Вы тут

Вопыт і ўрокі гісторыі: БНР як нацыянальная форма беларускай дзяржаўнасці


"Грамадзянін Рэспублікі Беларусь" — кажам пра сябе мы, яе жыхары. Кажам і не задумваемся часта пра тое, з чаго і як утваралася гэтая рэспубліка. Дзе быў той самы вызначальны момант, калі людзі маглі перастаць сябе лічыць проста насельніцтвам нейкай абстрактнай тэрыторыі. Калі яны змаглі перастаць сарамліва гаварыць пра сябе "мы — тутэйшыя". Калі нехта паставіў пытанне пра тое, каб насельніцтва з годнасцю магло называць сябе народам. І варта азірнуцца назад. Варта ўзгадаць той невялічкі перыяд у гісторыі гэтага асобнага — у чым сёння няма сумневу — народа, калі яго "тутэйшасць" была заменена дзяржаўнасцю. Амаль сто гадоў таму ў нашай гісторыі быў момант, які дагэтуль яшчэ можа быць цалкам не ўсвядомлены ўсім нашым грамадствам як лёсавызначальны, калі нацыя заявіла пра сябе праз спробу ажыццяўлення дзяржаўнасці. І галоўнае тут: заявіла. Каб праз нейкі час, у больш спрыяльных умовах, ідэя стала рэальнасцю — у выглядзе незалежнай Рэспублікі Беларусь.

Каб павярнуць грамадзян Беларусі да гісторыі, даўшы ім чарговы раз адчуць гонар за свой народ, у рэдакцыі газеты "Звязда" сабраліся гісторыкі, філосафы, палітолагі на "круглы стол", які праводзіцца газетай па ініцыятыве Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Нашы эксперты — тыя, хто прафесійна займаецца навуковым асэнсаваннем складаных і супярэчлівых падзей, якія разгарнуліся ў пачатку ХХ стагоддзя і прывялі да станаўлення беларускай дзяржавы — ад Беларускай Народнай Рэспублікі да Рэспублікі Беларусь:

Аляксандр КАВАЛЕНЯ, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар; Вячаслаў ДАНІЛОВІЧ, дырэктар Інстытута гісторыі НАН, кандыдат гістарычных навук; Мікалай СМЯХОВІЧ, загадчык Цэнтра гісторыі індустрыяльнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт; Сяргей ТРАЦЦЯК, загадчык аддзела найноўшай гісторыі Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук; Валянцін МАЗЕЦ, старшы навуковы супрацоўнік аддзела гісторыі беларускай дзяржаўнасці Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт; Валерый ЯВАРОЎСКІ, загадчык цэнтра гісторыка-філасофскіх і карпаратыўных даследаванняў Інстытута філасофіі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт; Андрэй УНУЧАК, загадчык сектара гістарыяграфіі метадаў гістарычных даследаванняў Інстытута гісторыі НАН Беларусі, кандыдат гістарычных навук; Андрэй ЗЯБКО, выкладчык Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка; Мікалай МЯТЛІЦКІ, галоўны рэдактар часопіса "Полымя", паэт; Юрый ЦАРЫК, намеснік дырэктара Дома прэсы, палітычны аналітык.

Аляксандр КАВАЛЕНЯ: Апошнім часам з'явілася нямала публікацый паланафільскага і русафільскага напрамку, якія закранаюць праблему беларускай дзяржаўнасці. Некаторыя аўтары імкнуцца адмаўляць наяўнасць беларускай мовы, імкнуцца даказаць штучнасць беларускай дзяржаўнасці. Гэтыя факты не могуць не непакоіць нас, гуманітарыяў. Так, адзін з аўтараў сцвярджае: "Луцевич взял себе псевдоним "Купала" и стал одним из родоначальников псевдонародной субкультуры, которая впоследствии стала выдаваться большевиками за подлинно народную белорусскую культуру, что совпадало с их стратегией на эскалацию революционной борьбы с использованием национальных противоречий в многонациональной Российской империи..."

Далей гэты аўтар імкнецца даказаць, што разам з "Элоизой Пашкевич и другими выходцами из шляхетского сословия он принял активное участие в создании "белорусского мифа"... Ёсць шмат іншых выказванняў, якія закранаюць нашых класікаў, тых, хто стаяў ля вытокаў фарміравання беларускай мовы. Вядома, названыя і некаторыя іншыя пасылы з'яўляюцца не толькі гістарычнай фальсіфікацыяй, але і палітычна шкоднай з'явай, якая падрывае незалежнае будаўніцтва Рэспублікі Беларусь.

