23 верасня, серада

Вы тут

Вадзім ДЗЕВЯТОЎСКІ: "Мару зноў паўдзельнічаць у Алімпіядзе"


Карэспандэнт "Звязды" пагутарыў з самым спартыўным дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь

Мінулым вераснем сродкі масавай інфармацыі падкінулі ў грамадства нечаканую для многіх айчынных балельшчыкаў інфармацыю. Вадзім ДЗЕВЯТОЎСКІ, вядомы беларускі кідальнік молата, сярэбраны прызёр Алімпійскіх гульняў у Пекіне, змяніў спартыўны касцюм на ладна пашыты пінжак і падтрымлівае інтарэсы спартсменаў і роднага Навапалоцка ў парламенце. Цяпер у яго візітоўцы напісана "намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і моладзевай палітыцы". Да новай дзейнасці Вадзіма заўзятары ставяцца па-рознаму, але, на наш погляд, у яго насамрэч шмат выгадных ідэй, якія варта ажыццявіць.

— Магчыма, для таго, хто сачыў за маёй спартыўнай кар'ерай толькі праз экран, навіна пра маё абранне стала пэўнай нечаканасцю, — кажа наш суразмоўца. — Аднак для тых, хто ведаў маю грамадскую дзейнасць, гэта, напэўна, не з'явілася навіной. З 2009 года я ўзначальваю Наваполацкую гарадскую арганізацыю "Белай Русі", двойчы быў дэпутатам гарадскога Савета дэпутатаў... Між іншым, для мяне гэта таксама не было нечым звышардынарным, але я не думаў, што ў такім маладым узросце мне будзе аказаны такі давер — быць прадстаўніком горада ў парламенце. Праўда, я не ўтойваў таго, што ніколі не збіраўся пакінуць родны горад і хачу прынесці як мага больш карысці Наваполацку.

***
— Рашэнне ўдзельнічаць у выбарах, стаць кандыдатам далося мне даволі цяжка. Я разумеў, што парламенцкую дзейнасць будзе нялёгка сумяшчаць з прафесійным спортам. Тым больш што гэта зусім розныя сферы дзейнасці. Спорт — вельмі дынамічная праца, а дэпутацтва — статычная работа, якая патрабуе быць уедлівым, уважліва ўчытвацца ў ініцыятывы, абмяркоўваць іх. У гэтай працы ёсць вялікая адказнасць. Калі няправільна прыняць закон, ён можа адмоўна адбіцца на многіх грамадзянах. Каб гэтага не здарылася, унутры парламента існуюць высокія патрабаванні, усё ўважліва вывучаецца. А колькі спрэчак і дэбатаў, якія суправаджаюць сам працэс узгаднення! Я ў той час разумеў, якую адказнасць бяру на сябе, з чым сутыкнуся, разумеў і тое, што часова прыйдзецца застацца без спорту.

— Рэгламент Палаты прадстаўнікоў дае на працу з выбаршчыкамі адзін тыдзень, а тры — на ўдзел непасрэдна ў Палаце. Дарэчы, людзі на сустрэчу з дэпутатам ідуць. Звычайна тры гадзіны, на працягу якіх я вяду прыём, заўсёды запоўненыя. А гэта, напэўна, значыць, што людзі бачаць перад сабой чалавека, які можа вырашыць іх праблему. Якія пытанні цікавяць выбаршчыкаў? Гэта, пераважна, паляпшэнне жыллёвых умоў, нейкія судовыя рашэнні, на іх погляд, прынятыя несправядліва. Безумоўна, я не маю права змяніць рашэнне суддзі, але маю права азнаёміцца з пастановай, зразумець, ці ўсё адпавядае закону. Таксама да мяне звяртаюцца з ініцыятывамі, прапановамі, што сведчыць пра давер. Людзі, магчыма, бачаць ува мне прабіўную моц, вераць, што магу дапамагчы ажыццявіць іх ідэі.

***
— Безумоўна, шмат увагі надаю пытанням моладзі, здаровага ладу жыцця. Мяне гэта насамрэч цікавіць, турбуе, і я клапачуся пра тое, каб маладое пакаленне цікавілася спортам. Але мяне хвалюе і духоўнае развіццё нашай моладзі. Хочацца, каб тыя модныя ўплывы, што супярэчаць нашаму культурнаму падмурку, не праглынулі яе. Мне істотна, каб у нас людзі не страцілі спагадлівасць, міласэрнасць, спачуванне, якім даволі актыўна зараз супрацьстаіць эгаізм, спажывецтва, пэўны кар'ерызм. Але важна, каб слова пацвярджалася справай. У сваю чаргу мы арганізоўвалі творчыя вечары, конкурсы чытальнікаў Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Васіля Быкава, Янкі Купалы і Якуба Коласа

. І ўсё гэта было без прымусу, а выключна грунтавалася на жаданні саміх дзяцей чытаць класікаў нашай літаратуры, размаўляць па-беларуску. І трэба было бачыць, якое атрымалася свята! Напярэдадні 9 мая ў Наваполацку ладзіўся конкурс "Пераможныя маршы". Адна справа "УКантакце" стужкі вешаць, іншая — тры месяцы вучыць песні ваенных гадоў, маршам прайсціся перад ветэранамі па цэнтральнай вуліцы горада, аддаць ім сваю даніну павагі. Сёлета ў гэтым мерапрыемстве ўдзельнічалі 23 каманды школьнікаў. Дзеці сапраўды пранікліся. Яны разумеюць, што гэта добра, важна. Мы накіроўваем увагу ў бок роднай зямлі, культуры, гісторыі. Казаць пра гэта — замала. Трэба праводзіць мерапрыемствы і ажыццяўляць свае ідэі.

