23 верасня, серада

Вы тут

Закон супраць "вайны" на дарогах


Адразу ў двух чытаннях прынялі дэпутаты законапраект, які прадугледжвае канфіскацыю аўтамабіля, за рулём якога знаходзіцца п'яны кіроўца

За апошнія 10 гадоў у Беларусі адбылося каля 70 тысяч дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх атрымалі раненні больш за 73 тысячы чалавек і загінулі 15 тысяч. Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр КАНЮК параўнаў апошнюю лічбу з афіцыйнымі данымі па стратах СССР у Афганістане падчас знаходжання там кантынгенту савецкіх войскаў. За 10 гадоў узброенага супрацьстаяння ў Афганістане таксама загінула каля 15 тысяч савецкіх грамадзян.

Транспартнае забойства

— Выпадковае супадзенне, але гэта — факт, — сказаў генеральны пракурор. — Па сутнасці, адбываецца неаб'яўленая вайна на дарогах. Прычым кожны пяты пацярпелы — па віне кіроўцаў, якія знаходзяцца ў стане алкагольнага ап'янення.

Адказнасць п'яных за рулём у нашай краіне ўвесь час павышаецца. У 2007 годзе быў уведзены крымінальны артыкул за паўторнае на працягу года кіраванне аўтамабілем у стане ап'янення. Нягледзячы на гэта, колькасць такіх парушэнняў расце: у 2011 годзе да крымінальнай адказнасці было прыцягнута больш за 4,6 тысячы кіроўцаў. За два папярэднія гады нецвярозымі кіроўцамі было здзейснена 2 тысячы аварый, па іх віне загінула больш за 407 чалавек, паранена каля 2 тысяч, у тым ліку 72 дзіцяці.

У красавіку 2013 года нецвярозы кіроўца, які раней быў пазбаўлены правоў, выехаў на тратуар, дзе аўтамабіль наехаў на жанчыну з дзіцячай каляскай: дзіця пацярпела, маці загінула. У чэрвені аўтамабіль пад кіраваннем жанчыны, якая знаходзілася ў стане сярэдняй ступені ап'янення, сутыкнуўся з іншым аўтамабілем, у якім загінула сям'я. У гэтым жа месяцы аўтамабіль, якім кіраваў мужчына ў стане наркатычнага ап'янення, сутыкнуўся з фурай — чатыры пасажыры загінулі. "Некаторыя спецыялісты прапануюць называць такія дзеянні "транспартным забойствам", — заўважыў Аляксандр Канюк.

Генеральны пракурор падкрэсліў, што існуючыя меры з'яўляюцца недастатковымі для таго, каб колькасць п'яных за рулём змяншалася. Не дапамагаюць ні пазбаўленне правоў на кіраванне аўтамабілем, ні пазбаўленне волі, бо гэта не перашкаджае зноў паўтарыць злачынства.

З мэтай павысіць абарону грамадзян на дарогах Генеральная пракуратура распрацавала законапраект, які прадугледжвае павялічэнне памеру штрафаў за кіраванне ў нецвярозым стане ад 50 да 100 базавых велічынь (сёння гэта — ад 5 да 10 мільёнаў рублёў). Акрамя таго, пры здзяйсненні аварыі па віне п'янага кіроўцы, у выніку якой пацярпелі людзі, крымінальную адказнасць прапануецца зрабіць больш жорсткай і толькі ў выглядзе пазбаўлення волі.

Самае спрэчнае новаўвядзенне — магчымасць канфіскацыі транспартнага сродку. Па меркаванні Генеральнай пракуратуры, законапраект, у тым ліку ўвядзенне спецыяльнай канфіскацыі транспартных сродкаў, адпавядае нормам і прынцыпам Канстытуцыі Беларусі

. "Згодна з 44-м артыкулам Асноўнага закона нашай краіны, ажыццяўленне права ўласнасці не павінна шкодзіць правам і інтарэсам іншых асоб, артыкул № 23 дапускае абмежаванне правоў і свабоды асобы ў інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабоды іншых асоб, — заўважыў генеральны пракурор. — Такім чынам, дзяржава абавязана прымаць вычарпальныя меры для ліквідацыі прычын, якія пагражаюць жыццю і здароўю яе грамадзян".

— Аб справядлівасці закона варта судзіць, зыходзячы не з меры пакарання злачынцы, — выказаў сваё меркаванне Аляксандр Канюк, — а ў першую чаргу зыходзячы з таго, наколькі закон абараняе правы пацярпелых і садзейнічае аднаўленню сацыяльнай справядлівасці. ...Канфіскацыя транспартнага сродку з'яўляецца эфектыўнай мерай па прадухіленні зла, якое можа здзейсніць п'яны аўтамабіліст.

Законапраект прапануе канфіскацыю транспартнага сродку незалежна ад таго, у чыёй уласнасці ён знаходзіцца, за выключэннем выпадкаў угону, крадзяжу, самаўпраўства і падобных супрацьпраўных дзеянняў. Гэта датычыцца і транспартных сродкаў, якія належаць юрыдычным асобам, а таксама міжнародным арганізацыям, замежным грамадзянам і арганізацыям.

Асаблівую ўвагу аўтары законапраекта звяртаюць на тое, што канфіскацыя будзе прымяняцца толькі тады, калі кіроўцы не зрабілі адпаведных высноў пасля першага, адміністрацыйнага, пакарання і ў другі раз на працягу года селі за руль у нецвярозым стане.