Таму варта звярнуцца да нашай гісторыі канца ХІХ — пачатку ХХІ стагоддзя, калі сапраўды ідэя беларускай дзяржаўнасці была сфармулявана і нават зроблена спроба яе рэалізаваць. Перш за ўсё мы павінны звярнуць увагу на спрадвечнае геапалітычнае месцазнаходжанне беларускіх земляў, якія ляжалі на перакрыжаванні шляхоў зносін і з'яўляліся фарпостам духоўнага разлому. Беларусь была тэрыторыяй праваслаўнай, затым прыйшоў каталіцызм, гэты духоўны разлом тут меў сваё адлюстраванне.

Другое: мы павінны звярнуць увагу на міжнароднае становішча напярэдадні абвяшчэння БНР. Распачаты ваенны канфлікт перарос у сусветную крывавую бойню, прывёў да распаду чатырох імперый: Германскай, Расійскай, Асманскай, Аўстра-Венгерскай. Ён падштурхнуў у шэрагу ваюючых краін унутрыпалітычны крызіс і прывёў да рэвалюцыйных змен у краінах Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Становішча ў Расійскай імперыі ўскладнялася прадажнасцю, казнакрадствам чыноўнікаў і недальнабачнасцю палітычнай апазіцыі, якая ўзяла на ўзбраенне лозунг: "Чым горш — тым лепш". У выніку ўлада перайшла да той палітычнай сілы, якая заявіла аб выхадзе краіны з вайны, абвясціла зразумелыя і даступныя для простага, знясіленага чатырма гадамі вайны "чалавека з ружжом" лозунгі: "Далоў вайну!", "Далоў капітал", "Зямля — сялянам", "Фабрыкі і заводы — рабочым".

У рэчышчы размовы аб БНР хачу сказаць яшчэ пра адзін лозунг — аб праве нацый на самавызначэнне аж да аддзялення. Заўважым, што гэтая ідэя была папулярная не толькі сярод бальшавікоў, але і сярод мясцовых нацыянальна-дэмакратычных сіл, што і прывяло да развалу Расійскай імперыі. Гэтыя ідэйна-прапагандысцкія лозунгі бальшавікоў узмацнялі ўнутраны сацыяльны разлом і руйнавалі імператарскую армію.

Трэцяе: сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае становішча на тэрыторыі беларускіх земляў. Чацвёртае: унутрыпалітычная барацьба і дзейнасць розных грамадска-палітычных плыняў, якія існавалі ў гэты час на тэрыторыі Расіі і ў першую чаргу ў нашым рэгіёне, заходніх губернях.

Сёння некаторыя палітыкі і гісторыкі ігнаруюць прынцып гістарызму. Прычым робіцца гэта асэнсавана. З гістарычнага кантэксту вырываюцца факты і падзеі для дасягнення асабістых мэтаў — палітычных ці сацыяльна-эканамічных. Мы, як гісторыкі, павінны сказаць, што абвяшчэнне БНР — гэта гістарычна абумоўленая падзея. Факт абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі і дзейнасць яе Рады — гэта была першая спроба не толькі прадэклараваць, але і ажыццявіць практычныя захады ўтварэння беларускай дзяржаўнасці, што мае вялікае гістарычнае значэнне. Абвяшчэнне БНР аказала значны ўплыў на фарміраванне нацыянальнай самасвядомасці беларускага народа, стала важным крокам далейшага дзяржаватворчага працэсу. Ад размоў аб фарміраванні беларускай ідэі мы прыйшлі да рэалізацыі гэтых ідэй. Ідэі за дзень не фарміруюцца, а ўзнікаюць дзякуючы таму, што было ўжо напрацавана ў грамадстве. Каб засведчыць шлях беларускага народа да сваёй дзяржаўнасці, Інстытутам гісторыі НАН выдадзена манаграфія "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці" ў дзвюх кнігах, дзе з навуковага пункту гледжання даецца ацэнка гэтых падзей.

