Вы тут

Я Ў ВУЧОНЫЯ ПАЙШОЎ бы...


Калі беларуская навука стане лакаматывам эканомікі?

Для якаснай мадэрнізацыі беларускай эканомікі неабходны пэўны ўзровень развіцця чалавечага капіталу ў грамадстве і дзяржаве, гэта значыць сукупнасць ведаў і кампетэнцый, якія вызначаюць здольнасць чалавека вырабляць дабаўленую вартасць. Пра тое, якія ўмовы трэба стварыць, каб падтрымліваць развіццё чалавечага капіталу на высокім узроўні, і пра існуючыя праблемы ў гэтым кірунку мы разважалі падчас чарговага пасяджэння палітычнага клуба "Звязды", у якім ўдзельнічалі:

Міхаіл ВОЛКАЎ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы;

Сяргей ВЯТОХІН, загадчык кафедры фізіка-хімічных метадаў сертыфікацыі прадукцыі Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта;

Уладзімір ДУНАЕЎ, член Грамадскага Балонскага камітэта;

Марат ЖЫЛІНСКІ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы;

Андрэй ІВАНЕЦ, старшыня Савета маладых вучоных Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, загадчык лабараторыі Інстытута агульнай і неарганічнай хіміі НАН Беларусі;

Арсеній СІВІЦКІ, кіраўнік Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў, палітычны аглядальнік рэдакцыі газеты "Звязда".

Паляванне на мазгі

Арсеній Сівіцкі: Назаву праблемы, якія ў розных краінах у сістэме "адукацыя-навука-эканоміка" робяць немагчымай ніякую мадэрнізацыю: няздольнасць сістэмы адукацыі забяспечыць актуальныя кадравыя патрэбы грамадства (перавытворчасць спецыялістаў у адных сферах, дэфіцыт у іншых); адсутнасць стратэгічнай занятасці выпускнікоў ВНУ; неадпаведнасць кампетэнцый выпускніка патрабаванням часу (перш за ўсё — патрэбам інавацыйнай эканомікі); нізкая ступень інтэграцыі адукацыі, навукі і эканомікі. Зрэшты, уцечка мазгоў за мяжу і нізкі сацыяльны статус выкладчыка і навукоўца ў параўнанні з іншымі сферамі дзейнасці...

Андрэй Іванец: Справа ў тым, што беларуская прамысловасць адстае гадоў на 20 ад таго, чым займаецца зараз беларуская навука. Калі беларускія вучоныя прапануюць укараніць новую інавацыйную тэхналогію ў вытворчасць, то аказваецца, што яе немагчыма ўпісаць у комплекс састарэлага абсталявання. Аднак памылкова зводзіць мадэрнізацыю да куплі новых станкоў. Неабходна рыхтаваць кваліфікаванага спецыяліста, які можа: першае — азнаёміцца з сучаснымі тэхналогіямі, другое — з'ездзіць на стажыроўку і прайсці навучанне за мяжой, трэцяе — якасна працаваць на набытым абсталяванні, і чацвёртае — знайсці рынкі збыту новай прадукцыі.

У нас часта атрымліваецца так: абсталяванне замянілі, зрабілі справаздачу аб праведзенай мадэрнізацыі... А пра тое, наколькі эфектыўна гэта абсталяванне выкарыстоўваецца, размовы няма.

Сёння Беларусь — гэта свайго роду брэнд у галіне падрыхтоўкі пераможцаў міжнародных алімпіяд, асабліва сярод школьнікаў. Аднак у большасці выпадкаў ужо пасля заканчэння школы многія нашы "алімпіяднікі" з'язджаюць з краіны і паступаюць без іспытаў у прэстыжныя ўніверсітэты за мяжой. Мы ўжо страцілі значную частку чалавечага капіталу. Чакаць, што гэтыя людзі пасля заканчэння вучобы вернуцца сюды — утопія. У першую чаргу таму, што ў нас менш прывабныя матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы для раскрыцця іх патэнцыялу ў параўнанні з заходнімі краінамі.

