Вы тут

Духоўны выбар


Круглы стол

Выбар, зроблены вялікім кіеўскім князем Уладзімірам больш за 10 стагоддзяў таму, паўплываў на тое, якая Беларусь сёння. Але і цяпер кожны з нас робіць выбар: як жыць, да чаго імкнуцца, што лічыць галоўным і найбольш важным у сваім жыцці. Пра тое, як першае звязана з другім і як будучыня нашых дзяцей залежыць ад нашага асабістага выбару — размова за "круглым сталом" у "Звяздзе", прысвечанага 1025-годдзю Хрышчэння Русі.
Удзельнікі "круглага стала":

Епіскап Веньямін (Тупека), вікарый Мінскай епархіі; Леанід Гуляка, Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасцяў; Аляксандр Каваленя, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Вячаслаў Даніловіч, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Анатолій Лазарэвіч, дырэктар Інстытута філасофіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Ігар Катляроў, дырэктар Інстытута сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі; Протаіерэй Сергій Лепін, дацэнт Мінскай духоўнай акадэміі; Аляксандр Бендзін, дацэнт кафедры багаслоўя Інстытута тэалогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта; Уладзімір Грозаў, выканаўчы дырэктар Выдавецтва Беларускага экзархата; Алесь Марціновіч, пісьменнік, рэдактар аддзела навукі, крытыкі і літаратуразнаўства часопіса "Полымя"; Аляксандр Чарнаўскі, кіраўнік дэпартамента Міжнароднага фонду "Сям'я — Яднанне — Айчына".

Франсуа Аланд і князь Уладзімір

Аляксандр Каваленя: 1025-годдзе прыняцця хрысціянства — важная падстава для сур'ёзнай размовы аб вывучэнні і захаванні гісторыка-культурнай і духоўнай спадчыны беларускага народа і аб тым, што адбываецца ў грамадстве зараз. На жаль, у апошнія дзесяцігоддзі нарастае разбурэнне нашай духоўнай прасторы. Пад флагам мультыкультуралізму чалавецтву агрэсіўна навязваецца невуцтва, распуста, сквапнасць, грубасць, подласць і іншыя парокі. Асабліва актыўна падвяргаюцца атакам вечныя каштоўнасці, якія тысячагоддзямі выпрацоўваліся і былі перанесены на інстытут сям'і.

З апошніх прыкладаў — перамога ў сёлетнім Канскім кінафестывалі карціны "Жыццё Адэль" пра каханне дзвюх дзяўчат. Рашэнне было невыпадковым у кантэксце падпісання Франсуа Аландам закона аб легалізацыі аднаполых шлюбаў у Францыі.

У наш час неабходна супрацьпаставіць мультыкультуралізму ганебнасці — мультыкультуралізм дабра, высакароднасці, сям'і і патрыятызму. Прычым, калі мы жадаем захаваць падрастаючае пакаленне, патрэбна мэтанакіраваная дзяржаўная ідэйна-палітычная праца.

Лячэнне сучасных духоўных хвароб немагчымае без аб'яднання намаганняў Царквы, навукі і сродкаў масавай інфармацыі...
У нас ёсць вялікія магчымасці ўплываць на стан медыйнай прасторы. Галоўнае, каб мы пастаянна адстойвалі нашу дзяржаўна-нацыянальную пазіцыю, свае прыярытэты. Замест нас гэтага ніхто не зробіць. Адна з важнейшых задач — далучыць на свой бок падрастаючае пакаленне.

"Звязда": Ці ёсць у гісторыі прыняцця хрысціянства нашымі продкамі прыклад, які можа быць цікавым і павучальным для падрастаючага пакалення?

Епіскап Веньямін:

З такіх прыкладаў складаецца ўся гісторыя хрысціянства, але што тычыцца нашых зямель, адным з самых супярэчлівых і цікавых з'яўляецца вобраз святога князя Уладзіміра. Ён вельмі любіў праводзіць жыццё вясёлае, свабоднае ад якіх-небудзь правіл, і гэтым падабаўся свайму асяроддзю.