Вячаслаў Даніловіч:

Адной з актуальных, стрыжнёвых праблем нашай гістарычнай навукі стала праблема даследаванняў беларускай дзяржаўнасці. І менавіта гэтым мы кіраваліся, калі ў 2005 годзе ў нас у Інстытуце быў створаны аддзел гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Аддзел на сённяшні дзень з'яўляецца каардынуючым цэнтрам па даследаванні праблематыкі гісторыі беларускай дзяржаўнасці для ўсіх навукоўцаў нашай краіны ў рамках дзяржаўнай праграмы навуковых даследаванняў. Менавіта нашымі акадэмічнымі вучонымі-гісторыкамі была распрацавана навуковая канцэпцыя аб тым, што ў гісторыі Беларусі існавалі гістарычныя і нацыянальныя формы беларускай дзяржаўнасці. Гістарычныя формы, пачынаючы з Х стагоддзя, якія былі на нашай тэрыторыі — гэта Кіеўская Русь, Полацкае, Тураўскае княствы. І нацыянальныя формы дзяржаўнасці: першая — Беларуская Народная Рэспубліка, пазней БССР і, нарэшце, Рэспубліка Беларусь. Гэта новае слова ў нашай гістарычнай навуцы. Да гэтага часу не было такой якасна абгрунтаванай канцэпцыі, якая дазваляе ўпарадкаваць формы дзяржаўнасці, якія існавалі на нашай тэрыторыі.

"Гісторыя беларускай дзяржаўнасці" падрыхтавана ў адпаведнасці з нашай нацыянальнай ідэалогіяй. Мы выклалі матэрыял, гістарычныя факты так, як яны выглядаюць, калі падыходзіць да іх з аб'ектыўнага пункту гледжання, з пункту гледжання нас як народа, як нацыі беларусаў. Таму што мы лічым вельмі важным даводзіць да шырокай грамадскасці погляд на нашу гісторыю з пункту гледжання беларусаў. Калі мы гэта не будзем рабіць, то можам атрымаць польскі, украінскі, расійскі варыянт нашай гісторыі, а ў нас павінен быць уласны погляд на гістарычныя падзеі, якія адбываліся на нашай тэрыторыі.

Напрацоўкі Інстытута гісторыі па тэме беларускай дзяржаўнасці сёння актыўна ўключаюцца ў падручнікі і вучэбна-метадычныя дапаможнікі. З 2012 года мы пачалі чытаць спецкурсы ў ВНУ краіны па гісторыі беларускай дзяржаўнасці. Сімвалічна: першая ВНУ, дзе мы пачалі такі спецкурс, — Полацкі дзяржаўны ўніверсітэт.

Андрэй Унучак: Пытанне дзяржаўнасці вельмі шчыльна звязана з пытаннем існавання асобнага народа. Няма асобнага народа — няма пытання пра асобную дзяржаву, увогуле няма прадмету для размовы. Таму лідары беларускага нацыянальнага руху на пачатку ХХ стагоддзя займаліся сцвярджэннем гэтага факта ў грамадскай думцы Беларусі і ўвогуле ўсёй Расійскай імперыі: ёсць беларуская нацыя, якая мае свае палітычныя правы і галоўнае — права на ўласную дзяржаву. Галоўнымі асобамі беларускага нацыянальнага руху былі браты Луцкевічы, Іван і Антон, і Вацлаў Іваноўскі. Цэнтрамі руху — Санкт-Пецярбург, Вільня і Мінск. Пачыналася ўсё ў сталіцы Расійскай імперыі — Санкт-Пецярбургу, у 1902 годзе, на той момант у Пецярбургу жыло 70 тысяч беларусаў (калі меркаваць па тым, дзе людзі нарадзіліся, па веравызнанні, па мове)...

Мікалай Смяховіч: Трэба ўдакладніць, што дзяржаваўтваральныя працэсы і нацыяўтваральныя працэсы, якія пачаліся ў ХІХ стагоддзі, ішлі разам, а не паасобку. Дыялектыка такая: калі ёсць народ, то ён патрабуе рэалізаваць сваё права на дзяржаву. Калі няма дзяржавы, то няма і народа. І ў нацыяўтваральным працэсе маюць вялікае значэнне такія рэчы, як мова ці веравызнанне. Але самае важнае — стварэнне нацыянальнай эліты. А гэта не толькі палітычная эліта, гэта эліта эканамічная, культурная, навуковая. Кола нацыянальнай эліты можа быць вузкае. Але нацыянальная эліта праз барацьбу за нацыянальныя ідэалы, за рэалізацыю права беларусаў на сваю дзяржаву, за месца сваё ў арэале еўрапейскай геапалітыкі, рэалізоўвала думкі народа. Не трэба, каб увесь народ, усе сяляне ішлі стройнымі радамі са зброяй у руках. Ёсць прадстаўнікі, мовай якіх агучваюцца ідэі.