Міхаіл Волкаў: Паглядзіце, што адбываецца сёння ў Казахстане. Там адбіраюць таленавітую моладзь і пасылаюць яе на вучобу ў лепшыя ўніверсітэты свету спасцігаць перадавыя веды і навукаёмістыя тэхналогіі. Моладзь гэтая потым вяртаецца назад, дзе яе чакаюць такія сацыяльныя гарантыі для прафесійнага росту, якія дазваляюць прыносіць карысць і эфектыўна прымаць удзел у мадэрнізацыі сваёй дзяржавы.

Уладзімір Дунаеў:

Між іншым, па гэтай праграме практычна 100% тых, хто прыняў у ёй удзел, вяртаюцца ў Казахстан. Але не толькі таму, што ім даюць кватэры або выстаўляюць нейкія ўмовы, а таму, што яны ўсе ідуць працаваць у міжнародныя карпарацыі на вельмі высокіх пазіцыях. На жаль, падобнай праграмы і такіх магчымасцяў у нас дагэтуль не было. Праўда, у мінулым годзе заявілі, што 50 чалавек з Беларусі будуць адпраўлены вучыцца па магістарскіх праграмах за мяжу.

Арсеній Сівіцкі: Сапраўды, гэта вельмі важная праграма, нават калі гаворка пакуль што ідзе толькі пра 50 чалавек. Але сумняваюся, што па вяртанні сюды іх будуць чакаць кватэры і працаўладкаванне на высокія пазіцыі хай нават не ў транснацыянальныя карпарацыі, то хаця б у дзяржаўныя буйныя кампанія. І гэта якраз тычыцца адсутнасці стратэгічнай занятасці выпускнікоў ВНУ, гэта значыць адсутнасці такіх працоўных месцаў, якія запатрабавалі б высокі ўзровень кваліфікацыі і забяспечвалі б адпаведнае ўзнагароджанне за працу.

Міхаіл Волкаў: Адзін мой былы вучань, двойчы залаты пераможца міжнароднай (сусветнай) алімпіяды, які, быўшы студэнтам БДУ, выйграў залатыя медалі на міжнародных алімпіядах па праграмаванні і матэматыцы, пасля заканчэння ўніверсітэта чамусьці не трапіў на працу ў наш Парк высокіх тэхналогій. Але зусім хутка ён атрымаў асабістае запрашэнне ад Біла Гейца, да якога прыкладаўся кантракт на два гады з усімі неабходнымі сацыяльна-эканамічнымі ўмовамі (асабісты дом, абслуга і г.д.). І ён цяпер, займаючы высокую пазіцыю ў кампаніі Mісrоsоft з адпаведнай заработнай платай, дае добры вынік, але, на жаль, не нам.

Гэты выпадак сведчыць пра дзве важныя з'явы ў нашым грамадстве. Першае. Постсавецкая школа (там дзе яна захавала найлепшыя стандарты савецкай адукацыі) з'яўляецца лепшай у раскрыцці патэнцыялу адораных і таленавітых дзяцей. Таму лічу, што браць ў якасці эталона заходнюю сістэму адукацыі не варта.

Яшчэ прыклад з другім маім вучнем-алімпіяднікам. Быўшы студэнтам Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта, ён падрыхтаваў навуковую працу на тэму "Матэматычнае мадэляванне эканамічных працэсаў", якую прэзентаваў на навуковым конкурсе ў Беларусі. Аднак яе недаацанілі. Потым ён паслаў тэзісы на міжнародную канферэнцыю, яго запрасілі, ён выступіў там, пасля чаго яго запрасіў адзін вельмі вядомы прафесар. Малады чалавек з'ехаў у ЗША і цяпер загадвае кафедрай Ельскага ўніверсітэта, поўны доктар навук і прафесар, загадваў кафедрай у Гарвардскім універсітэце. Ён некалькі гадоў уваходзіў у групу прэзідэнта ЗША Барака Абамы па выхадзе з эканамічнага крызісу. Быў узнагароджаны прэміяй на Давосе як лепшы эканаміст, а таксама неаднаразова ўзначальваў групу навукоўцаў ад ЗША на розных міжнародных эканамічных сімпозіумах.

Прыведзеныя прыклады таксама дэманструюць, што сістэма падтрымкі таленавітай моладзі ў нас працуе не зусім эфектыўна. Але неабходнасць таго, каб яна працавала эфектыўна — пытанне нацыянальнай бяспекі, бо без таленавітай моладзі ў краіны няма будучыні. Трэба памятаць, што ва ўмовах абвастрэння барацьбы за інтэлектуальныя рэсурсы краіны свету вядуць няспыннае "паляванне" на таленавітых маладых людзей.

