Вы тут

Якім павінен быць настаўнік ХХІ стагоддзя?


«Ідэальны настаўнік — не шаблонная мадэль. Гэта цікавы, харызматычны, адукаваны чалавек, поўны творчай энергіі, які выхоўвае такіх жа актыўных, неабыякавых і мыслячых людзей», — такой думкі прытрымліваецца цяперашняя студэнтка Маскоўскага дзяржаўнага абласнога ўніверсітэта Гаар САРКІСЯН, якая вучыцца на настаўніка замежных моў. Адзінаццацікласніцай дзяўчына правяла невялікае даследаванне сярод вучняў сваёй гімназіі, іх бацькоў і педагогаў з мэтай параўнаць патрабаванні дзяржавы да дзелавых і асабістых якасцяў педагогаў (яны адлюстраваныя ў прафесійным стандарце педагогаў), і чаканні грамадства ад школы. Наколькі яны супадаюць? Усім рэспандэнтам прапаноўвалася ў свабоднай форме адказаць на пытанне: «Якія якасці мусіць мець ідэальны настаўнік?»


Вы­пуск­ні­кі БДПУ раз­ля­та­юц­ца на раз­мер­ка­ван­ні, як пі­раж­кі ў ба­зар­ны дзень. Ні­хто без пра­цы не за­ста­ец­ца...

100% вучняў, якія прынялі ўдзел у апытанні, лічаць, што ідэальны настаўнік павінен быць строгім і цярплівым. Таксама ўсе вучні-рэспандэнты былі аднадушныя ў думцы, што настаўнік павінен умець зацікавіць вучэбным матэрыялам. 80% апытаных — за непрадузятае стаўленне з боку педагога і індывідуальны падыход («кожны хоча, каб яго ацэньвалі па справядлівасці і дапамагалі дасягнуць найлепшых вынікаў»).

Для ўсіх апытаных бацькоў ідэальны настаўнік — той, хто выдатна ведае свой прадмет. Як асобную якасць 100% бацькоў пазначылі «любоў да сваёй прафесіі і дзяцей» плюс неабыякавасць. Абсалютна ўсе апытаныя педагогі — за выдатнае веданне прадмета і цярплівасць. Да слова, найбольш уразілі старшакласніцу менавіта адказы педагогаў, калі высветлілася, што ў настаўніцкай практыцы здараецца мноства сітуацый, у якіх неспрактыкаваны чалавек проста разгубіцца. Зрабіць з чалавека добрага настаўніка можа толькі неабыякавасць: калі ў цябе ёсць імкненне змяніць свет да лепшага, гэтая прафесія для цябе — такі вердыкт вынеслі педагогі...

Мужчынскі голас у «школьным аркестры»

Не сакрэт, што быў час, калі на педагагічныя спецыяльнасці і ў нашай краіне, і ў Расіі выпускнікі школ ішлі па рэшткавым прынцыпе. Але ў апошнія гады сітуацыя пачала пакрысе выпраўляцца. Так, у расійскіх ВНУ сёлета конкурс на ўсе педагагічныя спецыяльнасці ў параўнанні з мінулым годам значна ўзрос, і ў першую чаргу — на факультэтах дэфекталогіі і пачатковых класаў. У Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце імя Максіма Танка апошнія тры гады сярод абітурыентаў расце колькасць медалістаў, а таксама выпускнікоў ліцэяў і гімназій. Калі ў 2014 годзе ва ўніверсітэт прыйшло 100 медалістаў, у мінулым годзе — 132, то сёлета — 148. Плюс 22 медалісты будуць вучыцца на ўмовах аплаты.

Заўважна павялічыліся і прахадныя балы. Так, на спецыяльнасць «Лагапедыя» дзённай формы навучання прахадны бал вырас у параўнанні з мінулым годам на 50 пунктаў і склаў 323, на спецыяльнасць «Руская мова і літаратура. Замежная мова» — на 49 пунктаў (289). І такіх спецыяльнасцяў у БДПУ, дзе прахадныя балы выраслі на 20—50 пунктаў, — 80% ад агульнай колькасці.

— Педагагічная прафесія стала пераважна жаночай: 85% настаўнікаў у сістэме адукацыі — жанчыны. Аднак з задавальненнем хачу адзначыць, што сёлета ў нас на чатырох факультэтах істотна павялічыўся працэнт хлопцаў, — падкрэслівае рэктар БДПУ, прафесар Аляксандр ЖУК. — Найбольш іх прыйшло на факультэт фізічнага выхавання (каля 60%), на гістарычны факультэт (42%), фізіка-матэматычны (40%) і на факультэт прыродазнаўства — каля 30% ад агульнай колькасці залічаных. Нам яшчэ трэба асэнсаваць гэты феномен, каб зразумець, як прыцягнуць яшчэ больш хлопцаў ва ўніверсітэт. Напэўна, наша праца, як і намаганні СМІ па павышэнні прэстыжу педагагічнай прафесіі, прыносяць плён.