Андрэй Унучак: Адметна, што пачынальнікі беларускага руху былі вельмі маладымі людзьмі. Напрыклад, на момант стварэння першай беларускай палітычнай партыі Вацлаў Іваноўскі, адзін з лідараў, меў 22 гады. Іван Луцкевіч — 21 год. Але арганізацыі пачынаюць стварацца вельмі хутка: "Клуб беларускай народнай асветы і культуры", пазней узнікае "Беларуская сацыялістычная грамада"...

На самым пачатку нашага адраджэння выключную ролю мела газета "Наша ніва". З 1906 да 1915 года выйшла каля 1 мільёна асобнікаў абодвума шрыфтамі (яна выходзіла да 1912 года кірыліцай і лацінкай, пасля — толькі кірыліцай). З гэтай газетай звязана падрыхтоўка грамадства ўвогуле да ідэі беларускай дзяржаўнасці, беларускай незалежнасці.

Ствараліся беларускія кнігарні, беларускі музычна-драматычны гурток, беларускія кааператывы і іншыя арганізацыі. Запачаткоўваецца класічная беларуская літаратура — Купала, Колас, Багдановіч, Гарэцкі. Фактычна на момант пачатку Першай сусветнай вайны ўжо была створана канкрэтная праграма. У праграме "Беларускай сацыялістычнай грамады" было заяўлена пра "краёвую аўтаномію". Мелася на ўвазе тэрыторыя сучаснай Літвы і Беларусі з сеймам у Вільні.

Сама "Наша ніва" ў 1913 годзе пісала: "Чаго ў нас няма?" І адказвала: самая прынцыповая рэч, якой не было — нацыянальная царква, пісалі яны. Нацыянальная царква — гэта ёсць сувязь паміж ідэяй і шырокімі масамі. Напрыклад, калі абвяшчалася літоўская незалежнасць, то пра яе людзі даведаліся, прыйшоўшы ў нядзялю ў касцёл. У нас гэтая праблема заставалася аж да канца Першай сусветнай вайны.

Аднак у тых умовах лідары беларускага нацыянальнага руху зрабілі ўсё, што ад іх залежала: факт існавання народа быў сцверджаны, заснаваны беларускі друк, беларускае выдавецтва, выпрацавалася беларуская літаратурная мова, акрэслены межы, акрэслена колькасць насельніцтва, зроблена вялікая справа, каб пачаць беларускае школьніцтва, і самае галоўнае: беларуская нацыянальная ідэя стала прызнавацца на міжнародным узроўні, з ёй сталі лічыцца.

Мікалай Смяховіч: Вельмі важны гістарычны вопыт. Да гэтага беларусы не мелі вопыту дзяржаўнага будаўніцтва. Цяпер яны ўзяліся за яго. У гэтым сіла БНР: у полымі Першай сусветнай вайны беларусы, закасаўшы рукавы, імкнуліся стварыць сваю ўласную дзяржаву. Гарыць зямля, свет гарыць, а тут людзі, на тэрыторыі, падзеленай франтамі, увасабляюць ідэю ў жыццё. Ці ж гэта не гераізм?

Андрэй Зябко: Першая сусветная вайна была не проста фонам, яна была выключным фактарам, які фактычна фарміраваў падзеі, пра якія мы сёння згадваем. Мірнае насельніцтва знаходзілася ў складаных умовах: павысіліся цэны на тавары першай неабходнасці, расла спекуляцыя, з-за недахопу інфармацыі распаўсюджваліся чуткі. Таму людзі ставіліся да вайны негатыўна. Пра гэта сведчаць лісты мясцовых жыхароў салдатам. Цэнзары Заходняга фронту адзначалі, што "ў многіх пісьмах у армію праглядае адкрытае жаданне, каб вайна скончылася хутчэй".

