Вы тут

Экстрэмальнае катанне з Васілісай Маславай


Яе гісторыя нагадвае казку. Сюжэт, якому самае месца ў галівудскім фільме, дзе сэрца гледача шчыміць ад таго, як спартсмен ідзе праз церні да зорак. Яна не атрымала ад лёсу ніводнага падарунка на талерцы з блакітнымі кветачкамі. З марай у душы дзяўчына тытанічнай працай выбівалася на п'едэстал. І сёння Васіліса Маслава — чэмпіёнка свету па фрыстайл-слаламе. У высокамастацкім катанні на роліках беларуска ўвайшла ў планетарны топ-3.

У разгар спаборніцкага сезона карэспандэнт «Звязды» сустрэлася з чэмпіёнкай, якая яшчэ нядаўна каталася па вулачках Амстэрдама, а сёння — у гродзенскім лесапарку Пышкі. Дзяўчына расказала пра экстрым на роліках, сакрэт выжывання, чаму не пакідае Беларусь, чаму грошы — нішто, а таксама, дзе жывуць шчасце, прызванне, любімая справа і на якім полі кожны можа іх для сябе адшукаць.


Экстрым на адным коле

Заўважаю ў Васілісы брошку ручной работы — сіні кіт. «Гэта сімвал закаханасці?» — пытаюся. «Не! Вера ў тое, што мары збываюцца», — усміхаецца ў адказ.

Цяпер Васіліса можа спакойна аналізаваць сваё перамаганоснае выступленне, але расслабіцца не мае права. Пра слалам у нашай краіне мала хто ведае. Аднак за мяжой гэта даўно папулярны спорт. У галандскім горадзе Арнэм, дзе праходзіў чэмпіянат свету, Васіліса Маслава перамагла ў фрыстайл-слаламе батле. За 30 секунд беларуска паказала максімальна складаныя тэхнічныя звязкі на трох дарожках рознай даўжыні з конусамі. Менавіта гэты кірунак ролікавага катання і лічыцца найскладанейшым.

Паспрабавала сябе дзяўчына і ў фрыстайл-слаламе класіцы, паказаўшы прыгожы 2-хвілінны танец са стылем, пластыкай рук на трох дарожках. Але высокая тэмпература і хваляванне пакуль не дазволілі забраць першае месца.

«Так, ролікавае катанне — спорт экстрэмальны, траўматычны, — згаджаецца Васіліса. — Едзеш на адным коле, трымаеш баланс. Па сутнасці гэта фігурнае катанне без лёду. Але слалам ідзе далей. Ёсць агрэсіўнае катанне ці катанне ў рампе. Была гісторыя (усміхаецца), калі я паспрабавала пракаціцца ў шарападобную рампу на сваіх не прызначаных для гэтага роліках. Ой, лепш так не рабіць! Вельмі балюча ўпала. Канешне, трэба надзяваць спецыяльную вопратку. Я абараняю толькі рукі, бо звычайна прызямляюся на іх. Чатырохногія «спартсмены» — каты — умеюць мякка падаць менавіта на лапы. Мастацтва групіроўкі робіць цуды».

Праз церні да зорак

«Я памятаю сябе ў 4 гады. Бацькі купілі вялікае люстэрка і пакінулі яго на падлозе. Я ж ужо тады ў сваіх марах была фігурысткай, — успамінае Васіліса. — Мама з татам расказвалі, што мяне, малую, нельга было адарваць ад экрана, калі ішлі спаборніцтвы па фігурным катанні. І вось я стала на новае люстэрка, пакаталася, парэзалася, вядома. Гэты яркі момант стаў пунктам адліку, але жыццё пайшло зусім па-іншаму (паўза). Сям'ю страціла. І давялося выжываць. Не было ў мяне магчымасці пайсці ў школу, каб займацца тым жа фігурным катаннем. Ды і нічым іншым».

Да жыцця дзяўчынку вярнуў зімой імправізаваны каток, у адзін момант яна, дзіця, стала адказнай, моцнай, дарослай. Сама накапіла на свае першыя ролікі. І тады выдатніца, якая страшэнна любіць вучыцца, упершыню прапусціла ўрокі. «Усё, дыягназ — ролікі галаўнога мозгу», — смяецца Васіліса.

Не было апекі, падтрымкі, і яна знайшла сябе ў чытанні, прыродзе, вучобе і, канешне, спорце. Чаму тады не апусціла рукі? «Зразумела: калі рухацца, то не прападзеш. З такімі інтэнцыямі я заўсёды, — адказвае. — Канешне, дзетдомаўскія далёка не гуртам ідуць па нахіленай плоскасці. Гэта недарэчны стэрэатып. Спачатку лёгкая атлетыка і пасля ролікавае катанне дашліфавалі мой характар, дысцыплінавалі. Хоць заўжды ёсць куды расці ў плане волі. Асабіста мяне спорт зрабіў не тое, што мацнейшай, а душэўна стабільнай».

Дзяўчына з залатым медалём паступіла ва ўніверсітэт у Маскве вывучаць рэкламу і дызайн. Але праз год забрала дакументы: не знайшла працу, Масква слязам не верыць. Васіліса вярнулася ў Гродна, дзе атрымала дыплом лінгвіста нямецкай і англійскай моў. На добрыя паўпрафесійныя ролікі яна зарабляла доўга і мэтанакіравана. А ўжо стаўшы на іх, кінулася з галавой у слалам рабіць крутыя фішкі вакол конусаў.

