктара, але нікому пра гэта не гавары», — прамовіла яна хлопцу, які разглядваў велізарныя дзверы, за якімі жылі людзі, і газамер з незразумелым цыферблатам. Дзяўчынка сцягнула трусікі і, падняўшы сукенку аж да пупка, легла на драўляную зялёную лавачку, а ён разглядваў яе пурпуровае нутро. Яна нахіліла яго, каб і ён лёг на лаўку са спушчанымі споднікамі, сама ж закрыла твар рукамі, паглядваючы на яго гладзенькі кранік. Потым яны спусціліся ў населены свет, і ўсё спавілі час, маўчанне і адлегласць.

Цяпер яны вучыліся ў адным ліцэі, час ад часу разам вярталіся дадому, таму што зноў жылі ў адным раёне, аднак, цалкам іншым, чым той, дзе правялі дзяцінства. Ім было па шаснаццаць гадоў, яна была крыху вышэйшая за яго і нашмат прыгажэйшая. Яна ніколі не падавала выгляду, што пазнала ў гэтым шчуплым і чарнявым падлетку хлопчыка з той занепадаючай вілы. Яны зблізіліся, таму што абодва бралі томікі паэзіі ў мясцовай бібліятэцы, якая насіла імя забытага пісьменніка. У перапынках паміж заняткамі, калі яго аднакашнікі размаўлялі пра музыку і футбол, Віктар стаяў на краі пясочніцы, каб скочыць удалячынь, з томікам вершаў у руцэ і чытаў да той пары, калі трэба было вяртацца на заняткі. Аднойчы Інгрыд села ля яго, і яны чыталі разам. Потым яны чыталі ў парку і некалькі разоў у яе дома, у доме, поўным фарфору і цётак. Для ўсіх (але асабліва для Віктара) было вялікай загадкай, чаму самая прыгожая дзяўчына ў ліцэі дазваляе сябе праводзіць дадому нейкаму нязграбнаму слабаку. Аднойчы вечарам, калі Інгрыд расказвала яму апошнія плёткі свайго класа, Віктар пачаў складваць у некалькі разоў, блукаючы недзе ў думках, аркуш паперы, поўны нейкіх каракуляў, які знайшоў на яе рабочым стале. Дзяўчына перастала расказваць, каб сачыць позіркам за яго пальцамі, якія складвалі аркуш па дыяганалі, загіналі рогі, разгладжвалі паверхню з магічным спрытам якога-небудзь шамана альбо насякомага. «Робіш самалёцік?» — спытала дзяўчына, але праз момант ужо было зразумела, што гэта складаная канструкцыя з паперы — нешта зусім іншае, штосьці амаль жывое, быццам плод, створаны з напластаваных зародкавых лісткоў. «Што гэта?» — дапытвалася Інгрыд, гледзячы на маленькі скрутак, які Віктар зараз трымаў у пальцах за два канцы, як за нейкія ножкі. Ён усміхнуўся і, набраўшы ў лёгкія паветра, дзьмухнуў з усіх сіл у адтуліну на канцы дзіўнага камяка паперы, і ён раптам расшырыўся, паказваючы твар чорта, выпацканы чарнілам, са спічастымі рагамі і насмешлівымі вуснамі, з якіх высоўваўся язык, як вастрыё брытвы. Інгрыд упала на ложак, смеючыся да слёз, яе цела дрыжала ад вар’яцкай радасці. З той пары ён кожны дзень рабіў для яе якога-небудзь чорціка з паперы, а потым на перапынку, па дарозе дадому, у яе пакоі або нават у кіно, куды яны выбраліся два разы, рэзка надзімаў яго да яе заўсёды аднолькава вялікай радасці. Гэты былі чорцікі розных памераў, ад маленькіх, як блыха, да вялікіх, як галава дзіцяці з дзёрзкімі рагамі велічынёй з кухонны нож. На кожным кавалку паперы, стараючыся, каб пасланне заставалася ўнутры, калі фігурка напаўняецца паветрам, Віктар прыгожа выводзіў: «Інгрыд, я цябе кахаю».

