Вы тут

Стратэгічная місія Еўразійскага саюза — новая індустрыялізацыя


Актуальнае інтэрв'ю

Аб місіі Еўразійскага эканамічнага саюза, адносінах да гэтага інтэграцыйнага праекта міравых геапалітычных цэнтраў, а таксама пра прынцып непалітычнай інтэграцыі еўразійскай прасторы распавёў газеце "Звязда" генеральны дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра "Наваком", дырэктар міжнароднага дэпартамента фонду "Расійскі грамадска-палітычны цэнтр" Кандзякоў Аляксандр Уладзіміравіч.

— Беларусь, Расія і Казахстан актыўна рухаюцца ў кірунку стварэння Еўразійскага эканамічнага саюза. Аднак у асяроддзі палітыкаў на міжнароднай арэне, у грамадскіх і экспертных колах стаўленне да гэтага геапалітычнага праекта неадназначнае, нярэдка — негатыўнае. Чым, на ваш погляд, гэта абумоўлена?

— Некаторыя эксперты і палітыкі, у тым ліку і былы дзяржсакратар ЗША Хілары Клінтан, бачаць у ідэі Еўразійскага саюза спробу "рэсаветызаваць" постсавецкую прастору і адрадзіць Савецкі саюз пад іншай назвай. Іншыя ацэньваюць гэты геапалітычны праект як спробу ўбудавацца ў еўраатлантычную супольнасьць на больш выгаднай і раўнапраўнай для сябе аснове.

Але самая вялікая праблема Еўразійскага саюза заключаецца ў тым, што грамадства, простыя людзі не разумеюць, якую выгаду яны ад яго атрымаюць. Адсутнічае стратэгічнае бачанне таго, чым павінен з'яўляцца будучы Еўразійскі саюз. І калі казаць аб стратэгічным бачанні, я б нават сказаў: стратэгічная місія Еўразійскага саюза заключаецца ў тым, каб сумеснымі намаганнямі народаў Расіі, Беларусі і Казахстана

, іншых дзяржаў правесці новую індустрыялізацыю еўразійскай прасторы, што ў выніку станоўча адаб'ецца на ўзроўні іх жыцця.

Пад новай індустрыялізацыяй маю на ўвазе не толькі паглыбленне кааператыўных сувязяў паміж прадпрыемствамі, стварэнне розных вертыкальных і гарызантальных холдынгавых структур праз аб'яднанне ўжо існуючых актываў (напрыклад, аб'яднанне МАЗ і КАМАЗ у холдынг "Расбелаўта" або інтэграцыя Мінскага завода колавых цягачоў у расійскі ваенна-прамысловы комплекс і г.д.), але перш за ўсё рэалізацыю сумеснымі намаганнямі новых транс'еўразійскіх інфраструктурных праектаў і стварэнне прамысловых навукаёмістых вытворчасцяў, накіраваных на засваенне новых тэхналогій. Менавіта таму на парадку дня стаіць задача па распрацоўцы спіса стратэгічных інвестыцыйных праектаў для іх сумеснай рэалізацыі на еўразійскай прасторы, у тым ліку з удзелам замежнага капіталу.

Што тычыцца стаўлення заходніх палітычных эліт да інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, то, безумоўна, Захаду не выгадны моцны Еўразійскі саюз. У той жа час Захад мае патрэбу ў Еўразійскім саюзе як прадказальным і кіраваным саюзніку.

— Нядаўна адбыўся візіт новага Старшыні КНР Сі Цзіньпіна ў Маскву, які эксперты ўжо ахрысцілі як стратэгічны паварот ва ўзаемаадносінах паміж Масквой і Пекінам. Між тым, у экспертных колах існуе меркаванне аб тым, што Расія і Кітай з'яўляюцца канкурэнтамі на еўразійскай прасторы, з-за чаго стратэгічны саюз паміж імі немагчымы.

— Сёння Расія і Кітай з'яўляюцца канкурэнтамі перш за ўсё ў цэнтральнаазіяцкім рэгіёне. Гэта вельмі выразна паказаў саміт Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС) у чэрвені 2012 года, на якім расійскі і кітайскі бакі так і не дамовіліся аб стварэнні Фонду развіцця (спецыяльнага рахунку) ШАС і Банка развіцця ШАС. Дарэчы, такая ж доля спасцігла і ідэю стварэння Банка развіцця BRІСS (Бразілія, Расія, Індыя, Кітай, Паўднёва-Афрыканская Рэспубліка), якая абмяркоўвалася на сакавіцкім саміце. Гэта ператвараецца ў тэндэнцыю: Расіі і Кітаю цесна ў адных арганізацыях. Таму канкурэнцыя паміж імі непазбежная.