Падобныя настроі панавалі і сярод вайскоўцаў на фронце. Напярэдадні 1917 года значна змяніўся кадравы склад арміі, у акопах пераважна знаходзіліся салдаты, якія ў мірны час не праходзілі баявой падрыхтоўкі або наогул былі вызвалены ад воінскай службы. Іх матывацыя і баявы дух былі слабейшымі, чым у кадравых салдат, што ўзмацняла ў іх жаданне хутчэй скончыць вайну і накіравацца дадому. У арміі ў гэты час расце дэзерцірства, часцей здараюцца выпадкі адмаўлення ад выхаду на баявыя пазіцыі. Павялічваецца колькасць пісьмаў, дзе вайскоўцы выказваюцца аб нежаданні ваяваць. За 2,5 года людзі страшэнна стаміліся ад вайны, яны сталі негатыўна ставіцца да тых, хто яе развязаў, упаў прэстыж імперскага ўрада і самога імператара. Усё гэта стварыла ўмовы для розных альтэрнатыў далейшага развіцця.

Сяргей Траццяк: Беларускі нацыянальны рух таксама аказаўся расколатым вайной. Частка яго дзеячаў апынулася па германскі бок фронту, частка — па расійскі. Атрымалася так, што да 1918 года нацыянальна-палітычныя памкненні гэтых дзвюх груп — якія можна назваць віленскім і мінскім цэнтрамі — разыходзіліся. Віленская група адразу выставіла лозунг "Аднаўленне незалежнасці Вялікага Княства Літоўскага". Што датычыцца мінскай групы, то ў 1917 годзе, пасля лютаўскай рэвалюцыі, яна прапанавала лозунг "Аўтаномная беларуская рэспубліка ў складзе федэратыўнай дэмакратычнай Расійскай рэспублікі".

Трэба зазначыць, што дзеячы з Вільні і Мінска здолелі сустрэцца і дамовіцца аб тым, як дзейнічаць надалей. Арыентацыя на аднаўленне ВКЛ адышла ў мінулае. Трэба было думаць пра тое, як будаваць нацыянальную дзяржаву. А што яе прыйдзецца будаваць, было відавочна. І вось 25 сакавіка 1918 года, пасля доўгіх спрэчак, Рада Беларускай Народнай Рэспублікі з удзелам прадстаўнікоў Беларускай рады Віленшчыны прымае Трэцюю Устаўную грамату да народаў Беларусі, у якой абвяшчае поўную дзяржаўную незалежнасць БНР у межах Магілёўскай, Мінскай, беларускіх частак Віцебскай, Віленскай, Гродзенскай, Смаленскай, Чарнігаўскай, і суседніх губерняў. На моцы гэтага, адзначалася ў Трэцяй Устаўнай грамаце, урад Беларускай Народнай Рэспублікі мае ўвайсці ў зносіны з зацікаўленымі бакамі, прапануючы перагледзець тую частку "берасцейскага трактата", якая датычыць Беларусі, і падпісаць мірную ўмову з усімі дзяржавамі, што ваявалі. Рада БНР заяўляла, што Беларуская Народная Рэспубліка не была ўдзельнікам Першай сусветнай вайны і таму яна мае поўнае права заключыць адпаведныя дагаворы з усімі бакамі: як з краінамі Антанты, так з краінамі Чацвярнога саюза.

А далей атрымалася тое, што атрымалася. Беларуская Народная Рэспубліка не ўваходзіла ў планы германскай акупацыйнай улады. Акупанты беларускай Радзе перашкод не чынілі, але ўвесь час яскрава давалі зразумець: усё, на што яна можа разлічваць — гэта роля органа нацыянальнага прадстаўніцтва пры акупацыйнай адміністрацыі. Савецкі ўрад не жадаў прызнаваць Беларускую Народную Рэспубліку і тут ішоў насуперак сваім заявам, якія рабіліся дзеячам Усебеларускага з'езда перад яго скліканнем у снежні 1917 года: калі абвесціце незалежную беларускую савецкую сацыялістычную рэспубліку — то так яно і будзе... У тым геапалітычным становішчы, у якім у 1917-18 годзе апынуліся беларускія нацыянальна-палітычныя сілы, яны зрабілі максімум таго, што маглі: яны абвясцілі незалежную рэспубліку. Абвясціўшы незалежнасць Беларусі, яны задалі верхнюю планку, ніжэй якой сягаць ужо было нельга.

Мікалай Смяховіч: Пасля таго, як была абвешчана БНР, бальшавікі ўжо не маглі ігнараваць пытанне стварэння беларускай дзяржавы...

Валянцін Мазец: Само абвяшчэнне, кажучы словамі Аляксандра Цвікевіча, аднаго з прадстаўнікоў урада БНР, "не шукае для сябе апраўдання, а сваім зместам сцвярджае спрадвечнае права народа Беларусі на волю. Дзякуючы акту 25 сакавіка Беларусь не стала незалежнай дзяржавай, але гэта не змяншае надзвычайнай гістарычнай вартасці гэтага акта і галоўнейшага закону беларускага вызваленчага руху. Ён не стаў законам, праведзеным у жыццё, але ён стаў законам беларускага жыцця".