Творца, мудры псіхолаг і справядлівы суддзя

Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт да свайго 100-годдзя праводзіў творчы конкурс на найлепшае сачыненне школьнікаў і студэнтаў пра настаўніка. Прачытаўшы конкурсныя работы, без праблем можна скласці «зборны» вобраз.

«Галоўнымі рысамі настаўніка з'яўляюцца здольнасць да разумення, цярплівасць і творчасць. Прафесія педагога не менш творчая, чым прафесія мастака ці пісьменніка, — лічыць выхаванка Капаткевіцкай сярэдняй школы Петрыкаўскага раёна Яніна Кухарава. — Сучасны настаўнік павінен быць гнуткім, мабільным, таму што з кожным годам рытм нашага жыцця паскараецца, паток інфармацыі расце. Настаўнік будучыні павінен ісці не ў нагу з часам, а на крок наперадзе. Для мяне настаўнік — гэта чараўнік, сябра, творца, чалавек, у сэрцы якога знойдзецца месца для кожнага. Гуманнасць, талерантнасць, настойлівасць і мабільнасць, адказнасць і адданасць сваёй прафесіі, крэатыўнасць і аптымізм — усё важна для таго, каб быць Настаўнікам з вялікай літары».

«...Гэта музыкант, які віртуозна грае на тонкіх струнах дзіцячай душы. І ад майстэрства педагога-музыканта залежыць, як будзе гучаць мелодыя...» — напісала Вераніка Ленская з Атраднаўскай сярэдняй школы Любанскага раёна.

«Сапраўдны настаўнік — гэта не толькі чалавек, які вучыць дзяцей. Ён і выхавальнік, і мудры псіхолаг, і справядлівы суддзя, выдатны імправізатар, артыст, хаця і не чакае апладысментаў» (Вікторыя Барысава, СШ № 2 г. Петрыкава).

«Які ён, педагог ХХІ стагоддзя? 1. Мудры, адукаваны, інтэлігентны, справядлівы настаўнік. 2. Ён ідзе ў нагу з часам, уключае ва ўрок інфармацыйныя тэхналогіі. 3. Гэта настаўнік-выхавальнік, якому неабыякавая будучыня планеты і міру на Зямлі. 4. Ён не стаіць на месцы, вучыцца ўсё жыццё, пазнае новае. 5. Творчая асоба. 6. Гэта старэйшы сябра, памочнік, які паважае нас і наша меркаванне» (Аксана Кізун, СШ №25 г. Брэста).

«Быць настаўнікам — адна з найскладанейшых задач, таму што адзін чалавек павінен быць адначасова псіхолагам, навуковым работнікам, аратарам, акцёрам, арганізатарам. Адказнасць неверагодная: памылка педагога не настолькі заўважная як, напрыклад, памылка ўрача, але яна можа прывесці да непрадказальных наступстваў» (Анастасія Рагель, СШ №1 г. Валожына).

«Настаўнік — унікальная прафесія па-за часам, модай і геаграфіяй» (Марыя Сцефняк, гімназія №1 г. Жлобіна).

Фота На­дзеі НІ­КА­ЛА­Е­ВАй.

Не практыкант, а Педагог

У новым навучальным годзе працаваць ва ўстановах адукацыі нашай краіны пачнуць 5800 маладых спецыялістаў, 580 з іх — у сталіцы. Як правіла, перад кожным маладым педагогам паўстае шэраг пытанняў. З чаго пачаць? Што сказаць вучням пры першай сустрэчы? Як наладзіць узаемаадносіны з дзіцячым калектывам? Як зрабіць бацькоў сваімі саюзнікамі?

Аляксандра ЯЦЭВІЧ у гэтым годзе скончыла інжынерна-педагагічны факультэт БНТУ і будзе выкладаць у 165-й сталічнай школе інфарматыку. Прызнаецца, што вельмі чакае першай сустрэчы са сваімі вучнямі. «Спадзяюся, што ў мяне ўсё атрымаецца: я гатова і да радасцяў, і да цяжкасцяў у стасунках з імі. Гатова і сама вучыцца ў дзяцей. Вельмі спадзяюся на добразычлівую атмасферу ў калектыве і дапамогу калег. Хацелася б стаць добрым настаўнікам, але я цудоўна разумею, што для гэтага трэба пастаянна самаўдасканальвацца», — прызнаецца без пяці хвілін малады педагог.