Хутка Васіліса Маслава выступіла на першых спаборніцтвах, і яе заўважыла крама «Стыхія», што папулярызуе экстрэмальныя віды спорту ў Беларусі. Яны супрацоўнічаюць на працягу ўсёй кар'еры чэмпіёнкі.

Васіліса каталася ў дождж, снег пад касымі позіркамі прахожых. У маразы падымалася ў 5 раніцы, каб пасыпаць дарогу соллю. Залы ў яе доўга не было, пакуль знаёмая танцоўшчыца не прапанавала вечарамі сваю студыю. Будучая чэмпіёнка адпрацоўвала па размеркаванні настаўніцай, бегла дахаты — і на трэніроўку да дзвюх гадзін ночы. Трэніруецца Васіліса сама.

Філасофія сіняга кіта

«Пастаянна пытаюць: «Ну, колькі ты зарабіла? А чэмпіянат свету грошы прынёс? А што далі? А што дадуць?» Не павінна людзей гэта цікавіць. Калі б я хацела менавіта зарабляць, то мяне б ужо тут не было. Я адкрыла сваю ролер-школу ў Гродне і развіваю спорт. Тут яго больш ніхто развіваць пакуль не можа. Пра слалам не ведаюць. Трэба гаварыць, асвятляць, несці ў масы і рыхтаваць пакаленне, якое пасля ўжо само будзе выхоўваць новыя. Наш спорт заслугоўвае быць убачаным, бо ён прыгожы. Гэта і танец, і пластыка, і стыль, і катанне, якія маюць месца быць на экранах. Не кожны від спорту такі відовішчны», — гаворыць Васіліса.

Як бы склалася яе жыццё, калі б змалку вадзілі за руку на гурткі, плацілі б за заняткі, куплялі інвентар? Можа, была б удалая фігурыстка. Але ролер-спорт страціў бы выдатную стартсменку дакладна. І гутарка не пра планетарны маштаб, а пра наша, беларускае. На мноства прапаноў пераехаць у Санкт-Пецярбург, Барселону ці ў італьянскія гарады трэніраваць дзяцей Васіліса сказала «не». Чаму? Бо трэніруе гродзенскіх дзяцей. І гэта абсалютна не забава, не гульня. Яна гадуе прафесіяналаў. Яны ўжо бяруць медалі ў сваіх катэгорыях, ужо на галаву вышэйшыя за сапернікаў. І вочы дзяўчыны, канешне, гараць, калі гутарка ідзе пра яе выхаванцаў.

«Не, гэта не я, напэўна, шукала слалам, а ён шукаў мяне. Бо калі марыла стаць фігурысткай... У мяне нават слёзы могуць накаціцца, — кажа спартсменка. — Я зразумела: мой цягнік упушчаны. Вось гэта альтэрнатыва сама па сабе нарадзілася, праз цяжкія моманты яна з'явілася сама! Ролер-спорт проста прыліп да мяне. І я падумала: а можа так і трэба? Я не шукаю лёгкіх шляхоў, а толькі свой. Калі ён такі, то няхай будзе такі. І калі даводзіцца прабівацца, я буду. І няхай у мяне не атрымліваецца так, як хочацца. І цяжка дамовіцца з залай. І, відаць, спорт гэты спецыфічны. І пакуль людзі масава не прызнаюць яго сур'ёзным, хоць за мяжой ён даўно вельмі сур'ёзны, спаборніцтвы арганізоўваюць на высокім узроўні. Фрыстайл-слалам — брэнд многіх еўрапейскіх гарадоў. Прыязджаеш, і цябе паўсюль сустракаюць банеры і білборды з тваімі спаборніцтвамі, а людзі прыходзяць глядзець на выступленні».

Асноўная складанасць развіцця фрыстайл-слалама ў Гродне — пляцоўкі: яны павінны быць не мяккія, не гладкія, не слізкія і без стыкаў. Васілісе Маславай пайшла насустрач адна школа, дырэктар якой дазволіў пасля ўрокаў катацца на роліках у холе. Ніхто больш не адгукнуўся, калі спартсменка абівала парогі, але і аднаго «так» ёй ужо дастаткова. На дыванную крытыку дзяўчына ўвагі не звяртае і ўласную справу адкрывала з лёгкім сэрцам.

«Думаю, маё шчасце не ў сацыяльным статусе і матэрыяльным становішчы, — дзеліцца чэмпіёнка. — Мне часта гавораць: «Вось класна табе: знайшла, чым займацца, і не лічыш дні да пятніцы». Але так можа кожны! І калі чалавек не адшукаў прызванне, значыць, гэта лад жыцця вінаваты або серыял пасля работы. Выйсці з зоны камфорту, рызыкнуць, не чакаць панядзелка. Мае мары збываюцца не магічным чынам. Вось люблю я ролікавае катанне і не лічу яго працай, як люблю ляпіць з палімернай гліны. А што? (усміхаецца) Цікава і проста прыемна падарыць сябру, скажам, сіняга кіта. Можа, і яго мара збудзецца».

Маргарыта САДОЎСКАЯ

Каментары

Ох я рыдал, автору респект! А по Василисе необходимо снять голливудский триллер с хэппи ендом!
Я тоже плакала. Очень хорошая девушка! Счастья и удачи ей во всём!
Вот это Человек, вот это Личность - и все с большой буквы! Сильная, целеустремленная, живет свою жизнь и ни на кого не оглядывается! Таких людей единицы! Достойна уважения и гордости. Статья чудесная и очень трогательная. Спасибо автору и успехов Василисе!!!

Выбар рэдакцыі

Здароўе

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Як вясной алергікам аблегчыць сваё жыццё?

Некалькі парад ад урача-інфекцыяніста.