Вы тут

Развяртанне


Марыя Бадзей

нарадзілася ў 1997 годзе ў Ваўкавыску. Скончыла Ліцэй БДУ. Выпускніца славянскага аддзялення філалагічнага факультэта БДУ. Жыве ў Мінску.



РАЗВЯРТАННЕ

***

Ліпень — лівень,

Гуллівыя поўні

Грэхападалі на галаву

Маладзільнымі яблыкамі,

І маланкі іх наразалі лімоннымі долькамі —

Мы гэта помнілі,

Запівалі росамі п'янлівыя ветры,

І царэўна смяялася,

Ліпаў цвет, мядовыя промні,

Небасхіл асыпаўся чмялямі цяжкімі, соннымі,

Рудой коткай спёка ляжала на даху, глядзела на нас.

 

Мы прачнуліся і ўчынілі дурнотаў столькі,

Што хапіла б на тры кашы шызых дурніцаў,

І хацелі ўцякаць за статкам лянівых аблокаў,

Але чэпы зляцелі,

У крылах пагнуліся спіцы,

Навальніцы нажніцы лахмакі нам адцялі

Ў адказ.

 

Душна, мякка, спякотна

Ў гняздзе белай птушкі,

Што чысціла пёркі,

Рабіла з іх неба,

Абдымаем аблуднае дрэва,

Думаем:

Дзеўбане яна, урэшце,

Ці не.

 

***

Касцёлы,

Вострыя, як «дзякуй»,

Крыжамі

Драпаюць неба ў спіну,

Званамі

Колюць вятры,

І ружы

Растуць з іх крыві,

Пахнуць унутры.

 

***
Дыптых

І.

верасень вера

сее сны па пожнях па нівах

каштаны пад вокны выплёўваюць свае сэрцы

манету кінуў летась у кішэню

вяртанне

той самы вір

воды з–пад крана п'ём кроў Нямігі не спім

 

ІІ.

кашаль попельных руж у небе музыка

мы заслужылі мой горадзе музыку мы залажалі

струны ад жалю рвуцца трубы равуць вар'яцеюць

шыя без дотыкаў лімфавузлы набухаюць

шыя твая няроўная горадзе на табе шалік

пахнеш дажджом горад вады горад сонца

лісце п'е сонца золата й медзь

развяртанне

каштан маё сэрца

з кішэні шпурляю ў акно

 

***

Зоркі нырцуюць у норкі свае,

Рыбы рвуцца ў віры,

Вада адбываецца,

Дзень адбіваецца,

Цары выпускаюць вятры.

 

Вятры вартуюць травы — дары,

Духмяную поўсць берагоў,

Рыторыка рэк беражліва п'яніць

Пявучаю брагай замоў.

 

Брэйгелеў тоне Ікар.

Кроны слухаюць карані.

Якідаю тут якар.

 

***

Вёдры слоў,

Сліў надвор'е,

Лімон поўні,

Поўна зор.

 

Сэрца памідорам выспее

І асою ашалелаю

Ў пастцы павучынай мовы,

Алтары санетаў сонца

Выспевае свой псалтыр.

 

***

калі ў дрэва шахне маланка

зрабіце з яго кросны

вытчыце палатно

накрыць памідоры

крывёй каранёў набрынялыя

 

***

раставаць засынаць ад спякоты ляноты пяшчоты

паміж пальцамі душнага горада дзе сонца на шыбах

вымалёўвае ранак вымольвае рухі тлумачыць абрысы

духмень дыняў

ніз жывата цёплы і мягкі

 

я бяру твае рукі твае рукі бы мапы твае лініі сцежкі

па іх ходзяць злыя сабакі і чорныя лісы

на іх луска кальчугі і скуры свежыя латкі

у мяне ёсць знаёмы гарбар

ссівелы ад сноў

хай зробіць пяльчаткі

 

***

цёплым персікам ліпеня

рогатам мовы рабінавай

які мяккі горад

 

сонца

на вячэру вятры

п'юць гарачыя ліхтары

 

п'янець у пустых тралейбусах

дыхайце: люб–лю

знайсці пару арэхаў

 

у вераб'іную ноч

маланка б'е ў арэх

вінаватая мова

 

***

Жнівень — нажы ў назвы,

Словападзенне

Чырвані ў гарачы пыл

Выспявае.

Па дахах скача, клюе коміны ў макаўку жоўты певень.

 

Жнівень вяжа цыбулю ў косы.

Скасі! Сажні!

Адамкні,

Месяц–манарх,

Артэрыі памідораў,

Вінаграду буры ў гронках,

Галактыкі сліў на галінах.

Я чую, як плод адрываецца, ляціць і падае вобтраў.

Месяц–мніх хутка.

 

Па развітаннях сваіх іконамі стануць дрэвы.

Візантыя восені.

Віна ў сенях вярэда,

Сініцы з рук, журавы ў вырай, вёдры ў студні,

Вяроўка на валак, скрыпучая песня, як валак свет круціцца,

Вада празрэла.

 

— Палі мае кветкі!

— Дождж палье.

Каментары

"Pудай коткай", напэўна ж.
Сапраўды абдрукоўка. Дзякуй!

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».