Мы Ўкладаем грошы, а аддачу атрымліваюць іншыя

Андрэй Іванец: Апошні прыклад дэманструе і тое, што сістэма падтрымкі таленавітай моладзі дае прабуксоўку ўжо на ўзроўні ВНУ, бо ва ўніверсітэтах не заўсёды існуюць умовы для развіцця таленавітых вучоных. Калі студэнт праяўляе сябе ў розных відах навуковай і акадэмічнай дзейнасці звыш праграмы, то не заўсёды гэта вітаецца выкладчыкамі. Нярэдкія сітуацыі, калі студэнт прыходзіць на кафедру і кажа, што хацеў бы займацца навуковай працай, яму адказваюць "добра", і на гэтым уся яго навукова-даследчая дзейнасць заканчваецца. Нягледзячы на актыўную палітыку дзяржавы па падтрымцы таленавітай і адоранай моладзі, многія таленавітыя выпускнікі не ідуць у навуку, бо не жадаюць зарабляць 1,5 — 2 млн рублёў за месяц.

Іншая праблема звязана з адтокам з Беларусі навукоўцаў са ступенню кандыдатаў навук. Абсурд у тым, што дзяржава траціць грошы на падрыхтоўку кандыдата навук, але не можа стварыць неабходных умоў для яго развіцця, таму высокакваліфікаваны студэнт з'язджае за мяжу і прыносіць карысць ужо там.

Марат Жылінскі: У нас дастаткова навуковага патэнцыялу, але, на жаль, мы не заўсёды здольныя атрымаць з яго камерцыйны эфект. Гэта сведчыць аб адсутнасці эфектыўнай маркетынгавай базы. Мы выпускаем выдатны і якасны прадукт, але не ведаем, як яго прасунуць на рынак. Аднак кожны павінен займацца сваёй справай, навукоўцы — прапаноўваць інавацыі для эканомікі, а менеджары і маркетолагі — прасоўваць гэты тавар на ўнутраны і знешні рынкі. Толькі праз спалучэнне тэарэтычнага і практычнага мы атрымаем эфектыўны эканамічны вынік і інтэграцыю навукі з вытворчасцю, што забяспечыць інтэнсіўнае развіццё эканомікі. Навука павінна стаць лакаматывам нашай прамысловасці.

Сучасныя глабалізацыйныя працэсы сведчаць аб жорсткай канкурэнтнай барацьбе за "мазгі", і мы нікуды не дзенемся ад руху "мазгоў" і рабочай сілы з Усходу на Захад, з Поўдня на Поўнач. Галоўнае, каб гэтыя працэсы не набывалі крытычнага маштабу і не наносілі ўрон развіццю беларускай навукі ў цэлым. Але ж так было заўсёды, чалавек нязменна будзе выбіраць тое месца, дзе яму лепш, і той жа Балонскі працэс — сведчанне гэтых працэсаў. Тым не менш дзяржава робіць намаганні, каб стварыць прывабныя ўмовы для маладых і таленавітых вучоных.

Сутнасць Балонскага працэсу

Уладзімір Дунаеў: У сярэдзіне ХХ стагоддзя стала зразумела, што тая ідэя элітарнасці ўніверсітэцкай адукацыі, якая ляжала ў аснове гумбальтаўскай, французскай і брытанскай (ньюманаўскай) сістэм універсітэцкай адукацыі на Захадзе, ужо не адпавядае патрабаванням часу, якія былі звязаныя з неабходнасцю масавай адукацыі.

Адна з самых сур'ёзных праблем, у тым ліку і нашай сістэмы адукацыі, заключаецца ў тым, што акадэмікі да гэтага часу думаюць так, як яны думалі ў індустрыяльную эпоху. Яны працягваюць лічыць вышэйшую адукацыі элітарнай, а па факце яна становіцца масавай. І з-за таго, што яны не гатовыя да гэтага, узнікаюць сур'ёзныя праблемы і крызісы. Правобраз Балонскай мадэлі збольшага ўжо быў адпрацаваны ў ЗША, і зараз ніхто не ставіць пад сумнеў той факт, што амерыканская сістэма вышэйшай адукацыі апраўдала сябе.