Усім вядомая трагічная гісторыя жаніцьбы князя Уладзіміра і полацкай князёўны Рагнеды, нашай беларускай прабабкі. Узятая гвалтам, яна была не першай жонкай князя-язычніка, які і пасля працягваў жыццё разгульнае, а яе з сынам пасяліў у вёсцы пад Кіевам і наведваў зусім зрэдку. Аднойчы, калі князь прыйшоў да Рагнеды і заснуў, полацкая князёўна асмелілася забіць свайго мужа. Яна ўзнесла нож, але ў гэты момант Уладзімір прачнуўся. Несумненна, гэта быў Божы промысел, які ўгледзеў, што ў будучым гэты чалавек з такім неспакойным жыццём можа шмат карысці прынесці не толькі Кіеўскай зямлі, але і ўсім бліжэйшым княствам, якія застануцца яго дванаццаці сынам.

Пасля замаху князь павінен быў аддаць Рагнеду на смерць. Ніхто не меў права яе пакараць, акрамя самога князя. Калі князь зайшоў з мячом да сваёй жонкі, малы сын Ізяслаў (яму тады было толькі восем гадоў) устаў паміж маці і татам і спыніў свайго бацьку ад забойства маці.

Хутка пасля гэтага адбыўся істотны пералом у жыцці князя, і звязаны ён быў з хрышчэннем. Вяртаючыся з Корсуні, дзе Уладзімір вянчаўся з дачкой візантыйскага імператара Ганнай, ён аб'явіў Рагнедзе, што цяпер яму, як хрысціяніну, належыць мець толькі адну жонку. Рагнеда таксама хрысцілася і стала адной з першых манашак на нашых землях.

Перамены, якія адбыліся з князем Уладзімірам, настолькі ўразілі яго супляменнікаў, што ў былінах яго сталі зваць Чырвонае Сонейка. На прыкладзе князя Уладзіміра мы можам весці гутарку аб тым, што значыць хрысціянства для нашага народа. Як князь, які прытрымліваўся язычніцтва, змяніў вобраз свайго жыцця пасля прыняцця праваслаўя, так і славяне, былыя вогнепаклоннікі, прыняўшы Святое Хрышчэнне, сталі зусім іншым народам.

Сям'я і цывілізацыя

Уладзімір Грозаў: Калісьці знакаміты рускі пісьменнік Мікалай Ляскоў казаў: "Русь была ахрышчана, але не была асветлена". З-за недастатковасці хрысціянскай асветы мы сёння маем усё тое ж язычніцтва ў выглядзе неакультаў, астралагічных прагнозаў, акультызму. Настала вострая патрэба ўзняць імунітэт нашай нацыі праз адукацыю, праз далучэнне да духоўных каранёў.

Сёлета было прэзентавана факсімільнае выданне Полацкага Евангелля ХІІ стагоддзя — першай кнігі беларускай нацыі. Гэта — прадмет гонару беларускага народа. Але што пра яго ведае моладзь?

Стварэнне факсімільнага выдання стала магчымым дзякуючы аб'яднанню намаганняў Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальнай бібліятэкі, Беларускай праваслаўнай царквы і Рускай нацыянальнай бібліятэкі. Спадзяюся, што актыўнае супрацоўніцтва Праваслаўнай царквы, высокай навукі, розных акадэмічных інстытутаў, дасць імпульс шырокаму распаўсюджванню ў нашым народзе духоўнай культуры. Гэта — бяспека нашага заўтра, бо без умацавання культуры буяе бескультур'е або прыходзіць культура чужародная. Святое месца пустым не застаецца.

Надзвычай важна, каб хрысціянская духоўная культура прыйшла ў сям'ю. Разам з Акадэміяй навук, шэрагам грамадскіх аб'яднанняў мы распрацавалі праграму: "Культ сям'і — нацыянальная ідэя Беларусі". Бо духоўная культура, якая прыйдзе ў сям'ю, прынясе добры плён і ў грамадстве, эканоміцы, абараназдольнасці.

Аляксандр Чарнаўскі: Калі князь Уладзімір прыняў хрысціянства, ён змяніў стаўленне да сваіх блізкіх. У выніку на нашых землях быў зменены інстытут сям'і. Гэта — ключавое звяно ва ўсіх пераменах, якія адбыліся пасля 988 года. Святасць сям'і — падмурак праваслаўнай цывілізацыі.
Зараз ва ўсіх краінах мы назіраем крызіс сям'і. Разам з тым, на славянскіх землях самай пасіянарнай праслойкай стала бацькоўская грамадскасць. Калі сталі ўводзіць ювенальную тэхналогію, калі сталі разбураць сям'ю, народ паўстаў. Сям'я — апошняя святыня.