Набліжалася зіма, суровая і цяжкая зіма, такая, калі снег без канца. У пяць наставала настальгічнае змярканне, ярка-сіняе і далікатнае. У адзін з такіх вечароў, калі за акном моцна сыпаў снег, Інгрыд раптам спыніла гаворку. Яны даволі доўга маўчалі, потым дзяўчына легла на ложак, падняла сукенку і сказала Віктару: «Хадзі». І Віктар, засаромлены, як і тады, зноў убачыў пурпуровае святло, якое пранікала праз тонкую шчыліну дзявочага цела, як быццам усё яго нутро было з расплаўленага пурпуру. «Памятаеш?» — прашаптала Інгрыд. «Цяпер я хачу ўбачыць». Дзясяткі папяровых чорцікаў, пранізаных слабым святлом начніка, хціва пазіралі з этажэркі, дзе яны былі расстаўлены па росце, на голыя целы, якія абдымаліся на прасцінах.

З гэтага часу Віктар і Інгрыд былі «афіцыйна» разам. На перапынках яны сустракаліся ў калідоры ля батарэі і трымаліся за рукі, не зважаючы на тое, што скажуць іншыя. Па дарозе дадому разам супрацьстаялі буры. Шукалі пляцоўкі, абароненыя ад ветру, дзе ў святле якога-небудзь ліхтара ціха падаў снег. Яны палка цалаваліся, абапершыся на фасад якога-небудзь старога дома, заходзілі ў замеценыя пад’езды, расшпільвалі тоўстыя паліто ў жаданні зноў адчуць цяпло скуры, па якой іх пальцы, якія праслізгвалі пад адзенне, так сумавалі, інтымнасць, вільготнасць і слодыч іх юных цел. Цэлую зіму ў іх не было магчымасці кахацца: цёткі (як і фарфор), здавалася, прымнажаліся ў доме Інгрыд з тыдня ў тыдзень.

Падчас канікулаў Інгрыд паехала ў зімовы лагер у горы. Віктар атрымаў ад яе адзін ліст, высланы ў першы дзень. Яна ўжо выйшла на схіл і апісвала снег, распылены ў сонцы, падчас аднаго бурнага спуску. У яе быў цудоўны інструктар, сапраўдны чэмпіён, і сімпатычныя сяброўкі. У канцы яна слала пацалункі і запэўнівала, што не можа дачакацца хвіліны, калі яны зноў убачацца. Ён ніколі не ездзіў на лыжах. Таксама ніколі не танцаваў. Ён не ўяўляў сабе будучыні з Інгрыд. Але без яе таксама не ўяўляў. Думаючы пра гэта, ён механічна сагнуў ліст, спачатку па адной дыяганалі, потым па другой, зноў сагнуў, яшчэ і, дзьмухнуўшы адзін раз, ён напоўніў спісанага з усіх бакоў чорціка паветрам, а той насмешліва вышчарыўся на яго.

