Вы тут

Маладая паэзія і месцы яе пражывання


Задавацца пытаннем, ці ёсць маладая паэзія па-за саюзамі пісьменнікаў ды ўніверсітэцкімі літаратурнымі аб’яднаннямі, бессэнсоўна. Большая частка маладых паэтаў толькі аддалена чула пра такія рэчы. Як гэта ні дзіўна, але шляхі многіх маладых паэтаў праходзяць адасоблена ад розных арганізацый.


Паэтычнае жыццё Мінска набыло сучасны выгляд дзесьці на стыку 2011—2012 гадоў. Першым мерапрыемствам, якое пачало збіраць паэтаў, была «Кухня». Акрамя першых чытанняў ва ўсялякіх кавярнях, яны рабілі камерныя кватэрнікі, дзе слухачы сядзелі на падлозе, пілі гарбату, а выступоўца чытаў свае вершы на зэдліку пры святле свечак. Цяпер такая рамантыка — вялікая рэдкасць.

Праз некаторы час паэтычных праектаў стала з’яўляцца ўсё больш. У 2014 годзе ўжо былі адкрыты мікрафон «Чытаю на плоце», імпрэзы пад агульнай назвай «Litkava». Тады ж адбылася першая спроба стварыць паэтычную групоўку. Яна называлася «Хімера», налічвала каля 10 чалавек і пазіцыянавала сябе як супольнасць, якая мае цвёрдыя ўяўленні пра тое, што такое якасная літаратура, і каго заўгодна ў свае шэрагі не прымае. Але пэўнай канцэпцыі і агульнай ідэі ў іх не было, простае аб’яднанне людзей па прыкмеце добрых вершаў доўга не вытрымала.

У канцы 2015 года ўсе гэтыя праекты зніклі. Але паэты ды арганізатары добрых імпрэз нікуды не дзеліся, таму на месцы старых вырасла яшчэ больш розных аб’яднанняў. У 2014—2015 годзе паэты і музыканты збіраліся на вуліцы ў Верхнім горадзе (летам і вясной, калі было халадней, — у антыкавярні «Дом Фішэра») на імпрэзу пад назвай «ART JAM». У 2015-м прайшоў «Рухавік» — першы літаратурны конкурс, арганізаваны «Арт Сядзібай» — некамерцыйнай арганізацыяй, якая спецыялізуецца на культурных праектах. У ім удзельнічала каля сотні аўтараў (заявак было ўдвая больш), якія праходзілі праз адборачныя туры ў паўфіналы і фіналы. Пераможцаў выбіралі гледачы, якіх «Рухавік» збіраў больш чым дастаткова, і запрошаныя эксперты. Конкурс праіснаваў два гады.

Людзі, якія рабілі «Чытаю на плоце», акрамя некалькіх спроб аднавіць фармат адкрытага мікрафона, прыдумалі яшчэ больш цікавы фармат — з’явілася паэтычнае шоу «Эшафот»: аўтары не проста прыходзяць прачытаць свае вершы, але атрымліваюць водгукі ад пяці сяброў журы. Склад журы ўвесь час мяняецца, але «Эшафот» зарабіў сабе рэпутацыю месца, дзе крытыкуюць жорстка, не падбіраючы далікатных слоў. Добра гэта ці дрэнна, але прыхільнікаў у імпрэзы вельмі шмат, а ахвотнікі праверыць сваю трываласць пад шквалам каверзных пытанняў заўсёды знаходзяцца.

Праз пэўны час з’явіўся другі па папулярнасці паэтычны праект, які называецца «Не: Кранай». Ён выступае быццам антаганістам «Эшафота», бо філасофія арганізатараў у тым, што любая творчасць каштоўная і выступоўца павінен быць недатыкальным у момант, калі ён прадстаўляе свае творы публіцы. Цяпер «Не: Кранай» стаў літаратурна-музычным і праводзіць, акрамя звычайных імпрэз, чыста музычныя фестывалі і паэтычныя слэмы.

 «Арт Сядзіба» часам праводзіць паэтычныя чытанні пад назвай «Вершы by kava». Паўгода назад пачаліся імпрэзы праекта «Дрэнныядобрыя вершы». Яны выглядаюць найбольш сталай і доўгажывучай спробай адраджэння старога добрага фармату адкрытага мікрафона ў бары. Сюды прыходзяць паэты, якія пачыналі свой шлях пяць гадоў назад, і тыя, хто пачаў выступаць зусім нядаўна.