І далей у тым жа самым артыкуле "Чатыры гады: 1918 — 1922" Цвікевіч піша: "Толькі беспасярэдняя воля народа, выражаная ў актыўным чыне, здольная стварыць трывалую дзяржаву. Калі такой волі няма, ці яна яшчэ недастатковая, то задача палітыкаў развіваць яе і ўсебакова культываваць". Гэта вельмі важная заўвага і для сённяшняга дня. Дзяржава тады трывалая, калі дзяржаўныя інстытуты падтрымліваюцца большасцю народа. Прадстаўнікі розных палітычных сіл абвяшчэнне БНР разглядалі як факт рэальны, крок неабходны, які дазволіць кансалідаваць усе народы, якія насялялі Беларусь, у дасягненні дзяржаўнасці і незалежнасці.

У гэтым напрамку якраз дзейнасць Рады БНР і Народнага Сакратарыята ў тых умовах была майстэрствам магчымага. Хачу звярнуць увагу, што на шляху інстытуалізацыі беларускай дзяржаўнасці ў тых вельмі складаных умовах зроблена было даволі шмат. Па-першае, на акупацыйнай тэрыторыі было адкрыта (па папярэдніх падліках) ад 150 да 250 школак. Дзейнічаў тэатр і гастраляваў па Беларусі!

Рада БНР і Народны сакратарыят прынялі спецыяльную інструкцыю, паводле якой праводзілі рэгістрацыю грамадзян Беларускай Народнай Рэспублікі. Удалося выявіць больш за 1000 такіх пасведчанняў. У архівах захавалася пасведчанне Народнага Сакратарыята БНР за №1042, выпісанае на імя Янкі Купалы. Акрамя таго, у 1918 г. у друкарні Язэпа Галеўскага ў Берліне быў выпушчаны агульнаграмадзянскі пашпарт Беларускай Народнай Рэспублікі, які складаўся з 12 старонак, а на вокладцы была выява дзяржаўнага герба. На атрыманне гэтых пашпартоў у Беларускім консульстве ў Адэсе запісалася каля 16 тысяч беларусаў, якія ваявалі тады на Румынскім фронце і жадалі вярнуцца дадому.

Акрамя іншага, праводзілася інстытуалізацыя БНР на месцах: ствараліся мясцовыя беларускія рады, яны фарміраваліся не па ўказанні немцаў, а ўзнікалі самастойна. Выяўлена таксама вялікая колькасць дакументаў, дзе сяляне звяртаюцца да Народнага Сакратарыята з просьбай абараніць ад гвалту з боку нямецкіх акупацыйных улад. Вялікую работу зрабіла бежанская камісія Рады БНР. Толькі на працягу ліпеня—лістапада 1918 года праз яе намаганні на радзіму праз Баранавічы вярнуліся 4 тысячы бежанцаў-беларусаў.

Разам з тым Беларуская Народная Рэспубліка была дзяржаўным утварэннем у стадыі фарміравання. Хоць БНР абвяшчалася ў межах этнаграфічнага рассялення беларусаў, але юрысдыкцыю на гэтай тэрыторыі не ажыццяўляла. Не было арміі, паліцыі, адсутнічала фінансавая сістэма. Сфарміраваная ўлада на месцах абмяжоўвалася прадстаўніцтвам пры акупацыйных уладах. Весці гутарку аб гарантыі правоў беларускага насельніцтва ва ўмовах акупацыі наогул немагчыма.

Вячаслаў Даніловіч: Сапраўды, формы ўлады БНР былі зародкавыя. Пры спрыяльных умовах яны маглі пераўтварыцца ў рэальную структуру. Але гэта ні ў якай меры не прымяншае важнасці і значнасці для нашай гісторыі самога факта абвяшчэння (упершыню за тысячагоддзі) права беларусаў на нацыянальнае самавызначэнне.