Мы звычайна асацыюем з Балонскім працэсам шматступенную сістэму адукацыі: бакалаўр, магістр і доктар. Тая сістэма, якую мы называем у сябе шматступеннай, пакуль яшчэ далёкая ад Балонскай архітэктуры.

Балонская сістэма — не ўніфікацыя, яна адказвае на розныя выклікі і запатрабаванні грамадства. І ў гэтым сэнсе сістэма адукацыі павінна быць свабоднай і аўтаномнай, каб паспяхова спраўляцца з гэтымі запатрабаваннямі ў тым, каб вышэйшая адукацыя была якаснай ва ўмовах яе масавасці. Мы масавай адукацыяй забяспечваем: па ўзроўні даступнасці вышэйшай адукацыі Беларусь цалкам на ўзроўні еўрапейскіх краін, а вось з якасцю ў нас праблемы.

Існуе тэорыя чалавечага капіталу, якая сцвярджае, што 60% ВУП ствараецца за кошт адукацыі. У 2010 годзе Беларусь заняла ў індэксе ААН 26 месца па ўзроўню развіцця адукацыі, пры гэтым — 94 месца па ўзроўні ВУП на душу насельніцтва, адстаючы ад Панамы і Батсваны.

Акрамя гэтага, ёсць міжнародны паказчык, па якім лічыцца аддача ад інвестыцый у чалавечы капітал (NРV). У нас ён не вылічваецца. І калі нехта яго вылічыць, гэта будзе вельмі важна, таму што мы шмат што зразумеем самі пра сябе. Адным з ускосных параметраў з'яўляюцца выдаткі ў разліку на аднаго студэнта, якія робіць дзяржава з бюджэту. У развітых краінах (членах Арганізацыі эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця — АЭСР) у сярэднім за год на аднаго студэнта траціцца 13,8 тысячы долараў. А ў нас у той самы час — 1,9 тысячы долараў. Добрая адукацыя не можа быць таннай.

Іншы паказчык — гэта доля студэнтаў, якія займаюцца ў праграмах шостага ўзроўню (тое, што ў нас называецца аспірантурай). У параўнанні з сярэднім паказчыкам па АЭСР у нас ён у два разы меншы. У іх гэтыя вынікі абумоўлены сістэмай, якая перацягвае аспірантаў да сябе, паколькі ў іх вострая патрэба ў спецыялістах такога ўзроўню. Там існуюць законы, якія дазваляюць навукоўцам, што прайшлі там аспірантуру, удала натуралізавацца і атрымаць кантракты. Так гэтыя краіны змагаюцца з дэфіцытам мазгоў.

У нас за апошнія 4—5 гадоў бюджэтнае фінансаванне вышэйшай адукацыі скарацілася з 1,1% да 0,7 ВУП, што, на жаль, супярэчыць тэндэнцыям у развітых краінах.

Міхаіл Высоцкі: Праблема сістэмы адукацыі заключаецца не ў колькасці ступеняў, а ў якасці адбору абітурыентаў і выкладчыкаў, якія будуць навучаць студэнтаў. На жаль, прыём на педагагічныя спецыяльнасці і на факультэты фундаментальных навук, як правіла, адбываецца па рэшткавым прынцыпе.

Сяргей Вятохін: Калі амаль два дзесяцігоддзі таму гаворка зайшла аб пераходзе да двухступеннай сістэмы вышэйшай адукацыі, я прапанаваў міністэрству адукацыі вельмі просты ход: у нас ёсць курсы спецыяльнасці і курсы спецыялізацыі, дык давайце пераробім навучальны план так, каб курсы спецыяльнасці заканчваліся праз 3,5 года, а потым пачыналіся курсы спецыялізацыі. Першая ступень называлася б бакалаўрыятам, а другая — магістратурай. У 90-х гадах яшчэ можна было гэтую прапанову рэалізаваць. Аднак сёння сітуацыя іншая з-за фактару масавасці вышэйшай адукацыі з аднаго боку і незбалансаванасці праграм навучання, у якіх адсутнічае выразная сістэма, з другога. І вось адна з праблем, якую вырашае сёння Еўропа  — адысці ад незбалансаванасці праграм навучання.