«Сёння паэтам і некаторым арганізатарам не стае разумення, што такое добрая і што такое дрэнная паэзія, не хапае дасведчанасці ў сусветнай літаратуры, бо даволі часта кругагляд сучасных аўтараў абмежаваны школьнай праграмай і папулярнымі сеткавымі паэтамі, чые тэксты не заўсёды якасныя.

Паэтычныя мерапрыемствы цяпер прымеркаваны да поп-культуры, таму ў іх ёсць пэўная аўдыторыя. На гэтых імпрэзах збіраюцца людзі, аб’яднаныя цікавасцю да літаратуры, але насамрэч мала хто прыходзіць, каб паслухаць вершы. Хутчэй, для таго, каб трапіць у творчае асяроддзе, завесці знаёмствы, часам дзеля аднаго з выступоўцаў. Некаторыя слухачы самі пішуць, але для выступленняў яшчэ не выспелі, таму прыходзяць паглядзець, што на такіх імпрэзах адбываецца, і параўнаць свой узровень з іншымі. Гэта нармальна, але ўсё адно мерапрыемствам не хапае людзей, якія будуць прыходзіць дзеля таго, каб проста паслухаць вершы», — адзначае Дар’я Бялькевіч, паэтэса і адна з арганізатараў імпрэзы «Дрэнныядобрыя вершы»

Паэтаў ужо сапраўды больш, чым слухачоў. Студэнты філфака, праграмісты, работнікі заводаў — сярод паэтаў і сярод публікі можна сустрэць каго заўгодна. Большасць з іх мае псеўданімы. Стылістыка таксама ва ўсіх даволі розная. Шмат у кім адчуваюцца ўплывы розных з’яў сусветнай літаратуры. Рускамоўныя аўтары ў большасці, зразумела, — дзеці рускай літаратурнай традыцыі. Беларускамоўныя нашмат часцей глядзяць у бок англамоўных тэндэнцый і прыходзяць да верлібраў, белых вершаў. Маладыя паэты шмат увагі звяртаюць на вобразны шэраг сваіх вершаў, любяць эксперыменты з формай і насычаюць тэксты культурнымі спасылкамі. Мэты ды густы таксама ва ўсіх розныя. Рэакцыю, якую яны выклікаюць у публікі, не заўсёды лёгка прадказаць. Таму перад выступленнем усе хвалююцца. Хтосьці піша паслядоўнасць вершаў на руках, хтосьці чытае з ліста або нататніка, нехта ніколі не можа наладзіць мікрафон... Але большасць, выступіўшы адзін раз, вяртаецца зноў... Што матывуе?

«Жаданне выказацца. Без гэтай патрэбы любое выступленне было б фармальнасцю, быццам праца, якую робіш толькі дзеля заробку, жыццё, якое пражываеш для птушачкі.

Аднойчы падчас выступлення выразна пабачыў пачуцці, якія чалавек перадаваў у словах. Гэта было амаль візуальна-тактыльна адчувальна. Аўтар пражываў тое, што казаў, — і было неверагодна пражываць гэта разам з ім. З таго часу імкнуся, каб мае выступленні былі падобныя на тое: кожны раз падбіраю вершы так, каб мне самому хацелася іх прачытаць і адчуць. Калі нехта гэта заўважыць і таксама адчуе, буду шчаслівы», — кажа адзін з пастаянных выступоўцаў мінскіх паэтычных імпрэз Яўген Чарнышоў.

Жаданне быць пачутым — гэта, напэўна, тое, што аб’ядноўвае такіх розных аўтараў. І часам жаданне спраўджваецца. Найлепшы доказ — калі пасля выступлення падыходзяць неабыякавыя і кажуць, што ім спадабалася. Няхай суб’ектыўна, няхай яны заўтра не згадаюць ані слова з верша, але ў пэўны момант у прасторы адбылося сутыкненне ідэі аўтара і думак аўдыторыі.

Беларускай паэтычнай прасторы ёсць да чаго імкнуцца і над чым працаваць. Але паэзія працягвае развівацца, шукаючы розныя формы існавання і ўзаемадзеяння з аўдыторыяй, а аўдыторыя ў сучаснай паэзіі ўсё ж такі ёсць. Гэта, безумоўна, натхняе.

Дар’я СМІРНОВА

Каментары

Извините,а можно опубликовать в вашей газете мои стихи?

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».