Вы тут

Цікавыя назвы вуліц вёсак Уздзенскага раёна


У кожнага з нас ёсць свая маленькая радзіма — вёска, вуліца, двор, з якімі звязаны самыя светлыя ўспаміны. Мы вяртаемся туды ў марах, наведваем іх на выхадныя, раз у месяц, год. І не заўсёды ўдзяляем увагу назве вёскі, вуліцы — адкуль яна пайшла, што абазначае, ці мілагучная...


Было гэта гадоў дзесяць таму. Патэлефанаваў знаёмы з Магілёўскай вобласці, папрасіў дапамагчы адшукаць чалавека з нашага раёна, пра якога вядома толькі наступнае: завуць яго Анатоль, 45 гадоў, жыве ў адной з вёсак Уздзеншчыны, кіламетраў за 10—15 ад райцэнтра, па вуліцы Цэнтральнай. Пачаў пошукі. І ўжо праз некалькі дзён пераканаўся, што наўрад ці ў мяне атрымаецца дапамагчы. Як высветлілася, вуліцы з такой назвай маюцца ў Борках і Цялякаве, Чурылаве і Ліцвянах, Нізку і Літве, Ракашычах і Слабадзе, Гарадку і Хароміцкіх...

Нядаўна з дапамогай кіраўнікоў спраў сельвыканкамаў вырашыў зрабіць «рэвізію» назваў вуліц сельскіх населеных пунктаў. І высветлілася, што вуліцы і завулкі з такой назвай маюцца ў... 164 вёсках і пасёлках са 199, што пазначаны на карце Уздзеншчыны. На тэрыторыі Хатлянскага сельсавета такія сустрэнеш у 37 з 38 паселішчаў, Уздзенскага — у 37 з 40, Слабадскога — у 43 з 50, Нёманскага — у 20 з 27.

З чаго пачыналася

Яшчэ гадоў дваццаць таму далёка не ўсе вёскі мелі назвы вуліц — у асноўным толькі тыя, дзе была не адна, а некалькі транспартных артэрый. І паштальёны, іншыя службы не блудзілі, а карэспандэнцыя з адрасам, скажам, «Ліцвяны, Пятрову П. П.» знаходзіла свайго адрасата, не кажучы ўжо пра вёсачку, дзе на адной вуліцы размяшчаўся дзясятак-другі дамоў. Пазней, прыкладна з пачатку ХХІ стагоддзя, калі пачалі інтэнсіўна развівацца аграгарадкі і больш масавы маштаб набылі аб'ёмы жыллёвага будаўніцтва па дзяржаўных праграмах развіцця вёскі, літаральна за некалькі гадоў у некаторых населеных пунктах з'явіліся цэлыя мікрараёны грамадскай і індывідуальнай забудовы. Пачалі ўзнікаць цяжкасці пры складанні спісаў выбаршчыкаў, афармленні пэўных дзяржаўных актаў, іншых афіцыйных дакументаў. А калі звычайных паштальёнаў замяніла мотадастаўка, і ўвогуле праблем стала больш.

Прыкладна ў 2005—2006 гадах было прынята рашэнне даць назву кожнай з вуліц сельскіх населеных пунктаў. Падобная акцыя праводзілася не толькі ў нашым раёне, а па ўсёй краіне. Магчыма, не ўсё было дасканала прадумана на адпаведным узроўні, магчыма, няшмат часу адвялі для выканання такой няпростай работы (падціскалі тэрміны канчатковай рэгістрацыі ўтвораных назваў), але скончылася ўсё тым, што маем і сёння. Каб паскорыць завяршэнне справы, хтосьці з чыноўнікаў раённага, а то і вышэй, звяна парэкамендаваў непасрэдным выканаўцам: а што тут доўга думаць, калі ў вёсцы адна вуліца — яна і ёсць цэнтральная, так і рэгіструйце.

У асноўным так і зрабілі. Хіба што на тэрыторыі былога Цепленскага сельсавета (цяпер гэта частка Дзешчанскага) праявілі ініцыятыву і пакінулі для нашчадкаў не бязлікія «цэнтральныя» вуліцы, а вытворныя ад назваў населеных пунктаў: вёска Прохады — вуліца Прохадская, Сянное — Сянноўская, Трысцянец — Трысцянецкая, Подзелень — Подзеленская...

Яна такая не адна

Некаторыя населеныя пункты раёна маюць па 10—15, а то і больш вуліц. У аграгараду Возера — 23 вуліцы і 2 завулкі, у Валодзьках і Зенькавічах — па 18, Каралёве — 16, Дзешчанцы — 15, Ліцвянах і Магільным — па 11. Зразумела, адразу прыдумаць ім цікавыя, адметныя менавіта для гэтай мясцовасці назвы было б няпроста. Не тое што ў вёсцы, нават у многіх райцэнтрах не існуе, у адрозненне ад сталіцы ды абласных цэнтраў, тапанімічных камісій. Толькі ў апошнія дзесяцігоддзі архітэктурныя службы ды спецыялісты райвыканкамаў пры планаванні раёнаў гарадской і індывідуальнай жылой забудовы для надання будучым вуліцам назваў заслухоўваюць меркаванні супрацоўнікаў музеяў, мясцовых краязнаўцаў. Раней падобныя пытанні вырашаліся на сходах жыхароў, будучых насельнікаў той ці іншай вуліцы: нам тут жыць, давайце падумаем, на вуліцу пад якой назвай нам будуць прыходзіць лісты ды газеты.