Мы пакінулі старыя праграмы, пры гэтым змянілі падыход да адбору абітурыентаў — увялі масавае цэнтралізаванае тэсціраванне, арганізавалі шмат дадатковых месцаў у ВНУ, у тым ліку прыватных. Гэта панізіла планку крытэрыяў якасці, што прад'яўляюцца да абітурыентаў. У выніку гэтая маса, як паказвае практыка, дрэнна засвойвае матэрыял, які вывучаецца ва ўніверсітэце на дзённым аддзяленні, дзе патрабаванні значна вышэйшыя ў параўнанні з тымі, якія існуюць для завочнікаў.

У нас завочная адукацыя, будзем казаць адкрыта, гэта — адсутнасць адукацыі. Некаторыя кажуць, што ў такім становішчы рэчаў вінаватая школа. Але я не пагаджуся. Праблема ў тым, што мы да гэтага часу спрабуем прымяняць элітарныя падыходы ў адукацыі, нягледзячы на тое, што яна стала масавай, а значыць, страціла свой элітарны характар.

Кодэкс аб адукацыі

Сяргей Вятохін: Калі браць Кодэкс аб адукацыі, то самая галоўная праблема ў ім — разрыў паміж ступенямі адукацыі. Зараз праводзіцца маніторынг Кодэкса і пасля будуць уносіцца выпраўленні, але гэта — загадзя пройгрышны ход. Неабходна пачаць працу над новым кодэксам аб адукацыі фактычна нанова. Зразумець спачатку, чаго мы хочам, і на падставе гэтага сфармуляваць канцэпцыю, і ўжо на падставе новай канцэпцыі пісаць новы кодэкс, а не латаць стары. Не кажу, што ўся праведзеная праца была зроблена дарма. Важна, што былі сабраны і кадыфікаваны ўсе заканадаўчыя акты. Але цяпер, пасля гэтай працы, сталі відавочнымі недахопы Кодэкса.

Уладзімір Дунаеў: Кодэкс аб адукацыі першапачаткова пазіцыянаваўся як прарыў у галіне адукацыйнага права. Аднак аказалася, што гэта, па сутнасці, кодэкс адміністрацыйнага права. Таму што для таго, каб існавала адукацыйнае права, неабходна, каб была распрацавана канцэпцыя аўтаномнасці суб'ектаў адукацыйных адносін, якой няма ў Кодэксе аб адукацыі, але, між іншым, яна прысутнічае ў законах аб адукацыі нашых суседзяў — ва Украіне і Расіі, не кажучы ўжо пра Еўропу. І гэта, дарэчы, перашкаджае нашаму ўваходжанню ў Балонскі працэс.

Сяргей Вятохін: Справа яшчэ ў тым, што мы ніяк не хочам інтэгравацца ў сусветную адукацыйную прастору. Аднак сусветныя тэндэнцыі сведчаць аб неабходнасці такой інтэграцыі. Нават Расія ўдзельнічае ў Балонскім працэсе. І ў гэтым сэнсе Балонскі працэс — толькі інструмент такой інтэграцыі.

Арсеній Сівіцкі: У беларускім грамадстве існуе мода на вышэйшую адукацыю, я б нават сказаў, мода на дыплом, што ў сваю чаргу дэвальвуе сістэму сярэдняй спецыяльнай адукацыі. З-за гэтага рынак працы недаатрымлівае шэраг спецыялістаў, запатрабаваных у прамысловасці і іншых галінах эканомікі. І калі такая сітуацыя працягнецца і не будзе павышаны прэстыж сярэдняй спецыяльнай адукацыі, то зусім хутка на парадку дня паўстане пытанне аб тым, каб завозіць на навучанне ў прафесійна-тэхнічныя каледжы студэнтаў з рэгіёнаў Цэнтральнай Азіі, размяркоўваць іх потым для адпрацоўкі на працягу некалькіх гадоў на нашы прадпрыемствы, дзе існуе кадравы дэфіцыт. І гэта для таго, каб замяшчаць патрэбнасці ў рабочай сіле для нашай прамысловасці. Шмат у чым такая сітуацыя абумоўлена залішняй камерцыялізацыяй вышэйшай адукацыі, у выніку чаго вышэйшую адукацыю (дакладней, дыплом) атрымліваюць за грошы ўсе, хто не лянуецца (у каго ёсць грошы).