А вось у настаўніцы рускай мовы і літаратуры 165-й мінскай школы Вікторыі СІНЮК ужо маецца невялікі вопыт.

— Можна скончыць універсітэт з «чырвоным дыпломам», магістратуру, аспірантуру, як гэта было ў маім выпадку, але гэта яшчэ не гарантыя таго, што ты прыйдзеш у дзіцячую аўдыторыю і ўсё пойдзе як па масле, — кажа яна. — Калі ты трапляеш у дзіцячы калектыў, то сутыкаешся са стыхіяй, якой трэба навучыцца кіраваць, а гэта вельмі няпроста.Трэба вучыцца ўстанаўліваць кантакт, улічваць індывідуальныя асаблівасці кожнай маленькай асобы, трэба чуць і прымаць іншага чалавека. Настаўнік павінен развівацца не толькі як прадметнік, але і як псіхолаг...

Спачатку ў мяне ўзнікалі складанасці ў ацэньванні, бо вельмі няпроста ацэньваць чужую працу і быць аб'ектыўнай. На мой погляд, у ацэньванні трэба быць вельмі справядлівым і ўлічваць асаблівасці і дынаміку развіцця кожнага вучня. У нас зараз дзейнічае 10-бальная сістэма ацэньвання, але насамрэч, калі вучань, які вучыўся на «двойкі», робіць поспехі, я не пашкадую самай высокай адзнакі, нават калі яго «дзясятка» і будзе адрознівацца ад «дзясяткі» выдатніка.

— Адна з праблем, з якімі сутыкаюцца ўсе маладыя спецыялісты, — гэта стасункі з бацькамі, аднак я заўважыла, што існуюць праблемы і ў стасунках бацькоў і дзяцей, — канстатуе маладая настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 155 Мінска Марыя ДАРАШЭНКА. — Таму паставіла для сябе задачу — згуртаваць калектыў не толькі дзяцей, але і іх бацькоў. Мы стварылі бацькоўскі клуб «Сям'я» і цягам года праводзілі сумесныя сустрэчы і мерапрыемствы накшталт «Калядных казак ля каміна»...

«Вайбер» — для кантактаў з бацькамі...

У мінулым навучальным годзе ў сталіцы дзейнічалі пяць школ маладых педагогаў па розных прадметах. Адну з іх узначальвала намеснік дырэктара сярэдняй школы №165 Ніна Дзмітрыеўна ХАЦЯН.

— Кантрольна-ацэначная і тым больш безадзнакавая дзейнасць у малодшых класах выклікаюць цяжкасці нават у сталых педагогаў, а тым больш у пачаткоўцаў. Да праблем, з якімі сутыкаецца большасць маладых настаўнікаў, трэба аднесці і цяжкасці ў рабоце з дзецьмі з дэвіянтнымі паводзінамі, з бацькамі вучняў, таму што не заўсёды нават вопытны педагог здольны прымусіць бацькоў пачуць, што хоча данесці да іх настаўнік, — дзеліцца яна сваімі назіраннямі. — Да слова, мы праводзілі апытанне сярод маладых настаўнікаў, каб высветліць самыя важныя якасці сучаснага настаўніка. І вось што яны назвалі: творчасць, незалежнасць, канкурэнтаздольнасць, ініцыятыўнасць, маральнасць і духоўнасць, мабільнасць, адказнасць, прафесіяналізм, кампетэнтнасць у галіне тэхналогій...

— У сучасным свеце дзіця можа знайсці любую інфармацыю, але пакуль яшчэ не прыдумалі камп'ютар, які навучыць яго аналізаваць, параўноўваць, мысліць лагічна і рабіць высновы, — упэўнены малады настаўнік гісторыі 165-й сталічнай школы Андрэй АРСЯНОВІЧ.

Трэба прызнаць, што інтэрнэт па сіле ўплыву на маладых людзей істотна пераўзыходзіць магчымасці сучаснага настаўніка, а падручнік перастаў быць галоўным сродкам навучання. «Таму настаўнік не можа быць проста транслятарам ведаў, ён павінен быць кансультантам, памочнікам, сябрам дзяцей. Задача настаўніка — даць аснову, абудзіць цікавасць да свайго прадмета і навучання ўвогуле, навучыць вучня самастойна здабываць веды, аналізаваць, і, магчыма, самае важнае — сфарміраваць стрыжань асобы дзіцяці, — упэўнены рэктар БДПУ Аляксандр Жук. — Цяпер наш універсітэт распрацоўвае прафесійны стандарт педагога, у якім мы прапісваем новыя кампетэнцыі, звязаныя з ІТ-тэхналогіямі і працай з сям'ёй у новых умовах».