***
— Тое, за што допінгавыя службы выдаюць вынікі аналізаў васьмігадовай даўніны, выклікае шмат пытанняў, — Вадзім Дзевятоўскі гаворыць пра паведамленне Міжнароднай лёгкаатлетычнай асацыяцыі і антыдопінгавага агенцтва, у якім сцвярджаецца, што Дзевятоўскі, Андрэй Міхневіч, Іван Ціхан, Надзея Астапчук падазраюцца ва ўжыванні допінгу на чэмпіянаце свету-2005. — На жаль, зараз я заняты тым, што спрабую знайсці адказы на пытанні, чаму так адбылося. У мяне іх шмат, але клубок я ўжо пачынаю разблытваць. Я хачу адстаяць сваю праўду, дзеля чаго ўжо доўгі час працую разам з экспертамі. У тым выпадку, калі ўсё будзе добра, я яшчэ хачу паспець паўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях. Аднак, калі мяне палічаць вінаватым, у мяне ёсць добрая база, каб ісці ў суд. Толькі я веру ў тое, што ўсе пытанні будуць знятыя. Калі чалавек ведае, што ён не вінаваты, чаму ён павінен бяздзейнічаць?

— У сакавіку стала вядома, што Міжнародны алімпійскі камітэт з-за станоўчых вынікаў допінг-проб Алімпіяды ў Афінах вырашыў перагледзець п'едэстал і ў кіданні молата таксама. Сярэбранага медаля пазбавілі Івана Ціхана, вас накіравалі на трэцюю прыступку. Узнагароду ўжо атрымалі?

— Мне патэлефанавалі з алімпійскага камітэта, сказалі, што ёсць рэзалюцыя, згодна з якой я станаўлюся бронзавым прызёрам. Трэба адразу вызначыць, якім чынам мне дастаўся гэты медаль: у майго таварыша забралі "серабро", а мне аддаюць "бронзу". Гэта ўжо не Алімпійскія, а іншыя гульні. Нам проста не могуць дараваць той суд (маецца на ўвазе справа, калі Дзевятоўскі з Ціханам здолелі захаваць медалі, пераканаць суд у тым, што ў іх няправільна зрабілі аналіз. — Аўт.). Гэта паказальны здзек. У 2005-м у нас таксама бралі кантроль. Нехта тады папаўся на допінгу, іх дыскваліфікавалі. Зараз падобныя рэчы ўспрымаюцца вельмі цяжка. Што буду рабіць з гэтым медалём? Яшчэ не ведаю. Займаюся зараз іншай справай. Але перадаць яго ў музей таксама добрая ідэя.

***
— Алімпійскія медалі, выступленне на галоўных стартах чатырохгоддзя — лепшыя дасягненні маёй спартыўнай кар'еры. Каб асэнсаваць яе, трэба вярнуцца ў дзяцінства, узгадаць таго сямігадовага хлопчыка, які ўжо тады марыў трапіць на Алімпіяду, заваяваць медаль. Чым больш я працаваў, тым больш разумеў, як цяжка будзе дасягнуць сваёй мэты. Але маё жаданне таксама ўзрастала! Свайго п'едэстала я чакаў 24 гады працы, штодзённа думаючы пра яго. А ўсё дзеля аднаго імгнення на п'едэстале, перад якім пераможца вызначаецца за 30 хвілін спаборніцтваў.

***
— Мужчыну не ўласціва скарадзіцца, трэба трываць. Аднак незадоўга да Алімпіяды ў Лондане на ўсю краіну было сказана, што Дзевятоўскі траўмаваў спіну, на Алімпійскіх гульнях яго не будзе. Мяне тады так скруціла, што я нават зараз разгінаюся з праблемамі. Адгалоскі траўмы я адчуваю кожны дзень.

***
— Мая ідэя-фікс змешчана ў перадвыбарчай праграме. А ў ёй — будаўніцтва спартыўнага комплексу, які Наваполацк ужо даўно заслужыў, дзіцячай паліклінікі, безумоўна, парку з фантанамі і веладарожкамі. Гэта тое, што я абяцаў людзям. І я буду вельмі ўсцешаны, калі атрымаецца ўсё гэта ажыццявіць. Што тычыцца прыватнай ініцыятывы, ёсць жаданне стварыць з нуля спартыўную школу. Напрыклад, па вялікім тэнісе, каб дзеткі і надалей імкнуліся за перамогамі Максіма Мірнага і Вікторыі Азаранкі.

Тарас ШЧЫРЫ.

Выбар рэдакцыі

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.

Грамадства

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Дачка галоўнага «песняра» распавяла пра сямейныя традыцыi.