У прынцыпе, камерцыялізацыя адукацыі, якая прадугледжвае ператварэнне яе ў паслугу, адпавядае сучасным постіндустрыяльным тэндэнцыям, калі веды і інфармацыя становяцца таварам. У нас пастаянна павялічваецца колькасць платных месцаў ва ўніверсітэтах, але пры гэтым зусім не камерцыялізуюцца прадукты навуковай дзейнасці.

У краіне да гэтага часу адсутнічаюць так званыя прадпрымальніцкія ўніверсітэты, якія з'яўляюцца суб'ектамі эканамічнага развіцця, вельмі цесна інтэграванымі з прамысловасцю і эканомікай. Універсітэты, у якіх студэнты праз уцягненне ў навукова-даследчую дзейнасць набываюць практычны вопыт і зарабляюць грошы.

Андрэй Іванец: На маю думку, навука не павінна даваць прамых грошай. Задача вучонага — атрыманне новых фундаментальных ведаў аб грамадстве і навакольным свеце. Неабходна, каб навуковец бачыў тут перспектыву, і справа не ў высокай заработнай плаце: неабходна даць магчымасць ездзіць на канферэнцыі і павышаць кваліфікацыю, у тым ліку і за мяжой, садзейнічаць абмену з вядучымі сусветнымі навуковымі цэнтрамі.

Ва ўсе часы навуковая супольнасць была інтэгравана ў сусветны кантэкст. Калі мы будзем замыкацца ўнутры сябе, не будзем даваць магчымасці нашым навукоўцам ездзіць за мяжу на стажыроўкі і навучанне, працэс фарміравання сучаснай інавацыйнай навукі будзе толькі стрымлівацца.

Неабходна таксама стварыць матэрыяльна-тэхнічныя ўмовы, пры якіх вучоны можа рэалізаваць свой патэнцыял і прымяніць атрыманыя на стажыроўках веды. У адваротным выпадку нашы "мазгі" будуць заставацца там, дзе такія ўмовы створаны, бо сэнсу вяртацца назад няма.

І самае галоўнае — трэба павысіць сацыяльны статус вучонага ў вачах грамадства, таму што сёння ён вельмі нізкі. Калі гэтага не зрабіць, то наш кадравы навуковы патэнцыял хутка будзе незваротна страчаны.

Марат Жылінскі: Безумоўна, дзяржава павінна пастаянна садзейнічаць стварэнню неабходных умоў для таго, каб навуковец мог праявіць свой інтэлектуальны патэнцыял і, самае галоўнае, выкарыстаць яго на карысць сваёй краіны. Гэта вельмі складана. Тут спалучаюцца задачы і матэрыяльна-бытавога характару, і павышэння матывацыі кар'ернага росту, заработнай платы і г.д.

Трэба разумець, што без пастаяннага і мэтанакіраванага тэхнічнага пераўзбраення матэрыяльна-тэхнічнага падмурка навукі немагчыма забяспечыць аснову для правядзення канкурэнтаздольных і эфектыўных навуковых даследаванняў і распрацовак. І яшчэ вельмі важная, на маю думку, дэталь: каб не страціць навуковую эліту, мы павінны актывізаваць партнёрскія адносіны з замежнымі навуковымі цэнтрамі. Трэба заахвочваць нашых вучоных працаваць на сваёй Радзіме, няхай гэта будуць міжнародныя або еўра-азіяцкія праекты, аднак, уносячы ў іх свой інтэлектуальны патэнцыял, маладыя людзі будуць узбагачацца новымі сусветнымі навуковымі дасягненнямі і, тым не менш, заставацца тут, на сваёй роднай зямлі. На мой погляд, сапраўдны вучоны — гэта не толькі чалавек, які валодае выключна высокім інтэлектам, але патрыёт і грамадзянін сваёй Айчыны.

Падрыхтаваў Арсеній СІВІЦКІ

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Час клопату садаводаў: на якія сарты пладовых і ягадных культур варта звярнуць увагу?

Выбар саджанца для садавода — той момант, значнасць якога складана пераацаніць.

Культура

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Чым сёлета будзе здзіўляць наведвальнікаў «Славянскі базар у Віцебску»?

Канцэрт для дзяцей і моладзі, пластычны спектакль Ягора Дружыніна і «Рок-панарама».