Вы тут

Адносіны Расіі і Беларусі развіваюцца па ўзыходзячай


Так ахарактарызаваў развіццё адносін паміж дзвюма краінамі Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Расіі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў на прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным прэс-цэнтры, якая была прымеркавана да дзяржаўнага свята Расійскай Федэрацыі — Дня Расіі.

Спрэчкі будуць

Для разумення таго, як развіваюцца адносіны дзвюх краін, пасол параіў вывучаць статыстыку. "З пачатку 1990-х гадоў па 2012 год уключна тавараабарот вырас у дзясяткі разоў. Ні з адной краінай у нас няма такога акцэнтаванага абароту, як з Беларуссю", — сказаў дыпламат.

Па меркаванні Аляксандра Сурыкава, гэта сведчыць пра рост інтэграцыйных сувязяў, пра збліжэнне эканомік дзвюх краін. Так званыя "малочныя войны" ён назваў звычайнымі спрэчкамі бізнесу і рознагалоссем дзяржаў у пэўных часовых кропках. "Таму я не бачу ніякіх войнаў, а бачу толькі звычайнае развіццё, больш чым з усімі краінамі свету", — адзначыў дыпламат.

Аляксандр Сурыкаў падкрэсліў, што Беларусь і Расія ва ўсіх сферах: палітычнай, эканамічнай, абароннай і культурнай, — старанна каардынуюць свае дзеянні. "Любыя ўзаемаадносіны паміж краінамі маюць часам кропкі несупадзення, якія праз кансультацыі, іншыя дзеянні вырашаюцца", — сказаў ён.

Аляксандр Сурыкаў звярнуў увагу на тое, што Беларусь і Расія ўваходзяць у новы этап інтэграцыі, які, па яго меркаванні, будзе спрыяць паляпшэнню жыцця насельніцтва. "А спрэчкі былі, ёсць і будуць заўсёды. Без гэтага не развіваюцца адносіны нідзе ў свеце".

Славянскі крой

 

Дыпламат назваў празмернымі патрабаванні ЕС да Беларусі. Кроіць дэмакратыю ў Беларусі пад адно лякала можа не атрымацца, сказаў ён, — у нас ёсць і славянскія адценні.

У беларускага і еўрапейскага боку цяпер пачынае складацца разуменне, што ад патрабаванняў неабходна перайсці да кансультацый і напрацоўкі прапаноў, заўважыў пасол.

Аляксандр Сурыкаў падкрэсліў, што расійскі бок не насцярожвае спроба наладжвання адносін Беларусі і ЕС. Беларусь — еўрапейская краіна, яна знаходзіцца ў цэнтры Еўропы і павінна жыць з суседзямі ў нармальных адносінах, сказаў ён. Разам з тым, расійскі бок будзе насцярожваць, калі Беларусь будзе пастаўлена ва ўмовы выбару — развіваць адносіны з Расіяй ці ЕС. Пакуль такога не адбываецца.

Ямал — Еўропа-2

Расійскі Пасол таксама паведаміў, што канчатковае рашэнне па газаправодзе Ямал — Еўропа-2 можа быць прынята ў лістападзе.

— Пытанне яшчэ не вырашана. Пакуль польскі бок пацвердзіў сваё жаданне мець дадаткова на доўгі перыяд 15 млрд куб.м газу, — паведаміў Аляксандр Сурыкаў. — Да лістапада павінен быць падрыхтаваны адпаведны бізнес-план і тэхніка-эканамічнае абгрунтаванне. Пасля гэтага пачнуцца прадметныя кансультацыі з беларускім бокам.

Раней Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін даручыў "Газпраму" вярнуцца да прапрацоўкі праекта газаправода Ямал — Еўропа-2 праз Беларусь для паставак газу ў Польшчу, Славакію і Венгрыю. На яго думку, гэта павысіць надзейнасць газазабеспячэння еўрапейскіх краін. У сваю чаргу, кіраўнік "Газпрама" Аляксей Мілер адзначыў, што прапрацоўваецца ўжо магчымасць будаўніцтва газаправода праз тэрыторыю Беларусі для паставак у Еўропу. Папярэднія перагаворы паказваюць эфектыўнасць гэтага праекта, які можа быць ажыццёўлены ў 2018-2019 гадах.

Мадэрнізацыя — разам

Аляксандр Сурыкаў запэўніў, што расійскі бок гатовы прыняць удзел у мадэрнізацыі тых прадпрыемстваў у Беларусі, якія будуць створаны як сумесны бізнес.

— Мы знаходзімся ў Адзінай эканамічнай прасторы. Нам трэба ўзбуйняць бізнес для заваявання агульнага рынку Мытнага саюза, Адзінай эканамічнай прасторы, выходзіць потым на сусветны рынак, для чаго трэба ўзбуйняцца, мадэрнізавацца. І да гэтага мы абсалютна гатовы, — сказаў ён. — Трэба ісці да разумнага, узаемавыгаднага для абедзвюх дзяржаў эканамічнага ўзбуйнення на карысць людзей.

Пасол лічыць, што беларуская эканоміка досыць устойлівая: існуе дастатковы запас золатавалютных рэзерваў, расце ВУП і заработная плата.

Пра "Усходняе партнёрства"

А вось "Усходняму партнёрству" Аляксандр Сурыкаў даў невысокую адзнаку: "Эканамічную прывабнасць праект мае невялікую... Я яго расцэньваю як заманьванне, таму што няма рэальных эканамічных рэчаў".

Пасол нагадаў, што фінансавы бок праекта "Усходняе партнёрства" складае каля 600 млн еўра. Праект еўразійскай эканамічнай інтэграцыі выглядае на гэтым фоне больш выгадна, паколькі ён прадугледжвае лічбы зусім іншага парадку. Аляксандр Сурыкаў нагадаў, што эканамічная інтэграцыя "тройкі" — гэта ўнутрырасійскія цэны на энерганосьбіты для ўсіх удзельнікаў. Ёсць таксама выгада па транспартных і іншых тарыфах.

Паводле слоў расійскага пасла, некаторыя недальнабачныя палітыкі хацелі выкарыстаць "Усходняе партнёрства" ў якасці інструмента ўздзеяння на Расію. Дыпламат нагадаў, што праз Беларусь і Расію ідзе каласальны паток транзіту, таму ЕС і Расія ўсё роўна будуць збліжацца і супрацоўнічаць.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Загаловак у газеце: Аляксандр Сурыкаў: "Адносіны Расіі і Беларусі развіваюцца па ўзыходзячай"

Дадаць каментар

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія рукапісы — бясцэнныя сведчанні ваеннага часу

Партызанскія часопісы — насамрэч унікальныя інфармацыйныя зборнікі, значэнне і важнасць якіх разумелі ў тым ліку іх стваральнікі і чытачы.

Грамадства

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

Беларускія навукоўцы прадставілі больш за 300 распрацовак і тэхналогій

На юбілейнай выстаўцы Нацыянальнай акадэміі навук.

Эканоміка

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

Ніна Жалязнова: Мы, беларусы, па сваёй ментальнасці — людзі зямлі

«Звязда» ўжо неаднойчы пісала пра гэту незвычайную жанчыну.

Калейдаскоп

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Вясёлыя гісторыі нашых чытачоў

Пра ўрокі іншай мовы і шчасце, калі ў доме гаспадар.