Аўтарэгістратар як доказ

Дэпутаты з вялікім энтузіязмам падтрымалі законапраект і прапанавалі зрабіць меры адказнасці правапарушальнікаў на дарогах яшчэ больш жорсткімі. "Людзі вельмі абражаны паводзінамі не толькі п'яных кіроўцаў на дарогах, але і паводзінамі матацыклістаў, якія дазваляюць сабе хуткасны рэжым да 300 кіламетраў у гадзіну. Мае выбаршчыкі пытаюцца: калі меры ўздзеяння на іх будуць больш эфектыўныя і калі будуць створаны для матацыклістаў спецыяльныя трэкі, каб яны не ладзілі гонкі на дарогах?" — сказала намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Тамара КРАСОЎСКАЯ.

Генеральны пракурор паведаміў, што законапраект "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытанні ўзмацнення мер адказнасці за кіраванне транспартным сродкам у стане ап'янення" з'яўляецца толькі першым крокам у справе выпраўлення "асацыяльнага зруху, калі мы больш увагі надаём злачынцы, чым ахвяры".

Адказваючы на пытанне дэпутата Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Алы СОПІКАВАЙ, генеральны пракурор Беларусі Аляксандр Канюк паведаміў, што генпракуратура Беларусі ўзніме пытанне і аб прызнанні запісу аўтарэгістратара афіцыйным доказам. "Аўтарэгістратары — гэта рэч вельмі патрэбная, мы будзем узнімаць пытанне, каб запісы з іх прызнаваліся афіцыйнымі доказамі. Думаю, гэтай тэмай мы непасрэдна зоймемся ў бліжэйшы час. Аўтарэгістратараў шмат, яны даюць шмат інфармацыі. Трэба іх легалізаваць", — сказаў генпракурор. Аляксандр Канюк растлумачыў, што цяпер запісы з аўтарэгістратараў могуць як прызнавацца доказамі, так і не.

Кіраўнік генпракуратуры паабяцаў дэпутатам вырашыць праблему і са стрытрэйсерамі, якія арганізуюць нелегальныя гонкі на гарадскіх і загарадных дарогах.

Даступныя лекі і якасныя медцэнтры

Многія іншыя пытанні павесткі дня ўчарашняга пасяджэння Палаты прадстаўнікоў таксама датычыліся бяспекі грамадзян. Дэпутаты ратыфікавалі два пагадненні, якія прадугледжваюць абарот лекавых сродкаў, вырабаў медыцынскага прызначэння, медыцынскай тэхнікі і допуск спецыялістаў да фармацэўтычнай дзейнасці на тэрыторыі Еўразійскага эканамічнага саюза.

— Практычнае выкананне пагаднення будзе садзейнічаць забеспячэнню насельніцтва ЕўрАзЭС бяспечнымі і якаснымі лекавымі сродкамі, вырабамі медыцынскага прызначэння і медыцынскай тэхнікай, — сказала судакладчыца па законапраекце Ганна ЛЯВІЦКАЯ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах. — Важна і тое, што пагадненне адпавядае інтарэсам нашай дзяржавы, бо будзе садзейнічаць прасоўванню айчынных лекавых сродкаў, медтэхнікі і вырабаў медыцынскага прызначэння на рынку дзяржаў — членаў ЕўрАзЭС.

Міністр аховы здароўя Васіль ЖАРКО, адказваючы пазней на пытанні, расказаў пра вынікі маніторынгу прыватных медыцынскіх цэнтраў, які зараз адбываецца ў Беларусі. За грубыя парушэнні пазбаўлены ліцэнзій 12 камерцыйных медцэнтраў, у якіх выкарыстоўвалася ўстарэлае абсталяванне, не было ўкладак для аказання экстраннай дапамогі і меліся іншыя парушэнні, якія маглі негатыўна адбіцца на здароўі пацыентаў.

Пры гэтым у адзін са стаматалагічных цэнтраў Оршы двойчы нават не былі дапушчаны прадстаўнікі Міністэрства аховы здароўя, якія прыйшлі для праверкі. Усяго сёння праверана 260 медцэнтраў, на працягу другога паўгоддзя праверкі прадоўжацца.

Антытэрарыстычнае навучанне

Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі ратыфікавала таксама Пагадненне аб супрацоўніцтве ў падрыхтоўцы спецыялістаў антытэрарыстычных падраздзяленняў у навучальных установах кампетэнтных органаў дзяржаў — удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

Адказваючы на пытанне Старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Людмілы ДАБРЫНІНАЙ, старшыня КДБ Валерый Вакульчык адзначыў, што становішча на паўднёвых граніцах СНД вельмі напружанае. Расце пагроза ісламскага экстрэмізму. Спецслужбы Сярэдняй Азіі практычна кожны дзень сутыкаюцца з праявамі тэрарызму. Гэтыя краіны маюць багаты вопыт у сферы антытэрору. Тое ж самае можна сказаць і аб Арменіі. Супрацоўнікі антытэрарыстычных падраздзяленняў гэтай краіны маюць рэальны вопыт баявых дзеянняў. У сваю чаргу, узровень беларускіх спецслужбаў у сферы антытэрору таксама даволі высокі.

Пагадненне было падпісана 5 снежня 2012 года ў Ашхабадзе. Яго распрацоўка была прадугледжана Праграмай супрацоўніцтва дзяржаў — удзельніц СНД у барацьбе з тэрарызмам і іншымі праявамі экстрэмізму на 2011-2013 гады.

Усяго на пасяджэнні сесіі ніжняй платы парламента 19 чэрвеня 2013 было разгледжана 18 законапраектаў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

Выбар рэдакцыі

Культура

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Аляксандр Радзькоў. З кнігі «Мой фiзмат»

Працягваем публікаваць урыўкі з кнігі.

Грамадства

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Марына Мулявiна: Пасля разводу бацькi заставалiся блiзкiмi людзьмi

Дачка галоўнага «песняра» распавяла пра сямейныя традыцыi.