Вы тут

It’s my мова


It’s my мова

Пачалося з польскай. Заходняя Беларусь. Каталіцтва. На той час усё, што адбывалася ў касцёле, адбывалася на польскай. На той час я разам з сястрой і бабуляй кожную нядзелю ішоў у касцёл. Часам нават не ў нядзелю. Вясной, напрыклад, напярэдадні Вялікадня. Часам мне здаецца, што тэксты на польскай я чытаў раней, чым на беларускай. Бо з беларускай я пазнаёміўся толькі ў школе. У тым узросце, калі ведаў «пацеры» і нават дзве літаніі на памяць. Калі ведаў як, што і калі гаварыць у час імшы і нават мог крыху падпяваць у пэўныя моманты. Ёсць такая прымаўка: ведаць як «Ойча наш». Я дагэтуль не ведаю «Ойча наш». Толькі «Ojcze nasz» і «Pater noster». Напэўна, у гэтым ёсць нейкая іронія ці як лепш назваць такую сукупнасць з’яў/падзей?

Затым была школа і школьныя мовы. Беларуская, руская і англійская пачатковая. Англійская была вельмі пачатковай, асабліва фанетыка. Шчыра кажучы, фанетыка была кепская, і яе прыйшлося пасля цалкам перавучваць. Нам давалі не тыя гукі не для тых літар, а мы пра гэта і ведаць не маглі. Праверыць у «гугле»? Не было сучаснага скепсісу, які развіваецца сямімільнымі крокамі, але пра яго іншы раз. Не было «гугла». Інтэрнэту, камп’ютара не было. Таму вучылі, як давалі. Няправільную фанетыку праз незразумелую праграму. У чым мае скаргі на праграму? Дробязі. Так атрымалася, што англійская ў нас была з другога класа. Па трэці. У чацвёртым не было, бо нечакана англійскую прыбралі з пачатковых класаў. У пятым класе мы пачалі вучыць англійскую як бы з нуля. Не звяртаючы ўвагі на тыя два гады навучання. А як звяртаць, калі падручнік усё роўна, які ёсць — такі ёсць, а жадання вывучаць штосьці паглыблена не было ні ў настаўніцы, ні тым больш у нас. Насамрэч у пятым класе не было ніякіх жаданняў. Быў націск. Пры пераходзе з чацвёртага ў пяты адбываюцца рэзкія змены. Не ведаю, ці ва ўсіх гэта школах; здаецца, так. Але адну настаўніцу, якая робіцца ледзь не роднай для дзяцей, замяняе мноства людзей. Самых розных людзей. Якія патрабуюць кожны сваё і кожны па-свойму. Якія падаюць матэрыял па-рознаму. Якія не ведаюць цябе і спрабуюць пазнаёміцца і зразумець, што ад цябе чакаць. А што ад цябе чакаць, калі ты прыціснуты гэтымі ўсімі навінамі ў кут? Я, зразумела, перабольшваю важкасць праблемы. Але толькі для таго, каб падкрэсліць яе наяўнасць.

Дзесьці ў пятым класе я атрымаў ад таты ў падарунак першую аўдыёкасету. «Bon Jovi»: лепшыя песні. Першай ішла знакамітая «It’s my life», кліп на якую круцілі па ўсіх музычных каналах. Дынамічны кліп. Праз пятнаццаць гадоў я пераклаў для сябе тэкст гэтай песні і яшчэ раз упэўніўся ў значэнні гукаў. Гукі — гэта больш, чым частка слоў. Фанетычная форма слова набліжае нас да лексічнай. Фанетыка мовы расказвае нам пра мову. Мы слухаем песні на іншых мовах і разумеем іх. Мы слухаем песні на мове нот і разумеем іх. Кліп адпавядаў тэксту песні. Тэкст песні адпавядаў таму, што я чуў тады са сваёй першай аўдыёкасеты.