І сёння сапраўды Беларусь можа стаць цытадэллю хрысціянскай цывілізацыі па абароне традыцыйных сямейных каштоўнасцяў.
Тут створаны пэўны прэцэдэнт, удалося захаваць чалавечы капітал. Культ сям'і можа стаць ідэалогіяй, якую падтрымаюць усе славянскія і хрысціянскія краіны. З гэтым згодны нават далёкія ад хрысціянства людзі. Культ — гэта нейкая сакральная прастора, гэтае слова ляжыць у аснове паняцця "культура". Тэма культу сям'і вартая навуковай распрацоўкі і падтрымкі СМІ.

Царква і дзяржава

"Звязда": Ці дастаткова дзяржаўных высілкаў у справе падтрымкі Праваслаўнай царквы?

Леанід Гуляка: Па-першае, трэба адзначыць, што ў нас 85 працэнтаў ад колькасці вернікаў — праваслаўныя, 12,5 працэнта — каталікі, і астатнія вернікі адносяць сябе да іншых 24 канфесій або рэлігій. Дзяржава да ўсіх ставіцца з павагай, але большасць ёсць большасць. Таму мы кажам, што ў нас — праваслаўная краіна. І гэта намагае адпаведных высілкаў з боку дзяржавы, яе кіраўніцтва.

Што тычыцца дастатковасці гэтых высілкаў, то частковым адказам на гэтае пытанне з'яўляецца правядзенне 6-7 чэрвеня ў Акадэміі навук міжнароднай канферэнцыі, прысвечанай 1025-годдзю Хрышчэння Русі. Сам выбар Беларусі для такога значнага форуму сведчыць аб досыць высокай адзнацы дзяржаўна-царкоўных адносін у нашай краіне.

Па-другое, паміж беларускай дзяржавай і Праваслаўнай царквой яшчэ 10 гадоў таму было падпісана Пагадненне аб супрацоўніцтве. Потым былі падпісаны 16 такіх пагадненняў на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў, потым — паміж Экзархатам і ўсімі аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам, Нацыянальнай акадэміяй навук, Саюзам пісьменнікаў Беларусі. Потым многія гарвыканкамы і райвыканкамы падпісалі пагадненні з благачыннымі Праваслаўнай царквы.

У 2004 годзе як юрыдычна самастойная структура Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта быў створаны Інстытут тэалогіі. Ён мае ўсе правы дзяржаўнага ўніверсітэта. Стыпендыі студэнтаў і заробкі выкладчыкаў у ім фінансуюцца з бюджэту. Дзяржава ўзяла на сябе выплату стыпендый студэнтам і заробкаў выкладчыкам Мінскай духоўнай семінарыі, Мінскай духоўнай акадэміі, Віцебскай семінарыі і Мінскага духоўнага вучылішча.

Дзяржава дапамагае Праваслаўнай царкве ў аднаўленні і будаўніцтве святынь. Напрыклад, на будаўніцтва Храма-помніка на Усіхсвяцкай вуліцы ў Мінску з дзяржаўнага бюджэту выдаткаваны дзясяткі мільярдаў беларускіх рублёў. На будаўніцтва духоўна-адукацыйнага цэнтра на Нямізе, куды перамесціцца Духоўная акадэмія з Жыровічаў, таксама выдаткаваны значныя фінансавыя сродкі, у тым ліку 13 мільярдаў на гэты год...

Як вынік, мы можам ганарыцца стабільнасцю, якая пануе ў беларускім грамадстве паміж нацыянальнасцямі і канфесіямі, пры тым, што людзі 141 нацыянальнасці пражываюць у Беларусі!

Ігар Катляроў: У нашы дні вернікі — падмурак стабільнасці і бяспекі беларускага грамадства. Яны законапаслухмяныя, усе праблемы імкнуцца вырашыць уласнымі сіламі. Разам з тым, ёсць лічбы, якія сведчаць пра сур'ёзныя хваробы грамадства: 8 з 10 сем'яў распадаюцца, кожная восьмая сям'я не рэгіструе свае адносіны, кожнае чацвёртае дзіця нараджаецца па-за шлюбам, кожная чацвёртая жанчына — альбо разведзеная, альбо ўдава. Гэтая статыстыка сведчыць пра тое, што ўсе мы недапрацоўваем.