Мікалай Смяховіч: Да 2011 года гісторыкі вялі гутарку аб тым, што БНР — гэта беларуская дзяржава, якую паспрабавалі стварыць дзеячы ў найскладанейшай геапалітычнай сітуацыі ва ўмовах Першай сусветнай вайны, а канкрэтна — у рэаліях Брэсцкага міру 1918 года. Вакол гэтага пытання разгортваліся гарачыя спрэчкі. Адны казалі: так, была беларуская дзяржава, іншыя: не, яна не адбылася. Сёння мы зусім па-іншаму разглядаем гэтыя пытанні. Мы вядзём гаворку пра тое, што БНР была нацыянальнай формай беларускай дзяржаўнасці. Гэта стала магчымым дзякуючы таму, што ў калектыўнай манаграфіі "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці ў канцы ХVІІІ — пачатку ХХІ ст." упершыню ў беларускай гістарыяграфіі распрацавана і рэалізавана новая канцэпцыя гісторыі беларускай дзяржаўнасці.

У чым сутнасць гэтай канцэпцыі? Мы ўпершыню катэгарыяльна вызначылі, што беларуская дзяржаўнасць — гэта права этнанацыянальнай супольнасці, патэнцыяльная здольнасць і магчымасць яе нацыянальнай эліты (палітычнай, эканамічнай, навуковай, культурнай) да працяглага самастойнага гістарычнага існавання. З гэтага вынікае: дзяржава — гэта канкрэтна-гістарычная форма ўвасаблення дзяржаўнасці ў часе і прасторы. Формы дзяржаўнасці могуць мяняцца, эвалюцыянаваць, але яна сама (дзяржаўнасць) заўсёды застаецца нязменнай. Вызначэнне зместу і сутнасці дзяржаўнасці — важнае навуковае адкрыццё, якім змогуць карыстацца прававеды, палітолагі, сацыёлагі, спецыялісты іншых галін ведаў. А нам, гісторыкам, гэта дало магчымасць прасачыць эвалюцыю і вызначыць формы беларускай дзяржаўнасці.

Азначэнне паняцця беларускай дзяржаўнасці дало нам магчымасць зусім па-іншаму паглядзець на ролю той нацыянальнай эліты, якая займалася справай стварэння Беларускай Народнай Рэспублікі, і на ролю сённяшняй нашай нацыянальнай эліты.

Сама па сабе наяўнасць нацыянальнай эліты — яшчэ не гарантыя, што супольнасць зможа рэалізаваць сваё права на працяглае самастойнае існаванне і развіццё. Трэба, каб для гэтага былі інтэлектуальныя, палітычныя, фінансава-эканамічныя, інфармацыйныя і кадравыя рэсурсы.

95 гадоў таму беларускі народ здабыў сабе права на ўласную дзяржаву. Яго нацыянальная эліта валодала здольнасцю, неабходнай для ажыццяўлення гэтага права. Але канкрэтна-гістарычная геапалітычная сітуацыя не спрыяла нам. Немцы аб'ектыўна не маглі прызнаць БНР, яны тады казалі: "Няўжо нашы салдаты гінулі на ўсходнім фронце за тое, каб беларусы атрымалі сабе дзяржаву?" Савецкая Расія таксама была не зацікаўлена, каб ад яе аддзялілася частка тэрыторыі і ўзнікла дзяржава, якая можа стаць зусім не прыхільнай да новай улады.

Тым не менш абвяшчэнне БНР было лагічным працягам усяго нашага нацыянальна-вызваленчага руху і барацьбы за ўласную дзяржаву. У гэтым таксама вялікі гістарычны ўрок. Вы ведаеце, якія спрэчкі зараз вядуцца ў Расіі наконт таго, што такое патрыятызм. На мой погляд, маральны пастулат нашай нацыянальнай эліты змяшчаецца ў наступным: "Дзе мая Радзіма — там мае грошы, мой дабрабыт — учора, сёння, заўтра!" Гэта — прынцыпова новая пастаноўка пытання, тая лакмусавая паперка, па якой мы можам вызначаць, чые інтарэсы абараняе чалавек, які імкнецца да ўлады.

Аляксандр Каваленя: Сапраўды, сёння ў моладзі набывае папулярнасць ідэя пра тое, што Радзіма там, дзе болей плацяць. Але ж гэта трагедыя для любой дзяржавы.