Цікава, што маладыя настаўнікі ўжо прыдумалі, як паставіць сабе на службу новыя тэхналогіі. Вось іх «рэцэпт»: паколькі вучні не заўсёды даносяць да сваіх бацькоў важную інфармацыю, можна стварыць групу ў «Вайберы» і кантактаваць там з бацькамі без пасрэдніцтва дзяцей у любы зручны для ўсіх час. Пры гэтым уласныя старонкі ў сацыяльных сетках маладыя настаўнікі лічаць сваёй тэрыторыяй і не пускаюць на яе ні вучняў, ні іх бацькоў. Усё ж такі пэўныя бар'еры ў стасунках павінны захоўвацца...

Надзея НІКАЛАЕВА

nіkalaeva@zvіazda.by

Фота Сяргея Нікановіча

Загаловак у газеце: На крок наперадзе

Каментары

Давайце будзем шчырымі: прафесія настаўніка не ўваходзіць ні ў пяцёрку, ні нават ў дзесятку прэстыжных у нашай краіне, у адрозненне ад праграмістаў, лагістаў, юрыстаў, маркетолагаў і нават урачоў, хоць і медыцынскія работнікі таксама актыўна скардзяцца на свае заробкі. Але мне вельмі крыўдна чуць, што ў педагагічны ўніверсітэт паступаюць адны няўдачнікі. Многія нават не дапускаюць думкі, што хтосьці (як, напрыклад, я) марыў з дзяцінства стаць педагогам. Вось і пасля ўвядзення для школьных медалістаў права паступлення на педагагічныя спецыяльнасці без здачы ЦТ, іх сталі падазраваць у карысці. Маўляў, паступаюць туды, куды прасцей прайсці без конкурсу. Цікава, канешне, будзе паглядзець праз колькі год, якія з іх атрымаюцца настаўнікі і колькі з іх застануцца працаваць у школе… Жыццё паказвае, што месца настаўніка можа заняць амаль кожны, але быць сапраўдным настаўнікам здольныя далёка не ўсе. Не да ўсіх педагогаў дзеці ставяцца з павагай, а некаторых яны, мякка кажучы, проста ігнаруюць. Педагогам сёння быць значна цяжэй, чым калісьці, але разам з тым і цікавей. Сучасны настаўнік абавязкова павінен быць крэатыўным і не замыкацца ў рамках свайго прадмета. Быць на адной наўе Каб быць аўтарытэтам для дзяцей, педагог проста абавязаны разумець тыя праблемы, якія іх хвалююць. Як бы педагог ні ставіўся да вучня, пры ацэньванні вынікаў яго вучобы і паводзінаў гэта ніяк не павінна адбівацца. Сутыкнуўшыся з няшчырасцю настаўніка, дзіця наўрад ці будзе давяраць яму ў далейшым. Кожны вучань, прычым у кожнага настаўніка, павінен мець магчымасць атрымаць добрую ці выдатную адзнаку. Гэта не толькі мой настаўніцкі прынцып, але і бацькоўская крыўда на некаторых гора-настаўнікаў. Трэба пераканаць дзяцей у тым, што вы жадаеце ім дабра, імкняцеся навучыць іх адказна ставіцца да вучобы, даручэнняў, сваіх учынкаў. У школе павінны падтрымлівацца цікаўнасць да вучобы, а не пагоня за адзнакамі. Педагогі павінны спрыяць сацыяльнай мабільнасці сваіх выхаванцаў. Павінны вучыць дзяцей прымаць самастойныя рашэнні і несці за іх адказнасць. А многія настаўнікі проста выганяюць дзіця з уроку і выклікаюць бацькоў на бескарысныя часам размовы. А потым чакаюць, што вучні будуць іх паважаць. І разважаюць пра непрэстыжнасць сваёй прафесіі

Выбар рэдакцыі

Палітыка

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

Другі дзень УНС: усе падрабязнасці тут

У парадку дня — зацвярджэнне Канцэпцыі нацбяспекі і Ваеннай дактрыны.

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.

Моладзь

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Аліна Чыжык: Музыка павінна выхоўваць

Фіналістка праекта «Акадэмія талентаў» на АНТ — пра творчасць і жыццё.

Грамадства

Курс маладога байца для дэпутата

Курс маладога байца для дэпутата

Аляксандр Курэц – самы малады народны выбраннік у сваім сельсавеце і адзіны дэпутат сярод сваіх калег па службе.