Калі казаць пра сацыялогію, то яна даўно не праводзіла вялікіх рэпрэзентатыўных даследаванняў па праблеме рэлігіі. Мы дагэтуль не ведаем, колькі ў нашай краіне вернікаў. І каго лічыць вернікам? Ці можна аднесці да праваслаўнага хрысціяніна чалавека, які быў хрышчаны, але злоўжывае алкаголем і апраўдвае аднаполыя саюзы?

Мы двума шляхамі спрабавалі вырашыць гэтую праблему. Задавалі прамое пытанне: "Ці з'яўляецеся вы сапраўдным вернікам?" Такіх у нас 20 працэнтаў. Другая методыка (яна актыўна выкарыстоўваецца на Захадзе) вылічвае працэнт людзей, якія ўдзельнічалі ў набажэнстве ў храме ў апошнюю нядзелю пры ўмове, што не было вялікага рэлігійнага свята. Такіх усяго каля 7 працэнтаў.

Тэолагі мне прапануюць называць вернікамі ўвацаркоўленых людзей, але невядома, як гэтае паняцце вызначыць сацыялагічнымі метадамі. Навука, на жаль, яшчэ далёка не ўсё зрабіла ў гэтым кірунку, а праблем шмат.

Гэта тычыцца і адукацыі. Сёння школы фактычна закрыты для хрысціянскага асветніцтва, у Кодэксе аб адукацыі ёсць толькі агульныя фразы, няма дакладных патрабаванняў. Аднак без супрацоўніцтва са школай нам не супрацьстаяць мультыкультуралізму ганебнасці, пра які тут ужо было сказана.

Палітыка і вера

Анатолій Лазарэвіч: Хачу звярнуць увагу на цікавы феномен, звязаны з хрысціянізацыяй беларусаў. 1025 гадоў таму хрышчэння гэтых земляў было не столькі ўнутранай патрэбай людзей перайсці да новай формы свядомасці і светаўспрымання, колькі абумоўлена палітычнымі і эканамічнымі прычынамі. Старажытнай Русі трэба было ўзаемадзейнічаць з суседнімі краінамі, пераймаць іх вопыт і культуру і такім чынам развівацца. Але, тым не менш, адбыўся пераход да новых формаў светапогляду і інтэлектуальнай практыкі, які станоўча паўплываў на ўсю духоўную культуру Беларусі.

Маральныя практыкі і дактрыны былі цэнтральнымі ў філасофскіх канцэпцыях нашых нацыянальных мысляроў, пачынаючы з Францыска Скарыны і Сымона Буднага. Гэта тыя хрысціянскія каштоўнасці, якія цяпер з'яўляюцца фундаментам духоўнасці беларусаў.

Інакш адбываліся працэсы ў постсавецкі час. Рэлігійнасць у нашай краіне, згодна з данымі сацыёлагаў, узрасла за апошнія чвэрць стагоддзя ў 3 разы. Што ж стала прычынай Другой хрысціянізацыі? Цяпер няма тых палітычных і эканамічных перадумоў, якія былі 10 стагоддзяў таму. І нягледзячы на тое, што нам трэба было сцвярджацца як незалежнай краіне, рэлігійны фактар не з'яўляўся вызначальным. Хутчэй, можна было б казаць пра збліжэнне веры і экзістэнцыяльнай практыкі чалавека.

Пераход да новых палітычных і эканамічных умоў жыцця падштурхнуў людзей да пошуку новых светапоглядных ідэалаў. Навукова-рацыянальнае мысленне хоць і дамінуе ў нашай сучаснай культуры, але не дае адказы на шматлікія духоўныя пытанні жыцця чалавека. Гэтыя адказы можа даць царква, рэлігія, вера.

А. Сергій Лепін: Сапраўды, у выбары веры князем Уладзімірам было шмат палітыкі, але было і іншае. І пра гэта кажуць наступствы яго хрышчэння. Многія князі і цары хрысціліся прытворна. Дастаткова згадаць гісторыю Вялікага Княства Літоўскага, дзе князі, напэўна, пабывалі ва ўсіх рэлігіях, якія тады існавалі ў гэтым рэгіёне. Аднак потым яны працягвалі сваё жыццё так, як ім хацелася. З князем Уладзімірам усё было інакш: адбыліся глабальныя змены асобы, пра што сведчаць шматлікія летапісы.