Прайшло некалькі дзён, тыдзень з дня, калі яна павінна была вярнуцца з лагера. Віктару не пазваніла ні разу. Нарэшце, пазваніў ён, адказала цётка. Дзяўчына ўжо даўно была ў горадзе, а зараз яна ў кіно. З гэтага часу хлопец не выносіў вечароў. Калі пачынала цямнець, ён падыходзіў да акна, прыклейваўся лбом да шыбы і глядзеў на жоўтае зімовае змярканне, аж задыхацца пачынаў ад роспачы. Тады выходзіў і бадзяўся па незнаёмых раёнах. Бывала, заходзіў так далёка, што дамы станавіліся ўсё больш незнаёмымі — аздоба з гіпсу на патрэсканых сценах, што выглядалі так, нібыта збіраліся абваліцца, вокны, заклееныя пажоўклымі газетамі — а ён сябе адчуваў, быццам у іншым жыцці альбо ў сне. Адным вечарам дайшоў да раёна, у якім правёў дзяцінства. Ён адразу пазнаў стары асабняк і ўвайшоў у яго цень. Якое ж ледзяное было ўнутры паветра! Цень быў надта густы/яўны, на сценах адбівалася рассеянае святло. Віктар павольна ўзняўся па лесвічнай клетцы, закручанай вакол велізарнага калідора. Яго агарнула даўняя роспач і страх. Другі паверх зноў яму падаўся канцом свету. З намаганнем, якое яму шмат каштавала, ён, аднак, узнімаўся далей, пакуль не спыніўся на пляцоўцы трэцяга паверха, дзе ўсё засталося без змен, без змен! Дзверы кватэр падаваліся такімі ж магутнымі, як і тады. Газамер быў на сваім месцы, як і лавачка, на якую ён сеў і знерухомеў. «Інгрыд», — прамовіў ён урэшце, нібыта гэта было адзінае слова, якое калі-небудзь гучала на гэтай пляцоўцы, у гэтым свеце.

Пачаліся заняткі, і Віктар зноў убачыў Інгрыд. Яна была прыгожая і шчаслівая. Кожны вечар пасля заняткаў яе чакала аўто. Малады мужчына адчыняў ёй дзверы, яна сядала і патанала ў сядзенні. Потым машына раставала ў начы. Інгрыд трымалася з Віктарам па-сяброўску, фамільярна, нібыта яны заўсёды былі толькі сябрамі, добрымі прыяцелямі. Бывала, яны сустракаліся на калідорах, абменьваліся парай слоў… «Памятаеш?» — хацеў ён запытацца ў яе, але яна трымалася так, нібыта зноў забылася пра ўсё, пра што ён не забываўся ніколі.

Усё ішло сваім парадкам, набліжалася вясна. Віктар змераў уздоўж і ўпоперак дзіўныя краіны роспачы. Пісаў вельмі доўгія вершы і мерз на пустых вуліцах. Ён не мог зразумець, як яму ўдалося перажыць зіму. Аднойчы, нешта шукаючы ў бацькоўскай шафе з бялізнай, на дне ён знайшоў дзіўны пакунак. Гэта быў ужываны папяровы пакецік, у якім бацькі захоўвалі ўсе яго малочныя зубы, прыемныя на дотык і бліскучыя, як жамчужная маса. Ён успамінаў, як яны хісталіся і як ён вырываў іх па чарзе, прывязаныя ніткай да клямкі дзвярэй. Тата з трэскам зачыняў дзверы, а зуб заставаўся на вяровачцы, крышку заплямліваючы яго крывёй. Віктар настальгічна памацаў зубы, бліскучыя костачкі. Дакрануўся да іх языком. Яны былі салодкія і цёпленькія. Некалі яны былі часткай яго цела.

Раптам пазваніла Інгрыд, упершыню за некалькі месяцаў. «Прыходзь да мяне. Трэба пагаварыць», — гэта ўсё, нічога болей не сказала. Яна паклала трубку, нават не развітаўшыся. Віктар выйшаў ледзь не ў той жа момант. На вуліцы было мокра. У маўклівым доме дзяўчыны не спалі толькі цёткі і сувеніры. На століку не было ніводнага папяровага чорціка. Інгрыд сядзела на ложку, з яе твару зніклі трыумф і шчасце з зімняй пары. Мужчына, якога яна кахала, кінуў яе, і Інгрыд цяпер насіла ў глыбіні пурпуру свайго цела букецік зародкавых лісцікаў, складзеных па-майстэрску. Больш яна нічога не магла сказаць. Твар яе быў заліты слязьмі. «Хадзі!» — істэрычна паклікала яна, расшпільваючы блузку дрыжачымі пальцамі. «Што мне ён? Хто ён такі, каб ім цікавіцца?» Віктар падняўся і падышоў да дзвярэй, не гледзячы ўжо, як Інгрыд звіваецца ў ложку з голымі грудзямі, як кусае падушку, змочваючы яе слінай, як кідаецца, як упіваецца пазногцямі ў прасціну.

