Вы тут

Трошкі палітыкі, больш — экалогіі


Дэпутаты ратыфікавалі пагадненне, якое дазволіць упершыню ажыццявіць фінансаванне Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця беларускага дзяржаўнага праекта

Учора на пасяджэнні другой сесіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты разгледзелі ў першым чытанні 4 законапраекты і ратыфікавалі тры міжнародныя пагадненні. Два пагадненні датычыліся замежнага крэдыту для Беларусі на мадэрнізацыю ачышчальных збудаванняў у пяці гарадах.

Першая ластаўка

— Размова ідзе пра невялікую суму каля 25 млн еўра па крэдытным дагаворы з Паўночным інвестыцыйным банкам і 18 млн еўра па крэдытным дагаворы з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, — патлумачыў журналістам Валерый Барадзеня, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па бюджэце і фінансах.

— Гэта, у першую чаргу, сацыяльна-экалагічны праект, у выніку якога будуць пабудаваны новыя біягазавыя комплексы на ачышчальных збудаваннях у Слоніме і Баранавічах і комплексна рэканструяваны ачышчальныя збудаванні ў Брэсце, Гродне і Віцебску. Стаўка, па якой даюцца крэдыты, невялікая, аднак адной з умоў з'яўляецца паступовае прывядзенне тарыфаў для насельніцтва за водаадвядзенне да ўзроўню сабекошту. Гэта не надта вялікая сума для людзей. На мой погляд, самае галоўнае ў гэтым праекце — экалагічны эфект. Мы атрымаем доступ да еўрапейскіх тэхналогій, зможам ацаніць, наколькі яны нам падыходзяць. Гэта — першы крок у супрацоўніцтве беларускай дзяржавы з Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, за якім, спадзяюся, будуць і далейшыя рухі насустрач адзін аднаму.

За распаўсюджванне інфармацыі пра выбуховыя прыстасаванні — штраф

Адзін з прынятых у першым чытанні законапраектаў датычыўся дапаўнення Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях.

— Прапануецца ўвесці новы артыкул аб адказнасці за незаконнае распаўсюджванне матэрыялаў, якія прапагандуюць тэрарызм і экстрэмізм, — пракаментаваў праект Эдуард Сянькевіч, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па заканадаўстве. — Размова пра інфармацыю ў інтэрнэце аб вырабе выбуховых прыстасаванняў. Для фізічных асоб прадугледжваецца штраф у памеры ад 10 да 50 базавых велічынь, для прадпрымальнікаў — ад 50 да 100 базавых велічынь. Пытанне наспела. Надышоў час абмяжоўваць распаўсюджванне такіх матэрыялаў.

Грамадскія аб'яднанні змогуць стаць партыямі

Апошнім у парадку дня разглядаўся праект закона "Пра ўнясенні дапаўненняў і змен у некаторыя законы Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб'яднанняў". Законапраект прадугледжвае магчымасць пераўтварэння грамадскага аб'яднання ў палітычную партыю. Дакумент таксама спрашчае патрабаванні да стварэння рэспубліканскіх грамадскіх аб'яднанняў. Прапануецца пакінуць агульную колькасць заснавальнікаў ранейшай, але выключыць патрабаванне па роўнай колькасці прадстаўнікоў ад рэгіёнаў краіны.

Апроч гэтага, прапануецца, што колькасць заснавальнікаў для пэўных відаў грамадскіх аб'яднанняў можа ўсталёўвацца адмысловымі законамі (напрыклад, законам аб творчых саюзах). Уносяцца карэкціроўкі, якія прыводзяць нормы законаў у адпаведнасць з Грамадзянскім кодэксам. Прапануецца спрасціць парадак ліквідацыі грамадскіх аб'яднанняў, палітычных партый, іх саюзаў і арганізацыйных структур. Калі палітычная партыя, грамадскае аб'яднанне ці іх саюзы шматкроць не падаюць штогадовую інфармацыю пра сваю працу ў адпаведныя органы, гэта можа стаць падставай для ліквідацыі. Уводзіцца і паняцце аддзялення міжнароднага грамадскага аб'яднання і яго статусу.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?