Затым каледж, затым крыху ўніверсітэт. Латынь. Старажытнагрэчаская. Карыстацца лацінскімі выразамі, бачыць лацінскія карані. Ведаць старажытнагрэчаскі алфавіт. Умець чытаць гэтыя жудасныя літары. Але галоўнай стала стараславянская мова. Стала галоўнай дзякуючы выкладчыцы. Марыя Мікалаеўна была неверагодная. Вар’ятка. Адна з вельмі невялікай колькасці людзей, хто даў мне практыку. Калі пішаш планах-канспект да ўрока, то павінен прыдумаць/напісаць мэты. Іх тры: навучальная, развіццёвая, выхаваўчая. Чатыры гады ў школе я пісаў у сваіх план-канспектах пра развіццё навыкаў, уменняў. Пісаў пра тое, што выхоўваю цікавасць да мовы, да слоў. Не ведаю, што ў сваіх канспектах пісала Марыя Мікалаеўна, але яна развівала рэфлексы, яна выхоўвала апантанасць словам. Менавіта яна закапала гэта ўва мне. Ці пасадзіла? Бо з гэтага семені сапраўды вырасла дрэва. Дрэва, якое расце ў маіх сасудах, мышцах, звілінах галаўнога мозгу. Я хапаюся за кожнае слова і гляджу карані, гляджу адрозненні беларускага ад рускага, гляджу падабенства з англійскай, здзіўляюся. Напрыклад, слова «палац» — palace — дворец. Прыйшло да нас са Старажытнага Рыма, дзе на Палацінскім пагорку быў пабудаваны шыкоўны «палац». Альбо возьмем парамі рускія і беларускія словы, якія ў сабе нясуць крыху больш, чым здаецца: полотенце — ручнік, прихожая — вітальня… Хопіць. Далей — самі. Паверце, гэтым можна займацца бясконца. І чым больш моў уключаеш, тым цікавей гульня. Столькі атрымліваецца месца для здзіўлення! Асабліва калі знаходзіш адны і тыя ж карані ў такіх далёкіх мовах у той час, калі ў мовах, якія некаторыя «геніі» лічаць адной, гэтыя словы не маюць нічога агульнага. Яшчэ раз кажу сабе «хопіць». Вельмі складана адарвацца ад тэмы, якая… чытайце вышэй.

Крыху ўкраінскай. У дакрымскі перыяд у маім жыцці, як і ў жыцці многіх беларусаў, адбыўся ўкраінскі перыяд. Гэта перыяд пераходу да талеркападобных антэн. А праз іх да лічбавага тэлебачання. Талеркі звычайна накіроўвалі дзюбай на той спадарожнік, з якога атрымаеш больш каналаў на зразумелай мове і пажадана бясплатна. Так атрымалася, што такой зразумелай мовай стала ўкраінская. Мы каля двух гадоў глядзелі ўсё на ўкраінскай. То бок, я каля двух. Пакуль не паехаў у Рэчыцу вучыцца. Сярод іншага, я навучыўся жыць без тэлебачання, на якой бы мове там ні размаўлялі, і глядзець фільмы з субтытрамі. Вы не ўяўляеце, колькі ўсяго губляеце, калі глядзіце фільмы з агучаным перакладам. Гэта як слухаць песні з агучаным перакладам. Песні, па сутнасці, ужо і не чуваць. З апошняга магу прывесці да прыкладу такую цудоўную рэч, як «Гарбатая гара». На працягу больш чым дзвюх гадзін Хіт Лэджэр спрабаваў размаўляць з выразным акцэнтам. Гэта было неверагодна. Гэта адсутнічае ў агучаным перакладзе. Такая важкая частка працы акцёра проста адсутнічае.

Цяпер я вучу англійскую. Які ўжо раз. Не зусім вучу, а крыху. Вучуся чытаць. Чытаць і разумець. Бо шмат кніг неперакладзеных ёсць, шмат сур’ёзных навуковых сайтаў дзейнічае толькі на англійскай — на зразумелай усім адукаваным людзям мове. А яшчэ я пашыраю свой сусвет. Бо я ўжо, напэўна, казаў і скажу неаднойчы: мы жывём у свеце слоў. «Мы» — слова. «Свет» — слова. «Слова» — слова. Пашыраючы сваё знаёмства са словамі, мы пашыраем наша знаёмства са сваім асабістым сусветам. Пашыраючы свой слоўнікавы запас, мы робім свой асабісты сусвет больш яркім і разнастайным. Я чытаю кнігу на чужой мове і атрымліваю столькі задавальнення, калі разумею жарты, калі разумею стылёвыя прыёмы, калі адчуваю эмоцыі, створаныя чужым для мяне інструментам. Чужымі пальцамі. Чужым языком. Чалавечым.

Нам пашанцавала нарадзіцца і жыць у білінгвічнай краіне. Нам сапраўды пашанцавала. Вакол дзве мовы. З самага дзяцінства. Месцамі яны сплятаюцца ў адну. Месцамі адна дамінуе. Але трэба быць сляпым, каб не ўбачыць, што яны ёсць. Іх дзве. І гэта крута. Бо мы з самага дзяцінства атрымалі свет у два разы шырэйшы, чым многія іншыя. Вельмі дзіка выглядае, калі людзі вакол адмаўляюцца ад такога падарунка. Калі чалавеку восемдзесят гадоў, усе восемдзесят ён пражыў у Беларусі і не ведае беларускую мову, бо яго ў школе не вучылі. На тым жа ўзроўні выглядае адваротны бок. Людзі, ўпэўненыя, што ты не маеш права размаўляць на рускай, калі ты беларус. Што наша мова такая ж панская, як французская, англійская, але значна больш панская, чым руская.

Гэта мая мова. І цяпер альбо ніколі. Хопіць. Досыць. Усё. Даволі. Не ўбачыць межы слова. It’s my мова.

«My heart is like an open highway

Like Frankie said

I did it my way

I just want to live while I'm alive

It's my life»

Дзмітрый ШУЛЮК

Каментары

Дзякуй за цудоўны артыкул! Такія блізкія маім думкі...

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».