Не ў такой колькасці, як у гарадах, але і ў сельскай мясцовасці сярод тапонімаў, асабліва створаных яшчэ пры савецкім часе, прысутнічае так званая рэвалюцыйная тэматыка. На Уздзеншчыне можна знайсці такія назвы вясковых вуліц, як Кастрычніцкая, Пралетарская, Савецкая, Камсамольская, Першамайская, Інтэрнацыянальная, завулак Піянерскі. Крыху больш нейтральныя — вуліцы Партызанская, Перамогі, Дружная, Мірная; ад роду заняткаў — Калгасная, Рабочая, Прамысловая, Фабрычная, завулак Працоўны.

З мясцовым каларытам

Мне ж больш даспадобы назвы, якія ўказваюць на канкрэтную мясцовасць, падзею, асобу. Напрыклад, жыхары вёскі Прусінава, паблізу якой да 1939 года праходзіла мяжа паміж Усходняй і Заходняй Беларуссю, назвалі вуліцу Пагранічнай. Паблізу Возера ў гады Вялікай Айчыннай і пасля вызвалення Беларусі стаялі падраздзяленні авіяцыі — пра гэта сёння нагадвае вуліца Аэрадромная, а Інстытуцкая ў гэтым жа населеным пункце сведчыць пра цеснае супрацоўніцтва ў недалёкім мінулым мясцовага сельгаспрадпрыемства з інстытутам бульбаводства і плодаагародніцтва. Дзяржынская і Мінская з таго ж Возера падкажуць напрамак да найбліжэйшых гарадоў. Пра гэта засведчыць і вуліца Уздзенская з Калінінска. Бліжэй да дарогі размешчана Прыдарожная ў Язвінах, а завулак Клубны ў Віркове раней прыводзіў да ўстановы культуры. Чамусьці заблудзіла ў Касцяшы вуліца Алімпійская...

Асобная размова пра імянныя вуліцы. У адрозненне ад райцэнтра, дзе такіх шмат, з савецкага мінулага ў вёсках раёна засталіся толькі дзве вуліцы, названыя ў гонар расійскіх герояў: імя Ракасоўскага ў Магільным ды Гагарына ў Лошы. Сваіх землякоў уздзенцы шануюць больш. У вёсцы Кухцічы ёсць вуліца імя Героя Савецкага Саюза У. Карачуна, у Новым Шляху і Ліцвянах — імя воінаў-інтэрнацыяналістаў А. Мысліўца і У. Астравуха. Вялікая Уса — радзіма пісьменніка і грамадскага дзеяча П. Глебкі, гэта засведчыла і назва вуліцы. Імя абаронцы Брэсцкай крэпасці, пісьменніка Алеся Махнача ўвекавечана ў назвах вуліц у Світалаўцы і п. Новы, хоць нарадзіўся ён у Забалацці, што непадалёку. І Марат Казей родам з суседняй Дзяржыншчыны, але здзейсніў ён свой подзвіг паблізу нашай вёскі Хароміцкія, пра што нагадваюць сёння вуліцы ў гэтым населеным пункце і ў Лошы. А вось вуліца Уладзімірская ў Дзегцяным невядома каго праслаўляе, пэўную канкрэтную асобу ці ўвогуле ўсіх мужчын з такім імем.

Разам з тым чакаюць увекавечвання ў назвах вясковых вуліц П. Трус, К. Крапіва, Л. Арабей з Нізка, А. Пальчэўскі з Прусінава, А. Якімовіч з Чурылава, многія іншыя знакамітыя землякі — дзеячы навукі, культуры, літаратуры...

Мілыя сэрцу

Шмат на Уздзеншчыне вуліц, названых хай і без асаблівай фантазіі, але цёпла, шчыра, проста. Напэўна, больш як у дзесяці вёсках можна прайсціся па вуліцах Маладзёжнай, Садовай, не раз сустракаюцца і Зарэчная, Школьная, Лугавая, Лясная, Сонечная, Палявая, Зялёная, Набярэжная. Куды больш арыгінальна, мілагучна гучаць Рабінавая (вёска Рабінаўка), Сунічная, Бярозавая і Ягадная (Валодзькі), Дубовая алея (Басманоўка), Крынічная (Магільна), Азёрная (Сенажаткі), Ціхая, Прыгожая, Язмінавая ў Возеры. А яшчэ ёсць Вішнёвая, Кветкавая, Паркавая, Баравая, Сасновая, Пясчаная, Падлесная.

Гэта куды лепш, чым 1-я, 2-я, 3-я і 4-я ў аграгарадку Хатляны, 1-ы праезд Будаўнікоў і 2-і праезд Будаўнікоў у Валодзьках...

Віктар САБАЛЕЎСКІ, Уздзенскі раён

Загаловак у газеце: Ёсць вуліцы Цэнтральныя...

Каментары

А чаму б у назвах нашых вуліц не ўшанаваць зніклыя прафесій ? Напрыклад, маглі б з'явіцца такія назвы, як - вуліца ,,Стэльмахаў," ,,Злотнікаў," ,,Кавалёў," і г.д.!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».