Вы тут

Што можна было знайсці на велікодным кірмашы ў Гродне


На цэнтральную плошчу горада — Савецкую — з'ехаліся майстры з усёй вобласці — кожны са сваімі традыцыйнымі вырабамі. Таму наведвальнікам было з чаго выбіраць. Нехта спрабаваў навучыцца роспісу яек. Многія падыходзілі да майстра-ганчара. Хтосьці прыцэньваўся да кошыкаў і сувеніраў. Мне ж хацелася купіць велікодны куліч. Гэта атрымалася не адразу.


Прызнацца, многае на кірмашы выклікала захапленне. Па-першае, майстрыхі-ткаллі. Яны не проста дэманстравалі свае вырабы, але прывезлі нават ткацкія станкі, за якімі і працавалі. Хто цікавіўся, тлумачылі, як гэта робіцца. Напрыклад, з Лідчыны прывезлі традыцыйныя белаўзорыстыя вырабы, з Ваўкавыска — двухнітковыя. Можна было палюбавацца прыгожымі посцілкамі, ручнікамі, саматканымі палавікамі. Як аказалася, абодва раёны прадстаўляюць свае элементы нематэрыяльнай культурнай спадчыны, якія занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей. Тут адрадзілі самабытнае майстэрства і яго развіваюць.

Майстар Яніна Ігольская заўважыла, што вялікі попыт на палавікі, нават не паспяваюць ткаць. За 1 метр прасілі 15 рублёў. Ручнікі значна даражэйшыя — 40—70 рублёў. Купляюць у асноўным на вяселле.

Непадалёку заўважаю майстар-клас па авалоданні тэхнікай «драпанкі». Метадыст Вольга Сліж з Мастоў паказала, як можна зрабіць прыгожы ўзор на ўжо пафарбаваных яйках. Быццам, і не складана — надрапаць на чырвонай шкарлупіне нешта асаблівае. Але лепш спачатку зрабіць эскіз алоўкам.

Велікодныя яйкі былі прадстаўлены ў розных тэхніках. Напрыклад, з бісеру. Такія каштавалі ад 15 да 50 рублёў.

Яшчэ звярнула ўвагу на дэкаратыўныя даволі вялікія, чорнага колеру, яйкі, інкруставаныя саломкай. Некаторыя былі ўпрыгожаны нават вышыўкай, кветкамі з тасьмы, элементамі вязання.

Кожны раён па-свойму падаў велікодныя атрыбуты. І невыпадкова, бо гэта яшчэ і конкурс. Дырэктар абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці Ірына Дземянчук паведаміла, што ацэньваецца велікодны кошык, калекцыя яек, пано, паштоўка і печыва.

У выніку найлепшую калекцыю велікодных яек сабрала Марына Савіцкая з Ліды, найлепшы кошык для велікоднага стала сплялі Ірына Юшкевіч і Вольга Вайтовіч з Мастоў, самае прыгожае печыва прадставіла Ларыса Мудрацова са Слоніма, вербы зрабіла Дамініка Кавалёнак з Гродна, велікодныя пано і паштоўку добра аформілі Святлана Кудаш і Ірына Пекар з Ваўкавыска.

Але ж вернемся да галоўнай мэты — пакупкі велікоднага куліча. Аказалася, што зрабіць гэта не так проста. Прадстаўлялі свае кулінарныя вырабы некалькі раёнаў. І кулічы там разабралі вельмі хутка. Але ўсё ж удалося купіць прыгожы каравайчык, з кветкамі і птушкамі. Спяклі яго слонімскія каравайшчыцы ў сапраўднай печы. Такія караваі выпякалі са старажытнасці, таму традыцыя слонімскіх майстрых увайшла ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны. Яны славіліся выпяканнем абрадавых, у тым ліку вясельных, караваяў.

Дарэчы, на кірмашы былі прадстаўлены дзевяць носьбітаў нематэрыяльнай спадчыны Гродзеншчыны. У іх ліку — пісанка з Сапоцкіна.

Станіслаў Іванавіч расказаў, што больш за 40 гадоў піша велікодныя пісанкі. Гэтай справе навучыў яго родны дзядзька. Зараз традыцыі ўзнавілі і ўжо многія пачалі распісваць яйкі па старых рэцэптах. Для афарбоўкі трэба паўтара месяца настойваць на вадзе з воцатам кару вольхі і дуба, іржавае жалеза. Яйкі тады атрымаюцца чорнага колеру, і на іх воскам наносіцца ўзор. Звычайна ў мяне хапае часу толькі на тое, каб пафарбаваць яйкі ў цыбульных шалупінах. Але пачаць ніколі не позна. З такімі думкамі і працягвала вандроўку па кірмашы.

Трэба сказаць, што плошча Савецкая, якая раней мела назву Рыначнай, па сутнасці цяпер такой і з'яўляецца. Бо гэта традыцыйнае месца свят і кірмашоў, дзе можна набыць творы сучасных рамеснікаў. Скарысталася выпадкам і я, набыўшы некалькі гліняных збаноў, танных і вельмі прыгожых.

На кірмашы праводзіў майстар-клас ганчар Яўген Мацяшук з Воранава. Ён размясціўся на плошчы са сваім ганчарным колам, на якім ужо стаяла некалькі «свежых» вазачак. У яго набыла гліняную птушку-свістульку з прыемным гукам.

Вядома ж, не магла прайсці міма славутых сапоцкінскіх пончыкаў, купіла хіба 7 ці 8. Яшчэ і гаспадыня пачаставала. Можна сказаць, што вандроўка прайшла ўдала. Вярнулася не з пустымі рукамі. Да таго ж пазнаёмілася з сапраўдным майстэрствам. А гэта заўсёды свята!

Маргарыта УШКЕВІЧ

Загаловак у газеце: Майстры вучылі і частавалі

Каментары

Прабачце, але ТКАЛЛИ... Дзе вы бераце такия словы?
www slounik.org

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.