Вярнуўшыся дадому, Віктар доўга стаяў ля акна. Ён прыглядаўся да аблезлай старой сцяны дома насупраць, дома, які ледзь трымаўся, счэплены заржавелымі скобамі. Па ўсім двары разлівалася жоўтае святло. «Інгрыд», — прашаптаў ён, абапершыся лбом на шыбу. Праз некаторы час ён сеў за стол, закіданы кніжкамі. Узяў вялікі аркуш з блока для малявання і напісаў: «Інгрыд, я цябе кахаю». Склаў аркуш некалькі разоў, з кожным разам больш дробна і складана, пакуль яго рукі не запоўніла востраканцовая рэч, яшчэ не пазнавальная. Віктар дзьмухнуў з усёй сілы ў яе адтуліну — і з’явілася галава чорціка з рагамі тарчком і насмешлівым высунутым языком. Зараз Віктар трымаў у руках самага вялікага папяровага д’ябла з тых, што ён калі-небудзь складваў. Ён адкрыў скрынку з фарбамі і проста з маніякальнай цярплівасцю ўзяўся расфарбоўваць яго ў чырвоны. Зрабіў яму чорныя, гіпнатычныя вочы і пурпуровую пашчу. Рогі зрабіў бліскуча-чорнымі. На адзін рог упала сляза і разбавіла фарбу. Віктар выцягнуў з шуфляды папяровы пакецік з дробнымі жамчужнымі зубкамі, яго дзіцячымі зубкамі, і прыклеіў іх у два роўныя рады на сківіцах д’ябла. Так яны і сядзелі, гледзячы адно аднаму ў вочы, Віктар і папяровы д’ябал, пакуль змрок не змяніўся полымем.

 

Чаму мы кахаем жанчын

 

