23 верасня, серада

Вы тут

Пётр ПРАКАПОВІЧ: "Задача — мадэрнізаваць мысленне"


Беларусь сёння мае ўсе ўмовы для эканамічнага рыўка наперад: фінансавыя сродкі, нарматыўную базу, патэнцыял і вопыт. Аднак усяго гэтага можа аказацца недастаткова, калі літаральна кожны грамадзянін Беларусі не асэнсуе, наколькі ад яго асабіста залежыць поспех справы. На гэтай думцы акцэнтаваў увагу журналістаў намеснік прэм'ер-міністра Рэспублікі Беларусь Пётр ПРАКАПОВІЧ на прэс-канферэнцыі, прысвечанай пытанням мадэрнізацыі эканомікі.

Што атрымаем у выніку

Комплексная мадэрнізацыя эканомікі ў бліжэйшыя 2 гады дазволіць павысіць жыццёвы ўзровень беларусаў у 2015 годзе да сярэднееўрапейскага, сказаў на прэс-канферэнцыі віцэ-прэм'ер Пётр Пракаповіч. Гэта значыць, што сярэднямесячны заробак у нас будзе $1000. Для гэтага патрэбна, каб вытворчасць працы ў выглядзе выручкі на аднаго занятага ў эканоміцы была не менш за $60 тыс. У 2010 годзе гэты паказчык трохі перавышаў $33 тысячы — а значыць, размова ідзе пра рост вытворчасці працы амаль у 2 разы.

Другі вынік мадэрнізацыі — збалансаванае развіццё знешнеэканамічнай дзейнасці, атрыманне ўстойлівага станоўчага сальда ў знешнім гандлі. Акрамя росту вытворчасці працы, для гэтага патрабуецца яшчэ і павышэнне канкурэнтаздольнасці нашых тавараў на знешніх рынках.

Паспяхова і своечасова праведзеная мадэрнізацыя дазволіць Беларусі да 2020 года ўвайсці ў лік краін сусветнай эліты па ўзроўні развіцця чалавечага патэнцыялу і дабрабыту. "Мы маем магчымасць пры здавальняючай працы ўвайсці ў лік 40 перадавых краін свету, пры добрай працы — у 30", — упэўнены Пётр Пракаповіч.

Асаблівасці моманту

Калі раней мадэрнізацыя ў нашай краіне адбывалася на асобных прадпрыемствах (10-15%), то зараз урад вырашае задачу забеспячэння мадэрнізацыі ўсіх без выключэння прадпрыемстваў. "Розніца ў разы паміж перадавымі і адсталымі гаспадаркамі недапушчальная", — пакрэсліў намеснік прэм'ер-міністра.

Упершыню таксама размова ідзе пра комплексную мадэрнізацыю: не толькі тэхнічную, але і эканамічную, якая мае на ўвазе ўкараненне самых дасканалых сістэм кіравання, аптымізацыю колькаснага складу, перайманне лепшага сусветнага вопыту.

Яшчэ адна асаблівасць сённяшняга часу — удзел у мадэрнізацыі гаспадарак усіх формаў уласнасці. "Гэта звязана з тым, што роля недзяржаўнага сектара эканомікі значна вырасла, і без мадэрнізацыі ў гэтай сферы мы не дасягнём жаданага выніку, — патлумачыў Пётр Пракаповіч. — Таму асаблівыя ўвага і клопат з боку дзяржавы і ўсяго грамадства будуць надавацца развіццю малога і сярэдняга бізнэсу". У 2015 годзе не менш за 30% ВУП павінна быць створана з удзелам малога (з колькасцю да 100 працоўных месцаў) бізнэсу. Сёння гэты паказчык меншы за 20%. Гэта значыць, што за 3 бліжэйшыя гады эканамічны патэнцыял малых прадпрыемстваў таксама павінен вырасці амаль удвая.

Што зроблена?

Сёння распрацаваны праграмы па мадэрнізацыі 2820 прадпрыемстваў з дзяржаўнай формай уласнасці. Усяго такіх прадпрыемстваў — 3904. Астатнія не патрабуюць значных капітальных укладанняў, таму замест праграм для іх распрацаваны комплекс мер. Акрамя таго, праграмы па мадэрнізацыі распрацаваны яшчэ на 853 прадпрыемствах міжведамаснай падпарадкаванасці.

Цяпер абараняюцца бізнэс-планы, адкрываюцца крэдытныя лініі, праводзяцца тэндары і закупляецца абсталяванне. Вызначаны крыніцы фінансавання: 1/3 — уласныя сродкі прадпрыемстваў, 50-55% — запазычаныя рэсурсы банкаў, 10-15% — падтрымка дзяржавы і, акрамя таго — прыцягненне прамых замежных інвестыцый.

Эканамічную мадэрнізацыю Пётр Пракаповіч назваў больш важным і больш складаным пытаннем, чым мадэрнізацыю тэхнічную, бо без дадатковых грошай яна можа забяспечыць павелічэнне вытворчасці тавараў і паслуг ад 10 да 50%.

Спрыяльныя фактары

Першым такім фактарам Пётр Пракаповіч назваў працу ва ўмовах Адзінай эканамічнай прасторы, што дае новыя магчымасці для экспарту нашых тавараў і паслуг. Другі аб'ектыўны спрыяльны фактар — скарачэнне выдаткаў на энергарэсурсы з 1 студзеня 2012 года, за кошт чаго толькі летась беларуская эканоміка атрымала каля $4 млрд. Кошт на энергарэсурсы для Беларусі не будзе павялічвацца ў бліжэйшыя 3 гады, што стварае эканамічную аснову для паспяховай мадэрнізацыі.

Такім чынам, усе магчымасці ў нас ёсць, "але ўсё будзе залежаць ад працы кожнага грамадзяніна Рэспублікі Беларусь", падкрэсліў віцэ-прэм'ер. Па сутнасці, размова ідзе пра мадэрнізацыю мыслення, пагадзіўся ён з журналістамі. "Мы павінны навучыцца жыць і працаваць па-сучаснаму".

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.

Грамадства

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Дачка галоўнага «песняра» распавяла пра сямейныя традыцыi.