Мікалай Смяховіч: Сёння, як і ў 1918 годзе, місіяй беларускай нацыянальнай эліты з'яўляецца здольнасць і надалей забяспечыць суверэннае развіццё беларускай дзяржавы на працяглы гістарычны перыяд. Дзеля таго, каб нацыянальная эліта здолела выканаць гэту сваю гістарычную місію (а інтэлігенцыя — неад'емная частка нацыянальнай эліты), мы і павінны весці навуковы аналіз якасці і месца інтэлігенцыі ў гэтым працэсе. А то мы мяркуем так: ёсць у нас палітычная эліта, хай яны прымаюць рашэнні, а мы збоку будзем стаяць і назіраць, крытыкаваць. Ад нас таксама залежыць прыняцце дзяржаўных рашэнняў.

Валерый Явароўскі: Кожная дзяржава мае набор сімвалаў. Наша дыскусія паказала, што Беларуская Народная Рэспубліка — гэта сімвал, які трэба абараняць, у тым ліку з аб'ектыўна-гістарычнага пункту погляду. Савецкая рэальнасць знішчыла ўсялякія сляды гісторыі БНР. Стваральнікі БНР, якія вярнуліся з эміграцыі, былі расстраляныя, іх працы забытыя, і, па сутнасці, 20 апошніх гадоў нашай незалежнасці — гэта два дзесяцігоддзі разграбання руін, пошуку не толькі ўласнай сімволікі, але і правільнага стаўлення да яе. Так атрымалася, што Беларуская Народная Рэспубліка праіснавала няшмат часу, але, як той казаў, мела доўгае жыццё пасля смерці.

Мікалай Мятліцкі: Ёсць усімі намі любімая кветка — васілёк. Ён вельмі ярка сімвалізуе сённяшнюю нашу Беларусь. Гэты сімвал увайшоў у вершы сотняў паэтаў нашай Айчыны. А я вось думаю, з чым жа параўнаць БНР? З якой кветкай? Вы ведаеце, вось зараз снягі сыдуць, і на палянах лясоў нашых расцвіце сон, таксама вельмі блакітная, вельмі мімалётная ў часе кветка, якая будзе цвісці некалькі дзён, але вельмі памятная нам, беларускім дзецям вёскі, з нашага маленства. Дык вось, мне здаецца, што Беларуская Народная Рэспубліка вельмі падобна на гэту кветку. Яна сваёй настраёвасцю, сваім жаданнем супрацьстаяць холаду вырасла на зломе чатырох імперый, яшчэ раз нам, беларусам, падказаўшы, што стагоддзі працуюць на нашу суверэнную краіну, якая можа заняць годнае месца ў свеце. І, на наша шчасце, так адбылося.

Дык вось, сённяшні наш абавязак — ніколі не забываць тыя інтэлектуальныя, духоўныя сілы, якія нас з вамі спарадзілі. Можа, мы яшчэ не здолелі папулярна трансляваць нашу гісторыю, яе малавата на тэлебачанні, там, дзе яна павінна быць даступнай. Яе часта падмяняюць, таму што мы недапрацоўваем і, на жаль, ёсць тыя, хто не хоча гэтай гісторыі чуць. Таму што ў сённяшнім разнасцежаным свеце нямногім хочацца быць прывязаным да свайго буслінага гнязда. Здаецца, там грошы на Кіпры паклаў, яшчэ дзе, лятаеш да часу, а калі недзе задымела, успамінаюць Бацькаўшчыну. Нельга забыць тое, адкуль ты выйшаў — гэтага васілька і вось гэтай сон-травы, якая расцвітае па вясне.

Мы не задумваемся, што цэментуем сваю дзяржаву перш-наперш сваім паважлівым стаўленнем да яе. І вось пакуль мы самі не ўзбудзім у сабе гэтае пачуццё, будуць у свеце такія галасы: вас ніколі не было, вы — міф! Але мы ёсць, беларуская дзяржава ёсць. Мы нікога не секлі, мы бараніліся і баранілі другіх, а сёння баронім нашу дзяржаву і перш-наперш імкнемся да таго, каб яна перамагала ў сэрцы кожнага з нашых суайчыннікаў.

Ларыса ЦІМОШЫК,

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Фота Анатоля КЛЕШЧУКА.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Псіхолаг расказвае, як знайсці агульную мову з падлеткам

Пераходны ўзрост не толькі выпрабоўвае на трываласць самога падлетка і яго бацькоў...

Грамадства

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Час, адукацыя і заробак — тры праблемы шматдзетных маці. Як пераадольваць?

Памеры дзіцячых выплат бываюць нават большыя за заробак.

Грамадства

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

Як трэба бяспечна паводзіць сябе на лёдзе?

З першага зімовага лёду сёлета дадому не вярнуліся тры чалавекі.