Таму што ў іх ёсць грудзі са смочкамі, якія тырчаць пад блузкай, калі ім холадна, таму што ў іх пухленькія, мякенькія попкі, твары з салодкімі, як у дзяцей, рысамі, бо ў іх сакавітыя вусны, дагледжаныя зубы і языкі, якіх не гідзішся. Таму што яны не смярдзяць потам або танным тытунём і ў іх не выступае пот над верхняй губой. Таму што яны ўсміхаюцца ўсім малым дзецям. Таму што ідуць па вуліцы выпрастаныя, з узнятымі галовамі, падцягнутыя і не рэагуюць на твой погляд, калі ты, нібыта нейкі маньяк, мераеш іх з ног да галавы. Таму што яны з нечаканай адвагай перамагаюць усе нязручнасці іх далікатнай анатоміі. Таму што ў ложку яны смелыя і знаходлівыя не ад захаплення перверсіяй, а каб паказаць, што яны цябе кахаюць. Таму што выконваюць усе нудныя і дробныя дамашнія работы, не выхваляючыся гэтым і не патрабуючы за гэта адабрэння. Таму што яны не чытаюць часопісы з порна і не праглядаюць адпаведныя старонкі ў інтэрнэце. Таму што яны ўпрыгожваюцца ўсялякімі бліскучкамі, якія падбіраюць пад убор паводле складаных і незразумелых правілаў. Таму што падкрэсліваюць сваю прыгажосць, фарбуючы твары з увагай і засяроджанасцю натхнёнага мастака. Таму што маюць пункцік наконт худзізны Джакамеці. Таму што яны вырастаюць з дзяўчынак. Таму што фарбуюць лакам пазногці на нагах. Таму што іграюць у шахматы, віст або пінг-понг, не думаючы пра тое, хто выйграе. Таму што асцярожна ездзяць на дагледжаных аўтамабілях, чакаючы, што ты будзеш імі захапляцца, калі яны затрымліваюцца на чырвонае, а ты пераходзіш перад імі па «зебры». Таму што ў іх ёсць спосаб вырашэння праблем, ад якога ты губляеш розум. Таму што яны гавораць «я цябе кахаю» якраз тады, калі кахаюць цябе крыху меней, дзеля кампенсацыі. Таму што яны не мастурбуюць. Таму што яны час ад часу маюць дробныя недамаганні: рэўматычныя болі, запоры, мазолі, і тады ты разумееш, што жанчына — гэта таксама чалавек, такі ж чалавек, як і ты. Таму што яны пішуць надзвычай прыгожа, калекцыянуючы дробныя назіранні, далікатна выпісваючы псіхалагічныя нюансы, альбо таксама брутальна і брудна, каб іх не западозрылі ў фемінізме. Таму што яны незвычайныя чытачкі, для якіх ствараецца тры чацвёртыя паэзіі і прозы свету. Таму што «Энджы»1 Стоунсаў даводзіць іх да шаленства. Таму што іх вабіць музыка Коэна. Таму што яны вядуць татальную і невытлумачальную вайну з тараканамі. Таму што нават самая непадатлівая бізнес-лэдзі носіць трусікі ў кранальныя кветачкі і з карункамі. Таму што гэта так дзіўна развешваць на балконным шнуры трусікі сваёй жонкі, вільготныя малюпасікі, чорныя, чырвоныя і белыя, адны шаўковыя, другія баваўняныя, дзівячыся пры гэтым, наколькі мала яны закрываюць. Таму што ў кіно яны ніколі не ідуць пад душ перад актам кахання, але гэта толькі ў кіно. Таму што ты з імі ніколі не дойдзеш да згоды ў пытанні прыгажосці іншай жанчыны або мужчыны. Таму што яны ўспрымаюць жыццё ўсур’ёз, бо, здаецца, сапраўды вераць у рэчаіснасць. Таму што іх сапраўды цікавіць, хто з кім звязаўся ў асяродку зорак тэлебачання. Таму што яны памятаюць прозвішчы кінаакцёраў і кінаактрыс, нават не надта вядомых. Таму што эмбрыён, калі ён не спазнае ўздзеяння мужчынскіх гармонаў, найчасцей развіваецца ў жанчыну. Таму што яны п’юць гадасці, такія, як Martini Orange, Gin&Tonic або Vanilla Coke. Таму што яны не кладуць табе руку на азадак, а калі гэта і здараецца, то толькі ў рэкламе. Таму што перспектыва гвалту ўзбуджае іх выключна па меркаванні мужчын. Таму што яны бландзінкі і брунеткі, рыжавалосыя, сексуальныя, цёплыя і поўныя ўдзячнасці, бо кожны раз адчуваюць аргазм. Таму што, калі аргазму не атрымалася, яны яго не імітуюць. Таму што самы цудоўны момант дня — ранішняя кава, калі вы гадзіну хрумкаеце пячэнькі і плануеце дзень. Таму што яны жанчыны, а не мужчыны. Таму што з іх мы з’явіліся і да іх вяртаемся, а наш розум нястомна круціцца, нібы грувасткая планета, толькі вакол іх.

 

1 Песня Angie гурта The Rolling Stones.

 

З румынскай. Пераклад Веранікі БАНДАРОВІЧ.

Каментары

Кэртэрэску стаў для мяне прыемным адкрыццём. Такое тонкае веданне самых патаемных жаночых струн.... І стыль. Працэс перакладу нагадваў разблытванне жамчужных пацерак, калі адбывалася поўнае заглыбленне ў працэс, а вынік неймаверна радаваў, як дарагая сэрцу рэч жанчыну.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».