З іншага боку — з-за шэрагу гістарычных, геапалітычных фактараў Расія і Кітай на сённяшнім этапе проста асуджаны быць стратэгічнымі саюзнікамі. Аб гэтым, у прыватнасці неаднаразова заяўлялі кіраўнікі дзвюх краін. Ды і сам працэс стварэння і развіцця дзейнасці ШАС і BRІСS стаў магчымым толькі на аснове стратэгічных дамоўленасцяў паміж Масквой і Пекінам.

Што тычыцца канкурэнцыі паміж Расіяй і Кітаем, то, з пункту гледжання пэўных колаў Захаду, Еўразійскі саюз тут можа разглядацца як інструмент паслаблення ўплыву Пекіна ў Цэнтральнай Азіі.

— Тады атрымліваецца, што Захаду выгадна, каб у Еўразійскі саюз увайшлі і іншыя цэнтральнаазіяцкія краіны, апроч Казахстана? Сёння найбольшыя перасцярогі эксперты выказваюць у сувязі з магчымасцю дэстабілізацыі палітычнай сітуацыі ў цэнтральнаазіяцкіх дзяржавах з-за дрэннага здароўя іх лідараў, а таксама з-за экспарту нестабільнасці з Афганістана пасля вываду войскаў НАТА ў 2014 годзе. Як гэта можа адбіцца на перспектывах будаўніцтва Еўразійскага саюза?

— Верагоднасць нестабільнасці сапраўды існуе, і, безумоўна, яна можа негатыўна адбіцца на еўразійскіх інтэграцыйных працэсах. Разумеючы, што рызыка дэстабілізацыі цэнтральнаазіяцкага рэгіёна вельмі вялікая, Расія імкнецца нарошчваць сваю палітычную, ваенную і эканамічную прысутнасць у цэнтральнаазіяцкіх дзяржавах. Зараз у чарзе на ўваходжанне ў Мытны саюз знаходзяцца Кыргызстан і Таджыкістан. Іх уваходжанне ў МС адпавядае інтарэсам як у сферы бяспекі, так і магчымасці рэалізацыі буйных эканамічных праектаў з удзелам расійскага капіталу.

— Некаторыя эксперты і палітыкі сёння асцерагаюцца, што пад відам эканамічнай інтэграцыі Масква спрабуе навязаць постсавецкім краінам інтэграцыю палітычную. Беларусь і Казахстан, напрыклад, негатыўна расцанілі прапанову Крамля стварыць Парламент Еўразійскага эканамічнага саюза. Магчыма, неабходна наогул адмовіцца ад ідэі стварэння адзінага палітычнага вымярэння ў будучым Еўразійскім эканамічным саюзе, таму што менавіта гэты аспект больш за ўсё насцярожвае палітычныя эліты — як тых, хто ўжо ўдзельнічае ў вышэйзгаданым інтэграцыйным праекце, так і палітычныя эліты патэнцыйных краін-членаў.

— Думаю, што моцны, палітычна кансалідаваны Еўразійскі саюз неабходны. Любы варыянт рэалізацыі гэтай інтэграцыйнай ініцыятывы ў больш слабым выглядзе нежыццяздольны.

Аднак гэта не значыць, што трэба ўжо заўтра ствараць адзіны ўрад, скарачаць суверэнныя паўнамоцтвы дзяржаў і гэтак далей. На самой справе вялікую ролю ў збліжэнні нашых краін можа адыграць прынцып непалітычнай інтэграцыі — гэта значыць, прамыя кантакты прадпрыемстваў, рэалізацыя сумесных інвестыцыйных праектаў. І тут важную ролю выконваюць розныя дзелавыя і бізнес-саветы і асацыяцыі двухбаковага і шматбаковага фарматаў. Таму гаворка павінна ісці ў першую чаргу аб стварэнні карпаратыўных і дзяржаўна-карпаратыўных структур, якія б выступалі лакаматывамі эканамічнай інтэграцыі на еўразійскай прасторы.

Яшчэ адным важным пытаннем з'яўляецца стварэнне інстытутаў стратэгічнага планавання, якія б маглі распрацоўваць і рэалізоўваць буйныя інфраструктурныя праекты, якія маглі б легчы ў аснову новай індустрыялізацыі.

Аднак, на мой погляд, галоўную ролю ў працэсе прасоўвання ідэі Еўразійскага саюза, рэальным фарміраванні гэтага аб'яднання павінна адыграць так званая "народная дыпламатыя". Маю на ўвазе перш за ўсё дзейнасць розных двух- і шматбаковых экспертных, грамадскіх, моладзевых арганізацый, саветаў, фондаў, здольных на ўзроўні шырокіх народных колаў, большасці кантынгенту выбаршчыкаў актыўна спрыяць ажыццяўленню мэт Еўразійскага саюза, ствараць неабходную аснову яго будучага функцыянавання і росквіту.

Арсеній Сівіцкі, кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў, палітычны аглядальнік "Звязды".

Масква

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?