Улада заўсёды бярэ на сябе абавязак па выхаванні і адукацыі насельніцтва. Тысячу гадоў таму гэта адбывалася праз каналы рэлігіі, бо рэлігійныя інстытуты былі адзінымі і ўніверсальнымі. Тады не існавала дастатковай інфраструктуры іншага ўплыву. Рэлігія заўсёды з'яўлялася сродкам яднання людзей розных поглядаў і густаў. Таму дзяржава брала на сябе абавязак па ўладкаванні рэлігійнага жыцця, як зараз яна бярэ на сябе абавязак па ўладкаванні навукі, адукацыі і правапарадку. Манархі лічылі для сябе магчымым і неабходным навязаць сваю волю ў пытаннях рэлігіі гэтак жа, як бацька выказвае сваю волю ў межах сям'і.

Дарэчы, адносная мяккасць прыняцця хрысціянства на нашых землях была абумоўлена асабістым пераўтварэннем князя Уладзіміра. Ён спачатку нават адмаўляўся судзіць "ліхіх людзей", рэцыдывістаў.

Вячаслаў Даніловіч: Пра адносна непрымусовае прыняцце хрысціянства на нашых землях сведчаць і археалагічныя знаходкі. Некалькі гадоў таму было выяўлена пахаванне ХІІ стагоддзя, у якім побач з князем-хрысціянінам былі, згодна з язычніцкім звычаем, пахаваны яго дружыннікі. Як бачым, прысутнічала такая талерантная традыцыя.

Алесь Марціновіч: Разам з тым, трэба не забываць, што вытокі хрысціянства на Беларусі трэба шукаць на Полацкай зямлі задоўга да хрышчэння кіяўлян. Здаўна на зямлі радзімічаў праходзіў шлях, вядомы як "іерусалімскі", ці "ўсходні". У VІ—ІХ стагоддзях ім карысталіся паломнікі са Скандынавіі. Таксама гэты шлях вёў паломнікаў да Труны Гасподняй з Англіі. Яшчэ тады першыя парасткі хрысціянскай веры з'явіліся на нашай зямлі.

Аляксандр Бендзін: Князь Уладзімір рабіў свой рэлігійны выбар у сітуацыі атачэння монатэістычных дзяржаў. На ўсходзе было царства волжскіх булгар, якія спавядалі іслам; у нізоўях Волгі знаходзіліся рэшткі хазарскага каганата, эліта якога спавядала іўдаізм; на паўднёвым усходзе — Візантыйская імперыя, а на захадзе і поўначы — хрысціяне Польшчы, Славакіі і скандынаўскіх краін падпарадкоўваліся Рыму. З палітычнага пункту погляду Уладзімір Святаслававіч зрабіў складаны выбар. Рэлігійная матывацыя адыгрывала тут не апошнюю ролю.

Старажытная Русь прыняла хрысціянства ад Візантыйскай імперыі, і юная дзяржава павінна была засвоіць складаны вопыт Візантыі: культурны, філасофскі, палітычны і багаслоўскі. Наша культура — рэцэпцыя візантыйскай спадчыны ў іканапісе, храмабудаўніцтве, набажэнстве. Таму, калі мы кажам аб прыняцці хрысціянства, мы павінны памятаць, нашчадкамі якой вялікай дзяржавы з'яўляемся.

Епіскап Веньямін: Мы з вамі з'яўляемся сведкамі двух супрацьлеглых працэсаў, якія адбываюцца ў сучасным беларускім грамадстве: усё больш дамінуючы прынцып спажывання, дабрабыту, які шкодзіць духоўна-маральным аспектам, і распаўсюджванне праваслаўнага светапогляду, імкненне многіх людзей больш глыбока ўспрыняць хрысціянства. Перспектыва Беларусі знаходзіцца ў залежнасці ад таго, які працэс пераможа. Таму важна глыбіня нашых пачуццяў ва ўсім, што мы робім. Важна паказаць прыгажосць праваслаўя, каб захапіць ёю чалавека, бо іншы шлях — у нікуды.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА, Арсеній СІВІЦКІ.

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Маладая зеляніна — галоўны памочнік пры вясновым авітамінозе

Колькі ж каштуе гэты важны кампанент здаровага рацыёну зараз?